Лаўрэнцій Іванавіч Зізаній

Лаўрэнцій Іванавіч[2] Зізаній , сапр. Тустаноўскі (? — 1634) — педагог, лінгвіст, літаратар, багаслоў, палеміст. Займае значнае месца ў гісторыі беларускай, украінскай і рускай культуры. Навуковая, мастацка-літаратурная і перакладчыцкая спадчына Л. Зізанія — неацэнная каштоўнасць, узор шырокіх інтэлектуалъных пошукаў, творчых памкненняў i шчодрага плёну гэтага майстра слова і глыбокага мысляра.

Лаўрэнцій Іванавіч Зізаній
Род дзейнасці філолаг
Дата нараджэння 20 сакавіка 1550[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 1634
Месца смерці
Грамадзянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Грамматіка словенска

Біяграфія

правіць

Паводле адных звестак паходзіў з дробнамаянтковай шляхты Трокскага ваяводства, паводле другіх — з мястэчка Тустынь на Валыні. Адукацыю атрымаў у Астрожскай школе на Валыні. Вядома, што ў 15921595 гады ён выкладаў у Львоўскай брацкай школе, працаваў выкладчыкам у Брэсцкай (15921595), Віленскай (15951597) брацкіх школах. Калі быў у Брэсце, падрыхтаваў вучэбныя кнігі «Азбука з Лексісам» і «Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова…» (Вільня, 1596), якія прынеслі яму славу і аўтарытэт вучонага-лінгвіста.

«Азбука з Лексісам»

правіць

Яго «Азбуку» можна ўмоўна падзяліць на 3 часткі: матэрыял, які вучыць чытаць і пісаць; дапаможны лексічны матэрыял; царкоўныя палемічныя тэксты і малітвы. Таму кніга магла выкарыстоўвацца і ў царкоўным, і ў свецкім навучанні. Складальнікам першых дзвюх частак быў Лаўрэнцій 3ізаній, апошняй — С. Зізаній. Пры выданні «Азбукі» выкарыстаны клішэ з выданняў Ф.Скарыны. У «Лексіс» — беларускі слоўнік (1061 слова) — уключаны словы з народнай гутарковай мовы, што спрыяла развіццю мовы, якая потым стала часткай літаратурнай, свецкай, прыведзены самыя разнастайныя звесткі па ваеннай гісторыі, прававым становішчы розных сацыяльных груп насельніцтва ў дзяржаве, па філасофіі, геаграфіі, этнаграфіі, біялогіі, медыцыне. Слоўнік 3ізанія — сведчанне рацыяналістычнага падыходу 3ізанія да вывучэння розных з'яў рэчаіснасці; адна з крыніц уяўлення пра ўзровень тагачасных ведаў аб развіцці рамёстваў, аб прафесіях, вырабах і гандлі ў сярэдневяковых гарадах. Яго гуманістычныя тэндэнцыі выявіліся ў раскрыцці ўсяго навучальнага метаду для простых людзей. Тлумачэнні, якія 3ізаній робіць у сваім слоўніку, далёкія ад навуковага аналізу ўсіх з'яў паняццяў, але ён імкнецца проста, без спасылак на звышнатуральныя сілы растлумачыць многія словы і паняцці, што ў пэўнай ступені набліжае яго да матэрыялістычнага кірунку мыслення. Слоўнік 3ізанія — значная культурна-асветніцкая з'ява ў гісторыі Беларусі.

«Грамматіка словенска…»

правіць

12.2.1596 у друкарні Віленскага Святадухаўскага брацтва выдадзена «Грамматіка словенска…». Яна складаецца з уводзін, арфаграфіі, этымалогіі, прасодыі. Сінтаксіс даецца невялікімі часткамі ва ўсіх раздзелах. У кнізе на кожнае правіла прыведзена шмат прыкладаў і практыкаванняў для замацавання навучальнага матэрыялу. На першых старонках вучням тлумачыцца неабходнасць свецкіх ведаў. «Граматыку словенску совершенного искуства осми частій слова…» 3ізаній лічыў тым падмуркам, на якім можа трымацца далейшае вывучэнне розных навук. Імкнучыся па-філасофску асэнсаваць ролю граматыкі як навукі ў сярэдневяковай сістэме ведаў, 3ізаній раскрываў арганічную сувязь граматыкі з рыторыкай, філасофіяй і багаслоўем, праяўляў цікавасць да розных філасофскіх праблем, якія бралі свой пачатак ад антычных вучоных, звяртаўся да спадчыны Арыстоцеля, Эпікура, Катона Старэйшага і інш. Вывучэнне антычнасці ўзбагачала светапогляд вучонага-педагога, давала магчымасць па-новаму падысці да вырашэння розных праблем.

