Лесастэп
Лесастэпавыя зоны — прыродныя зоны сушы, у натуральных ландшафтах якіх лясная расліннасць чаргуецца са стэпавай. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар'я і субтрапічных паясах Паўночнага і Паўднёвага паўшар'яў.
Ва ўмераным поясе лесастэпавыя зоны займаюць найбольшую плошчы на тэрыторыі Еўразіі, дзе выцягнуты суцэльнай паласой ад перадгор'яў Карпат да Алтая. Акрамя таго, ўчасткі лесастэпу знаходзяцца ў межах Сярэднедунайскай раўніны, шэрагу міжгорных ўпадзін Паўднёвай Сібіры, ў Манголіі і на Далёкім Усходзе, а таксама займаюць частку раўніны Сунляа на паўночным усходзе Кітая. У Паўночнай Амерыцы лесастэпы займаюць значныя тэрыторыі ўздоўж Скалістых гор, распасціраюцца з поўначы на поўдзень, праз Вялікія раўніны, да 38° пн. ш.
Для лесастэпу характэрна складанае чаргаванне на водападзелах масіваў лісцёвых лясоў (радзей хваёвых лясоў) з участкамі разнатраўных стэпаў. Паводле характару расліннасці лесастэпы падзяляюцца на шыракалістыя, хвойна-драбналістыя і прэрыі (на тэрыторыі Амерыкі). Лясы ў лесастэпах Еўразіі прадстаўлены шыракалістымі лясамі на Украіне, бярозавымі колкамі ў Заходняй Сібіры, лістоўнічнымі лясамі — ва Усходняй Сібіры; стэпы адносяцца пераважна да разнатраўных стэпаў (разнатраўе і карэнішчавыя злакі). Клімат умерана кантынентальны са снежнай халоднай зімой і цёплым, адносна вільготным летам. Радыяцыйны баланс 420—545 кДж/см² за год. Сярэднія тэмпературы студзеня -5 °С, месцамі ніжэй, ліпеня 18— 25 °С. Аладкаў 400—1000 мм за год. Глебы шэрыя лясныя і чарназёмы (ападзоленыя, вышчалачаныя і тыповыя).
Для жывёльнага свету еўрапейскага лесастэпу характэрны вавёрка, заяц, вялікі тушканчык, рабы суслік, для сібірскай — суслікі і хамякі, для амерыканскай — лугавыя сабачкі, мышападобныя грызуны, зайцы, суркі, грымучыя змеі. Вялікая частка тэрыторыі пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.
У субтрапічным поясе лесастэпавыя зоны развіты пераважна ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, часткова на паўднёвым усходзе Афрыкі, у Азіі, у Аўстраліі. Клімат субтрапічны, мусонны, з цёплай зімой і гарачым летам. Радыяцыйны баланс 210—250 кДж/см² за год. Сярэднямесячныя тэмпературы 4—24 °С. Вегетацыя раслін працягваецца круглы год, але замаруджваецца ў сухія перыяды. Ападкаў 600—1200 мм (у мусонных абласцях) за год. Глебы чарназёмападобныя і чырванавата-чорныя, маюць высокую ўрадлівасць. Расліннасць субтрапічных саваннаў і прэрый — высакатраўная (пераважна злакавая і злакава-разнатраўная) у спалучэнні з хмызняковымі зараснікамі, рэдкалессем і асобнымі дрэвамі. У жывёльным свеце пераважаюць стэпавыя або саванныя віды.
Тэрыторыя характарызуецца высокім сельскагаспадарчым асваеннем. Вядзецца пашавая жывёлагадоўля. У асобных месцах антрапагеннае ўздзеянне на ландшафт прыводзіць да апустыньвання і іншых негатыўных з'яў.
Літаратура
правіць- Аношка В. Лесастэпавыя зоны // БЭ ў 18 т. Т. 9. Мн., 1999.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лесастэп