Культура ўсходнелітоўскіх курганоў

Культура ўсходнелітоўскіх курганоў — археалагічная культура, вядомая па пахавальных помніках балцкіх плямён IIIXII стст., якія сустракаюцца на сучаснай тэрыторыі ўсходняй і паўднёва-ўсходняй Літвы і паўночна-заходняй Беларусі ад сярэдняга цячэння Нёмана на захад ад возера Свір на усход, ад вярхоўяў ракі Швянтойі (прыток Віліі) на поўнач да басейна ракі Мяркіс на поўдзень. Археалагічная культура атрымала назву паводле галоўнай аб'ядноўчай рысы культуры на працягу тысячагоддзя (кургана) і лакалізацыі археалагічнай культуры на ўсходзе сучаснай Літвы.

Гісторыя даследавання правіць

У другой палове XIX — першай палове XX стст. археалагічную культуру даследавалі браты Канстанцін і Яўстах Тышкевічы, Людвік Кандратовіч (Уладзіслаў Сыракомля), П.С. Вільчынскі, Адам-Ганорый Кіркор, граф Адам Плятэр, Вандалін Шукевіч і інш.

З другой паловы XX ст. вывучаюць літоўскія археолагі Адольфас Таўтавічус, Рэгіна Валкайтэ-Кулікаўскене, О. Кунцэне, Аляксеюс Лухтанас, Вікінтас Вайткявічус і інш.

Генезіс (канец II ст. — пачатак III ст.) правіць

 
Археалагічныя культуры ва Усходняй Еўропе ў III—IV стст.

Доследы паказваюць, што генезіс культуры звязаны з міграцыяй (пад уплывам іншых народаў — у час Вялікага перасялення народаў) у канцы II ст. — пачатку III ст. часткі носьбітаў вельбарскай і багачоўскай культур на субстрат культуры штрыхаванай керамікі, якія таксама змяшаліся з часткай насельніцтва культуры курганоў Паўночнай Літвы і Паўдневай Латвіі рымскага перыяду[1][2]. У гэты час на Віленшчыне з'яўляецца да таго невядомы тут курган — земляное або, значна радзей, каменнае надмагільнае збудаванне пэўнай паўсферычнай формы. І курган з'яўляўся галоўнай аб'ядноўчай рысай культуры на працягу тысячагоддзя.

На тэрыторыі Беларусі былі даследаваны помнікі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў Алешкі, Засвір, Чорная Лужа (Мядзельскі раён), Андрэеўцы, Рымшанцы (Смаргонскі раён), Будраны, Жэлядзь, Пільвны, Сяржанты (Астравецкі раён), Вайшкуны, Лынтупы (Пастаўскі раён) і інш.

Рысы культуры правіць

Курганы з трупапалажэннем (III—V стст.) правіць

Асабліва распаўсюджаным тыпам пасялення становяцца вялікія неўмацаваныя паселішчы, звычайна на берагах рэк і азёр. Умацаваныя гарадзішчы з'яўляюцца рэдкімі.

Дамінуе курганны тып пахавання. Пахавальныя помнікі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў заўсёды размешчаны групамі. Курганныя могільнікі налічваюць ад 3-4 да 200 насыпаў круглай формы, дыяметрам 5-20 м (зрэдку 20-25 м), вышынёй 0,3-3 м. Пераважаюць курганы вышынёй да 1,5 м і дыяметрам 6-10 м. Раннія насыпы (IVVI стст.) абкладзены каменнымі вянкамі і часам абкружаны прадаўгаватымі ямамі, вакол пазнейшых ёсць кальцавыя раўкі[3]. Пахавальны абрад у курганах IIIV стст. — трупапалажэнне (трупапакладанне) у грунтавых (падкурганных) ямах глыбінёй 0,5-1,5 м. У кургане 1-2, радзей 3 пахаванні.

Усходнелітоўскія курганы з трупапалажэннем падобны структурай і формай такім самым курганам сучаснай цэнтральнай і паўночнай Літвы і сучаснай паўднёва-усходняй Латвіі (каменныя вянцы, паграбенні па абраду трупапалажэння), таму археолагі лічаць, што звычай насыпу курганаў быў пераняты з тых раёнаў[4]. У той жа час усходнелітоўскія курганы набылі ўласныя адметнасці — яны адрозніваюцца асаблівасцямі пахавальнага абраду: нябожчыка клалі на спіну; пахаванні мужчын арыентаваны галавой на захад, а жанчын — на ўсход; колькасцю нябожчыкаў у адным кургане[5]. На думку літоўскага археолага Аляксеюса Лухтанаса, вельмі значным адрозненнем усходнелітоўскіх курганоў ад курганаў суседніх археалагічных культур з'яўляецца тое, што ўсходнелітоўскія курганы гэтага часу з'яўляюцца індывідуальнымі, а не калектыўнымі курганнымі паграбеннямі[6].

