Лабірынт фаўна (саўндтрэк)

саўндтрэк

«Лабіры́нт фа́ўна» (англ.: Pan’s Labyrinth, ісп.: El Laberinto del Fauno) — саўндтрэк Хаўера Наварэтэ да аднайменнага фільма 2006 года рэжысёра Гільерма дэль Тора. Другая сумесная праца кампазітара і рэжысёра (пасля «Хрыбта д’ябла»).

Лабірынт фаўна
англ.: Pan’s Labyrinth
ісп.: El Laberinto del Fauno
Вокладка альбома Хаўера Наварэтэ «Лабірынт фаўна» (23.10.2006[1])
Саўндтрэк Хаўера Наварэтэ
Дата выпуску 23.10.2006[1]
Жанр музыка для сцэны і экрана[d]
Працягласць 72:51[2], 73:44[3], 74:23[1]
Лэйбл Milan Records[en][4]
Прафесійныя рэцэнзіі

Праца над саўндтрэкам распачалася яшчэ да здымкаў фільма. Галоўнай музычнай тэмай стала калыханка, вядучай музычнай формай карціны была выбрана форма вальса, асноўным музычным памерам адпаведна — 3/4[16]. Наварэта напісаў цэлы шэраг музычных кампазіцый, што дазволіла Дэль Тора свабодна адчуваць сябе на этапе мантажу. Хоць многія трэкі ў фільм не ўвайшлі, рэжысёр настаяў, каб у альбом былі ўключаны ўсе напісаныя кампазіцыі[3][16].

Запіс саўндтрэка адбываўся на студыі «Барандаў[en]» (Прага), звядзенне музыкі выконвалася на студыі «Soundtrack» (Барселона)[11][2]. Альбом быў выпушчаны 23 кастрычніка 2006 года лэйблам «Milan Records[en]»[1] і атрымаў пераважна станоўчыя водгукі крытыкаў.

За музыку да фільма Хаўер Наварэтэ ўдастоіўся намінацыі на прэмію «Оскар»[17].

Стваральнікі правіць

Кампазітар — Хаўер Наварэтэ

Выканаўцы[16][1]:

Стваральнікі альбома[16][1]:

  • Музычныя прадзюсары — Фрыда Торэсбланка, Хаўер Угартэ[d]
  • Выканаўчыя прадзюсары — Эмануэль Шамбарэдон, Ян Хіронс
  • Запіс, звядзенне музыкі — Марк Блэйнс
  • Асістэнт гуказапісу — Міхал Градыск
  • Мастэрынг — Крысціян Двігінс

Спіс кампазіцый правіць

Альбом складаецца з 21 кампазіцыі, усе аўтарства Хаўера Наварэтэ.

НазваПа-беларуску Працягласць
1. «Long, Long Time Ago» / «Hace mucho, mucho tiempo» «Даўным-даўно» 2:11
2. «The Labyrinth» / «El laberinto» «Лабірынт» 4:04
3. «Rose, Dragon» / «La rosa y el dragón» «Ружа, цмок» 3:34
4. «The Fairy and the Labyrinth» / «El hada y el laberinto» «Фея і лабірынт» 3:33
5. «Three Trials» / «Las tres pruebas» «Тры выпрабаванні» 2:04
6. «The Moribund Tree and the Toad» / «El árbol que muere y el sapo» «Паміраючае дрэва і жаба» 7:08
7. «Guerrilleros» / «Guerrilleros» «Партызаны» 2:05
8. «A Book of Blood» / «El libro de sangre» «Кніга крыві» 3:47
9. «Mercedes Lullaby» / «Nana de Mercedes» «Калыханка Мерсэдэс» 1:36
10. «The Refuge» / «El refugio» «Прытулак» 1:32
11. «Not Human» / «El que no es humano» «Не чалавек» 5:52
12. «The River» / «El río» «Рака» 2:48
13. «A Tale» / «Un cuento» «Гісторыя» 1:52
14. «Deep Forest» / «Bosque profundo» «Глыбокі лес» 5:45
15. «Waltz of the Mandrake» / «Vals de la mandrágora» «Вальс мандрагоры» 3:38
16. «The Funeral» / «El funeral» «Пахаванне» 2:42
17. «Mercedes» / «Mercedes» «Мерсэдэс» 5:34
18. «Pan and the Full Moon» / «La luna llena y el fauno» «Фаўн і поўня» 5:04
19. «Ofelia» / «Ofelia» «Афелія» 2:16
20. «A Princess» / «Una princesa» «Прынцэса» 3:59
21. «Pan's Labyrinth Lullaby» / «Nana del laberinto del fauno» «Калыханка лабірынта фаўна» 1:47

