Краёвае кола Літвы і Русі

Краёвае кола Літвы і Русі (1906), Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі (1907), Польска-літоўска-беларускае кола (1907—1912), Беларуска-літоўска-польскае кола (1912—1917) (руск.: Группа западных окраин) — аб’яднанні дэпутатаў (галоўным чынам — католікаў) з Заходняга краю Расійскай імперыі адпаведна ў I, II, III і IV Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі ў 1906—1917 гг. У ідэалагічных адносінах да 1911 г. групоўка ў сваёй большасці была прыхільніцай «краёвай ідэі» («краёвасці») — яе ліберальна-кансерватыўнага кірунку, а з 1912 г. у яе шэрагах значыліся і прыхільнікі ідэй польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі»).

Назва і характарыстыка групоўкі правіць

Характарыстыка дэпутацкай групы правіць

Групоўка дэпутатаў мела розныя назвы ў I, II, III і IV Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі, але група мела агульныя характарыстыкі, у першую чаргу — рэгіён паходжання дэпутатаў і іх веравызнанне.

У канфесійных адносінах групоўка складалася з дэпутатаў-католікаў — адзіным выключэннем быў граф Ваўжынец Станіслававіч Путкамер, які быў кальвіністам. Колькасць групоўкі ў кожным новым скліканні Думы скарачалася, бо на кожных выбарах з 1907 г. расійская ўлада ставіла перашкоды і ўводзіла абмежаванні да абарання асоб неправаслаўнага веравызнання і нярускай нацыянальнасці. Толькі асобныя дэпутаты ўваходзілі ў склад групоўкі некалькі раз — вялікай была ратацыя складу групоўкі ў кожным новым скліканні Думы, што тлумачыцца тымі ж перашкодамі і абмежаваннямі з боку афіцыйных улад Расійскай імперыі.

У ідэалагічных адносінах да 1911 г. групоўка ў сваёй большасці была прыхільніцай «краёвай ідэі» («краёвасці») — яе ліберальна-кансерватыўнага кірунку, а з 1912 г. у яе шэрагах значыліся і прыхільнікі ідэй польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі»). Асобныя дэпутаты мелі двайное членства ў парламенцкіх групах дэпутатаў Дзяржаўнай Думы.

У геаграфічных адносінах групоўка ў I і II Дзяржаўнай Думе складалася з дэпутатаў, які былі абраны ад губерняў Заходняга краю (заходніх губерняў), дзе пераважалі прадстаўнікі ад Паўночна-Заходняга края (літоўска-беларускіх губерняў); а ў III і IV Дзяржаўнай Думе — выключна з дэпутатаў ад Паўночна-Заходняга краю (літоўска-беларускіх губерняў), дзе пераважалі прадстаўнікі Віленскай губерні.

У кожным новым скліканні Дзяржаўнай Думы групоўка мела новых лідараў: у I Дзяржаўнай Думе на яе чале стаяў прадстаўнік Мінскай губерні, а ў II, III і IV Дзяржаўнай Думе — Віленскай губерні.

Назва правіць

Групоўка ў I, II, III і IV Дзяржаўнай Думе мела паралельна некалькі варыянтаў сваёй назвы на рускай мове і некалькі варыянтаў на польскай.

У I Дзяржаўнай Думе групоўка апублікавала на рускай мове сваю праграму, дзе сама групоўка афіцыйна назвала сябе як «Парламентская группа западных окраин» (г.зн. «Парламенцкая група заходніх ускраін»)[1] — Заходні край (заходнія губерні) Расійскай імперыі меў паралельную публіцыстычную і ўрадавую назву «заходнія ўскраіны». У рускамоўнай прэсе і паўсядзённым абыходзе замацавалася скарочаная назва «Группа западных окраин» (г.зн. «Група заходніх ускраін»)[2], а таксама паралельная назва «Территориальное коло» (г.зн. «Тэрытарыяльнае кола»)[3].

Рускамоўныя назвы «Группа западных окраин» і «Территориальное коло» выкарыстоўваліся адносна групоўкі і ў II Дзяржаўнай Думе[4]. У рускамоўнай прэсе і паўсядзённым абыходзе адносна групоўкі ў I і II Дзяржаўнай Думе таксама выкарыстоўваліся і больш рэдкія назвы — «Группа северо-западных и юго-западных окраин» (г.зн. «Група паўночна-заходніх і паўднёва-заходніх ускраін») і «Территориальное окраинное коло» (г.зн. «Тэрытарыяльнае акраіннае кола»)[5].