Пахавальны інвентар мужчын — вузкалязовыя сякеры, наканечнікі дзід, нажы, спражкі, фібулы, бранзалеты, зрэдку умбоны шчытоў і шпоры. Пахавальны інвентар жанчын прадстаўлены ў асноўным упрыгажэннямі (шыйныя грыўні, бранзалеты, нешматлікія драцяныя скроневыя кольцы са спіральным завітком на адным з канцоў, падвескі), радзей прыладамі працы (сякеры, нажы, прасліцы, шылы).

У IV—V стст. яшчэ сустракаюцца і асобныя грунтавыя пахаванні з трупапалажэннямі на той жа тэрыторыі, што былі помнікамі субстратнага насельніцтва культуры ўсходнелітоўскіх курганоў. Яны ідэнтычныя падкурганным і суправаджаюцца інвентаром, тоесным матэрыялу ўсходнелітоўскіх курганоў.

У культурных слаях з III па другую чвэрць V стст. археолагі знайшлі значныя сляды пажараў і трохлопасныя наканечнікі стрэл, характэрныя гунскаму насельніцтву[7].

Курганы з трупаспаленнем (V—VIII стст.) правіць

 
Карта балцкіх і славянскіх археалагічных культур V—VI стст.

Асноўным тыпам паселішчаў з V ст. да пачатку XI ст., дзе жыла асноўная маса насельніцтва, сталі паселішчы без значных умацаванняў на адкрытай прасторы альбо ў падножжа гарадзішчаў. У VI—VIII стст. узводзяцца драўляныя гарадзішчы (з землянымі валамі) — каля сучасных населеных пунктаў Лаварышкес, Давайноніс, Брадзялішкес, Немянчыне, Бражуоле і інш., але яны мелі выключна абарончы характар: насельніцтва ў іх не жыло (бо ў гарадзішчах амаль адсутнічае культурны слой), а выкарыслоўвала толькі часова — у якасці прытулку ў час ваеннай пагрозы, а жыло каля гарадзішчаў ці ў баку ад іх[8]. Гарадзішчы ўзводзіліся на пагорках і мелі мініяцюрныя памеры — да 60 м²[8]. У паселішчах без умацаванняў жыхары ўзводзілі наземныя чатырохвугольныя пабудовы (зрубнай ці слупавай канструкцыі і глінабітным долам) з адкрытым агменем (дыяметрам каля 1 м — з камення і гліны альбо толькі з камення)[8]. Пасяленні каля гарадзішчаў мелі звычайна каля 10 сядзіб і забудоўваліся бессістэмна[8].

У V ст. у курганах з'яўляюцца трупаспаленні, што паралельна суправаджалася зменамі ў матэрыяльнай культуры і ладу жыцця грамадства. Наяўнасць знаці (паводле археалагічных дадзеных) прасочваецца з сярэдзіны V ст. (напрыклад, паграбенне ў пункце Таўрапіліс ва Уценскім раёне Літоўскай Рэспублікі)[6]. Тыпам арганізацыі грамадства быў родаплемянны лад, а сацыяльная структура была прадстаўлена трыма-чатырма праслойкамі — знаццю, дружыннікамі знаці, свабоднымі абшчыннікамі і рабамі, бо, напэўна, мелася патрыярхальнае рабства. Эканамічная эксплуатацыя свабодных абшчыннікаў з боку знаці адсутнічала. Няма звестак аб наяўнасці спецыялізаванай праслойкі рамеснікаў, якая б абслугоўвала інтарэсы знаці і знаходзілася ў паселішчах гарадскога тыпу. Канцэнтрацыя пасяленняў (паводле наяўнасці паграбенняў) у V ст. назіраецца ў паўночнай частцы басейна ракі Нярыс (Вілія)[9].

Абад трупаспалення з'яўляецца ў V ст., але рэдкі і сустракаецца ў тых жа курганных групах, дзе маюцца пахаванні па абраду трупапалажэння; у першых выпадках абраду трупаспалення спаленыя рэшткі нябожчыка размяшчаліся пад насыпам кургана, а не ў насыпу, як гэта стала з VI ст.[9]

У VI ст. трупаспаленні ўжо пераважаюць у культуры ўсходнелітоўскіх курганоў. Першапачаткова абрад трупаспалення пачаў практыкавацца ў басейне ракі Нярыс (Вілія), а пасля распаўсюдзіўся адтуль па ўсіх накірунках. На думку археолага Адольфаса Таўтавічуса, абрад трупаспалення і звычай хаваць па некалькі нябожчыкаў у адным кургане прыйшоў ад балцкага племені яцвягаў (з паўднёвага Занямоння), з якім насельніцтва культуры ўсходнелітоўскіх курганоў ужо ў IV—V стст. падтрымлівала цесныя сувязі[10]. Адбываецца таксама істотная змена пахавальных месцаў: змяняецца іх лакалізацыя, тапаграфічнае размяшчэнне, іх палажэнне ў адносінах да паселішчаў. Пахавальны абрад трупаспалення адбываўся па-за межамі могільніка. Рэшткі крэмацыі часам ссыпалі ў неглыбокую грунтавую яму, часцей у аснове або ў насыпе кургана. Каменныя вянкі і размяшчэнне трупаспаленняў звычайна на аснове кургана паказвае на ўзаемасувязь паміж раннім і сярэднім этапамі культуры[11].

