«Крывавы салют» — назва, якую беларускія СМІ далі трагедыі, якая адбылася падчас святкавання дня незалежнасці Беларусі 3 ліпеня 2019 года ў Мінску, калі некалькі чалавек было паранена і 1 загінуў ад выбухаў салюту[1].

Ход падзеяў правіць

У 22:00 3 ліпеня 2019 года з некалькіх пляцовак на ўскраінах Мінска пачалі страляць святочны артылерыйскі салют. У сацыяльных сетках пачаліся з’яўляцца паведамленні відавочцаў, што выбухі адбываюцца надта нізка. Такія праблемы адбыліся ў мікрараёнах Уручча, дзе стралялі з ваеннага гарадка, Чыжоўка, дзе агонь вялі з пляцоўкі побач з Чыжоўскімі могілкамі і ў раёне Парка Перамогі. У апошнім выпадку некалькі снарадаў разарваліся нізка ў раёне вуліцы Чарвякова, дзе ў некалькіх дамах выбухамі выбіла шыбы ў вокнах, і ў раёне вуліцы Даўмана, дзе аскепкамі было паранена 11 чалавек. У ноч на 4 ліпеня было афіцыйна пацверджана, што адна з параненых жанчын памерла[2][3].

Наступствы правіць

Расследаванне правіць

Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распачаў крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 463 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (Парушэнне правілаў абыходжання з рэчывамі і прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных[4]) і вызначыў, што прычынай трагедыі з’явілася нізкая якасць выкарыстаных зарадаў расійскай вытворчасці[5]. 4 ліпеня 2019 года пастаўшчыкі зарадаў былі затрыманыя, але сваю віну не прызналі[6].

4 сакавіка 2020 года на сайце Следчага камітэта былі апублікаваны вынікі расследавання: «У ходзе следства ўстаноўлена, што напярэдадні правядзення салюту супрацоўнікі Мінскай ваеннай камендатуры выявілі неадпаведнасць большай частцы піратэхнічных вырабаў калібра 195 мм, што прызначаліся для святочнага салюту, нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі. Закупленая раней у расійскай кампаніі піратэхніка мела брак, дапушчаны на прадпрыемстве-вытворцы. Так, дыяметр (калібр) вырабаў перавышаў норму, што не дазваляла ажыццявіць іх зараджанне ў ствалы салютных установак у штатным парадку, яны падлягалі безумоўнай адбракоўцы і не маглі бяспечна выкарыстоўвацца пры правядзенні салюту. Па ўзгадненні з камендатурай для выпраўленні на месцы выяўленых дэфектаў і замены бракаваных вырабаў у Мінск прыбылі два інжынеры прадпрыемства-вытворцы.

У працэсе зараджання салютных установак феерверачныя вырабамі названыя асобы разам з камандзірам роты Мінскай ваеннай камендатуры дапрацоўвалі іх шляхам унясення зменаў (памяншэнне дыяметра шляхам механічнага ўздзеяння), якія не прадугледжаны кіраўніцтвам па эксплуатацыі, нарматыўнай і тэхнічнай дакументацыяй. Такія змены прыводзілі вырабы ў небяспечны для выкарыстання стан, што пацвярджаецца вынікамі экспертных даследаванняў і следчага эксперыменту…

З прычыны дапушчаных парушэнняў пры правядзенні салюту адбыліся няштатныя сітуацыі: выбухі вырабаў на нізкай вышыні і ў ствалах марцір, у выніку якіх адзін чалавек загінуў, яшчэ адзінаццаць пацярпелі. Шкода маёмасці фізічных і юрыдычных асоб нанесена на агульную суму звыш 740 тысяч беларускіх рублёў.»[7]

Віноўнымі па версіі следства былі прызнаныя 2 інжынеры з кампаніі «Піра-Рос», якая пастаўляла піратэхніку, і камандзір мінскай роты ваеннай камендатуры[8]. Галоўны інжэнер кампаніі «Піра-Рос» Андрэй Інкін заявіў, што прывядзенне зарадаў у патрэбную форму супрацоўнікамі кампаніі не супярэчыць нарматыўна-тэхнічным дакументам кампаніі, што раней такое ўжо паспяхова рабілі і што выбракоўка зарадаў знаходзілася ў кампетэнцыі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, бо купленая піратэхніка была ўжо ўласнасцю Міністэрства і магла пашкодзіцца з-за няправільнага захоўвання ці транспарціроўкі[9].

