Кхмеры (кхмер.: ជនជាតិខ្មែរ) — народ, асноўнае насельніцтва Камбоджы. Жывуць таксама на поўдні В’етнама і паўночным захадзе Тайланда. У В’етнаме фарміруюць найбуйнейшую ў гэтай краіне этнічную меншасць. Агульная колькасць — 16 305 200 чалавек (2022 г.)[1]

Кхмеры
(ជនជាតិខ្មែរ)
Art and culture.JPG
Агульная колькасць 16305200 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Flag of Cambodia.svg Камбоджа — 14423000

Flag of Vietnam.svg В’етнам — 1342000
Flag of the United States.svg ЗША — 258000
Flag of Thailand.svg Тайланд — 65000
Flag of Australia.svg Аўстралія — 36000

Мова кхмерская мова
Рэлігія культ продкаў, анімізм, будызм
Блізкія этнічныя групы моны, горныя кхмеры, тхо, нікабарцы, мунда

ПаходжаннеПравіць

Кхмеры — народ аўстраазіяцкай моўнай групы, распаўсюджанай у трапічных рэгіёнах ад Індастана да Паўднёва-Кітайскага мора. У мінулым лічылася, што аўстраазіяты першасна фарміраваліся звонку ад Паўднёва-Усходняй Азіі і прыйшлі на тэрыторыю Камбоджы і паўднёвага В’етнама пазней за аўстранезійцаў[2]. Высоўваліся 2 асноўныя гіпотэзы міграцыі — з Паўднёвай Азіі і Усходняй Азіі. У нашы дні паўднёваазіяцкая гіпотэза састарэла. Усходнеазіяцкая гіпотэза паступова пераглядаецца, але з’яўляецца актуальнай[3]. Разам з ёю высоўваецца гіпотэза аб паходжанні аўстраазіятаў непасрэдна з Паўднёва-Усходняй Азіі. Радзімай продкаў кхмераў і монаў можа быць рэчышча ракі Меконг[4]. Гэта гіпотэза часткова падтрымліваецца генетычнымі даследаваннямі, якія дэманструюць значную генетычную разнастайнасць кхмераў, іх адрозненні ад суседніх народаў, чые продкі прыйшлі з поўначы. Генетыкі мяркуюць, што кхмеры — прамыя нашчадкі найстаражытнейшай хвалі міграцыі людзей сучаснага тыпу ў Паўднёва-Усходнюю Азію[5].

З пачатку нашай эры на тэрыторыі сучаснай Камбоджы фарміраваліся дзяржаўныя ўтварэнні, якія гуртавалі насельніцтва. Адной з першых дзяржаў была Фунань, дзе сучаасныя даследчыкі выяўляюць кхмерскі элемент. Кхмерскі характар мелі дзяржава Чэнла і асабліва Ангкорская імперыя. Аднак з перыяду Фунані ў Паўднёва-Усходняй Азіі быў заўважны культурны ўплыў з Індыі, распаўсюджванне індуізму і будызму. Згодна з паданнем, заснавальнікам дзяржаўнасці быў індыйскі брахман Каўндын’я, які ажаніўся з дачкой мясцовага валадара-цмока[6]. Тым не меней, генетыкі не прасочваюць актыўны ўнёсак выхадцаў з Індыі ў генетычнай спадчыне кхмераў[7].

КультураПравіць

ЗаняткіПравіць

 
Апрацоўка палеткаў з дапамогай буйвалаў

Галоўным традыцыйным заняткам кхмераў з’яўляецца сельская гаспадарка. Прычым, галоўная сельскагаспадарчая культура — рыс. Яго культываванне пачалося болей за 2000 гадоў таму. Першапачаткова вырошчваліся сухадольныя сарты, прыдатныя для ляднай сістэмы земляробства. Каля 1500 гадоў таму рыс пачалі вырошчваць і на абрашаемых палетках[8]. У перыяд Ангкорскай імперыі складаныя ірыгацыйныя збудаванні на поўнач ад возера Танлесап дазвалялі карміць насельніцтва вялікага горада, якое дасягала 700—900 тысяч чалавек[9]. У нашы дні існуе шмат акультураных відаў рысу, у тым ліку шматгадовых, сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых[10].

