Леанід Сямёнавіч Бойка

Леанід Сямёнавіч Бойка (сапраўднае імя Абрам Самойлавіч Разенштэхер; 28 красавіка (11 мая) 1912, сяло Беразнегаватае, цяпер Мікалаеўская вобласць, Украіна — ?) — украінскі і беларускі мастак-жывапісец, графік.

Леанід Сямёнавіч Бойка
Дата нараджэння 28 красавіка (11 мая) 1912
Месца нараджэння
Дата смерці невядома
Месца смерці
Род дзейнасці мастак, графік
Месца працы
Жанр карыкатура, плакат і графіка
Вучоба
Уплыў Міхаіл Гардзеевіч Дзярэгус[d], Васіль Ільіч Касіян[d] і Сямён Маркавіч Прохараў[d]
Член у
Узнагароды
ордэн Чырвонай Зоркі медаль «Партызану Айчыннай вайны» I ступені

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 1912 годзе ў сяле Беразнегаватае Херсонскага павета. Пасля школы вучыўся ў 1933—1939 гадах Харкаўскім мастацкім тэхнікуме (выкладчыкі па спецыяльнасці: М. Дзярэгус[ru], В. Касіян[ru], С. Прохараў[ru][1]). У 1939 годзе прызваны ў Чырвоную Армію радавым гаўбічнага артылерыйскага палка 132-й стралковай дывізіі Кіеўскай асобай ваеннай акругі. Улетку 1941 года трапіў у палон на тэрыторыі Беларусі. У кастрычніку збег з лагера, хаваўся ад акупантаў у глухіх вёсках. У той час ён змяніў сваё імя і прозвішча на Леаніда Сямёнавіча Бойку. 9 чэрвеня 1942 года ўступіў у партызанскі атрад «Разгром», які пачынаў баявую дзейнасць у Чэрвеньскім раёне. Там за год стварыў шэраг малюнкаў з жыцця партызан, партрэтную галерэю байцоў і камандзіраў. Апроч гэтага, мастак ілюстраваў рукапісныя часопісы, якія выпускаліся ў суседніх атрадах і брыгадах[2].

У чэрвені 1942 года ў Маскве пры ЦК КП(б)Б была створана камісія па гісторыі Айчыннай вайны, дзе пачалі збор матэрыялу пра партызанскую барацьбу, гераічныя подзвігі воінаў-беларусаў на франтах, працаўнікоў савецкага тылу. Адным з першых на заклік кіраўніцтва рэспублікі пра збор матэрыялаў адгукнуўся Леанід Бойка. У маі 1943 года камандаваннем атрада ў Маскву самалётам былі адпраўлены пасылкай яго працы. У суправаджальным лісце Бойка паведамляў[2]:

  Нягледзячы на цяжкія ўмовы, усе малюнкі і партрэты зроблены з натуры, праўдзіва і дакладна перадаюць асобныя моманты з нашага партызанскага жыцця. Некаторыя, паводле вашага меркавання, могуць быць выкарыстаны ў друку «Савецкай Беларусі», «Камсамольскай праўды» ці часопісах, а таксама ў аддзеле партызанскага руху музея Вялікай Айчыннай вайны.  

Па распараджэнні БШПР Леанід Бойка 12 чэрвеня 1943 года самалётам быў дастаўлены ў Маскву, дзе пачаў працаваць у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну»[2].

Пасля вызвалення Беларусі разам з рэдакцыяй пераехаў у Мінск. Член Беларускага саюза мастакоў з 1945 года. Працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», загадчыкам мастацкага аддзела рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», адначасова браў удзел у афармленні першай экспазіцыі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У той час Бойка перадаў музею 36 мастацкіх замалёвак, створаных у партызанскім атрадзе[2].

У 1954 годзе Бойка пераехаў у Кіеў, працаваў мастаком у рэдакцыі сатырычнага часопіса «Перець[uk]» і выдавецтве «Радянська Україна[uk]»[2].

У 1966 годзе органамі дзяржбяспекі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў КДБ Беларусі былі перададзены атрыманыя з ЧССР фотакопіі трафейных нямецкіх дакументаў, у якіх змяшчалася інфармацыя пра карную аперацыю супраць беларускіх партызан пад умоўнай назвай «Балотная ліхаманка», якая праходзіла ў жніўні-верасні 1942 года. У справаздачы пра яе згадвалася, што ў адным з партызанскіх лагераў у раёне Смалявічаў немцамі былі выяўлены 14 малюнкаў (зробленыя Бойкам), сярод якіх партрэты камісара і начальніка штаба партызанскага атрада. Па гэтых выявах яны нібыта былі апазнаны гітлераўцамі сярод захопленых партызан і расстраляныя. Былы партызанскі камісар І. Л. Сацункевіч быў запрошаны ў КДБ БССР, дзе даў тлумачэнні па гэтай гісторыі. Ён пацвердзіў, што сапраўды ў час баёў з карнікамі загінулі сем партызан з атрада «Разгром», але ніхто, уключаючы камісара, захоплены ў палон не быў, хоць лагер давялося пакінуць. Сацункевіч канстатаваў, што «прыведзеныя ў нямецкай справаздачы звесткі пра захоп і расстрэле партызанскіх кіраўнікоў з’яўляюцца выдуманымі». Ён растлумачыў, што ў 1942 годзе ў Маскву была паслана спецгруппа ў складзе чатырох партызан са справаздачай пра баявую дзейнасць атрада і з малюнкамі Бойкі для камісіі па гісторыі Айчыннай вайны. Два чалавекі з гэтай групы, у тым ліку і начальнік штаба атрада Мікалай Радзін, выйшлі за лінію фронту і вусна даклалі ў Беларускім штабе партызанскага руху пра дзейнасць атрада. Адначасова Радзін паведаміў, што пры руху па нямецкіх тылах іх група падверглася нападу, у выніку якога яны страцілі двух байцоў, у аднаго з якіх у той час знаходзілася справаздача і малюнкі. Не выключана, што гэтых партызан захапілі немцы, таму што іх лёс застаўся невядомым[2].

У канцы 1980-х гадоў Леанід Бойка з сям’ёй з’ехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Ізраіль[2].

Творчасць правіць

Працаваў пераважна ў сатырычнай графіцы. Удзельнічаў у выстаўцы «Баявое жыццё і побыт партызан», Масква (1943); экспанаваўся ў Берліне (1957). Асноўныя творы: карыкатуры і плакаты для газет і часопісаў, у тым ліку для «Перца» і «Савецкай Украіны» (1955), «Раздаваць фашысцкую гадзіну» (1943—1944); ілюстраваў шэраг кніг, у прыватнасці «Партызанскі край» В. Лівенцава (1951)[1].

У фондах музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны знаходзяцца 11 прац майстра, якія паступілі з камісіі, астатнія дагэтуль захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, як і фотакопіі, што паступілі ў 1966 годзе з Германіі[2].

Узнагароды правіць

За баявыя заслугі, мужнасць, праяўленую ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Леанід Бойка ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «Партызану Айчыннай вайны» 1 ступені і іншымі ўзнагародамі.

Зноскі

Спасылкі правіць