Леў Якаўлевіч Зевін
Зевін Леў Якаўлевіч (6 (19) снежня 1903, Віцебск — снежань 1941 ці сакавік 1942) — беларускі і савецкі жывапісец, графік, мастак тэатра і ілюстратар яўрэйскага паходжання.
Леў Якаўлевіч Зевін | |
---|---|
Дата нараджэння | 6 (19) снежня 1903 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | сакавік 1942 (38 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | графіка і жывапіс |
Вучоба | |
Заступнікі | Роберт Рафаілавіч Фальк |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 6 (19) снежня 1903 у Віцебску ў сям’і рамесніка. У 1917—1918 гг. вучыўся ў віцебскай прыватнай Школе малявання і жывапісу Юдэля Пэна, адначасова працуючы ў Віцебскіх оптыка-механічных майстэрнях Зеліга[1]. У 1919 годзе працягнуў навучанне ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы ў майстэрні Марка Шагала, дзе, на думку Казіміра Малевіча, Леў Зевін «…свае жывапісныя працы вырабляў пад уплывам Пікаса». Паспеў паспрабаваць сябе ў кубізме[2][3].
У 1920 годзе Леў Зевін перайшоў у майстэрню Казіміра Малевіча і Веры Ермалаевай («са з'яўленнем майго метаду Зевін быў вымушаны працягваць пазнаванне кубізму»)[2], а ў 1921 годзе ў так званую «сезанаўскую майстэрню» Роберта Фалька («пасля гэтага было рашэнне Зевіна вярнуцца да жывапісу, і, вядома ж, прынцып Сезана быў асновай усёй дзейнасці яго настаўніка Фалька...»)[2]. Быўшы вучнем непадобных майстроў, здолеў знайсці свой уласны стыль. У яго творчай манеры асэнсаваныя і злучаны рысы мастацкіх кірункаў канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Мастацтвазнаўвец Аляксандр Ром так пісаў пра мастака: «Спагадны, душэўны, знешне сціплы чалавек з музычнай душой, ён выказаў без астатку ў жывапісу прывабныя рысы сваёй лірычнай натуры»[4]
У 1918—1920 гадах разам з іншымі мастакамі займаўся святочным афармленнем Віцебска. У 1919 годзе ўдзельнічаў у 1-й Дзяржаўнай выстаўцы карцін віцебскіх і маскоўскіх мастакоў (Віцебск). У 1920 годзе быў членам Дзяржаўнай дэкаратыўна-мастацкай майстэрні пры Віцебскім ГубАНА. На 2-й справаздачнай выстаўцы віцебскіх свабодных мастацкіх майстэрняў (1920) быў сярод групы мастакоў, прэміраваных за найлепшыя творы[5]. Разам з Эфраімам Валхонскім і Міхаілам Куніным арганізаваў «Групу трох», якая ў маі 1920 года адкрыла выстаўку ў клубе Саюза работнікаў мастацтва ў Віцебску. Крытык Абрам Ром адзначаў творы Зевіна ў віцебскай прэсе: «Ужо цяпер ягоныя яшчэ няспелыя творы паказалі нам пэўныя дасягненні ў колеры, канструкцыі форм, жывапіснай фактуры. У яго найбольш удалых кампазіцыйных вопытах (карціны "Купальшчыцы" і "У доме"), пры ўсёй непазбежнай блізкасці да Сезана і Пікаса, адчуваецца пэўная мастацкая індывідуальнасць з асаблівай экспрэсіўнасцю ды творчымі заданнямі, якія ўласцівы менавіта ёй»[5]. У лістападзе 1920 года быў сябрам групы УНОВИС.
У канцы 1921 года паехаў у Маскву ўслед за Р. Фалькам. Вучыўся ў маскоўскім ВХУТЕМАСе (1921—1925). Па заканчэнні станкавага аддзялення па майстэрні Р. Фалька у 1925 годзе за дыпломную работу «Рабочая сям’я» Л. Зевіну была нададзена найвышэйшая ўзнагарода — паездка за мяжу на чатыры гады, але праз адсутнасць грошай яна не адбылася. Працягнуў вучобу ў аспірантуры ВХУТЕМАС — ВХУТЕИНа (1926—1929, асістэнт Р. Фалька).