Сама групоўка сябе ў I Дзяржаўнай Думе называла па-польску як «Koło Krajowe Litwy i Rusi» (г.зн. «Краёвае кола Літвы і Русі») ці «Koło Poselskie Litwy i Rusi» (г.зн. «Дэпутацкае кола Літвы і Русі»), а ў II Дзяржаўнай Думе як «Koło Posłów Polaków Konstytucjonalistów z Litwy i Rusi» (г.зн. «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі»)[6][7]. Такая назва тлумачылася тым, што мясцовае каталіцкае і польскамоўнае дваранства Заходняга края, якое было генетычна нашчадкамі шляхты Рэчы Паспалітай і пераемнікамі яе культуры і традыцый, называла ў сваім асяроддзі гэтыя «заходнія губерні» як «Літва і Русь», карыстаючыся геаграфічнай і тапанімічнай тэрміналогіяй часоў Рэчы Паспалітай.

У III Дзяржаўнай Думе адносна групоўкі ўжывалася рускамоўная назва «Польско-литовско-белорусская группа» ці «Польско-литовско-белорусское коло», а сама яна сябе называла па-польску як «Польска-літоўска-беларускае кола»[8]. А ў IV Дзяржаўнай Думе адносна групоўкі ўжывалася рускамоўная назва «Белорусско-литовско-польская группа» ці «Белорусско-литовско-польское коло», а сама яна сябе называла па-польску як «Беларуска-літоўска-польскае кола»[9].

Краёвае кола Літвы і Русі (1906) правіць

Склад правіць

Групоўка аформілася 4 мая 1906 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у I Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў. Кіраўніком стаў Аляксандр Робертавіч Лядніцкі. Да ліку кіраўніцтва групы таксама належалі князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі, Чэслаў Каралевіч Янкоўскі і Фелікс Панятоўскі[10].

У склад групоўкі ўваходзілі 19 дэпутатаў-членаў і 3 салідараваных з групоўкай дэпутаты-каталікі (Александровіч, Жукоўскі і Грынцэвіч):

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі», акрамя Гатавецкага, які запісаўся як «літовец»[11]. Салідарызаваны з групоўкай дэпутат (селянін) Канстанцін Александровіч запісаў сябе ў анкеце як «літовец» і быў членам т.зв. «Трудавой групы»; а дэпутат (селянін) Марцін Жукоўскі запісаў сябе ў анкеце як «паляк», таксама быў членам т.зв. «Трудавой групы» і быў прыхільны «краёвым поглядам» Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі[12]. Да групоўкі таксама залічвалі Міхала Мікалаевіча Грынцэвіча (1862 — пасля 1916), дэпутата-католіка ад Віленскай губерні, які лічыўся за беларуса[13]. У той жа час ксёндз Антоній Сангайла запісаў сябе ў анкеце як «паляк», але сам ксёндз і сама групоўка лічыла яго за літоўца (балтамоўнага) і прыхільніка літоўскага (балтамоўнага) нацыянальна-дэмакратычнага руху[14].

Усе дэпутаты групоўкі (акрамя Сангайлы, Жукоўскага і Аляксандровіча) былі краёўцамі-кансерватарамі[15]. З 21 дэпутата групоўкі 9 чалавек былі маянткоўцамі, 2 сялянамі, 2 ксяндзамі, 8 інтэлігенцыяй. Лідарскія пазіцыі займалі ў групе дэпутаты ад Мінскай губерні; абранне Фелікса Панятоўскага ў склад кіраўніцтва групоўкі тлумачылася тым, што да групы ўваходзілі 4 дэпутаты з паўднёва-заходніх губерняў, якія былі заможнымі і аўтарытэтнымі маянткоўцамі (Панятоўскі, Патоцкі, Грахольскі і Горват)[16].

