Лявоніха

парна-масавы беларускі народны танец

Лявоніха — народны парна-масавы беларускі танец, які выконваецца на мелодыю аднайменнай песні, якая пачынаецца са слоў «А Лявоніху Лявон палюбіў…». Таксама танец вядомы ў Польшчы[1]. Лявоніха шырока вядомая па ўсёй Беларусі[2].

Лявоніха

«Лявоніха» на паштовай марцы Беларусі
Кірунак: народны
Памер: 2/4
Тэмп: хуткі, жвавы
Гл. таксама:
«Жаніцьба Цярэшкі»

Харэаграфія правіць

Музыка танца народная, музычны памер 2/4.

Кампазіцыйна будуецца на нескладаных рухах, якія выконваюцца ў хуткім тэмпе. Рухі танцораў самыя розныя: дробат, галоп, прытупы, просты крок, падэбаск і г. д., яны часта суправаджаюцца плясканнем у далоні[2].

 
Нотны запіс мелодыі Лявоніхі

Лявоніха спаўняецца як у масавых, так і ў сольных варыянтах. У масавых варыянтах малюнкі самыя разнастайныя: круг, шэн, зорачкі, карона, варотцы, до-за-до, кружэнне ў парах пад рукі[3]. У некаторых рэгіёнах Лявоніха выконвалася, як сольны танец, калі выканаўцы па аднаму выходзілі ў сярэдзіну круга і паказвалі сваё майстэрства. Пры такім выкананні была дапушчальная вялікая доля імправізацыі[2][3].

На вяселлі «Лявоніха» была галоўным танцам, а на вячоркі выконвалася пасля «Лянцэя» і суправаджалася разнастайнымі жартаўлівымі прыпеўкамі, напрыклад:

А Лявоніха не ладна была,
Нямытую мне кашульку дала,
Нямытую, не качаную,
У суседа пазычаную.

Сцэнічныя варыянты правіць

У сцэнічных нацыянальных касцюмах, якія лягчэй і карацей традыцыйнай вопраткі Лявоніха выглядае яшчэ больш імклівай і жывой[4].

Арыгінальнае сцэнічнае рашэнне гэтага танцу знайшоў, напрыклад, балетмайстар В. Ямінскі. У пастаноўцы, ажыццёўленай ім у народным ансамблі танца, танчаць адны дзяўчыны, ствараючы атмасферу нязмушанай весялосці. Удала знойдзеныя тут выразныя сродкі, якія пераканаўча раскрываюць характар ​​і ўзаемаадносіны танцуючых[5].

К. А. Алексютовіч у сваіх пастаноўках узбагаціў малюнак Лявоніхі маляўнічымі ўзорамі. Кампазіцыя танца стала цікавей, багацей і разам з тым прасцей. Танец набыў сцэнічную форму.

На тэатральнай сцэне правіць

У балеце «Салавей» (пастаноўка А. Ермалаева) Лявоніха, якую паставіў К. Алексютовіч, была фінальнай сцэнай спектаклю. На дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1941 годзе фінальны танец балета танчыла адначасова 100 пар[6]. М. С. Галаванаў  (руск.) так ахарактарызаваў яго[7]:

  «Лявоніха», пастаўленая тав. Алексютовічам, можа быць аднесена да лепшых узораў нацыянальнага танцавальнага мастацтва  

Сцэнічную версію танца ставілі многія харэографы, у тым ліку Ларыса Ляшэнка[8].

Таксама «Лявоніха» выкарыстана ў балетах «Аповесць пра каханне», пастаноўка А. Ермалаева, «Князь-возера», пастаноўка К. Мулера.

У культуры правіць

 
Станіслаў Дзяканаў. «Лявоніха»

«Лявоніху» ў шэрагу найбольш распаўсюджаных на ігрышчах танцаў адзначаў у сваёй кнізе Е. Э. Сно[9]. А. Грыневіч адзначаў[10] іншыя назвы танца: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная».

Першая публікацыя танца «Лявоніха» была ў складзе музычнай камедыі «Тарас на Парнасе» кампазітара Іосіфа Шадурскага ў зборніку «С околиц Витебска», але на думку беларускага музыказнаўцы Б. С. Смольскага напеў Лявоніхі можа ўзыходзіць да далёкіх часоў мастацтва скамарохаў. Гэтая тэорыя пацвярджаецца даследаваннямі В. Цукермана  (руск.)[4].

А. Макаёнак напісаў твор «Лявоніха на арбіце».

Мелодыя «Лявоніхі» гучыць у 2-й частцы 9-й сімфоніі  (руск.) Людвіга Бетховена[11][12][13].

Назву 'Лявоніха' носіць сорт морквы[14], вяргіні.

Зноскі

  1. Энциклопедический музыкальный словарь М., 1959, с. 120
  2. а б в Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9. (бел.)
  3. а б Чурко Ю. М. Вянок беларускіх танцаў.- Мн.: Беларусь, 1994. — 88 с. ISBN 5-33801097-8
  4. а б Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышэйш. школа», 1978. 528 с. с ил.
  5. Лявониха и метелица — истоки белорусского танца Архівавана 31 студзеня 2012. (руск.)
  6. Через год была война(недаступная спасылка) (руск.)
  7. Голованов Н. С. Заметки о музыкальной культуре Белоруссии // «Советская Белоруссия». — 26 мая. — 1940.
  8. Ляшенко Лариса Дмитриевна (руск.)
  9. Сно Е. Э. В бототах Полесья. Белорусы. Спб., 1904 с. 15
  10. Праграма-інструкцыя для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці // / Апрац. А. Грыневічам. — №1. — Наш край, 1925. — С. 46..
  11. Скорабагатаў В. В. Зайгралі спадчынныя куранты: Цыкл нарысаў з гісторыі прафесіянальнай музычнай культуры Беларусі. Мн., 1998.
  12. Зміцер Сасноўскі. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКІХ МУЗЫЧНЫХ УПЛЫВАЎ Архівавана 29 лістапада 2016.
  13. А. Карповіч. 9-я сімфонія Бетховена // ЛіМ. 1939. 17 студз.
  14. ГОСУДАРСТВЕННЫЙ РЕЕСТР СОРТОВ (руск.)

Літаратура правіць

  • Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с. с ил.

Спасылкі правіць