Метады вырошчвання рысу залежаць ад умоў канкрэтнай мясцовасці. У сухіх раёнах большасць палеткаў узворваюць з дапамогай адвальнага плуга, запрэжанага 2 воламі, калі глеба вільготная ці затопленая. Звычайна гэта адбываецца ў маі ці чэрвені. Глеба ўзворваецца на глыбіню 70 — 100 мм. Часам такая апрацоўка патрабуе паўтарэння праз некалькі тыдняў. Потым палеткі барануюць. У абрашаемых раёнах палеткі ўзворваюць ад лютага да мая. З-за высокай вільготнасці працэс сяўбы на іх болей хуткі, да таго ж у плуг запрагаюць моцных буйвалаў[11]. Сяўба і збор ураджаю — ручная праца. У якасці ўгнаення выкарыстоўваюць гной буйной рагатай жывёлы.

Для асабістых і камерцыйных патрэб таксама вырошваюць кукурузу, бананы, шаўкоўніцу, тытунь, какосавую пальму, цукровы трыснёг, гевею і г. д. Жывёлагадоўля мае дадатковае значэнне ў параўнанні з земляробствам. Трымаюць хатнюю птушку, буйную рагатую жывёлу, свінняў, авечак і інш. Дзякуючы вялікай плошчы лясоў, значную ролю адыгрывае лясная гаспадарка[12]. Традыцыйна лясныя масівы каля вёсак кіруюцца абшчынамі. Яны забяспечваюць мясцовых насельнікаў драўнінай, ядомымі і лекавымі раслінамі, у іх палююць дзікіх жывёл. Так, на паўднёвым усходзе Камбоджы здабываюць лясных павукоў[13]. У далёкім мінулым кхмеры славіліся ловам сланоў, якіх потым выкарыстоўвалі ў ваеннай справе, для транспартыроўкі цяжкіх грузаў, на будаўніцтве. У нашы дні ў Камбоджы засталося каля 70 свойскіх сланоў[14].

Традыцыйна кхмеры не вылучалі рыбалоўства як асобны занятак. Доўгі час час ён з’яўляўся спецыялізацыяй кітайцаў, в’етаў і чамаў, што сяліліся сярод іх[15]. Тым не меней, лоў рыбы — важная дапамога ў забеспячэнні харчам для сялянскіх сем’яў асабліва ўздоўж ракі Меконг і возера Танлесап. Часцей кхмеры ловяць рыбу ў вільготны сезон падчас паводак. Гэтым займаюцца людзі ўсіх узростаў і полаў. Для лову выкарыстоўваюць плеценыя бамбукавыя пасткі ў форме кашоў, радзей — сеткі. У абрашальных раёнах папулярны лоў на затопленых рысавых палетках[16].

Некаторыя рамесныя заняткі вылучыліся ў прафесіі ўжо ў перыяд Ангкорскай імперыі, дзе існавалі асобныя металургічныя[17] і керамічныя[18] прадпрыемствы. З XIII ст. развіваліся шаўкаводства і вытворчасць шоўку[19]. Кхмеры славуты вытворчасцю залатога шоўку з коканаў мясцовага віда шаўкапрада[20]. Шаўковым ткацтвам займаліся пераважна жанчыны, майстэрства перадавалася ад маці да дачкі. Вытворчасць нагадвала раскіданую мануфактуру, калі пэўныя працэсы выконваліся асобнымі сельскімі рамеснікамі. У старажытнасці ткацтва было цалкам ручным, але бліжэй да нашага часу сталі выкарыстоўвацца ткацкія станкі. Кхмерскія ткачыхі распрацавалі прыёмы хол (афарбоўвання шаўковай ніткі па зададзеным малюнку) і ікат (стварэнне ўзору шляхам абкручвання адрэзкаў пражы перад яе афарбоўваннем і ўпляценнем у тканіну).