Палітычная дзейнасць правіць

У I Дзяржаўнай Думе дэпутацкая групоўка «Краёвае кола Літвы і Русі» салідарызавалася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і склала ядро думскай дэпутацкай групы «Саюз аўтанамістаў», у якую яшчэ ўвайшлі ўсе нацыянальныя групы дэпутатаў (63 дэпутата — украінцы, татары, латышы, і інш.). Цалкам гэтая вялікая думская кааліцыя «Саюз аўтанамістаў» (1906 г.) налічвала ў I Дзяржаўнай Думе да 115—120 чалавек і была моцным аб'яднаннем сіл для дасягнення дэцэнтралізацыі кіравання нацыянальнымі рэгіёнамі Расійскай імперыі, у тым ліку — аўтаноміі Заходняга края ў Расійскай імперыі. «Саюз аўтанамістаў» узначаліў дэпутат Аляксандр Лядніцкі, які быў выбраны ад Мінскай губерні па пратэкцыі галоўнага лідара краёўцаў-кансерватараў Эдварда Вайніловіча і дзейнічаў у яго інтарэсах[17].

З аднаго боку, ліберальна-кансерватыўная групоўка «Краёвае кола Літвы і Русі» па большасці пытанняў была блізкай да дэпутатаў ад польскіх губерняў (з групоўкай «Польскае кола з Каралеўства Польскага»), а з другога — погляды групоўкі былі падобны да поглядаў расійскіх лібералаў (дэпутатаў Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі — «кадэтаў»), якія дамінавалі ў I Дзяржаўнай Думе. Сваімі задачамі «Краёвае кола Літвы і Русі» лічыла забеспячэнне мірнага суіснавання ўсіх народаў Заходняга края («Літвы і Русі»); выступала за ўстанаўленне ў Расійскай імперыі канстытуцыйнай манархіі і дэмакратычных свабод; увядзенне адміністрацыйна-тэрытарыяльных аўтаномій ў складзе Расійскай імперыі; ліквідацыю саслоўнага, нацыянальнага і рэлігійнага нераўнапраўя; за свабоду дзейнасці каталіцкаму касцёлу; за права выкарыстання мясцовых моў у адміністрацыйных і судовых установах, школах і таварыствах; за ўсеагульную пачатковую адукацыю на роднай мове[18].

Дэпутаты групоўкі прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні афіцыйнага адказу на зварот расійскага імператара Мікалая II, у пастаноўцы пытанняў аб рэпрэсіях і аб амністыі, аб пераследу друку і прэсы. Падпісалі думскія запыты да расійскага ўрада аб рэпрэсіях у нацыянальных рэгіёнах Расійская імперыі, удзельнічалі ў абмеркаванні яўрэйскага пагрому ў Беластоку (1906), раскрытыкавалі падбухторніцкую пазіцыю расійскіх улад, якая спрыяла распальванню міжнацыянальнай варожасці. Амаль усе дэпутаты групоўкі падпісалі законапраект аб устанаўленні грамадзянскай роўнасці, які прадугледжваў адмену ўсіх абмежаванняў па нацыянальнай і рэлігійнай прыкметах, і падтрымалі яго ў сваіх выступленнях з думскай трыбуны. Аляксандр Лядніцкі быў выбраны ў думскую камісію па распрацоўцы гэтага закона, а таксама прызначаны судакладчыкам па «польскаму пытанню»[19].

У аграрным пытанні групоўка выступала за захаванне права прыватнай уласнасці на зямлю і за вырашэнне зямельнага пытання ў Заходнім краі не на шкоду прыватным буйным землеўласнікам, а з улікам мясцовых умоў і пры ўдзеле органаў мясцовага самакіравання. Агулам вырашэнне зямельнага пытання ў Заходнім краі бачылася пасля неабходнага рэфармавання сістэмы мясцовага самакіравання ў Заходнім краі. Дэпутаты групоўкі лічылі магчымым адчуджэнне часткі зямель буйных прыватных уласнікаў (маянткоўцаў) на карысць малазямельных сялян толькі ў асобных выпадках і толькі за выкуп. Такая пазіцыя групоўкі па аграрным пытанні прывяла да непапулярнасці групоўкі сярод апазіцыйных фракцый у Думе і дэпутатаў ад малазямельнага сялянства Заходняга краю[20].

