Культура шарападобных амфар

Культура шарападобных амфар – археалагічная культура познанеалітычных плямён, якія ў III-м тысячагоддзі да н.э. жылі ў цэнтральнай і ўсходняй Германіі, Польшчы, Чэхіі, на паўночным усходзе Румыніі, у лесастэпавай частцы Правабярэжнай Украіны, на захадзе Беларусі. Падзяляліся на групы і варыянты. Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і паляваннем. Іх селішчы размяшчаліся на пясчаных берагах рэк. Жытлы былі наземнымі, слупавой канструкцыі, часам шматкамерныя з каменнымі або глінянымі агнішчамі; месцамі былі паўзямлянскі. Побач з жытламі размяшчаліся гаспадарчыя ямы. Пахавальны абрад – трупапалажэнне ў неглыбокіх ямах, абкладзеных каменнымі плітамі або валунамі, часам – няпоўнае трупаспаленне. У могільных ямах выяўлены каменныя і касцяныя прылады працы, кераміка, упрыгожанні. Месцамі над пахаваннямі насыпалі курганы. Былі пахаванні індывідуальныя і групавыя, часам у іх знаходзяць рэшткі буйных рагатых жывёл. Сустракаюцца і асобныя рытуальныя пахаванні жывёл. Для керамікі характэрны амфары з шарападобным корпусам і вертыкальным венчыкам, разнастайныя гаршкі, кубкі, міскі, арнаментаваныя, пераважна ў верхняй частцы, адбіткамі лінейнага штампа, шнура, насечкамі, наколамі. Сярод прылад працыі зброі – крамянёвыя сякеры-кліны і долаты, касцяныя нажы і долаты, верацёнападобныя наканечнікі стрэл. Для ўпрыгожанняў характэрны бурштынавыя вырабы, фігурныя каменныя пласціны. На тэрыторыі Беларусі носьбіты гэтай культуры праніклі на познім этапе яе развіцця. Найбольш вядомыя іх помнікі – могільнікі Краснасельскі і Малыя Ёдкавічы.

Культура шарападобных амфар
Пераемнасць
Культура лейкападобных кубкаў Культура баявых тапароў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Шарападобная амфара

Літаратура правіць

  • Археология СССР. Свод археологических источников. Выпуск В 1 – 27. Свешников И.К. Культура шаровидных амфор. – М., 1983.