Кітападобныя (Cetacea) — атрад млекакормячых, цалкам прыстасаваных да жыцця ў вадзе. З’яўляюцца самымі буйнымі з вядомых жывёл, якія калі-небудзь жылі на Зямлі.

Кітападобныя

Гарбаты кіт (Megaptera novaeangliae)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Cetacea Brisson, 1762

Падатрады

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  180403
NCBI  9721
EOL  7649
FW  36652

Назва правіць

Навуковая назва cētus і беларускае кіт паходзяць ад грэчаскага κῆτος «марская пачвара».

Апісанне правіць

Даўжыня цела сучасных кітападобных ад 1 м (некаторыя дэльфіны) да 33 м (блакітны кіт), маса ад 30 кг да 150 т і больш.

 
Шкілет вусатага кіта.

Вельмі спецыялізаваныя жывёлы, прыстасаваныя да пасялення ў водным асяроддзі. Кітападобныя маюць верацёнападобнае абцякальнае цела, якое плыўна пераходзіць у сціснуты з бакоў хвост, што заканчваецца гарызантальным двухлопасцевым плаўніком. Галава буйная і шырокая, шыя вонкава не выяўлена. Валасяное покрыва цалкам страчана, сальныя і потавыя залозы, а таксама вонкавае вуха рэдукаваныя. Пад гладкай скурай знаходзіцца тоўсты слой тлушчу, які спрыяе захаванню цяпла. Пярэднія канцавіны ператварыліся ў плаўнікі, заднія цалкам рэдукаваныя; захавалася толькі некалькі дробных костак таза, размешчаных у тоўшчы мускулатуры. На спіне ў большасці кітападобных маецца бесшкілетны плаўнік, які іграе ролю стабілізатара. Рухомых губ няма. Насавыя адтуліны (1 або 2) размешчаны на цемі і ўтвараюць т. зв. дыхала, забяспечанае клапанам, які зачыняецца пры ныранні. Лёгкія з ротавай паражніной не звязаныя. Семяннікі схаваныя ў брушнай поласці, а саскі (у самак) — у скурных кішэнях, размешчаных у задняй палове цела па баках мочапалавой шчыліны. Шкілет губчаты; хрыбетнік без крыжавога аддзела; рэбраў да 17 пар, з грудзінай звязаныя ад 1 да 11 пар.

Пашырэнне правіць

Адзінага пункту гледжання на паходжанне кітападобных няма: імаверна, у іх былі агульныя продкі з сучаснымі капытнымі і хобатнымі — прымітыўныя сухапутныя сысуны позняга мелу і ранняга кайназою. Продкі кітападобных перайшлі да жыцця ў вадзе амаль 60 млн гадоў таму (выкапнёвыя рэшткі вядомыя з эацэну).

Выдзяляюцца два сучасныя падатрады — бяззубыя кіты і зубатыя кіты, каля 80 відаў.

Распаўсюджаны ў Сусветным акіяне ад Арктыкі да Антарктыкі, некаторыя (рачныя дэльфіны) — у буйных рэках. Многія рэгулярна мігруюць у межах Паўночнага або Паўднёвага паўшар’я: на зіму ідуць у цёплыя воды для размнажэння, на лета — у халодныя воды для нагулу тлушчу.

Асаблівасці біялогіі правіць

Кітападобныя могуць доўга (кашалоты больш за 1,5 гадзіны) знаходзіцца пад вадой, не абнаўляючы запасу паветра ў лёгкіх. Гэтаму спрыяюць значнае ўтрыманне ў цягліцах міяглабіну і шэраг прыстасаванняў, у т. л. паніжаная адчувальнасць дыхальнага цэнтра да назапашвання вуглякіслага газу ў крыві, рэзервы кіслароду ў сетцы капіляраў. Падчас нырання ў іх адбываецца рэзкае скарачэнне колькасці скарачэнняў сэрца, і ток крыві пераразмяркоўваецца такім чынам, што ў першую чаргу кісларод паступае ў мозг і да сардэчнай мышцы; мышцы цела атрымліваюць яго з міяглабіну. У кітападобных добра развіты смак, дотык, у т. л. тактыльная скурная адчувальнасць. Нюх страчаны; зрок мае падпарадкаваную ролю; маленькія вочы здольныя вытрымліваць высокі ціск пры апусканні на вялікую глыбіню (крышталік шарападобны, рагавіца тоўстая і сплошчаная, слёзныя залозы зніклі). Ва ўсіх кітападобных добра развіты органы слыху. Шырокі дыяпазон частот выдаваных гукаў і здольнасць улоўліваць кірунак іх адбіцця дазваляюць некаторым кітападобным актыўна выкарыстоўваць эхалакацыю. Кітападобныя валодаюць высокаразвітай нервовай сістэмай і характарызуюцца складанымі сацыяльнымі паводзінамі.

Зубатыя кіты кормяцца галоўным чынам рыбай і галаваногімі малюскамі, вусатыя кіты — у асноўным планктоннымі ракападобнымі, працаджваючы ежу пры дапамозе кітовага вуса. Колькасць зубоў у зубатых кітоў вагаецца ад 2 да 240.

Нараджаюць адно буйнае (ад 1/3 да 1/2 даўжыні цела маці) дзіцяня звычайна раз у 2 гады (некаторыя і часцей, так як могуць спароўвацца, калі яшчэ не скончаны лактацыйны перыяд). Лактацыя доўжыцца ад 4 месяцаў (дробныя дэльфіны) да 1 года (кашалоты). Малако кітападобных у 10 разоў тлусцейшае за каровіна і амаль у 3 разы багацейшае бялком, што спрыяе хуткаму развіццю дзіцянят.

Палавой спеласці дасягаюць да 2-6 гадоў. Працягласць жыцця 30-50 гадоў, але вядомыя жывёлы 80-90 гадоў.

Трымаюцца сем’ямі або чародамі.

Промысел і ахова правіць

З 1986 года промысел усіх відаў буйных кітоў забаронены Міжнароднай кітабойнай камісіяй; у шэрагу месцаў (Чукотка, Аляска, Інданезія, Перу і інш.) захавалася абмежаваная традыцыйная здабыча кітоў і дэльфінаў мясцовым насельніцтвам. Многія віды і падвіды ўнесены ў Чырвоную кнігу МСАП.

Зноскі

  1. парафілічная група жывёл