Луіс Лікі
Луіс Сеймур Базет Лікі (англ.: Louis Seymour Bazett Leakey) (7 жніўня 1903, Кебетэ, каля Найробі, Кенія — 1 кастрычніка 1972) — англійскі археолаг і антраполаг, працы якога маюць вялікую каштоўнасць у вывучэнні развіцця эвалюцыянавання чалавека ў Афрыцы. Працаваў дырэктарам Інстытута антрапалогіі, гісторыі і старажытнай культуры ў Найробі (Кенія). У 1927—1929 гг. вёў раскопкі ў шматслойнай пячоры Гэмбл-2 і вызначыў адносную храналогію шэрагу ўсходнеафрыканскіх культур; у 1930 г. вывучаў неалітычную пячору Ньёра, з 1951 г. даследаваў наскальныя малюнкі ў Танганьіцы (Танзанія). У 1959—1960 гг. знайшоў у цясніне Алдувай рэшткі выкапнёвых прыматаў — зінджантрапа і прэзінджантрапа, а таксама чэрапа чалавека, падобнага да яванскага пітэкантрапа. Таксама ён адыграў значную ролю ў стварэнні арганізацый для наступных даследаванняў у Афрыцы і абароны яе дзікай прыроды. Паколькі ён быў галоўным ініцыятарам устанаўлення традыцый палеаантрапалагічнага даследавання, ён меў магчымасць схіляць наступныя пакаленні працягваць сваю справу, асабліва ўнутры сваёй уласнай сям’і, шмат хто з якой таксама сталі знакамітымі вучонымі. Цалкам падтрымліваў тэорыю эвалюцыйнага развіцця Чарльза Дарвіна і знайшоў пацвярджэнні дарвінаўскай гіпотэзы аб тым, што чалавек з’явіўся ў Афрыцы; у той жа час з’яўляўся набожным хрысціянінам.
Луіс Лікі | |
---|---|
Louis Seymour Bazett Leakey | |
Дата нараджэння | 7 жніўня 1903[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 кастрычніка 1972[1][2][…] (69 гадоў) |
Месца смерці |
|
Грамадзянства | |
Бацька | Harry Leakey[d][3] |
Маці | Mary Bazett[d][3] |
Жонка | Henrietta Leakey[d][4][5] і Мэры Лікі[5] |
Дзеці | Рычард Лікі[3], Philip Leakey[d][3], Jonathan Leakey[d][3], Priscilla Muthoni Avern Leakey[d][3] і Colin L. A. Leakey[d][3] |
Род дзейнасці | антраполаг, археолаг, даследчык дагістарычнай эпохі, аўтабіёграф, палеаантраполаг, палеантолаг, куратар |
Навуковая сфера | антрапалогія, археалогія |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Узнагароды |
медаль «Вегі»[d] (1963) Founder’s Medal[d] (1964) медаль Прэствіча[d] (1969) медаль Хабарда[d] (1962) Сіліманаўская лекцыя[d] (1963) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паходжанне
правіцьБацькі Луіса, Гары і Мэры Базэт Лікі (для сяброў — Мэй), былі місіянерамі Царквы Англіі ў брытанскай Усходняй Афрыцы (цяпер Кенія). Гары займаўся папярэдняй падрыхтоўкай месца для філіяла «Таварыства царкоўнай місіі» (Church Mission Society) на тэрыторыі народа кікую. Першым домам для Луіса стаў дом з земляной падлогай, саламяным дахам, напоўнены грызунамі і насякомымі, які не атопліваўся нічым, акрамя жароўні з вуглямі. У адным з намётаў місіянеры заснавалі бальніцу. Пазней была адкрытая жаночая школа для афрыканскіх жанчын. Гары працаваў над перакладам Бібліі на мову кікую.
У Луіса быў малодшы брат Дуглас і дзве старэйшыя сястры — Глэдзіс Лікі Бечэр і Джулія Лікі Барэм.
