Людамір Абрэмбскі

Людамір Абрэмбскі (каля 1820 — 1894) — шляхіц, гродзенскі чыноўнік, паўстанцкі касір Гродзенскага ваяводства.

Людамір Абрэмбскі
Нараджэнне каля 1820
Смерць 1894
Месца пахавання
Дзеці Максімільян Абрэмбскі

Біяграфія правіць

Паходзіў са шляхты Плоцкай губерні. Нарадзіўся ў мястэчку Дзярэчын на Слонімшчыне. Працаваў у губернскай палаце дзяржаўных маёмасцяў. Падчас паўстання стаў касірам гродзенскага ваяводства. На яго кватэры адбывалі сустрэчы паўстанцаў. Арыштаваны царскімі ўладамі быў высланы ў Сібір і вярнуўся адтуль толькі ў 1878 годзе. Увесь гэты час сям'я яго жыла ў вялікай нястачы.

Пасля вяртання з Сібіры Л. Абрэмбскі стаў блізкім сябрам Э. Ажэшкі, ездзіў разам з ёй у Міневічы. "Вярнуўся з Сібіры без сродкаў, сіл для працы і аднаго вока. Другое таксама бачыць вельмі слаба. Ён ужо амаль сляпы і аслеп бы цалкам, каб не знайшоў нас і мы яму не зэканомілі сіл на астатнія гады жыцця. Гэты чалавек — досыць высокі калісьці чыноўнік… да нас прытуліўся. У горадзе ён толькі начуе ў сына, увесь час праводзіць у нас, " — пісала пра яго пісьменніца.

Памёр Л. Абрэмбскі ў 1894 годзе. Э. Ажэшка сама склала эпітафію, якая выбітая на яго магіле: «Сэрцам чыстым і мужным лібіў зямлю і людзей, шанаваў справядлівасць і служыў няшчасцю. Няхай спачывае ў Богу, чые законы выконваў». Пахаваны на гродзенскіх Фарных могілках, што цяпер па вул. Антонава. Яго сын Максімільян Абрэмбскі быў сябрам Э.Ажэшкі, пабудаваў дом у Гродне, цяпер па адрасе вул. Ажэшка № 19 .

Зноскі

Літаратура правіць

  • Вашкевіч А. Адрасы паўстання 1863—1864 у Гародні і на Гарадзеншчыне. — Гродна: Гродзенская бібліятэка, 2013. — С. 6-7.