Бітва пад Лоевам (1649)

(Пасля перасылкі з Лоеўская бітва, 1649)

Бітва пад Лоевам (31 ліпеня 1649) — бітва, якая адбылася пад Лоевам у час казацкай вайны. Войска Рэчы Паспалітай перамагло (разграміла) казацкае.

Бітва пад Лоевам
Праціўнікі
Рэч Паспалітая
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Бітва пад Лоевам. Медзярыт, 1720 год

Колькасць і склад войскаў правіць

Войска РП пад кіраўніцтвам польнага гетмана ВКЛ Януша Радзівіла, паводле розных даследчыкаў, налічвала 6 965[1] або 7 301[2] чалавек. Паўстанцкае войска вёў наказны казацкі гетман. З-за адсутнасці пісьмовых крыніц немагчыма дакладна вызначыць колькасць казацкага войска. Але прыблізна яно мела не менш як трохразовую перавагу па колькасці, але горшую падрыхтоўку і ўзбраенне (Кіеўскі, Чарнобыльскі і Оўруцкі палкі кавалерыі). Акрамя таго, раней у сутоках Дняпра і Сажа насупраць Лоева ўмацаваўся Чарнігаўскі полк пехоты С. Пабадайлы (прыкладна 6 тыс. чалавек).

Ход бітвы правіць

Януш Радзівіл асабіста сачыў за ўмацаваннем лагера, загадаў узвесці валы. Лагер акружылі чатырма радамі вазоў.

Калі першыя віжы заўважылі казакаў, літоўскі стражнік Рыгор Мірскі атрымаў загад рыхтаваць харугвы і выступаць. Сам Януш Радзівіл застаўся на перадполлі на ўмацаванні грэблі — галоўнай пераправы цераз Лоеўку.

Крычэўскі не паслухаўся волі казацкай старшыны і спадзяваўся знянацку разбіць стан Радзівілавага войска. А дзевятай з лясоў вылецела маланкай каля 10 000 казацкай конніцы. Але казакі не здолелі добра пашыхтавацца, мясцовасць вакол грэблі была забалочаная. Гэта стварыла цяжкасці.

Частка Кіеўскага палка наблізілася да грэблі. Але фронт наступлення быў вельмі вузкі. Казакі былі вымушаныя шыхтавацца глыбока. Большасць соцень проста не магла ўдзельнічаць у баі. Чарговыя аддзелы на полі толькі стварылі больш сумятні. Момант нечаканасці знік. Януш Радзівіл паспеў у апошнюю хвіліну забяспечыць абарону грэблі. Да падыходу галоўных сіл гэта мусілі рабіць харугва вугорскай пяхоты Яна Юшкевіча і харугва польская пяхоты Пятра Падлецкага (разам каля 400 чалавек). Пяхота з мушкетаў растраляла першыя рады. Атака казакаў захлынулася. Але яны здолелі адступіць.

Пакуль дым ад мушкетаў рассейваўся, бакі рыхтаваліся да далейшых дзеянняў.

Некалькі соцень Кіеўскага палка спешыліся і збіраліся выбіць радзівілаву пяхоту. Іншыя з рыдлёўкамі хацелі акапацца перад грэбляй, каб прыкрываць агнём. Але абаронцы грэблі ўдала контратакавалі і выбілі казакаў з перадполля. Пад мушкетным агнём на адкрытай мясцовасці казакі не здолелі прасунуцца далей.

У той час на дапамогу пяхоце падаспела прыдворная казацкая харугва Януша Радзівіла (каля 150 шабель на чале з Лукашам Хадаркоўскім) — элітны аддзел, ставіліся вышэй чым княжыя гусары. Князь Януш Радзівіл асабіста павёў сваіх жаўнераў. Блізка да непрыяцеля князь спыніўся, і далей Хадаркоўскі змёў лабавыя казацкія шыхты, якія пешкі змагаліся за грэблю, далей нанёс удар па харугвах Крычэўскага. З-за колькасці ворага, Хадаркоўскі быў вымушаны адступіць, але з мінімальнымі стратамі.

Такім чынам Януш Радзівіл затрымаў час і не даў казакам свабодна разгарнуцца на полі.

Далей Януш Радзівіл зрабіў рызыкоўны крок — за раку перабраліся роты гусараў і стаялі гатовыя атакаваць правы фланг непрыяцеля. Камандаваў гусарамі Павел Невяроўскі. Магчыма гэта былі роты Караля Глябовіча (150 дзід), Аляксандра Палубінскага (100 дзід), палавіна харугвы Януша Радзівіла (91 дзіда), палавіна харугвы Багуслава Радзівіла (75 дзід), рота Вінцэнта Гасеўскага (120 дзід). Разам 536 дзід, гэта значыць 480 гусараў. Януш Радзівіл прывёў на правы бок Лоеўкі астатнія тры аддзелы кавалерыі. З правага фланга казацкімі і драгунскімі харугвамі камандаваў стольнік ВКЛ Вінцэнт Гасеўскі.

