Лукомскае княства

Лукомскае княства — феадальнае ўладанне на землях вакол Лукомскага возера. Цэнтр — Лукомль.

На думку археолага Леаніда Аляксеева, Лукомскае княства магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў XII—XIII стст., але ў тагачасных крыніцах ніводны князь не названы яго ўладальнікам.

Па іншай версіі, Лукомскае княства ўтварылася ў сярэдзіне — другой палове XIV ст., на землях падаравана кімсьці з вялікіх князёў літоўскіх невядомаму заснавальніку роду князёў Лукомскіх. Пра гэта, аднак, таксама няма крыніц.

Пэўна вядома, што ў другой трэці XV ст. значная частка Лукомскага княства была ўжо ў руках вялікага князя літоўскага. Так магло стацца або пасля згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі ўладанняў князёў Лукомскіх за падтрымку князя Свідрыгайлы падчас яго барацьбы за ўладу з Жыгімонтам Кейстутавічам. Аднак, пра гэта таксама няма крыніц.

У другой трэці XV ст. з часткі Лукомскага княства, якая аказалася ў руках вялікага князя літоўскага, нададзены асобныя маёнткі шэрагу феадалаў — паны Саковічы атрымалі Улу (каля Чашнікаў), Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх.

Іншая частка Лукомскага княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Меляшковічы, Шчыдуты, Пірошыцы і іншымі заставалася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі княства раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў XVI ст.

Літаратура

правіць