Куапа́у, або арканза́с (саманазва: Okáxpa, Ugahxpa, англ.: Quapaw, Arkansas) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў Аклахоме. Агульная колькасць (2012 г.) — 3240 чал.

Куапау
Okáxpa, Ugahxpa
Фота 1905 г.
Агульная колькасць 3240
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова куапау
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы омаха, канзас, аява

Куапау паходзяць ад сіўанскіх плямён даліны ракі Агая. Да прыходу еўрапейцаў яны мігрыравалі ўздоўж ракі Місісіпі на поўдзень да зліцця з ракой Арканзас. Першая вядомая саманазва Okáxpa значыла «людзі ніжняй плыні». Назву Arkansea атрымалі ад індзейцаў-ілінойс. Асноўнымі заняткамі з'яўляліся земляробства, рыбалоўства і паляванне. Ведалі апрацоўку медзі, выраб тканін і керамікі.

У 1541 г. мелі кантакты з экспедыцыяй Эрнанда дэ Сота. З 1673 г. падтрымлівалі зносіны з французскімі гандлярамі і ваеннымі. Сярод іх вялі місіянерскую дзейнасць езуіты. У канцы XVII ст. налічвалася 5 вёсак, населеных куапау, аднак у выніку занесеных еўрапейцамі эпідэмічных захворванняў іх колькасць у гэты перыяд значна скарацілася.

Пасля пераходу Луізіяны да ЗША заключылі ў 1818 г. і 1824 г. мірныя дагаворы, паводле якіх перадавалі частку тэрыторый амерыканскаму ўраду для будаўніцтва крэпасці і дарогі. У 1834 г. былі пераселены на паўночны ўсход сучаснай Аклахомы.

У нашы дні захоўваюць ва ўласнасці 53 км² племянных тэрыторый. Згодна дагавору 1956 г. з ЗША карыстаюцца аўтаноміяй, маюць асабісты ўрад і паліцыю. Асноўны сучасны занятак — абслугоўванне турыстаў. Куапау трымаюць казіно і палі для гольфу. Існуе багатая вусная гістарычная традыцыя.

Спасылкі правіць