Лепельская аперацыя
Лепельская аперацыя — аперацыя партызанскіх злучэнняў Віцебскай вобласці па разгрому буйных фашысцкіх гарнізонаў у тыле нямецкай 3-й танкавай арміі з мэтай дэзарганізаваць кіраванне і абарону праціўніка і адцягнуць частку яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага фронту (з 20 кастрычніка 1943 — 1-ы Прыбалтыйскі фронт). Праводзілася 19—22 кастрычніка 1943 па загаду начальніка ЦШПР П. К. Панамарэнкі ад 5 кастрычніка 1943 «Аб разгроме гарнізона праціўніка і захопе горада Лепель».
Перадумовы
правіцьДа ўдзелу ў аперацыі прыцягваліся Лепельская партызанская брыгада імя І. В. Сталіна, 2-я Ушацкая партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі, партызанская брыгада «Аляксея», Сенненская партызанская брыгада, Партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь», 1-я партызанская брыгада імя К. С. Заслонава, партызанская брыгада імя В. І. Чапаева, Лёзненская партызанская брыгада, Чашніцкая партызанская брыгада «Дубава» і Смаленскі партызанскі полк. Фактычна ў аперацыі прынялі ўдзел больш за 20 партызанскіх брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абласцей. Агульнае камандаванне аб’яднанымі партызанскімі фарміраваннямі ажыццяўляў сакратар Чашніцкага падпольнага РК КП(б)Б Ф. Ф. Дуброўскі. У адпаведнасці з указаннямі ЦК КП(б)Б і ЦШПР была пастаўлена задача адначасовым ударам разграміць гарнізоны ў Лепелі, Чашніках, Камені, Бачэйкаве, захапіць і ўтрымліваць гэтыя пункты ў мэтах садзеяння наступленню Чырвонай Арміі. Трэба было таксама паралізаваць камунікацыі, якія звязвалі Лепель з Барысавам, Оршай, Віцебскам, станцыяй Лоўша і поўнасцю ачысціць раён ад акупантаў, папярэдзіць раптоўным ударам чарговую буйную карную аперацыю, якая тут рыхтавалася. Канкрэтны план дзеянняў быў прыняты 16 кастрычніка на нарадзе камандзіраў, камісараў, начальнікаў штабоў злучэнняў у вёсцы Валосавічы. Галоўны ўдар па Лепелі, ключавой апорнай базе нямецкай 3-й танкавай арміі, наносілі брыгады Лепельская імя Сталіна, Чашніцкая «Дубава», 2-я Ушацкая імя Панамарэнкі, Сенненская і імя Чапаева. Скаваць праціўніка ў Чашніках павінны былі Смаленскі партызанскі полк, 1-я Віцебская, 1-я імя Заслонава і Лёзненская партызанскія брыгады. Разгром гарнізонаў у вёсцы Камень і вёсцы Бачэйкава даручаўся брыгадам «Аляксея», «За Савецкую Беларусь», 2-й партызанскай брыгадзе імя К. С. Заслонава. Для кругавога прыкрыцця флангаў і тылоў ударных брыгад да аперацыі былі прыцягнуты 1-я Беларуская партызанская брыгада, 1-я Смаленская партызанская брыгада, партызанская брыгада М. П. Гудкова, партызанская брыгада «Граза» (з боку Барысава, Халопеніч, Талачына), партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава і партызанская брыгада імя С. М. Кароткіна (з боку Полацка, Ветрына). З усходу і паўночнага ўсходу ад гарнізонаў Улы, Сянно, Бешанковіч ударную лепельскую групоўку прыкрывалі 16-я Смаленская партызанская брыгада, 2-я Беларуская партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі, партызанская брыгада імя У. І. Леніна, Багушэўская партызанская брыгада (2-га складу).
Баявыя дзеянні
правіцьДа 22 кастрычніка партызаны вялі баі з большымі сіламі праціўніка. Лепель двойчы пераходзіў з рук у рукі, за вёску Бачэйкава баі ішлі 4 сутак, у Чашніках ішлі баі амаль 3 сутак. Поўнасцю былі разбіты 9 нямецкіх гарнізонаў (у вёсках Камень, Пачаевічы, Дзямідавічы, Дуброва, Слабодка, Забаенне, Варкі і іншых). 22 кастрычніка брыгады пачалі адыход з раёнаў непасрэднага баявога сутыкнення з праціўнікам і перанеслі галоўны напрамак удараў на камунікацыі праціўніка. У час аперацыі партызаны забілі і паранілі больш за 600 гітлераўцаў, падбілі 5 танкаў, захапілі і знішчылі 37 аўтамашын, спалілі склады са зброяй, боепрыпасамі, абмундзіраваннем і прадуктамі, разбурылі 139 дзотаў, захапілі 39 кулямётаў, 13 мінамётаў, 278 вінтовак і інш. Мясцовыя жыхары капалі процітанкавыя равы, рабілі завалы на дарогах, разбуралі дарогі, па якіх акружаным нямецкім гарнізонам дасылалася падмацаванне.
Наступствы
правіцьУ выніку Лепельскай аперацыі была сарвана буйная нямецкая карная аперацыя, значна пашырана партызанская зона паміж рэкамі Бярэзіна, Заходняя Дзвіна і возерам Лукомскае. Камандаванне 3-й танкавай арміяй было вымушана адвесці з фронту сілы для абароны сваіх камунікацый у раёне Лепеля.
Літаратура
правіць- У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.