Акрамя таго, абрад трупаспалення часта суправаджаўся калектыўным пахаваннем нябожчыкаў (як адначасовым, так і неадначасовым): у адным кургане змяшчаецца ад аднаго да 3-5 пахаванняў. Ёсць нешматлікія насыпы з 6-7 трупаспаленнямі. Сустракаюцца курганы нават 9-10 пахаваннямі. Значна часцей у курганах прысутнічае гліняны посуд (выключна ў выглядзе пахавальнага інвентару). У гэты перыяд цалкам знікае штрыхаваная кераміка, а з'яўляецца прынцыпова новая — з шурпатай паверхняй[12].

Працэсу распаўсюджвання ў VI—VIII стст. звычая крэмацыі выразна спадарожнічае з'яўленне асаблівай мужчынскага пахавальнага камплекта, у склад якога ўваходзяць пяхотнае ўзбраенне: 1-2, а часам і 3 наканечніка дзід; умбоны шчытоў; жалезныя нажы і вузкалязовыя сякеры; стандартныя элементы рыштунку (рыфленыя спражкі, арбалетавідные фібулы). Гэтыя рэчы маюць свае аналогіі ў рэгіёнах Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы і, верагодна, сталі пахавальным інвентаром на шырокай тэрыторыі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў у час нейкіх ваенных падзей шырокага маштабу (альбо адразу пасля іх заканчэння)[11].

Перыяд пачатку VII ст. — сярэдзіны VIII ст. лічыцца за нейкі крызіс культуры[3]. У першую чаргу гэта праявіліся ў пахавальным абрадзе: у VII ст. курганы перасталі абкладваць каменнымі вянцамі, а каля іх падножжа з'явіліся прадаўгаватыя авальныя ці дугападобныя ямы (раўкі) шырынёй да 1,5-2,0 м і глыбінёй да 0,5-0,6 м.[3] Рэшткі крэмацыі часта хавалі ў верхняй частцы кургана на глыбіні не больш за 10-15 см. З гэтага часу ўсходнелітоўскія курганы па знешняму выгляду не адрозніваюцца ад курганаў суседніх славянскіх плямён[13]. Адбыліся адчувальныя змены і ў матэрыяльнай культуры насельніцтва: распаўсюджваюцца вярбалістовыя наканечнікі дзід, шыйныя грыўны са сплюшчанымі канцамі, характэрныя спіральныя каралі і жаночыя галаўныя ўпрыгожванні ў выглядзе вянка з падоўжанымі канцамі)[3].

Курганы з трупаспаленнем і коньмі (IX—XII стст.) правіць

 
Карта рассялення балтаў, славян і іх суседзяў ва Усходняй Еўропе на канец VIII ст.

У IX—XII стст. часткова расце колькасць умацаваных невялікіх гарадзішчаў і адраджаюцца некаторыя пакінутыя гарадзішчы, якія атрымліваюць новыя якасныя характарыстыкі: з'ўяляецца больш развітая сістэма ўмацаванняў з глыбокімі ірвамі, землянымі валамі ў 5-6 м вышынёй з каменнай забутоўкаў у падмурку і складанымі драўлянымі абарончымі ўмацаваннямі[12]. У гарадзішчах пачынаюць стала жыць людзі, а не толькі часова хавацца ў час ваеннай пагрозы[8]. Каля такіх гарадзішчаў часта прысутнічаюць неўмацаваныя паселішчы памерамі 2-5 га: дамы зрубнай канструкцыі памерамі 3x4 ці 4x4 м, з каменным агменем і часам з каменнай падлогай[8]. Некаторыя асабліва буйныя ўмацаваныя драўляныя гарадзішчы адносяцца археолагамі да «замкаў» племянной зняці — «князёў»[14]. У той жа час многія ўмацаваныя гарадзішчы X—самага пачатку XIII стст. (асабліва прымежныя з зонай рассялення ўсходніх славян, напрыклад, паселішча Мажулоніс паблізу горада Браслава) маюць сляды шматразовых разбурэнняў, што тлумачаць ваеннымі нападамі войск рускіх княстваў (Кіеўскай Русі), у першую чаргу — Полацкага княства[14].