Большасць дэпутатаў групоўкі не падтрымалі ініцыятараў Выбаргскай адозвы (1906), якую з членаў групоўкі падпісаў толькі Аляксандр Лядніцкі[21]

Беларускі гісторык Алесь Смалянчук указвае, што член «Краёвага кола Літвы і Русі» граф Юзаф Патоцкі прызнаваў існаванне супярэчнасцяў і з раздражненнем заўважыў пра дэпутатаў «Краёвага кола Літвы і Русі»: «Я заўсёды выказваюся як паляк, а некаторыя іншым разам выступаюць як беларусы». Алесь Смалянчук таксама дадае, што ў польскамоўнай газеце «Дзеннік Кіёўскі»[pl] у 1906 годзе апублікаваны ананімны ліст «грамадзяніна Забранага краю П. В.», дзе аўтар быў абураны паводзінамі польскіх дэпутатаў ад Мінскай губерні, якія нібыта публічна прызналі, што з’яўляюцца «тутэйшымі», а таксама «беларусамі польскай культуры», а ў якасці гэтых «здраднікаў» фігуравалі дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» ад Мінскай губерні — князь Геранім Друцкі-Любецкі, Віктар Янчэўскі, Раман Скірмунт і Пётр Масоніус[22]. У ананімным лісце сцвярджалася існаванне ў «Краёвым коле Літвы і Русі» двух дэпутатцкіх груповак, якія змагаюцца паміж сабой — пры гэтым дэпутаты-«беларусы» нібыта абзываюць дэпутатаў апанентаў «ляхамі» і г.д. Беларускі гісторык Алесь Смалянчук заўважае, што «ляхамі» аказаліся якраз дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» з украінскіх губерняў («паўднёва-заходніх губерняў»), у т.л. дэпутат граф Юзаф Патоцкі[23].

Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі (1907) правіць

Склад правіць

Групоўка аформілася 28 лютага 1907 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у II Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў. Кіраўніком стаў Міхал Венслаўскі. Да ліку кіраўніцтва групы таксама належалі граф Ваўрынец Путкамер, Марыян Хелхоўскі і Генрых Дымша[24].

У склад групоўкі ўваходзілі 11 дэпутатаў-членаў і 1 салідараваны з групоўкай дэпутат-каталік (Пялейка):

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі»[25].

Усе дэпутаты групоўкі (акрамя Пялейкі) былі краёўцамі-кансерватарамі[26].

Палітычная дзейнасць правіць

Дэпутаты групоўкі «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі» салідарызаваліся з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і нават запісаліся ў афіцыйным спісе «Польскага кола». Гэтае нежаданне думскіх дэпутатаў-католікаў ад Заходняга края стварыць у Дзяржаўнай Думе афіцыйна асобную ад польскіх губерняў дэпутацкую групоўку выклікала вялікае незадаволенне Эдварда Вайніловіча, старшыні «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі і адначасова старшыні «Саюза Колаў Каралеўства Польскага і Краёў Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі, а таксама выклікала яго намер у далейшым стварыць Краёвую партыю Літвы і Беларусі, каб рыхтаваць і правесці на новых выбарах асобную ад польскіх губерняў групоўку дэпутатаў з літоўскіх і беларускіх губерняў[27].

У II Дзяржаўнай думе дэпутаты групоўкі стварылі супольныя з дэпутатамі «Польскага кола» аграрную, канстытуцыйную, школьную і іншыя камісіі. Праграмныя палажэнні адпавядалі тым патрабаванням, які былі выпрацаваны на перадвыбарчым сходзе каталіцкіх дваран-землеўласнікаў у канцы 1906 г. у Вільні. Зноў жа выступалі за ўвядзенне дэмакратычных свабод, раўнапраўе нацыянальнасцей і рэлігій у Расійскай імперыі, дэцэнтралізацыю кіравання імперыяй і развіццё сістэмы мясцовага самакіравання, рэфармаванне земстваў, недатыкальнасць прыватнай уласнасці (у тым ліку зямельнай), рэгуляванне праў і форм валодання нерухомасцю, ліквідацыі зямельнай цераспалосіцы і сервітутаў, стымуляцыю і ўздым якаснага ўзроўню сельскагаспадарчай дзейнасці, супрацоўніцтва з іншымі дэпутатамі ад Заходняга края і польскіх губерняў[28].

Члены групоўкі працавалі ва ўсіх значных думскіх камісіях, удзельнічалі ў абмеркаваннях законапраектаў з боку ўраду аб свабодзе веравызнання і адмене пераследу за арганізацыю тайнай нацыянальнай і рэлігійнай адукацыі ў польскіх губернях і Заходнім краі; аб мясцовым судзе; аб бюджэтах міністэрстваў[29].

