Ле́мнас (грэч. Λήμνος) — востраў у Эгейскім моры. Уваходзіць у склад Грэцыі. Агульная плошча - 477,27 км². Насельніцтва (2010 г.) - 17 545 чал.

Лемнас
грэч. Λήμνος
Узбярэжжа
Узбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча477,27 км²
Насельніцтва17 545 чал.
Шчыльнасць насельніцтва36,76 чал./км²
Размяшчэнне
39°55′ пн. ш. 25°15′ у. д.HGЯO
АкваторыяЭгейскае мора
Краіна
Лемнас (Грэцыя)
Лемнас
Лемнас
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Лемнас — восьмы па тэрыторыі востраў Грэцыі. Знаходзіцца ў Эгейскім моры ў 237 км на паўночны ўсход ад Афінаў і ў 1550 км на паўднёвы захад ад Мінска. Даўжыня — 30,4 км. Найбольшая шырыня — 29,5 км.

Востраў Лемнас мае вулканічнае паходжанне. Рэльеф даволі разнастайны. Большую частку паверхні займаюць пагоркі, аднак высокіх гор няма. Скальныя ўтварэнні сустракаюцца рэдка. Некаторым выключэннем з'яўляецца мясцовасць Фаракло на поўначы Лемнаса, дзе шмат вулканічных скал з незвычайнымі формамі. Паўночна-ўсходняя частка вострава — ахоўваемая тэрыторыя з водна-балотнымі ўгоддзямі (займаюць 2% паверхні), невялікімі азёрамі і пясчанымі выдмамі. Тут заўсёды шмат птушак, прычым увесну і ўвосень іх колькасць значна павялічваецца ў сувязі з сезоннымі міграцыямі. На ўзбярэжжы шмат пляжаў.

Ужо ў антычнасці зямля з Лемнаса лічылася гаючай. Даследаванне мясцовых глін паказала, што яны сапраўды ўтрымоўваюць рэдкія лекавыя элементы і могуць ужывацца ў фармацыі і парфумерыі.

Клімат міжземнаморскі ўмераны з мяккай зімой і цёплым летам. Сярэдняя тэмпература студзеня +7,5° C, ліпеня +25,5° C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў (звычайна ў выглядзе дажджу, але ў халодныя зімы бывае снег) — 474,4 мм.

Гісторыя правіць

 
Паліохні

Археалагічныя раскопкі паказалі, што Лемнас быў населены ўжо ў 12 тысячагоддзі да н. э. У раннім бронзавым веку востраў уваходзіў у зону распаўсюджання Кікладскай культуры. Выяўлены рэшткі першага ў Еўропе гарадскога паселішча Паліохні (3 тысячагоддзе да н. э.).

Старажытнагрэчаская міфалогія трывала звязвала Лемнас з дзейнасцю бога Гефеста. Згодна паданням, у старажытнасці яго насялялі фракійцы і пеласгі. У 1926 г. італьянскія археолагі шукалі на Лемнасе сляды ранняй тырсенскай культуры, але выявілі паселішча, якое належала мікенскай цывілізацыі ранняга жалезнага веку. У міфе пра арганаўтаў апавядаецца, быццам бы мясцовыя мужчыны ўпадабалі фракійскіх жанчын, за што былі забітыя сваімі жонкамі. Каб працягнуць свой род, жанчыны былі вымушаны звярнуцца да арганаўтаў. Мова карэнных лемнасцаў значна адрознівалася ад традыцыйнай грэчаскай, яе звычайна адносяць ці то да тырсенскай, ці то да пеласгічнай.

У першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. востраў быў населены іанійцамі з Атыкі. У VI ст. да н. э. яго заваявалі персы, а ў 510 г. да н. э. — Мільтыяд. Да другой паловы IV ст. да н. э. Лемнас кантралявалі афіняне, пасля чаго ён ўвайшоў у склад Македоніі, а ў 146 г. да н. э. — Рымскай дзяржавы. З 395 г. у складзе Візантыі.

У XIII ст. Лемнас быў падзелены паміж Лацінскай імперыяй і Венецыяй. У 1278 г. візантыйскі флот зноў захапіў востраў, але ўплыў венецыянцаў працягваўся яшчэ некалькі стагоддзяў. Гэта асабліва востра адчувалася ў XV - XVII стст., калі пасля заняпаду Візантыі Лемнас аспрэчвалі Венецыя і Асманская Порта. Канчаткова асманскія султаны далучылі востраў да сваіх валоданняў толькі ў 1657 г., але ў 1770 г. і 1806 - 1812 гг. на яго берагах або ў непасрэднай блізкасці дзейнічаў флот Расіі.

У 1912 г. Лемнас быў далучаны да Грэцыі. У гады I Сусветнай вайны ён выкарыстоўваўся як ваенная база брытанскіх узброеных сіл. У 1920 г. служыў часовым месцам эвакуацыі каля 18 тысяч казакаў з Крыма і Паўночнага Каўказа.

Эканоміка правіць

Усё насельніцтва Лемнаса жыве ў 32 вёсках. Асноўная галіна эканомікі — сельская гаспадарка. Лемнас славіцца вытворчасцю высакаякаснага віна і сыра. Дзейнічаюць марскі порт і аэрапорт. У апошнія дзесяцігоддзі паспяхова развіваецца турызм. З-за праблем з забеспячэннем працы назіраецца міграцыя мясцовага насельніцтва (асабліва моладзі) у іншыя рэгіёны Грэцыі і краіны ЕС.

Вядомыя асобы правіць

  • Філастрат Старэйшы (каля 190 г. — каля 230 г.) — грэчаскі эліністычны пісьменнік, прадстаўнік позняй («другой») сафістыкі.

Спасылкі правіць