Вытворчасць правіць

Для напісання саўндтрэка да фільма «Лабірынт фаўна» Гільерма дэль Тора запрасіў іспанскага кампазітара Хаўера Наварэтэ, з якім раней ужо працаваў над фільмам «Хрыбет д’ябла» (2001). Рэжысёр падняў пытанне саўндтрэка яшчэ да пачатку здымкаў. Перш за ўсё ён перадаў Наварэтэ некалькі музычных фрагментаў «для натхнення» і папрасіў напісаць калыханку. Апісваючы сваё ўяўленне аб цэнтральнай музычнай тэме фільма, Дэль Тора казаў: «Гэта павінна быць калыханка, якая навявала б нешта кельцкае з поўначы Іспаніі і была б поўная смутку»[18]. З’яўленне гэтай музычнай тэмы да пачатку здымкаў мела прынцыповае значэнне для рэжысёра. З аднаго боку, гэтую мелодую ў некалькіх сцэнах павінна была напяваць гераіня Марыбэль Верду Мерседэс. З іншага боку, рэжысёр адчуваў, што гэтая мелодыя стане вызначальнай для яго бачання ўсёй гісторыі[16].

 
Рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар фільма Гільерма дэль Тора.

Асноўным патрабаваннем Дэль Тора была меладычнасць і эмацыйнасць музыкі, што стала сапраўдным выпрабаваннем для кампазітара[19][20]. Калі Наварэтэ напісаў першы варыянт, рэжысёр музыку ўпадабаў, аднак палічыў яе недастаткова меладычнай. Дэль Тора адзначаў: «Большасць кампазітараў баяцца мелодыі, але найлепшыя з калыханак якраз такія: просты матыў, што мае моц абудзіць цеплыню мацярынскага голасу»[16]. Наступны варыянт, прапанаваны Наварэтэ, меў мелодыю, аднак, паводле Дэль Тора, «у ім усё яшчэ не даставала некалькіх нот, быццам ён [кампазітар] любым коштам намагаўся пазбегнуць празмернай запамінальнасці, празмернай меладычнасці»[16]. У выніку, мелодыя была дапрацавана, як таго жадаў рэжысёр. Па прызнанні Дэль Тора, ён канчаткова пераканаўся ў завершанасці калыханкі, калі яго дачка запатрабавала мелодую на свой iPod[en][16]. Сам рэжысёр выкарыстоўваў калыханку ў якасці натхнення пры працы над раскадроўкай фільма[16].

Выкарыстаны ў калыханцы музычны памер 3/4 аказаў уплыў і на іншыя кампазіцыі саўндтрэка. Чым далей прасоўвалася праца над музычным суправаджэннем кінастужкі, тым больш рэжысёр і кампазітар прыходзілі да ўсведамлення, што музычная форма гэтай гісторыі — вальс. У выніку, асацыяцыі з вальсавай музыкай набылі добрыя персанажы і пачуцці — гэта і настальгічная іспанская мелодыя «The Refuge», і пачатак кампазіцыі «The Funeral», і мелодыя «Waltz of the Mandrake», дзе музычная форма адлюстравана ў назве[16].