Дэпутаты групоўкі падтрымалі законапраекты, якія былі ўнесены дэпутатамі «Польскага кола з Каралеўства Польскага»: аб аўтаноміі Царства Польскага (стварэнне польскага сойму, увядзенне самастойнага заканадаўства, суда, бюджэта ў Царстве Польскім); аб мове выкладання ў навучальных установах і частковым пераўтварэнні кіравання сферай адукацыі ў Царстве Польскім. Падпісалі разам з іншымі апазіцыйнымі думскімі дэпутатамі праект асноўных палажэнняў аб адмене палітычных і грамадзянскіх абмежаванняў, звязаных з нацыянальнасцю і веравызнаннем. Далучыліся да заяўлення аб адмене ваенна-палявых судоў, аднак прыняты Дзяржаўнай Думай законапраект быў адхілены Дзяржаўным Саветам Расійскай імперыі ў маі 1907 г.[30]

Дэпутаты групоўкі вырашылі не ўдзельнічаць у абмеркаванні зямельнага пытання ў Дзяржаўнай Думе. Яны, як і раней, лічылі, што аграрнае пытанне ў Заходнім краі і польскіх губернях трэба вырашаць сумесна з рэфармаваннем мясцовага самакіравання і ўвядзеннем аўтаноміі нацыянальных рэгіёнаў Расійскай імперыі пры гарантыі захавання права прыватнай уласнасці на зямлю. Гэтая пазіцыя, як і ў папярэдняй Думе, сустрэла незадаволенне і супраціўленне з боку дэпутатаў-сацыялістаў[31]

У пачатку чэрвеня 1907 г. дэпутаты групоўкі падпісалі заяўленне аб унясенні законапраекта аб выкладанні ў Заходнім краі польскай і літоўскай мовы ў дзяржаўных навучальных установах, а таксама законапраекта аб мове пачатковай адукацыі ў губернях з нярускім і змешаным у нацыянальных адносінах насельніцтвам. Беларусы ў Расійскай імперыі ў той час лічыліся за складовую частку «рускага народа», таму расійскі ўрад цвёрда лічыў, што беларусы павінны атрымліваць адукацыю на рускай мове. Абодва законапраекты былі накіраваны ў Камісію па народнай адукацыі, але роспуск II Дзяржаўнай Думы не дазволіў нават абмеркаваць гэта[32].

Польска-літоўска-беларускае кола (1907—1912) правіць

Склад правіць

Групоўка аформілася ў лістападзе 1907 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у III Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў. Кіраўніком стаў Юзаф Монтвіл (1850—1911), які памёр у 1911 г. На месца Монтвіла прыехаў з Віленскай губерні на дэпутацтва ў Дзяржаўную Думу (Санкт-Пецярбург) Людвік Ахатніцкі, які атрымаў на выбарах другое месца пасля Монтвіла, а кіраўніком групы ў 1911 г. быў абраны Казімір Завіша[33].

У склад групоўкі ўваходзілі 7 дэпутатаў-членаў:

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі», акрамя Цыўнеліса, які запісаў сябе ў анкеце як «літовец»[34].

Усе дэпутаты групоўкі (акрамя Цыўнеліса) былі краёўцамі-кансерватарамі[35].

Палітычная дзейнасць правіць

Групоўка салідарызавалася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага»), аднак галоўнымі задачамі для сябе бачыла адстойванне інтарэсаў літоўска-беларускага края імперыі. Дэпутаты працавалі ва ўсіх думскіх камісіях. Асноўныя пазіцыі групоўкі не змяніліся з часу I Дзяржаўнай Думы і адпавядалі пастулатам т.зв. «краёвай ідэі» («краёвасці»): дэцэнтралізацыя кіравання Расійскай імперыі, аўтаномія нацыянальных рэгіёнаў, раўнапраўе народаў і рэлігій, развіццё самакіравання, захаванне права прыватнай уласнасці на зямлю пры ліквідацыі цераспалосіцы і сервітутаў і г.д.[36]

Дэпутаты ўдзельнічалі ў абмерванні законапраектаў, якія прапаноўваліся расійскім урадам: аб адтэрміноўцы выбараў у Дзяржаўны Савет ад дзевяці губерняў Заходняга края; аб скасаванні Віленскага генерал-губернатарства; аб скасаванні чыншавога землевалодання ў Заходнім краі; аб рэформе мясцовага суда; аб валасным самакіраванні; аб змяненнях ва ўставе аб воінскай павіннасці; аб пачатковых вучылішчах; аб прыватных навучальных установах, курсах і класах; аб адпачынку службітаў сферы гандлю; аб пераходзе з аднаго веравызнання ў іншае; аб заснаванні ў Ковенскай губерні вучылішча сельскай гаспадаркі; інш. Дэпутаты таксама выступалі адносна бюджэтаў міністэрстваў і земстваў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў[37].

