Курлоўскі расстрэл
Курло́ўскі расстрэ́л — расстрэл царскімі войскамі і паліцыяй мітынгу ў Мінску 18 (31) кастрычніка 1905 года.
Ход падзей
правіцьУ гэты дзень па горадзе пачалі распаўсюджвацца чуткі пра Маніфест 17 кастрычніка, які абвясціў у краіне дэмакратычныя свабоды, даваў заканадаўчыя паўнамоцтвы Дзяржаўнай думе, але захаваў у Расіі манархію. Жыхары выходзілі на вуліцу. Натоўпы людзей ператвараліся ў мітынгі і дэманстрацыі, удзельнікі якіх з чырвонымі сцягамі і рэвалюцыйнымі песнямі накіроўваліся да Віленскага вакзалу Лібава-Роменскай чыгункі (зараз вакзал Мінск-Пасажырскі).
А 11-й гадзіне пачаўся мітынг. Па патрабаванні яго ўдзельнікаў губернатар Павел Рыгоравіч Курлоў вызваліў палітвязняў. Да 16 гадзін на плошчы перад вакзалам сабралася каля 20 тыс. чалавек. На ўзвышэнні, дзе выступалі прамоўцы як сімвал свабоды стаяла жанчына з чырвоным сцягам. Каб разагнаць мітынг, жандарскі палкоўнік Вільдэмар-Клопман са згоды Курлова распарадзіўся адкрыць стральбу па яго ўдзельніках. Ахвярамі сталі каля 100 чалавек, каля 300 чалавек былі паранены.
Сярод іншых на Прывакзальнай плошчы прысутнічаў хірург мінскай губернскай (2-й клінічнай ) бальніцы Тэадор Куодзіс, які самааддана аказваў першую дапамогу параненым і адпраўляў іх у губернскую бальніцу[1].
Далейшыя падзеі
правіцьУ адказ на гэта злачынства Мінская арганізацыя РСДРП звярнулася да жыхароў горада з адозвай, у якой патрабавала: неадкладна адхіліць ад пасады і аддаць пад суд губернатара Курлова і інш. асоб, вінаватых у расстрэле, распусціць паліцыю, выдаліць з горада казакоў, забяспечыць сем'і ахвяр за кошт дзяржавы, адміністрацыі горада ўзброеным сілам не ўмешвацца ў сходы грамадзян. Мінскі кааліцыйны савет у знак пратэсту ўзнавіў усеагульную стачку, якая працягвалася да 24 кастрычніка (6 лістапада) 1905.
Абурэнне жорсткай расправай над удзельнікамі мітынгу ў Мінску было настолькі вялікае, што ўлады вымушаны былі адклікаць Курлова ў Пецярбург і пачаць афіцыйнае расследаванне. Аднак злачынцаў да адказнасці не прыцягнулі. Курлоў не прызнаў сваёй віны ў падзеях 18 (31) кастрычніка 1905 і пераклаў яе на вайсковае камандаванне.
Памяць
правіцьУ 1928—1941 гадах на плошчы перад чыгуначным вакзалам у Мінску стаяў помнік ахвярам Курлоўскага расстрэлу 1905 года, выкананы з чорнага мармуру. Пасля Вялікай Айчыннай вайны не быў адноўлены ў сувязі з пачаткам палітыкі дзяржаўнага антысемітызму ў СССР[2].
На станцыі метро «Плошча У. I. Леніна» ўстаноўлены бронзавы мемарыяльны знак «Курлоўскі расстрэл» (скульптар А. Анікейчык, архітэктары Л. Градаў, Л. Левін)[3].
У 1924 годзе беларускі мастак Гаўрыла Віер, які быў сведкам трагедыі, напісаў карціну «Курлоўскі расстрэл». У 1925 годзе Міхась Філіповіч стварыў палатно «Расстрэл у Мінску»[4]. Захаваўся таксама эскіз 1939 года да карціны Ісака Давідовіча «Курлоўскі расстрэл», аднак лёс завершанага твора невядомы[2].
Зноскі
- ↑ У истоков науки оживления Архівавана 29 сакавіка 2017. (руск.)
- ↑ а б Так называемый «Курловский» расстрел… Взгляд на события 110-летней давности глазами пехотного офицера Архівавана 15 красавіка 2018.
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
- ↑ Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 4: 1917-1941 гг. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. т. Л. М. Дробаў, В. Ф. Шматаў] ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1990. — 352 с. : іл. ISBN 5-343-00157-2
Літаратура
правіць- Всероссийская политическая стачка в октябре 1905 г. Ч. 1. М.;.Л, 1955.
- Курлов, П. Г. Гибель императорской России М., 1991;
- Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1. Мн., 1994;
- Революционное движение в Белоруссии 1905—1907 гг. : Док и материалы. Мн., 1955.
Спасылкі
правіць- Сергей Крапивин Так называемый «Курловский» расстрел… Взгляд на события 110-летней давности глазами пехотного офицера Архівавана 15 красавіка 2018. // TUT.BY
- КУРЛОВСКИЙ РАССТРЕЛ // Сайт БЖД
- В. Пичета. Курловский расстрел Архівавана 18 лістапада 2017. ЭБ БГУ