Прадметы ўзбраення ў пахаваннях сустракаюцца рэдка, у асноўным толькі ў асобных багатых пахаваннях[15]. У жаночых пахаваннях звычайна сустракаюцца жалезнае шыла, некалькі гліняных прасліц, фрагменты бронзавых упрыгожванняў. Вянок-агалоўе, якое складаецца з бронзавых пласцінак і некалькіх радкоў бронзавых спіраляў з асновай у шэрагу выпадкаў з тканай стужкі са званочкападобнымі падвескамі, і каралі з бронзавых спіральных бусінак біканічна формы, складалі выключную своеасаблівасць жанчын культуры ўсходнелітоўскіх курганоў[8].

У гэты час шырокае распаўсюджанне атрымалі пахаванні з коньмі, што было перанята ад балцкіх плямён яцвягаў і прусаў[16]. Коней (трупаспаленне ці трупапалажэнне) змяшчалі ў спецыяльна насыпаных курганах і, як выключэнне, у адным кургане з чалавекам. Інвентар конскіх пахаванняў бедны: цуглі, спражкі, часам страмёны[17]. Характэрнай рысай перыяду з'яўляюцца кампактныя, масавыя курганныя могільнікі (каля сучасных населеных пунктаў Раканцішкес, Жвірбляй, Гудаляй, Дусіненай, Швейцарай і інш.), дзе маюцца мужчынскія пахаванні з конямі і ўзбраеннем (у першую чаргу — меч) і што ўказвае на густанаселенасць гэтых раёнаў[18]. Не выключаецца, што адзначаныя кампактныя і масавыя курганныя могільнікі былі пахаваннямі дружыннікаў племянной знаці, хоць інвентар гэтых пахаванняў не вельмі багаты[18].

З пачатку XII ст. па пачатак XIII ст. практыкавалася трупаспаленне і ўзвядзенне спецыфічных курганных пахаванняў (якія лічацца як другасныя — пазней укапаныя ў раней насыпаныя курганы)[19].

Спецыялісты ўказваюць, што пакуль храналогія змен перыяду і даціроўка многіх знаходак з'яўляецца цяжкай з-за адсутнасці надзейных маркераў (у першую чаргу імпартных манет), а таксама не дастаткова распрацавана тыпалогія керамічных вырабаў[18].

Канец культуры ўсходнелітоўскіх курганоў (XIII ст.) правіць

Сярод сучасных літоўскіх навукоўцаў вядзецца дыскусія адносна канца перыяда культуры ўсходнелітоўскіх курганоў. Усё больш выказваюцца меркаванні, што, верагодна, курганы перасталі ўзводзіць з пачаткам XIII ст., а ім на змену прыйшлі грунтовыя пахаванні з абрадам трупаспалення (помнікі XIII—XIV стст.)[19]. Некаторыя літоўскія даследчыкі лічаць, што пераход ад курганоў да грунтовых могільнікаў першапачаткова адбыўся ў цэнтральным раёне культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, а пасля гэтая рыса абрада пахавання распаўсюджвалася на яе перыферыйныя раёны[3]. Самыя познія і рэдкія пахаванні з конямі на тэрыторыі Віленшчыны адносяцца да XIV ст. Адкрытым застаецца пытанне, ці звязаны пераход да грунтовых могільнікаў з уплывамі ўсходніх славян ці іншых культур балтаў (напрыклад, яцвягаў[20] ці жамойтаў) альбо іншымі прычынамі. Прычым традыцыя грунтовых могільнікаў разглядаецца як рэзкі разрыў з ранейшымі традыцыямі курганных пахаванняў[19].

Замена драўляных умацаваных гарадзішчаў на каменныя абарончыя муры адбылася толькі ў адным цэнтры (Вільня) у канцы XIII — пачатку XIV ст., калі ўжо існавала Вялікае Княства Літоўскае, што было якасна іншым этапам развіцця населеных пунктаў Віленшчыны[21]. Даціроўка першых каменных умацаванняў у Вільні пачаткам ці сярэдзінай XIII ст. пакуль з'яўляецца спрэчнай і недаказанай[22]. Акрамя таго, выяўленая самая ранняя каменная пабудова квадратная ў плане (плошчай 22,6x22,6 метраў) у Вільні — пад мурамі сучаснага Кафедральнага сабора Святога Станіслава — некаторымі даследчыкамі звязваецца не з замкавым умацаваннем, а першым каменным храмам, і датуецца пакуль шырака — другой паловай XIII ст.[22] Літоўскі археолаг Адольфас Таўтавічус выказаў гіпотэзу, што гэта можа быць каталіцкі касцёл, пабудаваны вялікім князем літоўскім Міндоўгам[23][24].

Новыя традыцыі на тэрыторыі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў (XIII—XIV стст.) правіць

 
Пагоркі ў мястэчку Кярнавэ, дзе знаходзіліся чатыры невялікія драўляныя крэпасці (гарадзішчы) XIII—XIV стст.