Палеаантрапалагічныя даследаванні
правіцьПачынаючы з 1930-х гадоў Луіс Лікі сумесна са сваёй жонкай Мэры Лікі займаўся даследаваннем плейстацэнавых кантынентальных адкладаў у раёне Алдувайскай цясніны.
Алдувайская цясніна — каньён глыбінёй да 90 м, які ўрэзаўся ў старажытнае рэчышча і за шмат тысячагоддзяў запоўніўся рачнымі наносамі, вулканічным попелам і іншымі адкладамі. У сценах гэтай цясніны вучоныя выявілі пяць слаёў, якія адносяцца да розных геалагічных эпох. Гэтыя пяць гарызонтаў чаргаваліся са слаямі вулканічнага туфу, дзякуючы чаму было магчыма надзейна датаваць знаходкі, што залягалі ў гэтых слаях.
За трыццаць гадоў раскопак і збораў было знойдзена шмат прымітыўных каменных прылад, муж і жонка выдатна вывучылі геалогію і стратыграфію цясніны, але толькі ў 1969 годзе яны нарэшце знайшлі рэшткі гамінідаў. Гэта быў чэрап аднаго з папярэднікаў сучаснага чалавека, якога першапачаткова Лікі назваў зінджантрапам. Праўда, пасля больш уважлівага вывучэння выявілася, што гэта яшчэ адна галіна роду аўстралапітэкавых, і зінджантрап быў перайменаваны ў Аўстралапітэка Бойса. Калій-аргонавы метад дазволіў вызначыць яго ўзрост: 1,8—1,6 млн гадоў.
У 1962 годзе Лікі знайшоў у Алдувайскай цясніне рэшткі чарапоў чатырох асобін, якія ўжо не былі аўстралапітэкамі (аб’ем мозгу 643 см³)[6], а відавочна належалі да роду Homo і атрымалі назву Чалавек умелы (Homo habilis). Пазней былі знойдзены іншыя рэшткі гамінідаў, узростам ад 500 тыс. гадоў да 1,8 млн гадоў.
У перыяд з 1935 па 1952 год на берагах возера Вікторыя Лікі знайшоў міяцэнавыя акамянеласці, у тым ліку рэшткі прымітыўных гамінідаў.
Разумеючы, што вывучэнне чалавекападобных малпаў можа дапамагчы адказаць на многія пытанні палеаантрапалогіі і эвалюцыі чалавека, Луіс Лікі шмат увагі ўдзяляў развіццю эталогіі прыматаў. Дзякуючы яго намаганням былі праведзены шматгадовыя ўнікальныя назіранні за жыццём чалавекападобных малпаў у дзікай прыродзе. Жыццё шымпанзэ ў Танзаніі вывучала Джэйн Морыс Гудал, горных гарылаў на мяжы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Руанды і Уганды — Даян Фосі, і арангутанаў на Барнэа — Біруце Галдзікас.
Памяць
правіцьУ 1976 годзе Міжнародны астранамічны саюз надаў імя Луіса Лікі кратару на Бачным баку Месяца.
Гл. таксама
правіць- Мэры Лікі — палеаантраполаг і археолаг, жонка і паплечніца Луіса Лікі
- Рычард Лікі — палеаантраполаг і палітык, сын Луіса і Мэры Лікі
- Міў Лікі — палеаантраполаг, жонка Рычарда Лікі
Працы
правіць- Leakey L.S.B. The stone age cultures of Kenya colony. — Camb., 1931.
- Leakey L.S.B. The stone age races of Kenya. — L., 1935.
- Leakey L.S.B. Stone age Africa. — L., 1936.
- Leakey L.S.B. Olduvai gorge. — Camb., 1951.
Зноскі
- ↑ а б Lundy D. R. Louis Seymour Bazett Leakey // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Louis Leakey // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г д е ё Lundy D. R. The Peerage
- ↑ various authors Dictionary of National Biography / L. Stephen, S. Lee — London: 1885.
- ↑ а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ Джохансон Д., Иди М. Люси. Истоки рода человеческого. М.: Мир, 1984.