Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Кіраўні́цтва спра́вамі прэзідэ́нта Рэспу́блікі Белару́сь — установа забеспячэння і абслугоўвання прэзідэнта, яго Адміністрацыі, Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, Нацыянальнага сходу і Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. З 16 жніўня 2022 года пасаду кіраўніка справамі займае Юрый Назараў[5].
Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
КСП РБ | |
Краіна | |
Адрас | Беларусь, Мінск, Ленінскі раён, вул. К. Маркса, д. 38 |
Мэта | Забеспячэнне дзейнасці прэзідэнта |
Тып арганізацыі | дзяржаўная ўстанова |
Афіцыйныя мовы | беларуская, руская |
Кіраўнікі | |
Кіраўнік | Юрый Назараў |
першы намеснік кіраўніка | Дзмітрый Рыбко |
намеснікі кіраўніка |
Мікалай Рагашчук, Антон Краеўскі[1] |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 12 жніўня 1994 года |
Уласны капітал | 966,5 млрд рублёў[2] (2012; $115,5 млн[3]) |
Колькасць супрацоўнікаў | 26000 (на 2009 год)[4] |
Матчыная арганізацыя | Прэзідэнт Беларусі |
Даччыныя арганізацыі | 106 прадпрыемстваў |
udp.gov.by/by |
Склад Правіць
Кіраўніцтва справамі ўключае:
- Сакратарыят, Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці;
- 3 галоўныя ўпраўленні: капітальнага будаўніцтва, гаспадарчае, эканомікі;
- 10 упраўленняў: 1) арганізацыйнага забеспячэння, 2) будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, 3) бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці, 4) кадравага забеспячэння, 5) кантролю і рэвізійнай дзейнасці, 6) прававога забеспячэння і маёмасных дачыненняў, 7) прамысловасці, 8) прыродных комплексаў і сельскай гаспадаркі, 9) сацыяльна-культурнай сферы і турызму, 10) справаводства;
- 5 нацыянальных паркаў: Белавежская пушча (разам з турысцка-гандлёвым комплексам), Бярэзінскі біясферны запаведнік, Браслаўскія азёры (Віцебская вобласць), Нарачанскі і Прыпяцкі (Гомельская вобласць);
- дзіцячы аздараўленчы лагер «Планета» (вёска Воўкавічы, Мінскі раён), комплекс імя Пятра Машэрава, «ЛекаЦэнтр», Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр «Сілічы» (Лагойскі раён, Мінская вобласць), Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр, Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, «Цэнтркурорт»;
- 10 санаторыяў: «Баравое» (в. Будачы, Докшыцкі раён, Віцебская вобласць), 4 санаторыі «Беларусь» (Юрмала ў Латвіі, Друскенікі ў Літве, Сочы ў Расіі і Ялта ва Украіне), «Белая Русь» (Туапсэ, Краснадарскі край, Расія), «Прыазёрны» (пасёлак Нарач, Мядзельскі раён, Мінская вобл.), «Сосны» (в. Гатавічы, Мядзельскі раён) і «Юнацтва» (пас. Ратамка, Мінскі раён);
- гандлёвыя прадпрыемствы: «Беларусьгандаль», «Белэкспа», «Лідо» (рэстараны), «Дыпмаркет», Палац Рэспублікі, «Палескія сувеніры» (Пінск, Брэсцкая вобласць), Рэспубліканскі культурна-асветны цэнтр, «Спадчына-Ваўкавыск» (Гродзенская вобласць) і «Усходні» (гандлёвы дом);
- 4 гасцініцы: «Прэзідэнт-гатэль», «Мінск», «Планета» і «Юбілейная»;
- 8 фабрык мастацкіх вырабаў: Бабруйск, Орша, Гомель («Любна»), Магілёў, Мазыр, Пінск («Крыніца Палесся»), Слонім і Хвойнікі;
- вытворчыя прадпрыемствы: Беларускі дом друку, «Белмастацкераміка», «Белмастацпромыслы», Івянецкі завод мастацкай керамікі (Валожынскі раён, Мінская вобл.), Мінская тыпаграфія, «Мэбля Інтэр’ер Цэнтр», «Славянка» (Брэст), «Слуцкія паясы» (Мінская вобл.), «Скарбніца»;
- 3 лясныя гаспадаркі: Краснасельская (в. Курганы, Мінскі раён), Ляскавічы (Петрыкаўскі раён, Гомельская вобл.), Цяцерынская (в. Шапялевічы, Круглянскі раён, Магілёўская вобласць);
- Беларускі інстытут будаўнічага праектавання, «БелЭЗ», «Дыпсэрвіс», рамонтна-будаўнічы трэст і ўпраўленне № 6;
- 2 сельскія гаспадаркі: «Ляскавічы» і «Усход» (в. Атоліна, Мінскі раён);
- «Азярцо-лагістык» (в. Багатырова, Мінскі раён), «Беларускія латарэі», «Белтрансспецаўта» і «Прамтрансінвест».