У першапачатковы перыяд існавання Вялікага Княства Літоўскага на Віленшчыне таксама выяўлены кампактныя грунтавыя могільнікі з абрадам трупапалажэння (з сярэдзіны XIII ст. да другой паловы XIV ст.), што адназначна звязваюць з хрысціянствам нябожчыкаў[25]. Некаторыя грунтовыя могільнікі з абрадам трупапалажэння выяўлены ў месцах, якія сталі важнымі цэнтрамі ў працэсе генезіса Вялікага Княства Літоўскага, — Вільня (Вільнюс) і Кернава (Кярнавэ)[19].

Так, у Літоўскай РэспубліцыВільнюсе на вуліцы Латака (раней вуліца Латочак, Пятніцкая); у суседніх мястэчку Кярнавэ і вёсцы Крывяйкішкяй) і ў Рэспубліцы Беларусь (могільнікі Казлоўцы і Пашэвічы) на тэрыторыі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў даследаваны сотні пахаванняў з трупапалажэннямі сярэдзіны XIII — другой паловы XIV ст., якія некаторымі даследчыкамі адносяцца да славянскіх. Славянскае паходжанне гэтых пахаванняў асабліва аспрэчваецца сучаснымі літоўскімі даследчыкамі ў выпадку могілак Кярнавэ-Крывяйкішкяй, хоць інвентар гэтых пахаванняў у Кярнавэ-Крывяйкішкяй моцна адрозніваецца ад інвентару балцкіх пахаванняў XIV—XV стст.[26]

Кернава (Кернаў, Кярнавэ) часам называюць «першай сталіцай» Міндоўга і рэзідэнцыяй Трайдзеня. У сярэдзіне XIII — другой палове XIV ст. паселішча Кярнавэ прадстаўляла сабой умацаванне з пяці пагоркаў (чатырох невялікіх драўляных крэпасцяў (гарадзішчаў) на чатырох пагорках і аднаго неўмацаванага пагорка) і размешчаныя побач з імі гарадскія неўмацаваныя кварталы мяшчан[27], дзе жылі (на думку літоўскіх археолагаў) як паганцы, так і хрысціяне. Паводле падлікаў, у лепшыя часы ў Кярнавэ мелася каля 80-135 сядзіб мяшчан у неўмацаваных кварталах — прыблізна 500 чалавек, а колькасць княскай дружыні мае гіпатэтычны характар[28]. У Кярнавэ выяўлены вялікія хрысціянскія могілкі (выключна магілы з трупапалажэннем), а сярод інвентара велізарная колькасць упрыгожванняў славянскага паходжання[29]. Даследавана толькі 264 пахаванні (1142 м²), а цалкам могілкі маюць плошчу 5300 м², дзе пахавана каля 1570 асоб[30]. Большасць магіл арыентаваны на захад (як у хрысціян), а меншасць на паўднёвы захад і паўночны захад[31]. У той жа час у Кернавэ і наваколлі не выяўлены пахаванні па абраду трупаспалення за адзначаны перыяд, дзе б хавалі жыхароў горада (у тым ліку прадстаўнікоў княскай дружыны)[29]. Літоўскія археолагі лічаць, што жыхароў-паганцаў спальвалі далёка па-за межамі Кярнавэ[30].

Большасць сучасных літоўскіх археолагаў лічаць, што выяўленыя хрысціянскія могілкі сярэдзіны XIII — другой паловы XIV ст. у Кярнавэ і суседняй вёсцы Крывяйкішкяй (раней — вёска Крывічышкі) з'яўляюцца пахаваннямі асабіста свабодных балтаў-хрысціян і адмаўляюць прысутнасць у Кярнавэ ўсходнеславянскага насельніцтва ў ХІІІ—XIV ст., апелюючы, што прысутнасць славян у Кярнавэ не пацвярджаецца пісьмовымі крыніцамі XV—XVI стст. (кнігамі Літоўскай метрыкі і хронікамі Яна Длугаша і Мацея Стрыйкоўскага)[32]. Аднак з пісьмовых крыніц вядома, што крыжакі яшчэ ў XIV ст. зрабілі шмат нападаў на Кярнавэ, пакуль не знішчылі яго цалкам у 1390 г., пасля чаго горад ужо ніколі не адрадзіўся ў былой сіле, а цэнтр рамяства і гандлю перастаў існаваць[33].