Запіс саўндтрэка адбываўся паралельна са стварэннем гукавога афармлення фільма. Рэжысёр разумеў, што канчатковы выбар паміж гукавымі эфектамі і музыкай, а таксама іх камбінаванне будзе адбывацца на стадыі мантажа. Каб адчуваць сябе больш свабодна ў мантажнай, ён папрасіў Наварэтэ напісаць і прадставіць у яго распараджэнне дадатковую колькасць музычных тэм. Паколькі такім чынам музыкі апынулася больш, чым патрэбна, у выніковым мантажы фільма некаторыя кампазіцыі прыйшлося моцна ўрэзаць, а ад некаторых увогуле адмовіцца. Аднак, пры выпуску саўндтрэка рэжысёр настаяў, каб у альбом былі ўключаны ўсе кампазіцыі, якія Наварэтэ напісаў да фільма[3][16].

Альбом быў запісаны на студыі «Барандаў[en]» (Прага), звядзенне музыкі выконвалася на студыі «Soundtrack» (Барселона)[11][2]. Саўндтрэк быў выпушчаны 23 кастрычніка 2006 года лэйблам «Milan Records[en]»[1].

Крытыка правіць

Джонатан Брокстан назваў музычнае суправаджэнне «Лабірынта фаўна» адным з найлепшых саўндтрэкаў года: «Нягледзячы на адносную невядомасць кампазітара і адчувальны дух артхауса ў фільме, саўндтрэк не саступае найлепшым галівудскім творам апошніх дванаццаці месяцаў»[8]. Па меркаванні Джэймса Крыстафера Монгера «Наварэтэ запаўняе кожную пустэчу цудамі, абапіраючыся на арфу, хоры і глыбокія струнныя, каб адлюстраваць пагружэнне маладой дзяўчыны ў фантазію сярод свету, які імкнецца разарваць сябе на шматкі»[3]. Эндру Гранадэ адзначае, што «Наварэтэ стварыў партытуру з паслядоўнай эстэтыкай, якая прываблівае вас і раскрывае больш глыбокія сувязі з кожным наступным праслухваннем»[14]. Падобную думку выказаў Джон Лі: «Музыка надзелена такім багаццем, якое патрабуе шматразовага праслухоўвання. Кожны раз гэта будзе асобны вопыт, і гэта дастаткова важкая прычына для аматараў саўндтрэкаў, каб уключыць гэты альбом у сваю калекцыю»[9].

Аглядальнік з «The Film Scorer» адзначае ролю музыкі ў супрацьпастаўленні і яднанні двух светаў: «Падзеі „Лабірынта фаўна“ разгортваюцца ў двух пастаянна збліжаючыхся светах: рэальным і фантастычным. Музыка кампазітара Хаўера Наварэтэ надае кожнаму непаўторную індывідуальнасць і адначасова звязвае іх агульнай тэмай»[21].

Джэймс Саўтхол выказаў меркаванне, што гэтая музыка можа палярызаваць слухачоў па ўзросце: «Гэта маляўнічая, маштабная музыка, у якой дамінуе запамінальная тэма, і я цалкам магу ўявіць, як маладыя фанаты кінамузыкі закахаюцца ў яе па вушы; больш маршчыністыя старэчы цалкам могуць спытаць, дзе эмацыйная глыбіня, і скласці спіс розных іншых саўндтрэкаў мінулых гадоў, якія робяць нешта падобнае, але лепш»[10].

Некаторыя крытыкі звярталі ўвагу на слабыя моманты саўндтрэка. Эндру Гранадэ адзначыў, што Наварэтэ часам звяртаецца да банальных клішэ. Прыкладам можа служыць атанальнае нарошчвання вялізнага духавога, струннага і фартэпіяннага кластара ў канцы кампазіцыі «A Book of Blood» дзеля ілюстрацыі жаху, і жудасная, нечалавечая перкусія, якая прабіваецца праз дысананс рэплікі «Not Human»[14]. Аглядальнік з рэсурса IGN выказаў думку, што саўндтрэк становіцца ахвярай засілля струнных над іншымі інструментамі. Рэцэнзент дадае: «У рэшце рэшт, нягледзячы на свой змрочна-рамантычны характар, саўндтрэк мае тэндэнцыю занадта моцна замыкацца на сабе, і многія кампазіцыі гучаць практычна неадрознымі адна ад адной»[7].