Суд правіць

2 красавіка 2020 года ў Маскоўскім раёне Мінска пачаўся суд над абвінавачанымі[10]. Пры гэтым камандзір мінскай роты ваеннай камендатуры Аляксей Круглік стаў адзіным з абвінавачаным, якога не змясцілі пад варту[11]. 29 мая 2020 года на судзе ён казаў, што «гэта было не першае надзвычайнае здарэнне падчас салюту. Да здарэння на Дзень незалежнасці салютныя ўстаноўкі тройчы выбухалі, праўда, па іншых прычынах. Гэта было ў 2013, 2017 і 2018 гадах»[11].

17 ліпеня 2020 года ў судзе слухалі паказанні былога начальніка Мінскай ваеннай камендатуры Мікалая Кураша. Ён паведаміў, што па выніках прадпісання Следчага камітэта міністр абароны вынес яму дысцыплінарнае спагнанне: строгую вымову, таксама ён адмаўляў, што аказваў псіхалагічны ціск на затрыманых інжынераў фірмы «Піра-Рос» Сапронава і Дзянісава, каб яны не ўзгадвалі вайскоўцаў у сваіх паказаннях[12].

Рэакцыя СМІ, грамадства і дзяржавы правіць

Першымі на падзеі адрэагавалі блогеры і недзяржаўныя СМІ[13][14][15]. Дзяржаўныя мас-медыя пэўны час маўчалі пра гэту праблему і толькі пазней таксама пацвердзілі факт трагедыі.

6 ліпеня 2019 года адбылося пахаванне ахвяры трагедыі Наталлі Максімчук, на якое прыйшлі прадстаўнікі гарадской адміністрацыі і вайскоўцы[16]. Мінгарвыканкам абяцаў выплаціць кампенсацыі розных памераў сям’і загінулай і пацярпелым[17].

Зноскі

  1. Раней такую назву Наша Ніва дала выбуху ў Мінску ў 2008 годзе Крывавы салют // Наша Ніва, 04.07.2008
  2. Крывавы салют 3 ліпеня ў Менску. Як разьвіваліся падзеі // Радыё Свабода
  3. Жанчына загінула, 10 чалавек параненыя падчас салюту ў Менску. ФОТА, ВІДЭА // Радыё Свабода
  4. паведамленне Telegram канала Следчага камітэту РБ
  5. А. Дашчынскі, А.Літвінава Нядбайнасьць ці дывэрсія? Вайсковыя экспэрты і піратэхнік пра прычыны выбухаў на салюце 3 ліпеня // Радыё Свабода
  6. Крывавы салют ў Менску: затрыманыя расейцы не прызнаюць віны // Белсат
  7. Завершено расследование уголовного дела о взрывах во время салюта 3 июля в Минске Архівавана 4 сакавіка 2020. // Сайт Следственного комитета РБ
  8. Дело о взрыве во время салюта 3 июля. Среди обвиняемых — командир роты Минской военной комендатуры Архівавана 3 красавіка 2020. // TUT.BY
  9. «Наши ребята не заряжали установки». Российская компания рассказала свою версию ЧП на салюте Архівавана 3 красавіка 2020. // TUT.BY
  10. Суд по делу «кровавого салюта» начался в Минске // Euroradio.fm
  11. а б «Руководство видело, как обрезались фейерверки». Обвиняемый рассказал в суде о салюте 3 июля Архівавана 6 лістапада 2020. // TUT.BY
  12. Адар’я Гуштын. Суд по взрыву на салюте 3 Июля: наказали начальника военной комендатуры, ему дали строгий выговор Архівавана 28 кастрычніка 2020. // TUT.BY
  13. паведамленне Telegram канала NEXTA
  14. Крывавы салют 3 ліпеня ў Менску. Як разьвіваліся падзеі // Радыё Свабода
  15. Юры Дракахруст NEXTA і Быкоўскі пра «крывавы салют» // Радыё Свабода
  16. В Минске простились с погибшей во время салюта 3 июля. Были и власти, и военные Архівавана 14 жніўня 2020. // TUT.BY
  17. Минские власти выплатят компенсации семье погибшей и пострадавшим во время салюта 3 июля Архівавана 5 снежня 2019. // TUT.BY