Выданне «Грамматіки…» замацавала агульнаграмадскую думку пра неабходнасць вывучэння «сямі вольных мастацтваў». падкрэслівала іх вялікую ролю ў развіцці адукацыі. Гэтым 3ізаній звярнуў на сябе ўвагу многіх князёў, якія імкнуліся даць добрую адукацыю сваім дзецям. Там ён пераклаў і адрэдагаваў «Беседы Св. Иоанна Златоуста на Посланне Св. апостола Павла» (Кіеў, 1623), «Толкованія на Апокаліпсіс Св. Андрэя Кесарыйскага» (Кіеў. 1625). У прадмове да апошняй сучаснікі і калегі далі высокую ацэнку дзейнасці і ведам 3ізанія, адзначалі яго аўтарытэт як моваведа і прапаведніка.

«Катэхізіс»

правіць

Верагодна, у 1620—1623 3ізаній працаваў над «Катэхізісам Вялікім», у якім выкладзены не толькі догматы праваслаўя ў пытаннях і адказах, але і веды па гісторыі, прыродазнаўстве, астраноміі і іншых навуках. Рукапіс кнігі быў зроблены на беларускай мове. Аднак у Кіеве ён не змог выдаць гэту кнігу, бо на той час у Вялікім Княстве Літоўскім пачалася жорсткая барацьба паміж праваслаўем і каталіцызмам. 3ізаній вырашыў паспрабаваць надрукаваць кнігу ў Маскве. Разам са сваімі сынамі Іванам і Аляксандрам у красавіку 1626 ён прыехаў у Пуціўль і заявіў, быццам у Рэчы Паспалітай яго прыгняталі, таму ён едзе з лістамі да цара і патрыярха. Пра рукапіс «Катэхізіса» нічога не сказаў, бо ведаў, з якім недаверам ставілася маскоўскае духавенства да рукапісаў і кніг з Украіны, Беларусі і Літвы. Праз месяц 3ізанію з сынамі дазволілі ехаць у Маскву. Цар і патрыярх узялі іх на ўтрыманне. 3ізаній часта сустракаўся з царом Міхаілам Фёдаравічам і патрыярхам Філарэтам, што сведчыць пра добрае стаўленне да яго і вялікую пашану з боку высокіх асоб Рускай дзяржавы. Для друкарскай справы 3ізаній атрымаў 150 рублёў. У студзені 1627 разам з Ц. Аладзіным і перакладчыкам Б. Багамольцавым наведаў друкарскі двор. Пра тое, што «Катэхізіс» быў надрукаваны ў Маскве, сведчыць апісанне бібліятэкі патрыярха Філарэта і «Запісная кніга маскоўскага друкарскага архіва», у якой ёсць звесткі, што друкаванне кнігі закончана каля 27.1.1627. Але яна, відаць, не была прызнана афіцыйнаю царквой, таму, верагодна, Філарэт загадаў спаліць усе надрукаваныя кнігі[крыніца?]. Цудам захавалася толькі 5 дэфектных экзэмпляраў, а новыя выданні (1783, 1787 і 1788, Гродна; 1784, Пскоў) зазналі значную рэдакцыйную праўку і не перадаюць дакладна погляды 3ізанія. Для вывучэння светапогляду 3ізанія найбольш цікавае абмеркаванне «Катэхізіса» ў Маскве 18—19.2.1627. У абмеркаванні ад імя і па даручэнні патрыярха Філарэта ўдзельнічалі ігумен маскоўскага Богаяўленскага манастыра Ілья, кніжны спраўшчык Р. Анісімаў, князь І. Б. Чарскі і думны дзяк Ф. Ліхачоў. Маскоўскае духавенства, як гэта відаць з пратакола пасяджэння, добра падрыхтавалася да дыспуту, таму вытрымаць дыскусію было цяжка. 3ізаній не быў гарантаваны і ад таго, што з ім не расправяцца, як з ератыком. Дасведчаны і ўпэўнены ў ведах, 3ізаній на першым пасяджэнні трымаўся свабодна і нават гарачыўся. На пасяджэнні ў ніжняй палаце аўтар усе хібы ў кнізе звальваў на перакладчыка. Пры абмеркаванні «Катэхізіса» 3ізаній спрабаваў абагаўляць самога чалавека, узяўшы для гэтага ідэю аб самаўладдзі з Другазаконня. Але прадстаўнікі патрыярха філарэта адхілілі яго прапанову. У поўнай згодзе з Другазаконнем і царкоўнай традыцыяй 3ізаній заявіў маскоўскім апанентам, што «самовластием человек обращается к добродетелем, яко же и злобам. Им же (самаўладдзем. — Аўт.) почтен бысть Адам от бога». 3ізаній быў упэўнены ў сіле розуму і душы чалавека, лічыў, што чалавек створаны Богам і з'яўляецца гаспадаром самога сябе. Гэта ідэя пераклікаецца з ідэямі гуманістаў Італіі. Праваслаўныя царкоўнікі, якія строга сачылі за догматамі трохадзінства божай сутнасці, абвінавацілі 3ізанія ў замаху на адзінства тройцы, падзяліўшы яе на тры часткі і паставіўшы Бога-бацьку вышэй за ўсіх. 3ізаній прама заяўляў: «Тако аз исповедую Отец есть начало всему божеству сиреч сыну і духу святому». Але ў далейшым пад націскам маскоўскіх апанентаў, якія абвінавацілі 3ізанія ў ерасі, яму давялося адступаць. Зразумеўшы сваё небяспечнае становішча, ён стаў паводзіць сябе больш стрымана, спрабаваў апраўдвацца ў памылках і заявіў, што прыехаў у Маскву вучыцца, дзякаваў за выпраўленне яго кнігі. 3 пратакола дыспуту відаць, што абодва бакі добра ведалі грэчаскую філасофію. У «Катэхізісе» 3ізанія знайшлі месца і тагачасныя прыродазнаўчыя веды. Светапогляд 3ізанія характарызуе рацыяналістычны падыход да тлумачэння розных з'яў прыроды. На заўвагу, што некаторыя звесткі ў «Катэхізісе» запазычаны з астралогіі, якая ўзята ад вешчуноў елінскіх і ідаласлужыцеляў, 3ізаній адказаў: «Ни по звездам правления житию нашему, толко аз написал ведомости ради, чтобы человек ведал яко есть тварь божия, а то и мы о том немудрствуем, чтобы звездам правитися житию нашему». Вядома, прыродазнаўчыя звесткі 3ізанія далёкія ад навуковых, але ў іх выявіліся рацыяналістычны падыход да тлумачэння гэтых з'яў, імкненне пашырыць кола чалавечых ведаў. Дзейнасць 3ізанія ішла ў рэчышчы рэфармацыйнага руху. Гэтым і багатай эрудыцыяй тлумачацца яго рацыяналістычныя адносіны да пэўных з'яў прыроды і грамадскага жыцця. Светапогляд 3ізанія быў дуалістычны. 3 аднаго боку, вучоны схіляўся да тэалогіі, з другога — выказваў рацыяналістычныя думкі, якія былі вынікам высокай эрудыцыі. Маскоўскае духавенства не магло пагадзіцца з такімі думкамі, бо гэта супярэчыла тэалагічным поглядам аб будове сусвету і Бібліі.

