Лапікавае шыццё, лапікавая тэхніка, лапікавая мазаіка, тэкстыльная мазаіка (таксама пэчварк, ад англ.: patchwork — «выраб з лапікаў») — від рукадзелля  (руск.), у якім па прынцыпе мазаікі сшываецца суцэльны выраб з кавалачкаў тканіны (лапікаў). У працэсе працы ствараецца палатно з новым каляровым рашэннем, узорам, часам фактурай. Сучасныя майстры выконваюць таксама ў тэхніцы лапікавага шыцця аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі. Усе швы сшывання ў лапікавым палатне знаходзяцца на яго споднім боку.

Лапікавае палатно, сабранае з дэталяў з закругленымі злучальнымі швамі

Гісторыя

правіць

Зборка палатна з лапікаў, аплікацыя з тканіны, падшываныя вырабы  (руск.) здаўна існавалі незалежна адно ад аднаго ў многіх народаў свету. Імаверна, усюды, дзе чалавек працаваў з тканінай, узнікала неабходнасць выкарыстоўваць абрэзкі і выпады крою, і лапікавае шыццё з’яўлялася ў тым ці іншым выглядзе[1]. Вядомы егіпецкі арнамент, створаны з кавалачкаў скуры газеляў каля 980 года да н. э., у адным з музеяў Токіа экспануецца пашыты прыкладна ў той жа час касцюм з упрыгажэннямі з лапікаў. У 1920 годзе ў Пячоры тысячы Будаў быў знойдзены дыван, сабраны прыблізна ў X стагоддзі з мноства кавалачкаў вопраткі паломнікаў.

Англія

правіць

У XVI стагоддзі ў Англію пачалі паступаць маляўнічыя тканіны разнастайных узораў з індыйскай бавоўны. Коўдра дэкараванае вышыўкай або набіванкай, лічылася модным упрыгажэннем хатняга інтэр’еру. Шыццё з лапікаў з’явілася ў выніку дэфіцыту паркалю, які ўзнік з-за забароны продажу ў Англіі індыйскіх тканін ў 1712 годзе. Такім чынам урад меў намер захаваць мясцовыя мануфактуры, на якіх вырабляліся шарсцяныя і шаўковыя тканіны. Паркаль трапляў у Англію кантрабандным шляхамі і яго кошт рэзка вырас. Абрэзкі, што засталіся пасля крою адзення з паркалю, не выкідалі, а выкарыстоўвалі для стварэння іншых вырабаў. Буйнымі фрагментамі дэкараваліся шарсцяныя альбо ільняныя тканіны ў тэхніцы аплікацыі. Самыя дробныя лапікі сшываліся адзін з адным, утвараючы адзінае палатно.

 
Традыцыйны амерыканскі ўзор «Зуб пілы».

Паўночная Амерыка

правіць

У Новы Свет падшыванае палатно трапіла разам з перасяленцамі ў 1620-х гадах. З-за недахопу тканін папраўка падшываных коўдраў выраблялася з дапамогай кавалкаў са старога адзення. Далейшы дэфіцыт тканін замацаваў традыцыю вырабляць падшываныя вырабы з лапікаў (квілт). Яны з цягам часу ўскладняліся, кожная майстрыха старалася стварыць квілт са сваім асаблівым узорам і камбінацыяй колераў. Звычайна Амерыканскія гаспадыні шылі верхнюю частку квілта зімой. На падшыванне квилта збіраліся вясной ўсе суседкі, па вечарах, пасля працы, да іх далучаліся мужчыны[2]. Практычна ўсе амерыканскія квілты, створаныя да 1750 года, выраблены ў тэхніцы лапікавага шыцця. З цягам часу сфармаваліся традыцыйныя блокі ўзораў лапікавага шыцця. Назвы многіх з іх звязаны з рэаліямі паўсядзённага жыцця («зуб пілы»[3], « мядзведжая лапа»[4], «кошык для штопкі»; мясцовасцю, у якой гэты ўзор быў прыдуманы (зоркі Агая[5] і Тэхаса[5]); асацыяцыямі з гісторыямі з Біблія («Лесвіца Якава»[6])[7]. Пазней (да 1850 года) стала папулярная аплікацыя. Захавалася вельмі мала старадаўніх коўдраў у тэхніцы лапікавага шыцця, паколькі яны былі прадметамі штодзённага ўжытку ў той час, як квілты з аплікацыяй прызначаліся для асаблівых выпадкаў.