Задачы Правіць
Паводле Статуту задачамі Кіраўніцтва справамі з’яўляюцца:
- забеспячэнне і абслугоўванне прэзідэнта, дзейнасці дзяржаўных устаноў і кіраўнікоў;
- забеспячэнне і абслугоўванне мерапрыемстваў дзяржаўных устаноў з удзелам прэзідэнта;
- парадкаванне аздараўлення дзяцей за мяжой, уліку, атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі;
- арганізацыя ўліку, захоўвання, ацэнкі і збыту адабранай і арыштаванай у даход дзяржавы і вызваленай у крымінальным працэсе ад арышту маёмасці;
- стварэнне належных умоў для знаходжання ў Беларусі прадстаўнікоў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый, а таксама запрошаных у краіну прэзідэнтам і дзяржаўнымі ўстановамі асоб;
- кіраванне ахоўваемымі прыроднымі землямі, забеспячэнне іх захаванасці і функцыянавання;
- забеспячэнне жыллём чыноўнікаў.
Паўнамоцтвы Правіць
Кіраўніцтва справамі ажыццяўляе:
- атрыманне і выдаткоўванне прадугледжаных на ўтрыманне дзяржаўных устаноў сродкаў дзяржаўнага бюджэту.
- выдаткоўванне на дзейнасць дзяржаўных устаноў, вядзенне рахункаводства і статыстычнага ўліку ў дзяржаўных установах, складанне бюджэтаў выдаткаў на іх утрыманне, бухгалтарскай і статыстычнай справаздачнасці;
- нагляд за выкананнем даручэнняў прэзідэнта;
- ухваленне і нагляд за выкананнем ведамаснага заканадаўства;
- узгадненне дзейнасці дзяржаўных устаноў і грамадзян у працы з накіраванай у даход дзяржавы маёмасцю, аздараўленні дзяцей за мяжой, атрыманні і выкарыстанні замежнай бязвыплатнай дапамогі;
- выданне дазволаў на аздараўленне дзяцей за мяжой;
- забеспячэнне знаходжання ў Беларусі прадстаўнікоў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый, а таксама запрошаных прэзідэнтам і дзяржаўнымі ўстановамі асоб;
- праектаванне, будаўніцтва, набыццё, рэканструкцыю і рамонт нерухомасці для дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі;
- набыццё, абслугоўванне і рамонт транспарту дзяржаўных устаноў і чыноўнікаў;
- кіраванне дзяржаўнай маёмасцю, ладжанне абслугоўвання нерухомасці ў карыстанні дзяржаўных устаноў і чыноўнікаў;
- здачу ў арэнду без права выкупу і ў бязвыплатнае карыстанне нерухомай маёмасці дзяржавы;
- узгадненне дзяржаўнага санітарнага нагляду;
- узгадненне нагляду за станам, выкарыстаннем, аховай і абаронай лясоў, жывёльнага і расліннага свету, вядзеннем паляўнічай гаспадаркі, палявання і рыбалоўства ў падначаленых прыродаахоўных і лесагаспадарчых установах;
- вызначэнне парадку ўліку, атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі;
- вызначэнне парадку нагляду за дзейнасцю дзяржаўных устаноў, упаўнаважаных выконваць выемку і арышт у даход дзяржавы маёмасці;
- выдаткоўванне адмысловых фондаў прэзідэнта;
- забеспячэнне дзяржаўных і парламенцкіх прадстаўнікоў, чыноўнікаў ў замежных камандзіроўках;
- выдаткоўванне на ладжанне, забеспячэнне і выкананне літарных палётаў;
- забеспячэнне выкарыстання міжведамасных аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм;
- арганізацыя вырабу, уліку і захоўвання дзяржаўных узнагародаў, нагрудных знакаў да ганаровых званняў, нагрудных знакаў членаў Савета Рэспублікі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і пасведчанняў да іх, таксама арганізацыя вырабу службовых пасведчанняў чыноўнікаў;
- накіраванне супрацоўнікаў на падрыхтоўку і ведамасны нагляд;
- латарэйную і выдавецкую дзейнасць;
- узгадненне выставаў і кірмашоў падпарадкаваных устаноў;
- забеспячэнне патрэбаў насельніцтва ў вырабах народных мастацкіх промыслаў і сувенірах;
- разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб службовымі асобамі[6].
Гісторыя Правіць
2 верасня 2020 года сайт Кіраўніцтва справамі быў узламаны кіберпартызанамі, на галоўную старонку вывесілі бела-чырвона-белы сцяг і фатажабу на Віктара Шэймана[7].