Аналіз правіць

Адкрываючая кампазіцыя саўндтрэка, «Long, Long Time Ago», адразу пачынаецца з загалоўнай тэмы фільма — дзіцячай калыханкі. Мелодыю выконвае дзявочы голас у форме напеву з закрытым ротам. Па меркаванні Джонатана Брокстана, гэтая кампазіцыя гучыць так, быццам яе напісаў Франсіс Ле[en] або Жорж Дэлеру[en] для фільма Французскай новай хвалі 1960-х гадоў[8]. У аглядзе для «Filmtracks.com[en]» адзначаецца падабенства загалоўнай мелодыі з саўндтрэкам Джона Отмана да фільма «Гульня ў хованкі[en]»[6]. У спалучэнні з пяшчотным фартэпіяна, мудрагелістымі струннымі і глыбокім фонавым вакалам калыханка ўзнікае яшчэ ў дзвюх кампазіцыях саўндтрэка: «Mercedes Lullaby» і «A Princess»[6][8].

Інструментальныя варыяцыі галоўнай тэмы можна пачуць яшчэ ў шэрагу трэкаў. Драматычнае, падобнае на вальс выкананне на чале з сольным фартэпіяна з’яўляецца ў кампазіцыі «A Tale», у тым жа духу выканана належна меланхалічная кампазіцыя «The Funeral», найбольшага перапаўнення пачуццямі галоўная тэма дасягае ў кампазіцыі «Ofelia», дзе да выканання далучаецца поўны аркестр. Фінал саўндтрэка, «Pan’s Labyrinth Lullaby», уяўляе сабой скрыпічнае сола, якое адрозніваецца асаблівай вытанчанасцю і далікатнасцю[8].

Акрамя асноўнай тэмы, значная частка партытуры складаецца з серыі рупліва зробленых і выразных музычных фраз, кожная з якіх выклікае ва ўяўленні розныя магічныя грані гісторыі, калі юная Афелія адпраўляецца ў лабірынт і сустракае ўсё больш дзівосных істот. «Чароўныя харавыя крэшчэнда[ru] багата напаўняюць „Three Trials“, злавесныя маршы і рэзкія эфекты піцыката[en] дамінуюць у „The Moribund Tree and the Toad“, а звілістае сола альта праслізгвае праз усю „A Book of Blood“, перш чым яна выліваецца ў ашаламляльны дысананс»[8].

Па ходу альбома музыка паступова губляе свой магічны бляск і пачынае набываць пужаючы аспект, нібы падзяляючы са слухачом усё больш жахлівыя небяспекі, з якімі сутыкаецца Афелія. Да моманту з’яўлення такіх кампазіцый, як «Not Human», «Deep Forest», «Valse of the Mandrake», «Mercedes» і «Pan and the Full Moon», партытура амаль у поўную сілу ўключае рэжым жахаў, аркестр стварае ўсё больш яркія моманты шалёнай экшн-музыкі і рэзкага дысанансу, а хор забяспечвае некалькі момантаў прывіднага кантрапункту[8].

Узнагароды і намінацыі правіць

За музыку да фільма «Лабірынт фаўна» кампазітар Хаўер Наварэтэ быў намініраваны на 9 кінематаграфічных узнагарод і перамог у 3 намінацыях[22]. Ніжэй прыведзены спіс узнагарод і намінацый у храналагічным парадку.

