Крывіцкае навуковае таварыства

Крывіцкае (Беларускае) навуковае таварыства імя Пранціша Скарыны (КНТ) існавала ў 19461949 гг. у Германіі, у 19491976 гг. у ЗША.

Крывіцкае навуковае таварыства
Дата заснавання 1946
Дата роспуску 1976
Тып асацыяцыя[d]

Гісторыя правіць

Заснавана 23 чэрвеня 1946 г. у лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я. Станкевіч, А. Адамовіч і А. Махноўскі. Кіруючы орган — штогадовы з'езд. Мела на мэце аб'яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навуковай працы ў галіне беларусазнаўства. 5 мая 1949 г. цэнтр таварыства перанесены ў г. Нью-Ёрк, 23 лістапада 1959 г. яно атрымала правы культурнай і навуковай установы, створаны аддзел у г. Чыкага (ЗША) і Аўстраліі.

Пры таварыстве дзейнічалі секцыі: літаратурная (з 26 жніўня 1950 г.), мовазнаўчая (з 28 красавіка 1951 г.), гістарычная і педагагічная (з 25 студзеня 1953 г.). 27 красавіка 1952 г. пры ім заснаваны Інстытут найноўшай гісторыі Беларусі (кіраўнік М. Чатырка) і Прэсавае бюро (кіраўнік Ю. Віцьбіч). Таварыства займалася зборам дакументаў, рукапісаў, беларускіх выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Беларускім архіве (дырэктар А. Шукелойць). З 1957 г. уваходзіла ў Беларуска-амерыканскую дапамогу (Нью-Ёрк) і Задзіночанне славянскіх навуковых арганізацый ЗША.

Таварыствам выдадзены «Паказальнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945—1950 гг.» М. Панькова (1952), «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак, а таксама прывітанняў, зычэнняў і іншае» Я. Станкевіча (2-е выданне 1953), кнігі «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» К. Вітан (1954), «Ул. Жылка. Творы: Да 20-х угодкаў смерці» (1953, усе ў Нью-Ёрку). Выдавала навукова-літаратурны часопіс «Веда»[1].

Крывіцкае навуковае таварыства спыніла дзейнасць у 1976 г. у сувязі са смерцю Я. Станкевіча.

Зноскі

  1. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія / Лявон Юрэвіч. — Мінск: Кнігазбор, 2015. — 624 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 25). ISBN 978-985-7119-59-2.