 
Квілт, выкананы ў тэхніцы крэйзі. 1897.

На Сусветнай выстаўцы 1876 года ў Філадэльфіі экспанаваліся англійскія працы ў новай тэхніцы: крэйзі (англ.: crazy, вар’яцкі, вядомая таксама пад назвамі «Спіраль», «Карусель», «Ружа») з шаўковых тканін, дапоўненыя вышыўкай. Тэхніка крэйзі дазваляла ствараць кампазіцыі са шматкоў раскошных тканін (парча, аксаміт, шоўку) любой формы, расфарбоўкі і малюнкаў, сабраных адвольна. Швы, якія злучаюць лапікі, упрыгожваліся разнастайнай вышыўкай, самі вырабы маглі дапаўняцца аплікацыямі і малюнкамі на тканіны. Новы від рукадзелля ў 1879 годзе апісаў ілюстраваны часопіс «Петэрсан». Гэты кірунак у лапікавым шыцці атрымаў назву «вышываны квілт» або «японскі шоўк» (з-за шырокага выкарыстання ўсходніх матываў). Вырабы прызначаліся толькі для ўпрыгожвання, паколькі шматкі змацоўваліся невялікай колькасцю швоў без падшывання, краі былі дэкараваны махрамі, кутасамі, пампонамі, карункамі, а пракладка давала ўсаджванне, што не дазваляла сціраць іх. Больш утылітарныя рэчы ствараліся ў рэлігійных гуртках рукадзелля, дзе ў палатно ў стылі крэйзі дадавалі практычныя матэрыялы: ваўняныя і баваўняныя тканіны. Новая тэхніка спарадзіла цэлы кірунак у амерыканскім гандлі, які прапануе ўсім жадаючым гатовыя наборы, малюнкі гафту і распісаныя ўручную блокі шоўку для вырабу лапікавага шыцця. Да 1910-х гадоў папулярнасць крэйзі пайшла на змяншэнне, саступаючы месца звычайным відам лапікавага шыцця. Модныя павевы не закранулі некаторых рэлігійных суполак, якія засталіся вернымі прыёмам шыцця, выпрацаваным гадамі: толькі традыцыйныя ўзоры і аднакаляровыя тканіны выкарыстоўваюць і сёння майстры квілта з суполак амішаў і менанітаў  (руск.)[7].

 
Зборка лапікавага шыцця «Бабулін сад» («Соты», «Гексагон»).

У 1970-х гадах у ЗША цікавасць да лапікавага шыцця адрадзілася. Сталі папулярныя квілт-клубы, спецыялізаваныя крамы прапануюць пакупніку ўсе неабходныя матэрыялы для гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, шырокі асартымент тэматычных кніг і часопісаў. У 1971 годзе Іў Сен-Ларан стварыў мадэль, дэкараваную лапікавым шыццём, апярэдзіўшы новы напрамак у модзе — захапленне фальклорным рамантызмам[8].

Усходняя Еўропа

правіць

На Русі здаўна былі распаўсюджаны беражлівыя адносіны да тканіны, як вырабленай дома (да XVIII стагоддзя ў асноўным выкарыстоўвалася даматканае палатно), так і купленай. «Дамастрой» змяшчае падрабязныя інструкцыі крою адзення, сартавання і захавання абрэзкаў і папраўкі гатовага адзення[9]. Вядома, што ў XVII стагоддзі ў асяроддзі старавераў выкарыстоўваліся лапікавыя кілімкі, званыя «падручнікамі». Малюнак гэтых кілімкоў сімвалічна адлюстроўваў дзевяць анёльскіх чыноў  (руск.)[1].

