Ладажскае возера
Ла́дажскае во́зера (таксама Ла́дага; гістарычная назва — Не́ва) — возера ў Расіі (у Карэліі і Ленінградскай вобласці), найбуйнейшае прэснаводнае возера ў Еўропе. Адносіцца да басейна Балтыйскага мора Атлантычнага акіяна.
Ладажскае возера | |
---|---|
руск.: Ладожское озеро | |
Морфаметрыя | |
Вышыня над узроўнем мора | 4,84 м |
Даўжыня | 219 км |
Шырыня | 138 км |
Плошча |
|
Аб’ём | 838 км³ |
Найбольшая глыбіня | 230 м |
Басейн | |
Плошча вадазбору | 276 000 км² |
Размяшчэнне | |
Краіна | Расія |
Рэгіён | Ленінградская вобласць |
|
|
|
|
|
|
Ідэнтыфікатары | |
ДВР | 01040300411102000010114 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Плошча возера без астравоў складае ад 17,6 тыс. км² (з астравамі 18,1 тыс. км²); аб'ём воднай масы — 908 км³; даўжыня з поўдня на поўнач 219 км, найбольшая шырыня — 138 км. Глыбіня змяняецца нераўнамерна: у паўночнай частцы яна вагаецца ад 70 да 230 м, у паўднёвай — ад 20 да 70 м.
Катлавіна тэктанічна-ледавіковага паходжання. Дно складанай будовы, у паўночнай і цэнтральнай частках выслана ілам. Паўночныя і паўночна-заходнія берагі высокія, скалістыя, глыбока парэзаны фіёрдападобнымі залівамі. Шматлікія лясістыя астравы ўтвараюць шхеры. Паўднёвыя берагі пераважна невысокія, спадзістыя, слабапарэзаныя, з берагавымі валамі і дзюнамі. У многіх месцах прыбярэжжа нагрувашчанне валуноў. На возеры каля 660 астравоў, з іх каля 500 у паўночна-заходняй яго частцы, каля 65 — у цэнтральнай, у т.л. Валаамскі архіпелаг і Заходні архіпелаг.
Вадазборны басейн уключае каля 50 тыс. азёр (найбольшыя Анежскае возера, Ільмень, Сайма) і 3,5 тыс. рэк даўжынёю больш за 10 км; упадаюць 35 рэк, найбольшыя з іх Свір, Волхаў, Вуокса; выцякае рака Нява, якая звязвае возера з Фінскім залівам. 3 басейнам Волгі — звязана Волга-Балтыйскім водным шляхам, Вышневалоцкай і Ціхвінскай сістэмамі, з Белым морам — праз р. Свір, Анежскае возера і Беламорска-Балтыйскі канал.
Клімат умерана халодны. Сярэдняя тэмпература паветра ў лютым ад -8 да -10 °С, у ліпені 16—17 °С; тэмпература вады — на паверхні ў жніўні каля 16 °С (найбольшая 25 °С), у глыбінных пластах летам 4—4,5, зімой 2—2,5 °С. Ападкаў каля 550 мм за год. Возера халаднаводнае, з запаволенымі біялагічнымі працэсамі. Характэрны згонна-нагонныя з'явы, сейшы, штормы. Прыбярэжная частка замярзае ў лістападзе—снежані, цэнтральная частка — у снежані—сакавіку, крыгалом у цэнтральнай частцы ў 2-й палове сакавіка, у паўночнай частцы ў 1-й палове мая. Празрыстасць вады ў цэнтральнай частцы 4,5 м, каля берагоў 1—2,5 м, на захад ад вострава Валаам да 8—10 м. Вада прэсная, гідракарбанатна-кальцыевая, з мінералізацыяй 56 мг/л.
Каля 58 відаў рыб, у т.л. прамыловыя: асетр, вугор, ласось, стронга, судак, лешч, акунь, корушка, плотка, шчупак. Трапляецца цюлень.
Ажыццяўляюцца рыбалоўства, суднаходства, рэкрэацыя. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння.
У 9—12 ст. праз возера праходзіў водны шлях «з варагаў у грэкі». 3 лістапада 1941 да студзеня 1944 па Ладажскім возеры праходзіла «Дарога жыцця» ў блакіраваны Ленінград. У сувязі з індустрыялізацыяй рэгіёна возера падпала пад значнае антрапагеннае ўздзеянне (забруджванне, эўтрафаванне). На берагах гарады Прыазерск, Петракрэпасць, Сортавала, Новая Ладага, Шлісельбург і інш.
Літаратура
правіць- Ладажскае возера // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).