Лабірынт, або Заблытаная сцежка

«Лабірынт, або Заблытаная сцежка, у якой прыгожая Мудрасць паказвае найкарацейшы шлях магіляўчанам i іншым ва ўсіх ix пачатках. Напісана студэнтам філасофскага факультэта Фамой Іяўлевічам»[1] — паэма беларускага пісьменніка Фамы Іяўлевіча (Тамаша Яўлевіча) на польскай мове, выдадзеная ў 1625 годзе ў Кракаве. Твор уяўляе сабой узор экспрэсіўна-метафарычнай паэзіі барока[2].

Лабірынт, або Заблытаная сцежка
Аўтар Тамаш Яўлевіч
Мова арыгінала польская
Дата першай публікацыі 1625
Месца публікацыі Кракаў

Апісанне правіць

Назва паэмы ўзнікла як вынік аўтарскага ўяўлення пра сусвет, які нагадваў яму заблытаны клубок супярэчнасцей, адкуль чалавецтва не знаходзіць выйсця. Паводле зместу і ідэйна-мастацкай скіраванасці «Лабірынт…» працягвае рэнесансныя, гуманістычныя традыцыі. Зліццё лірычнага героя і алегарычнага вобраза Мудрасці, ад імя якіх ажыцяўляецца аповед, складае мастацка-кампазіцыйную аснову твора. Так дасягаецца эпічная шырыня і шматпланавасць мастацкага выяўлення.

Паэма ўяўляе сабой маналог Мудрасці, звернуты да малодшага Магілёўскага брацтва i наогул да ўсяго беларускага мяшчанства i славян, якія насялялі Беларусь i Украіну. Твор вылучаецца свецкай, дэмакратычнай накіраванасцю, пазбаўлены тэалагічнага пакрыцця, прасякнуты ідэямі сацыяльнай перавагі[1].

На першым плане ў ім актыўнасць асабістага i грамадскага быцця, мудрасць, на яго думку, даецца не дзеля боскіх адкрыццяў ісцін, а для разумення ўсяго існуючага, пазнання самога сябе, прыроды, грамадства. Яна дазваляе адказаць i на самыя складаныя філасофскія, i на простыя пытанні, практычныя патрэбы людзей. Галоўнай ідэяй твора з'яўляецца патрыятычная ідэя адраджэння «славянскага народа», духоўнай асветы моладзі. Аўтар заклікаў аб'яднаць намаганні ў ратаванні краіны, вывесці яе са складанага i заблытанага шляху нягод i ўзрушэнняў[1].

Паэма мае 20-радковы ўступ, дзе аўтар асвятляе ўласныя прынцыпы мастацкай творчасці. На думку Т. Яўлевіча, аснову яго творчага метаду складала імкненне ва ўсім прытрымлівацца вялікай Мудрасці, якую могуць спасцігаць і кіравацца ў практыцы вершаскладання не толькі пасівелыя творцы, але і юнакі, што накіроўваюць свае памкненні на пошук дабра і справядлівасці. У прадмове аўтар просіць прабачэння на выпадак, калі яго «верш» камусьці не спадабаецца.

Галоўная тэма твора — роля навук і мастацтваў у жыцці грамадства. Дзеля яе асвятлення аўтар стварыў сімвалічны вобраз усепранікальнай Мудрасці. Т. Яўлевіч лічыў яе адзіным выратавальнікам асуджанага на пагібель свету.

Важны матыў — услаўленне багатай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, якая ўвасобілася ў гарадах, такіх, як Магілёў, Галіч, Кіеў і інш., упрыгожаных мноствам цудоўных бажніцаў, што на працягу стагоддзяў цешылі вока праваслаўнага чалавека. У мінуласці аўтар паэмы бачыў ідэальны, залаты век.