КухняПравіць

 
Смажаныя павукі

Харчовая культура кхмераў фарміравалася на працягу стагоддзяў, зведала заўважны ўплыў індыйскай, кітайскай, французскай кухняў. Тым не меней, цэласная традыцыя пачала складвацца адносна позна. Яшчэ ў першай палове XX ст. у Камбоджы было прынята вылучаць каралеўскую, элітную і сялянскую кухні, якія існавалі і развіваліся паасобку. Так, сяляне амаль не ўжывалі ялавічыну і пшаніцу, звычайныя сярод вышэйшых колаў. Асновамі кхмерскай народнай кулінарыі з’яўляюцца рыс і ферментаваныя падлівы. Асабліва вядома салёная рыбная падліва прахок — важны прадукт у любым кхмерскім доме[21]. Нават рыель, нацыянальная валюта Камбоджы, атрымала сваю назву паводле маленькай рыбіны[22], якая выкарыстоўваецца для прыгатавання прахоку.

Кхмеры ядуць шмат садавіны. З гародніны аддаюць перавагу зеляніне, асабліва салаце і капусце, батату, маніёку, бульбе, цыбуле. Жывёльная ежа надзвычай разнастайная, аднак 76 % жывёльных пратэінаў спажываюць у выглядзе рыбных прадуктаў[23]. Кхмерская кухня ўключае шматлікія стравы з мяса змей і жаб, павукоў, казурак, яйкі з зародкамі птушанят і г. д. Традыцыйна ядуць двойчы або тройчы на дзень. Прычым, сняданак лічыцца не абавязковым. У сельскай мясцовасці часцяком дзень пачынаюць нашча, перакусваюць ў полі свежай садавінай, а ўвечары гатуюць рысавую кашу з падлівамі і прыправамі[24]. У гарадах шырока ўжываюць локшыну, кары, хлеб, піва, аладкі з цыбулі і іншыя стравы, што прыйшлі ў мясцовую кухню з іншых краін.

ВопраткаПравіць

Асновай мужчынскай і жаночай народнай вопраткі з’яўляецца сампот. Ён уяўляе сабою саронг з халяўкамі да лодыжак, які завязваецца наперадзе. Верхнюю частку цела затуляюць кавалкам тканіны чангпонг. Важны элемент вопраткі — традыцыйны шалік крама[25].

Народная архітэктураПравіць

Для кхмерскіх традыцыйных паселішчаў характэрна раскіданая планіроўка. Кожная гаспадарка ўяўляе сабою своеасаблівы востраў з жытла і некалькіх гаспадарчых пабудоў у атачэнні палеткаў. Пры гэтым мяжа паміж горадам і вёскай вельмі ўяўная, вызначаецца толькі колькасцю насельніцтва. Але вядомы выключэнні накшталт Ангкор-Тхома — выдатнага прыклада планавання гарадской прасторы[26]. Галоўны будаўнічы матэрыял — драўніна. Мураванае дойлідства вядома з эпохі дзяржавы Чэнла і Ангкорскай імперыі. Аднак усе вядомыя старажытныя будынкі з цэглы, латэрыту і пясчаніку — гэта храмы. Нават валадарскія палацы былі драўлянымі.

Кхмерскія сельскія хаціны будаваліся на па́лях з 3 радоў. Другі рад быў заўсёды вышэйшым за астатнія, дасягаў галоўнай бэлькі даху. Першы паверх заставаўся адкрытым, мог выкарыстоўвацца для адпачынку, гаспадарчых патрэб, трымання свойскай жывёлы. Другі паверх уяўляў сабою каркасную пабудову. Ён мог уключаць некалькі ўнутраных пакояў і прыбудаваную веранду. Сцены рабілі з дошак або плялі з галля. Паміж сцяною і дахам захоўваўся зазор для вентыляцыі[27]. Дахі мелі розную форму, іх крылі саломай. Дахоўка была вядома, але рэдка выкарыстоўвалася для жытла. Гаспадарчыя пабудовы часцей з’яўляліся навесамі без сцен.