Браў удзел у Першай (1925), Другой (1927), Трэцяй (1929) і Чацвёртай (1931) Усебеларускіх выстаўках. У 1934 годзе прыняў удзел у юбілейнай выстаўцы «Мастакі БССР за 15 гадоў». Апошняя выстаўка ў Беларусі, у якой паспеў узяць удзел — Усебеларуская выстаўка выяўленчага мастацтва (1940)[5]. Сябра і экспанент аб’яднанняў: ВОХ (1927—1930), РОМБ (1930—1932, сябра-заснавальнік), РОСТ (1928—1929), група «13» (1929), сябра ОСТ (1929—1931).[3]
У 1930 годзе камандзіраваны Народным камісарыятам асветы РСФСР у камуну «Войа Нова» у Крыме разам з М. Горшманам, М. Аксельродам, Л. Жалткевіч. У 1930 годзе па заданні «Всекохудожника» адбылася яго творчая паездка ў калгасы Херсоншчыны. У 1935 годзе Таварыствам землеўпарадкавання яўрэйскіх працоўных (ОЗЕТ) разам з групай маладых мастакоў (М. Аксельрод, Р. Гершанік, М. Горшман, І. Зусман, Б. Разенбліт і іншымі) камандзіраваны ў Бірабіджан. З 1932 года — сябра МОССХ.
Ілюстраваў і аформіў рад кніг: «Жаўтаротыя» Н. Кальмы (1931), «Гарніст» М. Святлова (1931) і іншых. Афармляў спектаклі «Замежная калегія» паводле п’есы Л. Славіна (1932), «Скарб Напалеона» А. Айзенберга паводле п’есы Шолам-Алейхема «Голбгребер» (1935) (абодва — у Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР, Менск), у тэатрах Масквы, Адэсы (там у 1935 годзе быў адноўлены «Скарб Напалеона»), Бірабіджана (1930-я).
У 1936—1940 гадах выкладаў у Маскоўскім абласным мастацкім тэхнікуме. Працаваў паводле дамоў з «Всекохудожником».
У канцы 1930-х гг. Леў Зевін уваходзіў у мастацкае аб’яднанне «Група пяці» разам з мастакамі Львом Аронавым, Аронам Ржэзнікавым, Міхаілам Дабрасердавым і Абрамам Пейсахавічам[6]. Восенню 1940 года ў Маскве адбылася выстаўка «Групы пяці».
6 ліпеня 1941 года Зевін у радах апалчэння сышоў на фронт Другой сусветнай вайны. Са снежня 1941 года лічыўся зніклым без вестак, паводле іншых звестак, не пацверджаных дакументальна — у сакавіку 1942 года загінуў на фронце пад Вязьмай.
Выстаўкі:
- «Група пяці: страты і адкрыцці. Леў Аронпў, Міхаіл Дабрасердаў, Леў Зеаін, Абрам Пейсахавіч, Арон Ржэзнікаў.» Галерэя «Адкрыты клуб» 2016.[7]
- «Мясницкая, 21. Скрыжаванні лёсаў.» 2016—2017.
Галерэя
правіць-
Вечаровае сонца. Эцюд. 1939. Палатно, масла, 29х40. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
-
Дворык. 1940. Кардон, масла, 19×24,4. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Зноскі
- ↑ Энциклопедия русского авангарда: Изобразительное искусство. Архитектура / Авторы-составители В. И. Ракитин, А. Д. Сарабьянов; Научный редактор А. Д. Сарабьянов. — М.: RA, Global Expert & Service Team, 2013. — Т. 1: Биографии. А—К. — 528 с. — 2500 экз. — ISBN 978-5-902801-10-8.
- ↑ а б в Малевич, Казимир Северинович. Лев Яковлевич Зевин. — В: Записная книжка III. 1924» // Союз московских архитекторов : Рукопись. — 1924. — № 32. — С. 1. — 2 с.
- ↑ а б Тренихин М. М. Поэтика одухотворённой артистической личности: портреты кисти Льва Зевина. — В: Вестник славянских культур // Государственная академия славянской культуры : PDF. — М., 2011. — Т. XXI, № 3. — С. 111–118.
- ↑ Ромм А. Г. Лев Зевин. — В: Сборник статей о еврейских художниках // Астрея. — М., 2005. — С. 126. — 224 с.
- ↑ а б в Крэпак Б. Леў Зевін. "Я убит подо Ржевом" // Вяртанне імёнаў. Кніга ІІ. Мінск: Мастацкая літаратура, 2014. С. 296-309.
- ↑ Аневский, Александр. Лев Ильич Аронов . «Группа людей» (27 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 1 жніўня 2021. Праверана 1 жніўня 2021.
- ↑ Аневский, Александр. Группа Пяти: Утраты и открытия. Лев Аронов, Михаил Добросердов, Лев Зевин, Абрам Пейсахович, Арон Ржезников . Открытый клуб (14 студзеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 1 жніўня 2021. Праверана 1 жніўня 2021.
Спасылкі
правіцьЛеў Якаўлевіч Зевін на Вікісховішчы |