Кінафестываль / Кінапрэмія Дата Прэмія / Катэгорыя Намінант Вынік Спасылкі
Супольнасць ланцуга прэмій 2006 Найлепшая арыгінальная музыка Хаўер Наварэтэ Перамога [23][24]
Таварыства анлайн-кінакрытыкаў[en] 08.01.2007[en] Найлепшая арыгінальная музыка[en] Хаўер Наварэтэ Намінацыя [25]
Кола пісьменнікаў-кінематаграфістаў[en] 19.01.2007[ca] Найлепшая музыка Хаўер Наварэтэ Намінацыя [26]
Гоя 28.01.2007[en] Найлепшая арыгінальная музыка[en] Хаўер Наварэтэ Намінацыя [27][28]
Міжнароднае таварыства аматараў кіно Студзень 2007 Найлепшая арыгінальная музыка Хаўер Наварэтэ 2-е месца [29]
Оскар 25.02.2007 Найлепшая арыгінальная музыка[en] Хаўер Наварэтэ Намінацыя [17]
Арыэль 21.03.2007[ca] Найлепшая музыка Хаўер Наварэтэ Перамога [30][31][32]
Залаты Дэрбі[fr] 2007 Найлепшая арыгінальная музыка Хаўер Наварэтэ Перамога [33]
Грэмі 10.02.2008 Найлепшы альбом саўндтрэкаў для кіно, тэлебачання ці іншага візуальнага медыя[en] Хаўер Наварэтэ Намінацыя [34]

Выкананні правіць

Сюіта на аснове саўндтрэка «Лабірынта фаўна» была выканана 21 ліпеня 2007 года на III Міжнародным кангрэсе кінамузыкі ў Убедзе[en] (Іспанія)[35]. Галоўная тэма «Лабірынта фаўна» ўвайшла ў кампіляцыйны альбом фэнтэзійнай музыкі «Lord of the Rings: Fantasy's Finest - Vol. 1» (2014)[36]. У чэрвені 2019 года калыханка з «Лабірынта фаўна» была выканана Дацкім нацыянальным сімфанічным аркестрам[en] і салісткай Тувай Семінгсен ў межах канцэрта «Fantasymphony: One Concert to Rule Them All»[37][38].