Прыняты Думай у 1909 г. законапраект аб пераходзе з аднаго веравызнання ў іншае быў адхілены Дзяржаўным Саветам Расійскай імперыі[38].

Групоўка адмоўна аднеслася да ўрадавага законапраекта аб увядзенні земстваў у 6 губернях Заходняга краю (Мінскай, Віцебскай, Магілёўская, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай), які прадугледжваў падзел выбаршчыкаў у тых 6 губернях па рэлігійнай прыкмеце — на «рускую» (праваслаўную) і «польскую» (каталіцкую) курыі, а таксама ўводзіў абмежаванні для «нярускіх» (неправаслаўных) грамадзян пры заняцці кіраўнічых земскіх пасад. Дэпутаты групоўкі прапанавалі знізіць выбарчы цэнз і ўстанавіць прапарцыйную сістэму прадстаўніцтва ў земствах, а не па веравызнанні. Законапраект аб увядзенні земстваў у 6 заходніх губернях з курыямі па прынцыпу веравызнання быў прыняты большасцю дэпутатаў Думы, але заблакованы Дзяржаўным Саветам. У канечным выніку закон аб земствах у 6 губернях Заходняга краю быў праведзены ў сакавіку 1911 г. указам расійскага імператара ў абход Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета і прадугледжваў курыі па прынцыпу веравызнання («рускую» (праваслаўную) і «польскую» (каталіцкую))[39].

Групоўка салідарызавалася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») у пазіцыі супраць урадавага рашэння аб стварэнні Холмскай губерні і вылучэнні яе са складу Царства Польскага; падтрымлівала пазіцыі дэпутатаў польскіх губерняў супраць абмежаванняў аўтаноміі Вялікага Княства Фінлядскага[40]

Дэпутаты групоўкі падпісвалі думскія запыты аб адмене Рысы аселасці для яўрэяў; аб баявых дружынах «Саюза рускага народа»; аб аблягчэнні адчуджэння надзельных зямель; аб вылучэнні гарадоў у асобныя земскія адзінкі; аб перавазе мясцовых жыхароў у набыцці прадаваных прыватных зямель; аб падатках і зборах у польскіх губернях; аб змяненні палажэнняў аб акцыянерных таварыствах; аб дыскрымінацыі і штрафах за тайнае прыватнае навучанне; і інш.[41]

Беларуска-літоўска-польскае кола (1912—1917) правіць

Склад правіць

Групоўка аформілася ў лістападзе 1912 г. з ліку дэпутатаў-каталікоў, абраных у IV Дзяржаўную Думу ад заходніх губерняў, а па сутнасці — з Віленскай і Ковенскай губерняў. Кіраўніком стаў граф Ваўрынец Путкамер.

У склад групоўкі ўваходзілі 6 дэпутатаў-членаў:

У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных усе дэпутаты-члены групы заяўлялі сябе як «палякі», акрамя Цыўнеліса, які запісаў сябе ў анкеце як «літовец»[42].

У ідэалагічных адносінах толькі Свянціцкі выразна акрэсліваў сябе як краёўца-кансерватара[43]. Банькоўскі, Цыўнеліс і Рачкоўскі характарызаваліся як беспартыйныя. Граф Путкамер і ксёндз Мацяевіч былі прыхільнікамі ідэй польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі»), але не ў поўнай меры, бо, у адрозненне ад галоўных ідэолагаў польскіх нацыянальных дэмакратаў (польскіх «эндэкаў», «эндэцыі») з думскай групоўкі дэпутатаў «Польскае кола», імкнуліся ўлічваць і этнакультурныя асаблівасці літоўска-беларускіх зямель (паўночна-заходніх губерняў)[44].