Шыццё з лапікаў атрымала шырокае распаўсюджванне ў другой палове XIX стагоддзя са з’яўленнем у продажы замежнага паркалю. У адрозненне ад даматканых палотнаў, шырыня якіх была каля 40 см, тканіны фабрычнай вытворчасці мелі шырыню 75-80 см, і пры раскроі з іх адзення ўтваралася вялікая колькасць абрэзкаў. Аплікацыя з’явілася пазней: паколькі англійскія паркалі ў Расіі каштавалі дорага, лічылася недарэчным закрываць адну тканіну іншай. Свайго піка лапікавае шыццё дасягнула ў канцы стагоддзя, калі была наладжана вытворчасць танных баваўняных набіваных тканін і з’явіліся швейныя машыны. У асноўным рэчы (большай часткай лапікавыя коўдры), якія ствараюцца ў сялянскім асяроддзі, неслі выключна практычную функцыю — абаранялі ад холаду. На іх выраб ішлі пераважна лапікі ношанага адзення, яны былі няправільнай формы і злучаліся выпадковым чынам. Аднак паралельна існавала традыцыя шыцця коўдраў да вяселля і нараджэння дзіцяці. Гэтыя вырабы злучалі ў сабе функцыі ўтылітарную і дэкаратыўную. Форма лапіка (палоска, квадрат, трохвугольнік) вызначалася формай выпаду, які ўтварыўся пры раскроі прамога рускага касцюма. У канцы XIX-пачатку XX стагоддзя лапікавае шыццё ў народным касцюме замяняла складаныя ў выкананні карункі, вышыўкі, тканыя элементы[10]. У прыёмы зборкі палатна, каляровае рашэнне вырабаў заўсёды прыўносіліся мастацкія перавагі мясцовых жыхароў. Былі створаны арыгінальныя тэхнікі аб’ёмнага лапікавага шыцця «ляпакамі» (або «ляпачыха»: неапрацаваныя рознакаляровыя палоскі, нашытыя на аснову, назва каргапальских вясельных коўдраў, вытканых з невялікіх лапікаў[10]), «вугалкамі» (тканіна згортвалася вуглом і нашывалася на аснову), «махрамі», «ружанамі» («круглякі» або за межамі Расіі — «ё-ё» — квадратныя альбо круглыя лапікі сцягваліся па фастрызе, выкананай па акружнасці, атрыманыя аб’ёмныя дэталі нашываліся на аснову ў адзін пласт або накладваліся адна на адну). Нароўні з кілімкамі з вугалкоў былі распаўсюджаныя кілімкі з шнуроў-касічак, сплеценых са скручанай тканіны, якія выкладваліся па крузе і сшываліся[11].

Для традыцыйнага рускага лапікавага шыцця характэрная ручная зборка без выкарыстання асновы, злучэнне лапікаў нахлёстам, выкарыстанне розных па памеры дэталяў[12].

У пачатку XX стагоддзя лапікавае шыццё разам з калажам прыцягнула ўвагу мастакоў-авангардыстаў і футурыстаў, якія займаліся пошукам новых сродкаў выражэння[13]. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гэты від шыцця не ўвайшоў у пералік падтрыманых дзяржавай відаў дэкаратыўна-прыкладных мастацтваў. Пазней лапікавае шыццё стала прыкметай галечы, напамінам пра перыяды войнаў і разрухі, перажытых Савецкай краінай[14]. Цікавасць да гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва адрадзіўся ў 1990-х гадах, тады ж пачалося і яго вывучэнне. Яно стала не толькі распаўсюджаным хобі, але і самастойным жанрам дэкаратыўнага мастацтва.