Зноскі правіць

  1. а б в г д е ё Le labyrinthe de Pan (англ.). Сайт «Rate Your Music[en]». Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2022. Праверана 14 кастрычніка 2022.
  2. а б в Javier Navarrete – Pan's Labyrinth (англ.). Сайт «Discogs». Архівавана з першакрыніцы 17 чэрвеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  3. а б в г д Pan's Labyrinth (Soundtrack) – Javier Navarrete (англ.). Сайт «AllMusic». Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  4. Pan’s Labyrinth — Music By Javier Navarrete (англ.). Сайт лэйбла «Milan Records[en]». Праверана 13 кастрычніка 2022.
  5. Pan's Labyrinth (soundtrack album) by Javier Navarrete (англ.). Сайт «Best Ever Albums». Праверана 13 кастрычніка 2022.
  6. а б в Pan's Labyrinth (англ.). Сайт «Filmtracks.com[en]». Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  7. а б Spence D. Javier Navarrete - Pan's Labyrinth (англ.). Сайт «IGN» (21 лютага 2007). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  8. а б в г д е ё Jonathan Broxton. PAN’S LABYRINTH – Javier Navarrete (англ.). Сайт «Movie Music UK» (29 снежня 2006). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  9. а б John Li. PAN'S LABYRINTH (англ.). Сайт «movieXclusive.com». Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  10. а б James Southall. PAN'S LABYRINTH (англ.). Сайт «Movie Wave». Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  11. а б в Pan’s Labyrinth (англ.). Сайт «MusicBrainz». Праверана 13 кастрычніка 2022.
  12. Jorge Saldanha. PAN'S LABYRINTH (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «ScoreTrack». Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2021. Праверана 16 мая 2021.
  13. Pan’s Labyrinth (OST) (фр.). Сайт «SensCritique[fr]». Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2022. Праверана 14 кастрычніка 2022.
  14. а б в Pan's Labyrinth (англ.). Сайт «Soundtrack.net». Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2022. Праверана 14 кастрычніка 2022.
  15. Laberinto Del Fauno, El (2006) (англ.). Сайт «Soundtrack Collector». Архівавана з першакрыніцы 17 чэрвеня 2022. Праверана 14 кастрычніка 2022.
  16. а б в г д е ё ж з і к Заўвагі да El Laberinto del fauno ад Javier Navarrete [booklet]. Milan Records[en], 2006.
  17. а б The 79th Academy Awards — 2007 (англ.). Сайт прэміі «Оскар». Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  18. Emanuel Levy[en]. Pan's Labyrinth Brilliant Del Toro (англ.). Сайт Эмануэля Леві[en] (18 лістапада 2006). Архівавана з першакрыніцы 24 ліпеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  19. Daniel Schweiger. Interview with Javier Navarrete (англ.). Сайт «The Film Music Institute» (29 кастрычніка 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 снежня 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  20. JAVIER NAVARRETE. (англ.). Блог «Movie Music International» (11 лютага 2014). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2014. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  21. Pan’s Labyrinth – Javier Navarrete (2006) (англ.). Сайт «The Film Scorer» (18 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 мая 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  22. El laberinto del fauno — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Архівавана з першакрыніцы 22 верасня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  23. ACCA 2006 (англ.)(недаступная спасылка). Сайт Супольнасці ланцуга прэмій. Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2016. Праверана 23 красавіка 2016.
  24. Awards Circuit Community Awards (2006) (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Архівавана з першакрыніцы 22 красавіка 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  25. 2007 Online Film Critics Society Awards (англ.). Сайт Таварыства анлайн-кінакрытыкаў[en]. Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2012. Праверана 3 кастрычніка 2012.
  26. Medallas del CEC a la producción española de 2006 (ісп.)(недаступная спасылка). Сайт Кола пісьменнікаў-кінематаграфістаў[en]. Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2021. Праверана 6 верасня 2021.
  27. Estas son las nominaciones de los Premios Goya 2007 (ісп.). Сайт прэміі «Гоя». Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  28. Premios Goya 2007 (ісп.). Сайт газеты «El Mundo[en]». Архівавана з першакрыніцы 19 жніўня 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  29. Marc van de Klashorst. 2007 ICS Award Winners (англ.). Сайт Міжнароднага таварыства аматараў кіно (14 чэрвеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 28 жніўня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  30. Maribel Verdú y 'La vida secreta de las palabras', premios Ariel en México (ісп.). Сайт газеты «El Mundo[en]» (21 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  31. 'El Laberinto del fauno' acapara los premios Ariel del cine mexicano (ісп.). Сайт газеты «El País[en]» (21 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  32. 'El laberinto del fauno' acapara los Premios Ariel con nueve estatuillas (ісп.). Сайт газеты «La Vanguardia[en]» (21 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2021. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  33. 2006 GoldDerby Film Awards (англ.). Сайт прэміі «Залаты Дэрбі[fr]» (7 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  34. GRAMMY Awards Winners & Nominees for Best Score Soundtrack For Visual Media (англ.). Сайт прэміі «Грэмі». Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  35. Jaén.- El III Congreso Internacional de Música de Cine de Úbeda comienza mañana con la asistencia de más de 500 personas (ісп.). Сайт «Europa Press[en]» (18 ліпеня 2007). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  36. Lord of the Rings: Fantasy's Finest - Vol. 1 (англ.). Сайт «Soundtrack.net». Архівавана з першакрыніцы 9 жніўня 2022. Праверана 14 кастрычніка 2022.
  37. Fantasymphony: One Concert to Rule Them All – Danish National Symphony Orchestra (англ.). Сайт «AllMusic». Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.
  38. The Danish National Symphony Orchestra*, The Danish National Concert Choir*, The Danish National Junior Choir*, Tuva Semmingsen, Jihye Kim, Christine Nonbo Andersen*, Johan Karlström, David Bateson – Fantasymphony (англ.). Сайт «Discogs». Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2022. Праверана 13 кастрычніка 2022.

Спасылкі правіць