Толькі сучасны літоўскі археолаг Гінтаўтас Забела сцярджае, што хрысціянскія могілкі сярэдзіны XIII — другой паловы XIV ст. у Кярнавэ і Крывяйкішкяй з'яўляюцца славянскімі, і выказвае меркаванне, што ў Кярнавэ жылі і былі пахаваны не свабодныя людзі, а паў-рабы — залежная чэлядзь з усходніх славян[34]. У той жа час даследчыкі прыводзяць факты, што ў пахаваннях тых хрысціян у Кярнавэ маюцца прыгожыя мастацкія нацельныя крыжы са срэбра, дыядэмы са срэбра, завушніцы з пазалочанага срэбра і іншыя вельмі каштоўныя рэчы, многія з якіх імпартнага паходжання[35]. У цэлым жа пахавальны інвентар могілак вельмі сціплы (2-3 прадметы на магілу альбо зусім няма), адсутнічае зброя, таму пахаваных хрысціян адносяць да мяшчанскай праслойкі (купцоў і рамеснікаў)[36].

Забела ўказвае, што цікавым з'яўляецца назва суседняй вёскі Крывяйкішкяй, у зямлі якой таксама знаходзіцца супольны могільнік Кярнавэ-Крывяйкішкяй: па рамантычнай версіі гэтая назва звязваецца з балцкімі паганскімі святарамі жынісамі-крывісамі («žyniu-kriviu»), хоць, магчыма, на думку Забелы, назва бярэ сваё паходжанне ад слова «крывічы», бо ў латышскай мове «krievs» азначае «рускі», іначай кажучы — «славянін»[26]. На акраінах арэала культуры ўсходнелітоўскіх курганоў (напрыклад, у раёне Крэва) прысутнасць усходніх славян у значных гарадзішчах (купцы і рамеснікі) назіраецца яшчэ да сярэдзіны XIII ст.[37]

У цэлым жа, сучасныя літоўскія археолагі характарызуюць археалагічны комплекс у Кярнавэ-Крывяйкішкяй як арыгінальнае перапляценне паганскіх традыцый з культурай і традыцыямі хрысціянскімі[38].

Беларускі археолаг Ігар Марзалюк лічыць, што значная частка насельніцтва Кярнавэ і Вільні у XIII—XIV стст. была носьбітамі «высокай» усходнеславянскай культуры — гэта тычыцца і часткі дружыны, і іх сем’яў, бо знойдзены касцяныя пісалы (а балты былі безпісьменнымі), крыжы-энкалпіёны (а балты былі язычнікамі), шкляныя паліхромныя бранзалеты, падвескі-крыны, усходнеславянскія скроневыя кольцы, шыферныя прасёлкі[39]. Паводле ацэнкі Ігара Марзалюка, усё гэта вельмі красамоўна сведчыць пра прысутнасць у найбліжэйшым атачэнні Міндоўга досыць вялікай колькасці прадстаўнікоў усходнеславянскага баярства, дружыннікаў, іх жонках і гараджан-рамеснікаў з тэрыторыі Верхняга Панямоння (Навагрудка)[40].

Этнічная прыналежнасць насельніцтва культуры правіць

 
Балцкія плямёны ў X—XII стст.

Усе даследчыкі згодны, што археалагічная культура ўсходнелітоўскіх курганоў (III—XII стст.) з'яўляецца культурай балцкіх плямён.

Адныя адносяць усходнелітоўскія курганы да аўкштайтаў (Марыя Гімбутас, Фрыда Гурэвіч) ці ўсходніх аўкштайтаў (Рэгіна Кулікаўскенэ), другія звязваюць іх з некалькімі аб'яднаннямі літоўскіх плямёнлітва, дзевалтва, нальшчаны (Адольфас Таўтавічус, Р. Яблонскінэ-Рымантэнэ, Аляксандр Мядзведзеў, Вячаслаў Насевіч, Аляксандр Краўцэвіч)[41]. Валянцін Сядоў вызначае насельніцтва культуры ўсходнелітоўскіх курганоў як «племянную групу, званую літвой»[42] ці называе проста «племя літва»[4].