Палітычная дзейнасць правіць

Дэпутаты групоўкі выступалі з крытыкай антыпольскай палітыкі расійскага ўраду і мясцовых чыноўнікаў, выступалі супраць дыскрымінацыі католікаў, польскай мовы і палітыкі русіфікацыі ў польскіх губернях і Заходнім краі. Выступалі за раўнапраўе нацыянальнасцей і рэлігій, пачатковае навучанне на роднай мове[45]. Напрыклад, у снежні 1912 г. дэпутат Фелікс Рачкоўскі паміж іншага ўказваў пра перасяленне рускіх сялян у Ковенскую губерню, у той час як мясцовыя жыхары вымушаны пакідаць па прычыне недахопу зямлі свае родныя мясціны[46]. Гэта, на думку Рачкоўскага, было працягам палітыкі абрусення літоўскіх і беларускіх губерняў з хахаваннем адміністрацыйнага гвалту[47]. У лютым 1913 г. дэпутат Генрык Свянціцкі скардзіўся на парушэнні дазвола навучання на роднай мове, калі беларускае па нацыянальнасці насельніцтва вучыцца на рускай мове, бо мясцовыя чыноўнікі лічылі, што родная мова ў беларусаў руская[48].

З пачаткам Першай сусветнай вайны (1914—1918) дэпутаты групоўкі, як і многія іншыя дэпутаты Дзяржаўнай Думы, выступілі ў падтрымку аб'яўлення вайны. Аднак з пераносам ваенных дзеянняў на тэрыторыі польскіх губерняў і губерняў Заходняга края дэпутаты пачалі выказваць занепакоенасць станам франтавых і прыфрантавых губерняў, ростам хваль бежанцаў, разарэннем гарадоў і вёсак, мабілізацыяй насельніцтва. Указвалі на прымусовыя высяленні і рассяленні людзей з франтавых і прыфрантавых губерняў у аддаленыя мясціны Расійскай імперыі[49]. Зноў узнялі крытыку ў бок расійскага ўраду адносна ўрадавай дыскрымінацыі ў рэлігійнай, нацыянальнай і моўнай сферы жыхароў Царства Польскага і заходніх губерняў. У верасні 1915 г. падрымалі мемарандум «Аб становішчы палякаў у Заходнім краі», які быў распаўсюджаны дэпутатамі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі[50]. Выступалі з думскімі запытамі і заявамі аб адмене рэлігійных абмежаванняў, пашырэнні праў каталіцкага касцёла, аб неабходнасці свабоды дзеянняў Усерасійскага земскага саюзу і Усерасійскага саюза гарадоў[51].

У сакавіку 1916 г. групоўка сумесна з дэпутатамі ад польскіх губерняў ініцыявала ўнясенне ў Думу заканадаўчых прапаноў аб адмене прававых абмежаванняў для палякаў непасрэдна ў губернях Заходняга края і ва ўсёй Расійскай імперыі[52].

Зноскі

  1. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С 466.
  2. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 215; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 157.
  3. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С 466; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 162.
  4. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С 466; Западные окраины Российской империи / Л. А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — Москва, 2006. — С. 362.
  5. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 215.
  6. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 215; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 173; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С 466.
  7. Skirmuntt, K. «Nasza „tutejszość“» Архівавана 4 сакавіка 2016.
  8. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 217; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 218, 270.
  9. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 217; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 271.
  10. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 157.
  11. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С 466.
  12. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 155; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С 466.
  13. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С 466.
  14. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С 466, 469.
  15. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 154—159.
  16. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 157.
  17. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 141, 154, 157—161.
  18. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 215.
  19. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 215.
  20. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 215.
  21. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 215.
  22. Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — С. 284.
  23. Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — С. 284.
  24. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 215; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 173.
  25. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki… С 466—468.
  26. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 178.
  27. Раюк, А.Р. Узнікненне і заняпад Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907–1908)... С. 204—205.
  28. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 215.
  29. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 215.
  30. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 216.
  31. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 216.
  32. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 216.
  33. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 216; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 218.
  34. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 216; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 218.
  35. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 218.
  36. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 216.
  37. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 216.
  38. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 216.
  39. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 216.
  40. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 217.
  41. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 216—217.
  42. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 217; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 271.
  43. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 271.
  44. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 271.
  45. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 217.
  46. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 271.
  47. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 271.
  48. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 271.
  49. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 290.
  50. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 292.
  51. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 217.
  52. Циунчук, Р. А. Западных окраин группа… С. 217.

Літаратура правіць