За 2020 год выручка прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі вырасла на 40 % да 2,6 млрд рублёў (1,057 млрд $) пераважна за кошт будаўніцтва, земляробства і прамысловасці. Дадатнае сальда ад гандлю дасягнула каля 150 млн долараў ЗША[8], што склала каля 10 % ад памеру дадатнага сальда Беларусі.
Санкцыі ЕС Правіць
17 снежня 2020 года Савет Еўрапейскага саюза ўнёс у «Чорны спіс Еўрасаюза» ГГУ — Дзяржаўную ўстанову «Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за «атрыманне выгады ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымку яго»[9]. Пры абгрунтаванні санкцый таксама адзначалася, што гэта найбуйнейшы аператар на рынку нежылой нерухомасці і куратар мноства кампаній у краіне, у той час як Аляксандр Лукашэнка папрасіў кіраўніка справамі Віктара Шэймана пракантраляваць бяспеку прэзідэнцкіх выбараў 2020 года[10]. Таксама Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне ў свой санкцыйны спіс уключылі Вялікабрытанія[11] і Швейцарыя[12]. 26 студзеня 2021 года да снежаньскага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[13].
Кіраўнікі Правіць
- Іван Ціцянкоў (1994—1999);
- Уладзімір Ганчарэнка (1999—2001);
- Галіна Жураўкова (2001—2004);
- Генадзь Лаўранкоў (2004—2005);
- Аляксандр Кулічкоў (2005—2008);
- Мікалай Дамашкевіч (2008—2009);
- Мікалай Корбут (2009—2013)[14];
- Віктар Шэйман (2013—2021)[15][16];
- Валерый Іваноў (2021—2022);
- Юрый Назараў (з 2022).
Зноскі
- ↑ Электронныя звароты грамадзян , Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2021). Праверана 11 студзеня 2021.
- ↑ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год(руск.), Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (29 снежня 2012). Праверана 5 мая 2013.
- ↑ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2012 год , Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь . Праверана 5 мая 2013.
- ↑ Колькасць стратных прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі скарацілася ў два разы , Беларускае тэлеграфнае агенцтва (21 мая 2009). Праверана 5 мая 2013.
- ↑ Лукашэнка замяніў кіраўніка Упраўлення справамі, які летась заняў месца Шэймана
- ↑ А. Лукашэнка. Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 снежня 2010 г. № 620(руск.), Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (14 сакавіка 2013). Праверана 5 мая 2013.
- ↑ Бродецкий, Андрей. История Киберпартизаны против Лукашенко: как маленькая армия айтишников взламывает диктатуру (руск.). ЛІГА.net (2 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2021. Праверана 6 верасня 2021.
- ↑ Работа прадпрыемстваў у 2020 годзе, падрыхтоўка УНС і праекты ў Афрыцы — Лукашэнка прыняў з дакладам Шэймана , БелТА (11 студзеня 2021). Праверана 11 студзеня 2021.
- ↑ Jozwiak, Rikard. EU Officially Slaps More Economic Sanctions On Belarus Over Crackdown (англ.). Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (17 снежня 2020). Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2021. Праверана 21 ліпеня 2021.
- ↑ Council Implementing Regulation (EU) 2020/2129 of 17 December 2020 implementing Article 8a(1) of Regulation (EC) No 765/2006 concerning restrictive measures in respect of Belarus
- ↑ Consolidated List of Financial Sanctions Targets in the UK (англ.). Office of Financial Sanctions Implementation HM Treasury (25 чэрвеня 2021).
- ↑ Searching for subjects of sanctions
- ↑ Declaration by the High Representative on behalf of the European Union on the alignment of certain countries concerning restrictive measures against Belarus (англ.). Савет Еўрапейскага саюза (26 студзеня 2021). Праверана 9 верасня 2021.
- ↑ Віталь Несцераў. Бізнес-імперыя прэзідэнта , Наша Ніва (20 ліпеня 2010). Праверана 5 мая 2013.
- ↑ Аляксандр Лукашэнка назначыў Віктара Шэймана кіраўніком справамі прэзідэнта , Прэс-служба прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (21 студзеня 2013). Праверана 5 мая 2013.
- ↑ Рабочая сустрэча з кіраўніком спраў прэзідэнта Віктарам Шэйманам , Прэс-служба прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (11 чэрвеня 2021). Праверана 12 чэрвеня 2021.
Спасылкі Правіць
- Электронныя звароты грамадзян , Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2021). Праверана 11 студзеня 2021.
- Галоўнае ўпраўленне па абслугоўванні дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый «Дыпсэрвіс»
- Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці
- Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне