Кіравальныя выкапні

Кіравальныя выкапні (у геалогіі) — рэшткі выкапнёвых жывёл і раслін у асадачных горных пародах, якія маюць абмежаванае вертыкальнае і значнае гарызантальнае пашырэнне, уласцівыя пэўнаму геалагічнаму перыяду.

Яны шырока выкарыстоўваюцца ў стратыграфічных даследаваннях. Пры наяўнасці ў доследнай пародзе (разрэзе) кіравальных выкапняў становіцца магчымым вызначыць яе адносны геалагічны ўзрост. Кіравальным можа быць від, род, сямейства жывёл і раслін або іх комплекс. Сярод іх на тэрыторыі Беларусі, напрыклад, вылучаны акрытархі (верхні палеазой, кембрый), брахіяподы (ардовік, сілур, карбон, перм, трыяс), канадонты (дэвон), споры (дэвон, карбон), споры і пылок (антрапаген), плады і насенне раслін (антрапаген).

Дадзены метад, пры ўсёй сваёй прастаце, мае ўразлівасці:

  • нярэдка розныя групы арганізмаў маюць падобную будову, не будучы сучаснікамі;
  • пароды, якія сфармаваліся ў адзін і той жа час, але з рознымі мясцовымі кліматычнымі ўмовамі, могуць утрымліваць розныя наборы закамянеласцяў.

Такім чынам, метад кіравальных выкапняў служыць для вызначэння ўзросту парод у асноўным у комплексе з іншымі метадамі (напрыклад, радыёізатопным датаваннем).

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць