Кру́пнік — старадаўні алкагольны напой, накшталт лікёру, са спірту (ці акавіты), мёду і спецый (цынамон, ваніль, гваздзікі, імбір і мускатны арэх). Вядомы ў Польшчы і ВКЛ з XVIII ст., быў у пэўным сэнсе канкурэнтам нямецкага пуншу. Традыцыйна крупнік падавалі гарачым у малых фарфоравых філіжанках, але ў менш фармальных умовах пілі і са шкляніц, або нават з драўляных ці цыновых лыжак. Існаваў рытуал “палення” крупніку — усе інгрэдыенты складваліся ў вялікую гліняную місу і падпальваліся; паступова палаючая сумесь набірала цёмнаянтарны колер і спецыфічны карэнны водар; па знаку гаспадыні ўсе сабраныя адначасова дзьмулі на полымя, каб яго згасіць. Майстэрства прыгатавання крупніку лічылася ў XIX ст. неабходнай вартасцю гаспадыні шляхецкага дому, да некаторых майстрыняў госці з'язджаліся адмыслова дзеля гэтай нагоды з акругі радыюсам 80 км. Асабліва славіліся крупнікі з Коўна. У ВКЛ таксама былі папулярнымі фруктовыя крупнікі, у якія дадаваліся малінавы або вішнёвы сокі, журавіны і г.д. У наш час крупнік вырабляецца прамыслова ў Польшчы і Літве.

бутэлька польскага крупніку

Рэцэпт правіць

1 л спірту, 1 кг мёду, 1 л вады. Дадаткі: 1 галінка цынамону, 1 мускатны арэх, 6 гваздзікоў, 2 карані імбіру, 1 галінка ванілі, кавалак апельсінавай скуркі. (Можна таксама ўжываць сушаныя кветкі ружы, руты, ягады ядлоўцу і г.д.)

Дадаткі зварыць з паловай вады (без апельсінавай скуркі, якую ўкінуць за хвіліну да канца варкі) ў высокім рондлі са шчыльным вечкам (найлепей у скараварцы), каля 10 хвілін. Мёд зварыць з рэштай вады і дадаць адвар са спецый. Змяшаць са спіртам, трымаючы далёка ад агню. Далей не варыць, толькі даліць гарачай вады да агульнага аб'ёму 1 л. Пакінуць на некалькі дзён адстаяцца. Чым болей вытрымліваецца крупнік (рэкамендуецца 3 – 6 месяцаў), тым больш празрыстым і прыемным на смак ён робіцца. Падаваць гарачым або халодным.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Белы А. Крупнік // Праект «Наша ежа»