Лаўрын Война
Лаўрын (Ваўжынец) Войнавіч Грычынавіч (? — 23 кастрычніка 1580) — дваранін каралеўскі, земскі пісар гарадзенскі (1565—1566), пісар вялікі літоўскі (з 1566), падскарбі дворны літоўскі (1569—1576), падскарбі земскі літоўскі (з 1576); староста пінскі (з 1574), староста гарадзенскі, староста кобрынскі, дзяржаўца квасоўскі, красніцкі, хвяйданскі, індурскі.
Лаўрын Война | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||
Папярэднік | Станіслаў Улошак[d] | ||||||
Пераемнік | Фёдар Тышкевіч | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Мікалай Ян Нарушэвіч | ||||||
Пераемнік | Ян Янавіч Глябовіч | ||||||
|
|||||||
Пераемнік | Вацлаў Агрыпа | ||||||
|
|||||||
Пераемнік | Фёдар Іванавіч Кунцэвіч[d] | ||||||
Нараджэнне | XVI стагоддзе | ||||||
Смерць | 23 кастрычніка 1580[1] | ||||||
Род | Войны-Грычынавічы | ||||||
Бацька | Война Мацвеевіч Грычына | ||||||
Дзеці | Андрэй Война |
З пінскага баярскага роду Войнаў-Грычынавічаў, сын кашталяна мсціслаўскага Войны Мацвеевіча. У літаратуры даецца і іншае паходжанне, так энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае» дае бацькам Мацея з падляшскага роду Войнаў[2]. Крыніцы, аднак, у 1573 годзе называюць Бенедыкта братам Лаўрына[3], у 1599 годзе братамі Бенедыкта і Габрыэля называе Сямён Война[4], у 1631 годзе Лаўрын, Бенедыкт, Габрыэль і Сямён названы братамі, а Абрам «братанцам» (пляменнікам) Дароты Вайнянкі[5]. Такім чынам, паходжанне з пінскага роду выглядае пэўным.
У маладосці служыў каралеве Боне, у тым ліку і ў Італіі[6]. Браў удзел у Валочнай памеры, у 1558—1560 гадах мераў Гарадзенскае староства (у т.л. уласна Гродна ў 1560 годзе), у 1561—1566 гадах — паўторна Пінскае староства. Неўзабаве па Люблінскай уніі (1569) ажыццяўляў у Вялікім Княстве Літоўскім вылучэнне ўласных маёнткаў вялікага князя Жыгімонта Аўгуста з ліку сталовых добраў і агулам дзяржаўных земляў, упарадкаванне іх фінансавых спраў[7]. Пасол на соймы 1569, 1578, 1580 гадоў.
Валодаў маёнткамі Боршчава ў Берасцейскім, Ласосна і Путрышкі ў Гарадзенскім, Свіслаччу ў Ваўкавыскім, Мярацічамі ў Новагародскім паветах. Да 1571 года купіў Высокае і Расну ў Станіслава Хлявіцкага, у 1571 — Азяраны і возера Свіцязь у князя Канстаціна Канстанцінавіча Астрожскага.
На Попіс 1567 года з маёнткаў і дзяржаў Квасоўскай, Красніцкай і Індурскай ставіў 35 «коней» і 24 драбы.
Сям’я
правіцьЖанаты быў, напэўна, з невядомай імем і галіной княжной Друцкай.
Меў, прынамсі, сына Андрэя і дачку Кацярыну.
У літаратуры даюцца і іншыя, але ўяўныя дзеці — сыны Мацей, Вінцэнт і Андрэй (на праўдзе пляменнікі, сыны Сямёна Войны), дочкі — Дарота і Раіна Вайнянкі (на праўдзе сёстры, дочкі Войны Мацвеевіча).
Зноскі
- ↑ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: 2020. — С. 247, 305. — ISBN 978-83-65880-89-5
- ↑ ЭнцВКЛ 2005, с. 460.
- ↑ Peregrinationes sive peregrinationem Heinrichi Wolphii Tigurini brevis et compendiaria descriptio. — Polskie przypadki Henryka Wolfa z Zurychu z lat 1570—1578. — Warszawa, 1996. Паводле: Вольф Г. Перэгрынацыі або кароткае і сціслае апісанне вандраванняў Генрыха Вольфа з Цюрыха / Перакл. А. Белага // Спадчына. 1998. № 3(98). — С. 172—195.
- ↑ Спрогис И. Духовное завещание мстиславского каштеляна Семена Войны — 1599 г., 1-го марта // Чтения в Историческом обществе Нестора-летописца. Киев, 1898. Кн. 12.
- ↑ Olszewski J. Kazanie na pogrzebie Wielebnego w Bogu Prałata IMX Karola Jana Białozora Proboszcza Wileńskiego, Referendatora WKL. — Wilna, 1631.
- ↑ Ліцкевіч 2004, с. 42, заўв. 30.
- ↑ Ліцкевіч 2004, с. 42.
Літаратура
правіць- Ліцкевіч А. У. Распараджэнні Жыгімонта Аўгуста адносна ўласных гаспадарскіх (вялікакняскіх) маёнткаў пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г. (два дакументы з 52-й Кнігі запісаў Метрыкі ВКЛ) // Metriciana. Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага княства Літоўскага. — Мн.: 2004. — Т. 3. — С. 35-56.
- Пазднякоў В. Войны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 460. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.