Зноскі

  1. Мядзведзеў, А.М. Культура ўсходнелiтоўскiх курганоў // Археалогiя Беларусi. Жалезны век i ранняе сярэднявечча. — Т. 2. — С. 386.
  2. Luchtanas, A. Rytų Lietuva…; Ушинскас, В.А. Роль культуры штрихованной керамики…; Вайткявичус, В. Нестереотипный взгляд на культуру восточнолитовских курганов... С. 183.
  3. а б в г д Вайткявичус, В. Нестереотипный взгляд на культуру восточнолитовских курганов... С. 185.
  4. а б Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 395.
  5. Таутавичус, А.З. Восточно-литовские курганы // Вопросы этической истории народов Прибалтики. По данным археологии, этнографии и антропологии... С. 133.
  6. а б Лухтан, А. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных... С. 93.
  7. Вайткявичус, В. Нестереотипный взгляд на культуру восточнолитовских курганов... С. 183.
  8. а б в г д е ё Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 394.
  9. а б Лухтан, А. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных... С. 95.
  10. Таутавичюс, А.З. Восточно-литовские курганы // Вопросы этической истории народов Прибалтики. По данным археологии, этнографии и антропологии... С. 135.
  11. а б Вайткявичус, В. Нестереотипный взгляд на культуру восточнолитовских курганов... С. 184.
  12. а б Лухтан, А. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных... С. 96.
  13. Зверуго, Я.Г. Верхнее Понеманье в IX—XIII вв... С. 28.
  14. а б Лухтан, А. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных... С. 97.
  15. Мядзведзеў, А.М. Культура ўсходнелiтоўскiх курганоў // Археалогiя Беларусi. Жалезны век i ранняе сярэднявечча. — Т. 2. — С. 390.
  16. Куликаускене, Р. Погребения с конями у древних литовцев // Советская археология. Т. 17. — С. 213, 220.
  17. Куликаускене, Р. Погребения с конями у древних литовцев // Советская археология. Т. 17. — С. 213—215
  18. а б в Лухтан, А. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных... С. 99.
  19. а б в г Вайткявичус, В. Нестереотипный взгляд на культуру восточнолитовских курганов... С. 186.
  20. Вядома, што ў верхненёманскіх яцвягаў абрад пахавання ў курганах таксама саступіў месца абраду пахавання ў грунтавых могільніках у канцы XII — пачатку XIII ст. Гл.: Седов, В.В. Ятвяжское племя Дейнова... С. 26.
  21. Лухтан, А. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных... С. 101.
  22. а б Лухтан, А. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных... С. 101—102.
  23. Лухтан, А. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных... С. 102.
  24. Літоўскі археолаг Адольфас Таўтавічус сваю гіпотэзу аб каталіцкім характару храма засноўвае на тым, што храм быў квадратным у планіроўцы, якая мае падабенства ў некаторых каталіцкіх храмаў тагачаснай Германіі. У той жа час для большасці тагачасных храмаў Германіі не была характэрна квадратная планіроўка храмаў, а ў Гродне ў канцы XIII — сярэдзіне XIV ст. на дзядзінцы, на месцы Ніжняй царквы, якая абвалілася ў 1183 г., была пабудавана новая мураваная праваслаўная царква, якую цяпер называюць Верхняй. Гэта быў невялікі квадратны ў плане храм (9,8х9,9м). Гл.: Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада. — Гародня-Wrocław, 2012. — С. 61.
  25. Вайткявичус, В. Нестереотипный взгляд на культуру восточнолитовских курганов... С. 186; Kernavė — litewska Troja. Katalog wystawy ze zbiorów Państwowego Muzeum-Rezerwatu Archeologii i Historii w Kernavė, Litwa. — Warszawa: Puszka Pandory i Sitex, 2002. — 216 s.
  26. а б Zabiela, G. Laidosena pagoniškojoje Lietuvoje... P. 356.
  27. Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w... S. 43.
  28. Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w... S. 44, 48.
  29. а б Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w... S. 39.
  30. а б Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w... S. 48.
  31. Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w... S. 47, 48.
  32. Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w... S. 40.
  33. Luchtanas, A. Kernave — litewska Troja... S. 30; Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w... S. 39; Дзярновіч, А.І. Дзе адбылася каранацыя Міндоўга.
  34. Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w... S. 39; Zabiela, G. Laidosena pagoniškojoje Lietuvoje... P. 356.
  35. Kernavė — litewska Troja. Katalog wystawy ze zbiorów Państwowego Muzeum-Rezerwatu Archeologii i Historii w Kernavė, Litwa. — Warszawa: Puszka Pandory i Sitex, 2002. — S. 178, 187—193.
  36. Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w... S. 52.
  37. Алег Дзярновіч: Паводле археолагаў раскопкі Крэва перавяртаюць нашы ўяўленні пра ХІІІ ст.
  38. Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w... S. 53.
  39. Марзалюк, І. Сімвалы беларускай вечнасці: гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці / І. Марзалюк. – Мінск : Беларусь, 2023. – 320 с. — С. 195–200.
  40. Марзалюк, І. Сімвалы беларускай вечнасці: гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці / І. Марзалюк. – Мінск : Беларусь, 2023. – 320 с. — С. 196–197.
  41. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 81, 99, 114; Зверуго, Я.Г. Верхнее Понеманье в IX—XIII вв... С. 28—29; Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 26; Мядзведзеў, А.М. Культура ўсходнелiтоўскiх курганоў // Археалогiя Беларусi. Жалезны век i ранняе сярэднявечча. — Т. 2. — С. 391; Насевіч, В.Л. Літва.
  42. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 381, 390.