Першымі рушылі ў атаку гусары. Яны разбілі дзідамі казацкія шыхты за грэбляй. А далей з шаблямі разбілі Кіеўскі полк. Усё правае крыло войска Крычэўскага ўроссып пахавалася ў лесе над Дняпром і пачало абстрэльваць гусараў. Гусарскія рады пачалі ламацца і адступаць. Відавочна не хапала сіл (600 супраць 4000—5000).

У гэты час у атаку пайшло правае крыло войска Януша Радзівіла. Казакі адступілі ў лясок, пачалі перастрэлку і зблыталі рады літоўцаў. Гасеўскі таксама быў вымушаны адступіць.

На гэты момант страты былі невялікія: крыху больш дзесяці забітых літоўцаў і некалькі дзясяткаў сярод казакаў.

Гусарскія роты на левым крыле, неразумна кінуўшыся ў пагоню малой жменяй супраць большай колькасці казакаў, занадта аддаліліся ад грэблі і адкрылі свой фланг. Крычэўскі, выдатны камандзір, увесь час кантраляваў ход бітвы. Ён заўважыў хібу гусарскіх шыхтоў і рушыў сваім левым флангам, каб абысці, акружыць і атакаваць іх ззаду.

У гэты час некалькі казацкіх соцень таемна сярод зарасніку і прыбярэжных балот каля Лоеўкі падкраліся блізка да пяхоты, што сцерагла грэблю. Апынуўшыся побач з літоўскімі пазіцыямі, казакі кінуліся з шаблямі на застаных знянацку пехацінцаў Падлецкага, тыя не здолелі ўжыць стрэльбы, аднак не саступілі. Разгарэўся зацяты рукапашны бой. Казакі пачалі перамагаць, але на дапамогу падаспеў Рэйнгальд Тызенгаўз з нямецкай пяхотай і Нольдэ з драгунамі літоўскага стольніка Вінцэнта Гасеўскага. Казакаў адкінулі і абаранілі пераход цераз грэблю.

Аднак атака левага казацкага крыла на адкрыты фланг гусараў мела поспех і прывяла да крызісу ў бітве. Адначасова запарожцы Крычэўскага селі на коней і атакавалі літвінаў спераду. Сіл у гусараў было занадта мала, каб даць адпор, ім прыйшлося адступаць.

Літоўская кавалерыя зведала вялікія страты ад казацкіх атак з усіх бакоў і адступала за Лоеўку.

Літоўскае войска было разагнана. Януш Радзівіл збіраўся атабарыцца і адступаць, абараняючыся, да Рэчыцы. Выглядала так, быццам ён прайграў бітву.

Але нечакана ў тыл казакам ударылі аддзелы С. Камароўскага і А. Паўловіча (1200 коннікаў), якія вярталіся з дазору з-пад Брагіна. Казацке войска было рассечана. Левае крыло разбіта. Правае на чале з Крычэўскім з боем адышло ў лес, спусцілася ў даліну Дняпра і замацавалася.

Скарыстаўшыся адыходам Крычэўскага, Радзівіл разбіў казакоў Пабадайлы, што перапраўляліся на правы бераг Дняпра. Потым Радзівіл атакаваў казацкі абоз і пяхоту. Крычэўскі выслаў на дапамогу коннікаў, але тыя вымушаныя былі адступіць.

У канцы дня войска РП тройчы спрабавала штурмаваць лагер казакаў, але са стратамі вымушана было адступіць на ноч у свой лагер. Скарыстаўшыся тым, рэшта казацкага войска адступіла на Чарнігаў і Кіеў.

Вынік правіць

Казакі пацярпелі цяжкае паражэнне. Страцілі больш за 10 тыс. чалавек. Крычэўскі, цяжка паранены і пакінуты казакамі каля лагера, трапіў у палон і неўзабаве памёр. Урадавае войска таксама панесла значныя страты. Каля 1700 шляхты і наёмнікаў палегла. Радзівіл адышоў да Рэчыцы. Такім чынам, не атрымалася нанесці ўдар у тыл асноўнаму войску Хмяльніцкага.

Зноскі

  1. Сагановіч. Войска… С.55.
  2. Энцыклапецыя ВКЛ

Літаратура правіць

Спасылкі правіць