Кіеўскі летапіс
Кіеўскі летапіс — летапіс, які быў складзены ў Выдубіцкім манастыры на падставе мясцовых летапісаў і асобных пагадовых запісаў.

У адрозненне ад «Аповесці мінулых гадоў», Кіеўскі летапіс прысвечаны пераважна мясцовым падзеям, гісторыі Кіева ў 1118-1199/1200 гадах і мае больш свецкі характар. Летапісец асуджае княжацкія ўсобіцы, апісвае барацьбу ўсходніх славян з полаўцамі. Пад 1158 годам у летапісе змешчаны звесткі пра неназваную імем княгіню Яраполкаўну, жонку менскага князя Глеба Усяславіча. Пад 1159 годам змешчана апавяданне пра падзеі ў Полацкай зямлі, у прыватнасці, пра дзейнасць веча ў Полацку і Друцку, узаемаадносінах веча і князёў. Таксама аўтар акцэнтуе ўвагу на Тураве, Пінску, Берасці. На думку С. М. Салаўёва, У. Ц. Пашуты, Л. В. Аляксеева, у Кіеўскім летапісе ёсць урыўкі з Полацкага летапісу.
Літаратура
правіць- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7.. С.32, 33.
- Кіеўскі летапіс // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. С. 254—255.