Карта археалагічных культур балцкіх плямён у XII—XIII стст. правіць

Літаратура правіць

  • Археология СССР. Т. 17. Финно-угры и балты в эпоху средневековья / Л.А. Голубева [и др.]; Отв. ред. тома В.В. Седов; Редкол.: Б.А. Рыбаков (гл. ред.) [и др.]. — М.: Наука, 1987. — 510 с.
  • Вайткявичус, В. Нестереотипный взгляд на культуру восточнолитовских курганов Архівавана 5 сакавіка 2016. // Працы гістарычнага факультэта БДУ. Навук. зборнік. — Вып. 3. — Мн., 2008. — С. 180—188.
  • Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада / В. Карнялюк і В. Швед (рэд.). — Гародня-Wrocław: Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego, 2012. — 340 с.
  • Гуревич, Ф.Д. Древности Белорусского Понеманья / Ф. Д. Гуревич; [Отв. ред. П.Н.Третьяков]; АН СССР, Ин-т археологии. — М.: Изд-во АН СССР. — Л., 1962.
  • Дзярновіч, А.І. Дзе адбылася каранацыя Міндоўга / А. І. Дзярновіч // Фрэскі гісторыі: Артыкулы і эсэ па гісторыі і цывілізацыі Беларусі і Цэнтральна-Усходняй Еўропы. — Мінск: РІВШ, 2011. — С. 8—24.
  • Зайкоўскі, Э.М. Этнічная i канфесійная сітуацыя ў гістарычнай Літве на рубяжы XIV—XV стст. / Э.М. Зайкоўскі // Вялікае княства Літоўскае і яго суседзі ў XIV—XV стст.: саперніцтва, супрацоўніцтва, урокі: Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гродна, 8-9 ліп. 2010 г.) / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; Гродзенскі дзярж. ун-т імя Янкі Купалы. — Мн.: Беларуская навука, 2011. — С. 11—25.
  • Зверуго, Я.Г. Верхнее Понеманье в IX—XIII вв. / Я.Г. Зверуго; Под ред. П.Ф. Лысенко; АН БССР, Ин-т истории. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — 208 с.
  • Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы / З. Зинкявичюс, А. Лухтанас, Г. Чеснис. — Вильнюс : Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2006. — 144 с.
  • Куликаускене, Р. Погребения с конями у древних литовцев // Советская археология. Т. 17. — 1953. — С. 210—222.
  • Лухтан, А. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных / А. Лухтан, В. Ушинскас // Древности Литвы и Белоруссии. — Вильнюс, 1988. — С. 89—104.
  • Медведев, А.М. К вопросу о взаимоотношении западных балтов и носителей культуры штрихованной керамики в І тысячелетии н. э. // Насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый у эпоху жалеза. — Мн., 1992. — С. 81—83.
  • Мядзведзеў, А.М. Культура ўсходнелiтоўскiх курганоў // Археалогiя Беларусi. Жалезны век i ранняе сярэднявечча. — Мінск, 1999. — Т. 2. — С. 384—391.
  • Насевіч, В.Л. Літва // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 т. — Мн.: БелЭН, 2006. — Т.2. — С. 202—206.
  • Седов, В.В. Ятвяжское племя Дейнова Архівавана 4 сакавіка 2016. / В.В. Седов // Краткие сообщения Института Археологии. — 1968. — Вып. 113. — С. 24—30.
  • Таутавичюс, А.З. Восточно-литовские курганы // Вопросы этической истории народов Прибалтики. По данным археологии, этнографии и антропологии. — М., 1959. — T. 1. — С. 128—153.
  • Ушинскас, В.А. Роль культуры штрихованной керамики в этногенезе балтов // Славяне: Этногенез и этническая история. — Ленинград : Изд. Ленинградского ун-та, 1989. — С. 62—67.
  • Kernavė — litewska Troja. Katalog wystawy ze zbiorów Państwowego Muzeum-Rezerwatu Archeologii i Historii w Kernavė, Litwa. — Warszawa: Puszka Pandory i Sitex, 2002. — 216 s.
  • Luchtanas, A. Rytų Lietuva I tūkst. pr. m. erą / A. Luchtanas // Lietuvos archeologija. — 1992. — T. 8. — P. 56—85.
  • Luchtanas, A. Kernave — litewska Troja / A. Luchtanas // Kernavė — litewska Troja. Katalog wystawy ze zbiorów Państwowego Muzeum-Rezerwatu Archeologii i Historii w Kernavė, Litwa. — Warszawa: Puszka Pandory i Sitex, 2002. — S. 11—30.
  • Velius, G. Społeczeństwo w Kernave w XIII—XIV w / G. Velius // Kernavė — litewska Troja. Katalog wystawy ze zbiorów Państwowego Muzeum-Rezerwatu Archeologii i Historii w Kernavė, Litwa. — Warszawa: Puszka Pandory i Sitex, 2002. — S. 35—54.
  • Zabiela, G. Laidosena pagoniškojoje Lietuvoje / G. Zabiela // Lietuvos archeologija. — 1998. — T. 15. — P. 351—379.

Спасылкі правіць