Тэма маральнай чысціні грамадства — асноватворная. Т. Яўлевіча абурала згубнае распаўсюджанне п’янства, якое ён лічыў найвялікшым грамадскім злом. Аўтар упершыню ў старажытнабеларускай паэзіі ўзняў многія вострыя грамадскія праблемы, адкрыта заявіў пра маральны крызіс і заганы грамадства, раскрытыкаваў чыноўніцка-бюракратычны апарат, што паграз у хабары і стаў абыякавы да простага чалавека. Паэт пісаў, што ў грамадстве, дзе пануюць барацьба за ўладу, нянавісць і здрада, невуцтва і п’янства, няма месца для Мудрасці, гармоніі і згоды.

Аўтар прапаноўваў станоўчую праграму дзеянняў, сутнасць якой у маральным удасканаленні людзей, шырокім развіцці навук і асветніцтве народа. Ад любога чалавека, незалежна ад яго сацыяльнага становішча, Т. Яўлевіч патрабаваў адказнасці за лёс Айчыны, актыўнага ўдзелу ў грамадскіх справах. Нельга замыкацца толькі ў рамках уласнай гаспадаркі, нічога не бачыць вакол сябе, гэта вядзе да маральнага спусташэння і духоўнай смерці. Адказнасць за вырашэнне грамадскіх праблем Т. Яўлевіч ускладваў на адукаваных і таленавітых людзей, якія ў першую чаргу павінны, як пастыры, клапаціцца пра агульнае шчасце, берагчы свой «статак» ад «воўчых» інтрыг, не адмаўляцца ад вышэйшага прызначэння — клопату пра людзей. У мастацкай форме асветленая вострая праблема барацьбы шляхецкіх груповак за палітычную ўладу і лідарства. Варажнеча між палітычнымі дзеячамі, якія вырашаюць дзяржаўныя праблемы на думку паэта ўяўляла страшэнную грамадскую небяспеку.

Значнае месца займае тэма навучання, адукацыі і выхавання. Аргументы ў абарону важнасці адукацыі і належнага выхавання аўтар падаваў у форме дыялога Мудрасці з жыхарамі Магілёва. Адказнасць за адукацыю і выхаванне дзяцей Т. Яўлевіч ускладаў на дарослых, востра крытыкуючы тых бацькоў, якія не жадаюць траціць сродкі на навучанне дзяцей. У недастатковым развіцці навук і адукацыі Т. Яўлевіч бачыў праблему агульнадзяржаўнай важнасці. Ён перакананы, што правільнае навучанне і добрая адукацыя змогуць забяспечыць стабільнае і спакойнае існаванне краіны, далейшае развіццё і росквіт.

Паэма Т. Яўлевіча «Лабірынт…» мела дыдактычную скіраванасць. Аўтар прапаноўваў ідэальныя нормы паводзін і жыцця, своеасаблівы маральны кодэкс для чалавека, сцвярджаючы, што толькі збалансаваныя грамадскія стасункі, разважнасць ва ўсіх справах і ўчынках, узгодненасць асабістых памкненняў з агульнаграмадскімі патрэбамі могуць прывесці народ да шчасця.

Новай рысай творчага метаду Т. Яўлевіча з’яўляецца адсутнасць у яго праведэнцыялізму — уяўлення пра ўсе рэчы і з’явы як выніку наканаванасці Божай. Усё залежыць ад волі людзей, заўважаў паэт, супольна, уласнымі намаганнямі можна вырашыць складаныя грамадскія праблемы і задачы.

Узнікненне ў беларускай паэзіі першай паловы XVII ст. філасофска-публіцыстычнай паэмы, узорам якой з’яўляецца твор Т. Яўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», звязанае з узмацненнем лірычнага элемента ў спалучэнні з панарамнасцю адлюстравання і шырынёй ахопу матэрыялу. Багацце тэм, глыбіня пастаноўкі пытанняў, наватарскія ідэі дазваляюць сцвярджаць, што паэма Т. Яўлевіча выходзіць за межы паслання-просьбы. Вострае сацыяльнае гучанне, высокі ўзровень мастацкасці вылучаюць яе між іншых твораў.

Паасобнік выдання захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве.

Зноскі

  1. а б в Іяўлевіч Фама. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).

Літаратура правіць

  • Іяўлевіч Фама. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.