Крычаўская воласць (Вялікае Княства Літоўскае)

(Пасля перасылкі з Крычаўскае староства)

Кры́чаўская во́ласць, Крычаўскае староства — буйны дзяржаўны маёнтак у Вялікім Княстве Літоўскім[1].

Вылучылася, верагодна, у канцы XV ст. са складу Мсціслаўскага княства пасля згасання мясцовай дынастыі Лугвенавічаў і часовага пераходу княства ў дзяржаўную ўласнасць. Пасля паўторнага падаравання Мсціслава князю М. І. Заслаўскаму ў 1499 годзе засталася ў вялікага князя літоўскага і кіравалася яго намеснікамі. У 1526 годзе да Крычаўскай воласці далучана Алучыцкая воласць (займала тэрыторыю сучаснага Касцюковіцкага раёна), якая засталася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага ў выніку мірнага пагаднення з Вялікім Княствам Маскоўскім 1522 года. Паводле адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гадоў Крычаўская воласць увайшла ў Мсціслаўскае ваяводства. На працягу XVIXVII стст. з яе вылучыўся шэраг дробных прыватных і дзяржаўных маёнткаў, у выніку чаго тэрыторыя воласці набыла шматковы выгляд. У пачатку XVII стагоддзя ўключала каля 40 паселішчаў[1].

3 XVII стагоддзя называлася староствам і ёю валодалі буйныя феадалы пераважна на ўмовах закладу, якія фактычна не адрозніваліся ад прыватнага ўладання[1].

Крычаўскімі старостамі (часам з дадатковым тытулам алучыцкага дзяржаўцы) былі князь Багдан Саламярэцкі (1580—1602), князь Фрыдэрык Лукомскі (1602—1611). Удава апошняга Барбара Венжыкаўна выйшла за муж за Себасцяна Мірскага, які набыў адначасова і закладнае права на Крычаўскую воласць, якое ў 1629 годзе з дазволу караля перадаў сыну Крыштофу. У далейшым належала Стафану Пацу, пасля яго смерці ў 1640 — удаве Ганне з Рудамінаў-Дусяцкіх, з 1642 года — іх сыну Мікалаю Пацу, які перадаў свае правы на Крычаўскую воласць Міхалу Казіміру Радзівілу. 3 гэтага часу на працягу 3 пакаленняў староства было ў руках нясвіжскай галіны Радзівілаў. У Крычаўскай воласці адбылося Крычаўскае паўстанне 1743—1744 гадоў. У гэты час воласць налічвала каля 130 паселішчаў, падзялялася на 5 войтаўстваў; Дамамерыцкае, Забычанскае (Лучыцкае), Мілаславіцкае (Углянскае), Палявое, Хоцімскае. У 1760 годзе яна перайшла да польскага магната Ежы Аўгуста Мнішака[1].

У 1772 годзе далучана да Расійскай імперыі, у 1776 годзе перададзена Кацярынай II князю Р. А. Пацёмкіну, пасля чаго канчаткова ператварылася ў прыватную латыфундыю (Крычаўскае графства)[1].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д Вячаслаў Насевіч. Крычаўская воласць // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.

Літаратура

правіць