Жытлы заможных кхмераў былі болей складанымі, мелі падлогу розных узроўняў, прыбудовы і масткі, якія злучалі асноўнае жытло з іншымі будынкамі — кухнямі, свіранамі, хацінамі для адпачынку. Апошнія не мелі сцен і хутчэй нагадвалі альтанкі. Для аховы шырокіх двароў ад паводак рылі сажалку, якая таксама адыгрывала дэкаратыўную ролю і забяспечвала гаспадарку вадой. Лічыцца, што традыцыі заможных і рэлігійных будынкаў бяруць пачатак у Ангкорскай імперыі, але пасля прыняцця будызму напрамку Тхеравада адбылося іх спрашчэнне[28]. Так, рэлігійныя пабудовы ўзводзіліся з драўніны, хаця памяшчаліся на каменныя тэрасы. Кхмерскі заможны дом характарызуецца асаблівай структурай даху, якая складаецца з 2 узроўняў, цалкам аддзеленых адзін ад аднаго. Верхні ўзровень мае форму перавернутай літары V. Ніжні ўзровень — нахілы і франтоны з абодвух бакоў[29]. Перад уваходам часта будавалі навес.

ГрамадстваПравіць

Ужо ў сярэднявеччы сярод кхмераў склалася сацыяльна распластаванае грамадства. Так, у пісьмовых помніках Ангкорскай імперыі ўзгадваліся розныя катэгорыі насельніцтва. Хаця апрацоўваемыя землі знаходзіліся ў прыватнай маёмасці, назіралася цэнтралізацыя кіравання імі[30]. Пазней зямля фармальна належыла манарху, але да пераўтварэнняў другой паловы XX ст. кожны селянін меў магчымасць самастойна пашыраць памеры сваіх надзелаў[31]. У перыяд французскага пратэктарату (18631953 гг.) каланіяльныя чыноўнікі вылучалі пласты замкнёных шляхетных сем'яў, сярэдні клас і ніжэйшы клас. Да апошняга далучалі большую частку насельніцтва. У тагачаснай кхмерскай мове вылучаліся звароты да высакародных, святароў і астатніх людзей. Важнымі сацыяльнымі маркёрамі з'яўляліся ўзрост і пол[32].

У перыяд Кхмерскай Рэспублікі ў Камбоджы былі адменены афіцыйныя тытулы, усе грамадзяне прызнаваліся роўнымі. Але найбольш разбуральнымі для традыцыйнага грамадства стаў перыяд дыктатуры чырвоных кхмераў, калі значная частка насельніцтва была вынішчана або вымушана пакінуць свае землі. Ранейшыя сацыяльныя адрозненні зніклі[33]. Новыя сацыяльныя адрозненні пачалі ўсталёўвацца пасля рэформы 1989 г. выключна на аснове матэрыяльнага дабрабыту.

Асноўнай грамадскай адзінкай застаецца сям'я, якая можа быць як малой нуклеарнай, так і вялікай пашыранай. На чале сям'і звычайна стаіць мужчына-бацька, але адносна распаўсюджаныя няпоўныя сем'і на чале ўдавы. Чальцы дворагаспадаркі звычайна дзеляць паміж сабой працу, ежу і рэсурсы. Сем'і не аб'ядноўваюцца ў роды, аднак вызначаецца кола блізкіх кроўных сваякоў бонг-пон. У сельскіх абшчынах суседзі часцяком з'яўляюцца сваякамі, таму яны кааперуюцца і аказваюць узаемадапамогу. Існуюць інстытуты прымацтва. Найбольш распаўсюджана форма выхавання прынятых дзяцей-несваякоў тхоа[34]. У мінулым былі распаўсюджаны некроўнае братэрства, якое аб'ядноўвала 2 мужчын з дапамогай рытуальнага заключэння сваяцтва, і някроўнае сястрынства паміж жанчынамі[35].