У Расіі кожныя два гады (з 1997 года) праходзіць фестываль «Лапікавая мазаіка Расіі», дзе дэманструюцца творы майстроў[15]. Таксама ў Суздалі праводзіцца Міжнародны фестываль лапікавага шыцця «Душа Расіі»[16].

Ва Украіне з 1997 года праводзіцца Усеўкраінскі фестываль лапікавага шыцця[17].

Народны клуб аматараў шыцця з лапікаў «Рошва» працуе ў Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур[18].

Каўказ

правіць

У Азербайджане існуе старадаўняя тэхніка лапікавага шыцця — гурама  (руск.).

Матэрыялы і інструменты

правіць

Колеравы круг

правіць

Адзін з найбольш складаных момантаў у тэхніцы лапікавага шыцця — дасягненне гарманічнага, ўзважанага каляровага рашэння твору. Для пераадолення гэтай цяжкасці некаторыя майстры-пачаткоўцы выкарыстоўваюць колеравы круг  (руск.). У цяперашні час існуюць спецыялізаваныя камп’ютарныя праграмы, якія дазваляюць разлічыць гаму будучага вырабу.

Нажніцы

правіць

Для раскрою тканіны выкарыстоўваюцца нажніцы з вострымі доўгімі канцамі, для распорвання швоў — маленькія нажніцы. Таксама тканіна можа разразацца разаком-колцам на спецыяльнай падкладцы (дыванку) з разметкай.

Шпількі і іголкі

правіць

Пры шыцці на машыне без фастрыгавання выкарыстоўваюцца аднастрыжневыя шпількі. Найбольш падыходзяць для гэтай мэты вельмі тонкія гнуткія шпількі з вушкам у выглядзе пятлі. Іншыя віды шпілек (з пластыкавымі шарыкамі замест завесы, англійскія шпількі) зручныя пры канчатковай зборцы вырабу.

Лінейка

правіць

Універсальная лінейка з нанесенымі лініямі, памерамі і адзнакамі для выканання розных вуглоў дае магчымасць зрабіць раскрой тканіны без папярэдне нарыхтаваных шаблонаў.

Тканіны

правіць

Падрыхтоўка

правіць

Найбольш шырока прымяняюцца ў лапікавым шыцці баваўняныя тканіны. Яны лёгкія ў кроі, не слізгаюць пры шыццё, трымаюць закладзеныя ўручную зморшчыны і з’яўляюцца ідэальным матэрыялам для пачаткоўцаў. Недахопы баваўняных тканін — лінька і ўсаджванне пры мыцці. Лён лёгкі ў шыцці, менш садзіцца, трывалы, гэта папулярны матэрыял для падшэвак або фону. Ільняныя тканіны моцна камячацца і іх цяжка прасаваць. Шоўк, дзякуючы сваёй далікатнай фактуры, натуральнаму бляску, яркасці фарбаў глядзіцца ў вырабах вельмі выйгрышна. Аднак ён дае моцнае ўсаджванне пры мыцці і ўздзеянні высокіх тэмператур, складаны ў раскроі і шыцці, краі зрэзаў абсыпаюцца. Рэдка ў зборцы ласкутнага палатна выкарыстоўваецца шарсцяная тканіна, якая, тым не менш, валодае шэрагам добрых якасцяў: гіграскапічная, цёплая тканіна падыходзіць для вырабу пакрывалаў, падушак, адзення. Краі тоўстых ваўняных тканін не абсыпаюцца, вырабы з воўны выдатна трымаюць форму. Кавалачкі воўны можна злучаць ўсутыч пры дапамозе машыннага шва «зігзаг». Штучныя і смесавыя тканіны выглядаюць прыбрана, яны не камячацца і выдатна сціраюцца, аднак здольныя назапашваць вільгаць. Віскозныя тканіны складаныя ў шыццё: з-за рухомай структуры палатно слізгае, да таго ж моцна камечыцца і дае ўсаджванне пры мыцці, віскозу абавязкова трэба крухмаліць  (руск.). Цікава глядзяцца ў вырабах тканіны (бавоўна, шоўк, лён), распісаныя або афарбаваныя ўручную.

