Луцыя Балзукевіч

Луцыя Балзукевіч (польск.: Łucja Bałzukiewicz, 13 снежня 1887, Вільня — 11 мая 1976, Люблін) — польскі мастак з вядомай дынастыі. Дачка скульптара Вінцэнта Балзукевіча, сястра мастакоў Баляслава і Юзафа Балзукевічаў.

Луцыя Балзукевіч
польск.: Łucja Bałzukiewicz
Фатаграфія
Імя пры нараджэнні польск.: Łucja Bałzukiewicz
Дата нараджэння 13 снежня 1887(1887-12-13)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 мая 1976(1976-05-11) (88 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Вінцэнты Балзукевіч
Род дзейнасці мастачка
Месца працы
Жанр пейзаж, нацюрморт, партрэт, рэлігійны жывапіс
Вучоба Віленская мастацкая школа
Член у
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Першапачатковую мастацкую адукацыю атрымала ў скульптурнай майстэрні свайго бацькі. У 1906 годзе стала наведваць віленскую Школу малюнка, якой у той час кіраваў Іван Рыбакоў, выхаванец Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, аўтар вядомых у Вільні рэалістычных пейзажаў. Пасля рэформы Школы, да якой прычыніўся Юзаф Мантвіл, у ёй, як і раней, у першыя тры гады выкладалі тэорыю перспектывы, гісторыю мастацтва і анатомію, а ў дададзены чацвёрты год навучання праходзілі спецыялізацыю — рысунак з натуры, акварэль і алейны жывапіс, скульптуру, архітэктурную графіку, тэхнічны чарцёж, роспіс па дрэве і парцаляне. Школа рыхтавала як рамеснікаў, так і мастакоў. У Школе працаваў выкладчыкам брат Луцыі Юзаф. З 1904 годзе у Школе дазволілі выкладанне на польскай мове, што садзейнічала прытоку мясцовых маладых талентаў, якіх штогод навучалася каля 360.

У 1907—1909 жыла у Парыжы, вывучала жывапіс у Вольгі Базнаньскай, прадстаўніцы «Mіodej Polski» і Анры Мартэна (1860—1943). У Парыжы Луцыя займалася капірваннем твораў старых майстроў з экспазіцыі Луўра, працавала ў майстэрні, назірала за працаю старэйшых калегаў і мэтраў, наведвала мастацкія выстаўкі, круцілася ў колах шматлікай парыжскай калоніі выхадцаў з земляў былой Рэчы Паспалітай.

З 1909 па 1946 гады яна жыла ў Вільні, працавала настаўнікам малявання ў гімназіі Лялевеля. У 1919 годзе наведвала Кракаў і Закапанэ. З 1946 года пераехала жыць у Люблін.

У пасляваенны перыяд рабіла, у асноўным, афарбаваныя рэлігійныя роспісы для многіх касцёлаў у Любліне. Таксама пісала пейзажы, нацюрморты і партрэты. З 1967 года была членам Таварыства заахвочвання кансерватыўных мастакоў. У 1962 і 1970 гадах у Любліне адбыліся дзве персанальныя выстаўкі Луцыі Балзукевіч.

Адзінкавыя творы, захаваныя з даваеннага перыяду, захоўваюцца нашчадкамі ў Варшаве і ў музейных зборах Вільні, Варшавы і Коўна, а таксама ў касцёлах Гродна.

Творчасць

правіць

Луцыя Балзукевіч працавала ў жанрах партрэта і пейзажа, кветкавым нацюрморце, пісала інтэр’еры архітэктурных помнікаў, займалася рэлігійным жывапісам. З 1911 яе творы пачалі экспанаваць у Вільні. У 1914 годзе Луцыя прэзентавала свой жывапіс у Варшаве, у вядомым мастацкім салоне Фелікса Рыхлінга. У міжваенны перыяд у Вільні яна ўдзельнічала ў вядомай выставе мастацтва і рамёстваў 1924 года, дзе экспанаваліся чатыры яе карціны, і выставе віленскіх мастакоў 1931 года, на экспанавалася восем яе твораў.

«Помнік Тызенгаўзу ў фарным касцёле ў Гродне»

правіць
 
«Помнік Тызенгаўзу ў фарным касцёле ў Гродне», 1913.

Сярод архітэктурных інтэр’ераў Луцыі Балзукевіч ёсць напісаны ў 1913 годзе «Помнік Тызенгаўзу ў фарным касцёле ў Гродне», які сведчыць пра наведванне гэтага месца. Даследчык творчасці мастака, мастацтвазнаўца Наталля Маліноўская-Франке так апісвае твор:

Помнік напісан у рэалістычнай манеры на палатне памерам 55 х 35 см. Уражанне манументальнага, буйнапамернага твора дасягаецца кампазіцыйнай пабудовай, у якой цэнтральнае месца адводзіцца выцягнутаму па вертыкалі помніку, прыбудаванаму да канструктыўнай апоры скляпення, што падзяляе ўнутраную прастору касцёла на цэнтральную і бакавую навы. Святло, што падае на помнік злева, высвечвае і падкрэслівае аб’ём мармуровай жаночай постаці і барэльефныя часткі абеліска. Больш асветленыя прасторы наваў па баках помніка паглыбляюць прастору карціны і падкрэсліваюць яе манументальнасць. Падобны эфект ствараюць і дзве прыступкі перад абеліскам, на гарызанталях якіх разліваецца святло з вокнаў бакавой навы. Колеравая гама карціны цёплая, стрыманая, пабудаваная з адценняў карычневага, ажыўленая дробнай жывапіснай прапрацоўкай асобных элементаў. Заўважная адсутнасць дэкаратыўнай каванай агароджы, да якой сёння ўсе прызвычаіліся і нават не ўяўляюць помнік без яе. Магчыма, агароджы яшчэ не было, а магчыма, мастак прыбрала яе са сваёй кампазіцыі для надання большай выразнасці і манументальнасці ўсяму твору.