Назвы сваяцтва абазначаюць адносны ўзрост і адрозніваюць братоў і сясцёр бацькоў у адпаведнасці з іх узростам адносна бацькоў. Роднасныя назвы могуць выкарыстоўвацца для звароту да несваякоў таго ж ці ніжэйшага сацыяльнага статусу[36]. Сямейная маёмасць складаецца з прыватнай маёмасці мужа і жонкі, а таксама іх агульных набыткаў. Умоўна спадчына падзяляецца паміж дзецьмі пароўну, але ў рэчаіснасці сын або дачка, якія застаюцца з бацькамі да іх старасці, атрымоўваюць болей, чым іншыя. У мінулым назіранне за старымі бацькамі было абавязкам старэйшага сына.

ЗаўвагіПравіць

  1. Khmer
  2. Cambodian history
  3. Ilia Peiros Some thoughts on the problem of the Austro-Asiatic homeland
  4. Paul Sidwell The Austroasiatic central riverine hypothesis
  5. Zhang, X., Qi, X., Yang, Z. et al. Analysis of mitochondrial genome diversity identifies new and ancient maternal lineages in Cambodian aborigines. Nat Commun 4, 2599 (2013)
  6. EARLY HISTORY OF CAMBODIA AND THE KHMERS
  7. Zhang, X., Qi, X., Yang, Z. et al. Analysis of mitochondrial genome diversity identifies new and ancient maternal lineages in Cambodian aborigines. Nat Commun 4, 2599 (2013)
  8. Rice production in Cambodia. Edited by H. J. Nesbitt
  9. The Ancient City of Angkor Wat Had a Population Larger Than Modern-Day Boston, According to New Archaeological Researc
  10. Cambodia’s rich rice history
  11. Rice farming in Cambodia: A beginner’s guide
  12. Cambodia — Fao.org
  13. The Cambodian Tarantula Hunters
  14. SUPPORT FOR CAMBODIA’S LAST CAPTIVE ELEPHANTS & THEIR MAHOUTS
  15. André Leroi-Gourhan, Jean Poirier Ethnology of Indochina
  16. Traditional use and availability of aquatic biodiversity in rice-based ecosystems
  17. Mitch Hendrickson, Stéphanie Leroy, Quan Hua, Phon Kaseka, Voeun Vuthy Smelting in the Shadow of the Iron Mountain: Preliminary Field Investigation of the Industrial Landscape around Phnom Dek, Cambodia (Ninth to Twentieth Centuries a.d.)
  18. WONG WAI YEE A Preliminary Study on some Economic Activities of Khmer Empire: Examining the Relationship between the Khmer and Guangdong ceramic Industries during the 9th-14th Centuries
  19. Cambodia Silk Industry Overview
  20. CAMBODIAN CRAFTSMANSHIP — THE ART OF TRADITIONAL WEAVING
  21. LeGrand, K., Borarin, B. & Young, G.M. Tradition and Fermentation Science of prohok, an ethnic fermented fish product of Cambodia. J. Ethn. Food 7, 12 (2020)
  22. Kayla Starr The Key to Khmer Cuisine
  23. Clarisse Vilain, Eric Baran, Gloria Gallego and Saray Samadee Fish and the Nutrition of Rural Cambodians
  24. How breakfast has shaped Cambodia’s cultural identity
  25. Cambodian Traditional Dress — Costumes in Cambodia
  26. ANGKOR THOM — Facts and Details
  27. A long-lasting refuge
  28. Architecture khmère - Définition et Explications
  29. Les maisons traditionnelles au Cambodge - Douce Cahute
  30. SARAH KLASSEN How Kings Created Angkor Wat—Then Lost It
  31. Anne Y. Guillou The Question of Land in Cambodia: Perceptions, Access, and Use since De-collectivization
  32. Women in Cambodian Society
  33. Cambodian Culture - Core Concepts
  34. Family - Cambodian Culture — Cultural Atlas
  35. Cambodia - The Khmer - Country Studies
  36. FAMILIES, MEN AND WOMEN IN CAMBODIA

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць