Адкрыць галоўнае меню

Ларыса (стар.-грэч.: Λάρισσα) — унутраны спадарожнік планеты Нептун. Названая ад імя німфы з грэчаскай міфалогіі. Таксама пазначаецца як Нептун VII.

Гісторыя адкрыццяПравіць

Ларыса была адкрыта Гаральдам Рэйтсемай, Уільямам Хабардам, Лары Лебофскі, Дэвідам Толенам 24 мая 1981 года дзякуючы выпадковаму назіранню з Зямлі пакрыцця гэтым спадарожнікам зоркі. Аб адкрыцці абвешчана 29 мая 1981 года, спадарожнік атрымаў часовае абазначэнне S/1981 N 1. Паўторна адкрыты ў 1989 годзе пры праходжанні апарата «Вояджэр-2» каля Нептуна. Пра гэта было абвешчана 2 жніўня 1989 года, спадарожнік атрымаў яшчэ адно часовае абазначэнне, S/1989 N 2. Дакладная дата другога адкрыцця не паведамлялася. Было заяўлена пра 10 выяў, атрыманых на працягу 5 дзён, такім чынам, адкрыццё адбылося незадоўга да 28 ліпеня. Пазней была ўсталяваная ідэнтычнасць аб'ектаў S/1981 N 1 і S/1989 N 2. Уласная назва была дадзена 16 верасня 1991 года.

Характарыстыкі Правіць

Ларыса мае няправільную (несферычную) форму са мноствам ўдарных кратараў на паверхні. Ніякіх слядоў геалагічнай актыўнасці не выяўлена. Іншых звестак практычна няма. Верагодна, Ларыса, як і іншыя спадарожнікі на арбітах ніжэй Трытона, сфармавалася з абломкаў ранейшых спадарожнікаў Нептуна, разбураных у выніку сутыкненняў, выкліканых абурэннямі ад Трытона пасля яго захопу Нептунам на першапачатковую высокоэксцэнтрычную арбіту.

Ларыса абарачаецца ніжэй сінхроннай калянептунавай арбіты, з прычыны чаго арбіта гэтага спадарожніка паступова зніжаецца з-за ўздзеяння прыліўных сіл. З часам яна можа быць паглынута Нептунам або разбурыцца з-за прыліўнага расцяжэння і ўтварыць кольца пры дасягненні мяжы Роша.