Калі выраб мяркуецца выкарыстоўваць у побыце, неабходна вырабіць дэкаціроўку  (англ.) тканіны — намачыць (вымыць без выкарыстання мыйных сродкаў), а затым высушыць і адгладзіць. Калі ж шыццё будзе выраблена толькі з новай тканіны і яго мяркуецца захоўваць у месцы, абароненым ад пылу (напрыклад, пад шклом), декаціроўку можна не рабіць, захаваўшы фабрычнае насычэнне і першапачатковую яркасць фарбаў. Перад працай, каб пазбегнуць перакосу тканін, зразаюцца ўсе кромкі. Не рэкамендуецца ірваць тканіну, гэта прывядзе да распускання краёў ужо ў гатовым вырабе, паколькі ўнутраныя швы пры лапікавымі шыцці не абкідваюцца.

Раскрой

правіць
 
Кардонныя шаблоны

Залогам поспеху ў зборцы лапікавага палатна з’яўляецца высокая дакладнасць крою. Раскрой вядзецца пры дапамозе шаблонаў, якія прадстаўляюць сабой найпростыя геаметрычныя фігуры, з кардона з намечанымі лініямі абрэза і шва або празрыстага пластыка: яны дазваляюць бачыць малюнак. У продажы бываюць металічныя шаблоны для лапікавага шыцця з прарэзамі для разметкі лініі сшываня. На швы дадаецца ад 5 мм (баваўняныя тканіны) да 1 і больш сантыметра (тканіны, якія лёгка абсыпаюцца). Пры раскладцы шаблонаў на тканіне ўлічваецца кірунак долевай ніткі. У чатырохкутных дэталяў долевая павінна супадаць з адным з бакоў, у трыкутнікаў, шасцікутнікаў — быць перпендыкулярнай аснаванню.

Зборка палатна

правіць
 
Блок з узорам «Млын».
 
Ручная зборка з нацягваннем тканіны на кардонны шаблон
 
Выраб, выкананы ў тэхніцы барджэла.

Зборка палатна ў лапікавым шыцці праходзіць ад дробных дэталяў да буйнейшых. Пры паслядоўным сшыванні дэталяў ствараюцца блокі ўзораў, з якіх і сшываецца выраб. Лапікавае шыццё можна збіраць уручную або на машынцы. Для ручной зборкі на споднім боку тканіны з дапамогай шаблону пазначаецца дэталь, дзве дэталі, складзеныя правымі бакамі з сумяшчэннем ліній разметкі, фастрыгуюцца або сколваюцца шпількамі і сшываюцца дробным фастрыгавальным швом. Нітка акуратна замацоўваецца ў пачатку і канцы лініі шва. Пры сшыванні шва на швейнай машыне пасля таго, як прашытыя дзве дэталі, без абрэзу ніткі, пераходзяць да злучэння наступных пар дэталяў (так званае шыццё «сцяжком», «ланцужком»). Калі шыццё скончана, ніткі атрыманага ланцужка разразаюцца. Яшчэ адзін від зборкі — ручны, з выкарыстаннем тканіны, нацягнутай на кардонны шаблон, ужываецца для блокаў тыпу «Бабулін сад». На нарыхтоўкі з кардона (пры зборцы «Бабулінага саду» выкарыстоўваюцца шасцікутнікі) нацягваюцца і змацоўваюцца некалькімі шыўкамі лапікі, выкраеныя з улікам прыпуску на швы. Нарыхтоўкі з тканінай складваюцца правыми бакамі ўнутр і сшываюцца ўручную патаемным швом.