19.2.1627 3ізаній вярнуўся ў Кіеў, дзе разам са слуцкім пратапопам А.Мужылоўскім павінен быў разгледзець кнігу М.Сматрыцкага «Апалогія». выдадзеную на польскай мове ў Львове. На Кіеўскім саборы 13.8.1628 3ізаній выклаў супраць аўтара кнігі 105 пунктаў абвінавачання, і М.Сматрыцкаму давялося прызнаць крытыку і пакаяцца. Апошняе ўпамінанне пра 3ізанія адносіцца да 8.2.1634 у Луцкай гарадской кнізе, дзе пазначана, што ён праз свайго дружбака М.Федаровіча звярнуўся да намесніка Луцкага староства М. Крынскага з нагоды юрыдычнага абгрунтавання яго права на маёмасць, адпісаную яму князем Я.Карэцкім. Сам 3ізаній на той час быў хворы і слабы. Гэты дакумент сведчыць, што 3ізаній быў небагаты чалавек, усё жыццё працаваў і жыў за кошт сваіх мецэнатаў.

Зноскі

  1. http://old.zviazda.by/ru/archive/article.php?id=55517
  2. Педагогический энциклопедический словарь / Гл. ред. Б. М. Бим-Бад. — М.: Большая Российская энциклопедия, 2002. — 528 с. — С. 359. — 6000 экз. — ISBN 5-85270-230-7, ББК 74я2, ГРНТИ 14.01.33

Літаратура

правіць
  • Гісторыя беларускай літаратуры 11 — 19 стагоддзяў. У 2 т. Г 51 Т. 1. Даўняя літаратура: 11 — першая палова 18 стагоддзя / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — 910 с. С. 512—516
  • Гісторыя беларускай літаратуры 11 — 19 стагоддзяў. У 2 т. Г 51 Т. 2. Даўняя літаратура: 11 — першая палова 18 стагоддзя / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — 582 с. С. 468, 469, 477, 488
  • Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычнецкі перыяд. У 2 ч. Ч. 2: Падруч. для філал. фак. ВНУ. — Мн.: Выш. шк; 1989.-480 с.

Спасылкі

правіць