Кілікія (рымская правінцыя)

(Пасля перасылкі з Кілікія, рымская правінцыя)

Кілікі́я — рымская правінцыя, якая размяшчалася на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Турцыі.

Кілікія на карце Рымскай імперыі ў 117 годзе

Пракуратарская правінцыя Кілікія была арганізавана ў 101—100 гадах да н.э.[1][2] і існавала да 67 года да н.э., калі ў склад першапачатковай правінцыі (якая складалася з Лікаоніі[1], Пісідыі[3], Памфіліі[3], паўднёва-ўсходняй Фрыгіі[3] і Кілікіі Трахеі, за выключэннем яе берагавой лініі, якая кішэла піратамі[1]) была ўключана і Кілікія Педыяда пасля кампаніі Гнея Пампея Вялікага. Такім чынам, правінцыя Кілікія аб’яднала амаль усё паўднёвае малаазіяцкае ўзбярэжжа Міжземнага мора. Варта адзначыць, што Кілікія Трахея знаходзілася на захадзе і была гарыстай, а Кілікія Педыяда размяшчалася на ўсход і пераважна мела раўнінны рэльеф. Кантакты з іншымі абласцямі Малой Азіі ажыццяўляліся праз вядомы перавал, званы Кілікійскімі варотамі.

У склад Кілікіі ў 58 годзе да н.э. быў уключаны востраў Кіпр. У 27 годзе да н.э. вобласць стала імператарскай правінцыяй са сталіцай у Тарсе, якая кіравалася намеснікам у прэтарскім рангу. Праз некалькі гадоў, у 22 годзе да н.э., ад Кілікіі быў аддзелены Кіпр, які стаў незалежнай правінцыяй (ён быў сенацкай правінцыяй, якая кіравалася праконсулам прэтарскага рангу). Магчыма, што сама Кілікія быў аб’яднана з Сірыяй, у той час як горная яе частка была пад кіраваннем мясцовых царкоў. Канчаткова правінцыя была адноўлена ў 74 годзе па загадзе імператара Веспасіяна, і яе кіраўніком быў легат Аўгуста прапрэтар.

Дзве Кілікіі ў 400 годзе

У 297 годзе ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы імператара Дыяклетыяна Кілікія была ўключана ў склад Усходняй дыяцэзіі.

Кілікія ў часы кіравання Канстанціна I стала часткай прэтарыянскай прэфектуры Усходу.

Правінцыя была падзелена пры Феадосіі I на дзве часткі: Кілікія Першая са сталіцай у Тарсе і Кілікія Другая са сталіцай у Аназарбе.

Зноскі правіць

  1. а б в André Piganiol, Le conquiste dei Romani, Milano, 1989, p. 298.
  2. M. H. Crawford, Origini e sviluppi del sistema provinciale romano, in Storia Einaudi dei Greci e dei Romani, Ediz. de Il Sole 24 ORE, Milano, 2008 (vol. 14°), p. 91.
  3. а б в Andre Piganiol, Le conquiste dei Romani, Milano, 1989, p. 618 n.11.

Літаратура правіць

  • Giovanni Brizzi, Storia di Roma. 1. Dalle origini ad Azio, Bologna, 1997.
  • M. H. Crawford, Origini e sviluppi del sistema provinciale romano, in Storia Einaudi dei Greci e dei Romani, Ediz. de Il Sole 24 ORE, Milano, 2008 (vol. 14°).
  • André Piganiol, Le conquiste dei Romani, Milano, 1989.