Адным з простых і хуткіх спосабаў зборкі палатна з’яўляецца шыццё палосамі. Палосы тканіны выкройваюцца па долевай нітцы з дапамогай шаблону і паслядоўна прышываюцца на аснове. У якасці асновы выкарыстоўваецца баваўняная або льняная тканіна, папера (выдаляецца пасля шыцця), флізелін. Каб пазбегнуць перакосу палатна, палосы сшываюць, кожны раз змяняючы кірунак (напрыклад, першая і другая — зверху ўніз, другая і трэцяя — знізу ўверх, і г. д.). Прыпускі швоў загладжваюцца, калі магчыма, на бок больш цёмнай тканіны. Запрасоўванне швоў у адзін бок дадае трываласці вырабу. На зборцы палатна палосамі заснавана тэхніка bargello: пашытыя палосы разразаюцца ў папярочным кірунку, а затым зноў збіраюцца ў палатно са зрушэннем. Такі прыём пры выкарыстанні гарманічна падабраных тканін розных адценняў аднаго колеру, якія адцяняюць кантраснымі, стварае эфект плаўнага пераходу, «расцяжкі» або «раскату» колеру.

Для палягчэння і паскарэння працэсу зборкі выпускаецца неклеявы флізелін для лапікавага шыцця з размечанай сеткай геаметрычных фігур (квадратаў або трыкутнікаў).

Пры зборцы блокаў з закругленымі дэталямі («Заручальны пярсцёнак», «Шлях п’яніцы», «Час і энергія») на злучальных частках кромкі збіраюцца ў зморшчыны, вызначаюцца і сколваюцца сярэднія кропкі, сумяшчаюцца іх вуглы. Дэталь з выманнем акуратна прыпасаджваецца і злучаецца шпількамі з дэталлю з выпуклым зрэзам. Пры сшыванні на машыне дэталь з выпуклым зрэзам размяшчаецца зверху.

Пры зборцы «Вітраж» фрагменты лапікавага палатна прышываюцца ўсутыч, швы маскіруюцца тасьмой, стужкай, вузкімі палосамі тканіны. У класічным варыянце гэтай зборкі контуры фігур апраўляюцца матэрыялам, кантрасным ў адносінах да асноўнага малюнку.

Узоры лапікавага шыцця

правіць

Крыніцы

правіць
  1. а б Нагель 2000, с. 7.
  2. Штауб-Вахсмут 2007, с. 10.
  3. https://3rdstoryworkshop.com/free-sawtooth-star-pattern
  4. https://www.generations-quilt-patterns.com/bears-paw-quilt-block.html
  5. а б https://quilttherapy.com/?p=19298
  6. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 мая 2023. Праверана 25 мая 2023.
  7. а б Штауб-Вахсмут 2007, с. 13.
  8. Кибалова Л., Гербенова О., Ламарова М. Иллюстрированная энциклопедия моды. — Прага: Артия, 1988. — С. 317—321.
  9. Иванова 2007, с. 31.
  10. а б Нагель 2000, с. 8.
  11. Нагель 2000, с. 8—9.
  12. Нагель 2000, с. 32.
  13. Иванова 2007, с. 33.
  14. Иванова 2007, с. 32.
  15. Ю. Иванова. Лоскутная мозаика России — 2001. «Наука и жизнь», № 4, 2002.. Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2008.
  16. Международный фестиваль лоскутного шитья «Душа России» в Суздале!. Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2020.
  17. Фестиваль лоскутного шитья.. Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2021.
  18. zviazda.by

Літаратура

правіць
  • Иванова Ю. Игра в лоскуты Веры Щербаковой (руск.). — Тверь: Культура и традиции, 2007. — ISBN 5-864-44126-0.
  • Нагель О. Художественное лоскутное шитье: Основы лоскутного шитья и традиции народного текстильного лоскута: Учебно-методическое пособие для учителя (руск.). — М.: Шк.-Пресс, 2000. — 95 с. — (Библиотека журнала «Школа и производство»). — ISBN 5-88527-268-9.
  • Штауб-Вахсмут Б. Пэчворк и квилт. Лоскутное шитьё (руск.). — Профиздат, 2007. — ISBN 978-5-255-01535-1.

Спасылкі

правіць