Стылістыка

правіць

Творы Луцыі Балзукевіч належаць розным напрамкам жывапісу. Сустракаюцца творы з мадэрністычнай дэкаратыўнасцю («Падворак. Жанчына, якая корміць птушак»), і сімвалічныя сваім містычным настроем інтэр’еры касцёлаў («Помнік Тызенгаўзу ў фарным касцёле ў Гродне», «Сакрыстыя ў касцёле бэрнардынаў у Вільні»), вытанчаны па малюнку і каларыце сецэсійны абраз «Святы Губерт» і рэалістычныя партрэты Антонія Вівульскага і Вінцэнта Сляндзінскага. Агульны рэалістычны падыход да трактоўкі вобраза Сляндзінскага, які напісан у 1913 годзе «акутваецца рухомай аўрай светлавых плямаў на твары, валасах, адзенні і фоне, што надае вобразу таямніцу і рамантычны настрой»[1].

 
«Падворак. Жанчына, якая корміць птушак», да 1910 г. Мастацкі музей імя М. Чурлёніса. Каўнас.

«Падворак. Жанчына, якая корміць птушак»

правіць

Каля 1910 года Луцыя Балзукевіч напісала жанравую карціну «Падворак. Жанчына, якая корміць птушак». Мастацтвазнаўца Наталля Маліноўская-Франке так аналізуе твор:

У карціне гучаць каларыстычныя водгукі твораў вельмі папулярных у тыя часы на Гродзеншчыне і Віленшчыне мастакоў В. Вайса «Макі» і Генрыха Вейсенгофа «Поле макаў»: сіне-зялёная колеравая гама з дадаткам сонечнай жоўтай і яркай чырванню кветкаў мальвы. У Балзукевічавай амаль цэнтрычнай кампазіцыі, што разгортваецца вакол часткова спілаванага дрэва, на якім месціцца галубятня, пануе рух сярод стлумленых птушак, нахіленай постаці жанчыны, спалоханых, у палёце, галубоў і перакрыжаваных лініяў цэнтра кампазіцыі, створаных актыўнай дыяганаллю драбіны, прысунутай да галубятні, і сцежкі, лінія якой скіравана ў іншы бок. Пры гэтым дынаміка твора ўспрымаецца жывой, але не экспрэсіўнай. Дзякуючы плаўным лініям сцежкі, лёгка і мякка скрыўленаму плоту, ледзьве заўважнай дэфармацыі ў абрысах сонечнай драўлянай хаты пад старою пацямнелаю страхою. У гэтым творы банальны сюжэт праз сакавіты каларыт і арыгінальна пабудаваную дынамічную кампазіцыю стварае небанальны настрой.

Абраз «Святы Губерт»

правіць

Выяўлен даследчыкамі ў 1994 годзе ў Касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Гродзенскай вобласці (вёска Новы Двор). Абраз быў напісаны Луцыяй Балзукевіч у яе майстэрні на вуліцы Замкавай у Вільні ў 1934 годзе. Ён заключаны ў дэкаратыўную разьбяную дубовую раму з выявамі лістоў дуба і жалудоў. Святы Губерт — заступнік паляўнічых і горада Гродна, а выява аленя з залатым крыжам паміж рагамі пераўтварылася ў геральдычны сімвал Гродна.

Наталля Маліноўская-Франке так апісвае гэты твор:

 
Абраз «Святы Губерт», 1934, касцёл у вёсцы Новы Двор, Шчучынскі раён.

Сюжэт абраза звязаны з цудам: Губерту падчас палявання з’яўляецца алень з залатым крыжам паміж рагамі, што прымусіла разгульнага арыстакрата кардынальна перамяніцца ў глыбокаверуючага духоўнага чалавека, якога за хрысціянскае дабрадзейнае жыццё пазней прызналі святым. Абраз Балзукевіч перадае той момант, калі ўкленчаны перад аленем Губерт са здзіўленнем, разгубленасцю і хваляваннем углядаецца ў цудоўнага аленя з ззяючым паміж рагамі крыжам. У правай руцэ Губерта — дзіда, за плячыма — арбалет, паабапал яго — сабакі. Кампазіцыя вельмі лаканічная і вельмі дэкаратыўная. Зеленавата-сіняя, размытая шэрым, колеравая гама стварае выразны эфект позняга вечара, дамінуючая сецэсійная гнуткая лінія, плоскія колеравыя плямы, дэкаратыўная сцэнаграфія кампазіцыі нагадваюць вітражы Станіслава Выспяньскага і палотны іншых майстроў «Mіodej Polski». Бадай, гэта адзіны на Гродзеншчыне і на Беларусі захаваны твор Луцыі Балзукевіч, рэдкі абраз, стылістычна звязаны з мадэрнам, і самы прыгожы сецэсійны абраз, створаны, захаваны і вядомы ў нашай краіне. Відавочна, што «Святы Губерт» Луцыі Балзукевіч працягвае традыцыі ХІХ стагоддзя, калі практычна кожны майстар жывапісу, ад Францішка Смуглевіча да Казіміра Альхімовіча, працаваў у сакральным жывапісе, ствараючы абразы, у якіх адлюстроўваў духоўныя пошукі нашага народа і стылістычныя навацыі часу.

Зноскі

Спасылкі

правіць