Ляхаўка (Мінск)
Ля́хаўка, Ля́хаўскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў паўднёвай частцы горада. Падзяляўся на Верхнюю Ляхаўку (трохвугольнік паміж цяперашнімі вуліцамі Свярдлова, Ульянаўскай і Беларускай), Ніжнюю Ляхаўку (вялікі раён на ўсход і паўночны ўсход ад вуліцы Кастрычніцкай, а таксама прырэчная частка вуліцы Ульянаўскай) і Ляхаўскую Слабодку (некалі гістарычная Ляхаўка, што размяшчалася на правым беразе Свіслачы — раён колішняй Лодачнай вуліцы)[1].
На паўднёвым захадзе ад Ляхаўкі месцяцца Уборкі, на поўначы — цэнтральны раён Новае Места, на ўсходзе — Кашары, на поўдні — прадмесце Серабранскія Млыны[2].
Гісторыя
правіцьУ Менскіх актах XVI ст. згадваецца сяло Ляхава Лука, што месцілася на паўднёвай ускраіне горада і належала, як і маёнтак Трасцянец, Мінскаму Узнясенскаму манастыру. Назва мае, відавочна, этнічнае паходжанне — калісьці тут жылі «ляхі» (палякі)[3]. Другая частка наймення — «Лука» — сведчыла пра асаблівасць ландшафту, якраз у гэтым месцы Свіслач утварае стромкую S-вобразную звіліну, гэта значыць падвойную «луку». На плане 1797 года на месцы колішняга сяла з’явілася «Слабада Ляхаўка».[4]
Паводле сведчанняў беларускага падарожніка Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. гэтая мясцовасць была вядомая сваім Ляхаўскім гаем і тамтэйшымі «маёўкамі» (майскімі гуляннямі)[5]. Апроч таго, каля Ляхаўскай Слабады, на Свіслачы, знаходзіўся адзін з трох вадзяных млыноў горада Мінска[4].
У канцы XIX ст. у Ляхаўцы пачаў фармавацца прамысловы раён Мінска, што было абумоўлена зручным размяшчэннем слабады на беразе ракі Свіслач, паблізу чыгункі. Да канца XIX ст. тут склаўся цэлы комплекс прамысловых прадпрыемстваў[6].
У 1828 годзе ў Ляхаўцы адкрылася Яўрэйская бальніца. Спярша бальніца займала колішнія будынкі турмы, якая была пераведзена ў Пішчалаўскі замак[7]. У 1860-я па адрасе Губернатарская 52—54 былі збудаваныя камяніцы. Цяпер будынкі займае 3-я клінічная бальніца.
На пачатак XX ст. Ляхаўка з’яўлялася найвялікшым прадмесцем Мінска. Значная частка мясцовасці была хаатычна забудаваная драўлянымі хатамі, у якіх жылі фабрычныя і чыгуначныя працоўныя і рамеснікі. Многія з іх мелі невялікія ўласныя сады і агароды. Прадмесце часткова ўваходзіла ў першую, трэцюю і чацвертую паліцэйскую частку і ўлучала Ляхаўскую (траса вуліцы захавалася ад вуліцы Кірава да Ульянаўскай паміж стадыёнам Дынама і карпусамі 3-яй бальніцы), чатыры Ніжне-Ляхаўскія вуліцы (цяпер гэта — Кастрычніцкая, Ульянаўская ад Беларускай да Чырвонаармейскай і часткова Індустрыяльная вуліцы), Верхне-Ляхаўскую (цяпер Беларуская), Ляхаўскую Слабодку (не існуе; былая Лодачная), канец Круглага завулка[8].
12 ліпеня 1934 годзе ў Ляхаўцы на месцы старых яўрэйскіх могілак (закрытыя ў 1883 годзе) быў адкрыты стадыён «Дынама».
У 2009 годзе Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вуліц Кастрычніцкай — Ульянаўскай — Беларускай — рэчкі Свіслач назвы «Ляхаўскі»[9].
Уздоўж цяперашняй вуліцы Кастрычніцкай месцяцца будынкі дарэвалюцыйных заводаў, якія захавалі сваё першапачатковае архітэктурнае аблічча[10]. Пра існаванне некалі найбуйнейшага мінскага прадмесця цяпер сведчыць Ляхаўскі сквер.
Старыя адрасы
правіць- Ніжне-Ляхаўская, 5, дом Моніча. Кватэра сябра Мінскай арганізацыі РСДРП Н. Цімафеевай, якая вяла прапаганду сярод гарадской вучнёўскай моладзі. Зараз гэта раён вуліцы Ульянаўскай паміж стадыёнам «Дынама» і 3-яй клінічнай бальніцай.
- Ніжне-Ляхаўская, 8. Дрожджава-вінакурны завод братоў Ракаўшчыкаў. Заснаваны ў 1892 годзе. Пры заводзе быў паравы млын. Вытворчы працэс ішоў у чатырох аддзяленнях: заторным, перагонным, дражджавым і прамывачным. У пачатку стагоддзя прадпрыемства знаходзілася ў складзе рэгіянальнага манапалістычнага аб’яднання. У 1910 годзе здзейсненая значная рэканструкцыя: усталяваная дынама-машына, паравая машына (50 конскіх сіл), лакамабіль (75 конскіх сіл) і газагенератар (25 конскіх сіл). Паводле кошту вытворчасці завод займаў першае месца сярод усіх тагачасных мінскіх прадпрыемстваў і з’яўляўся адным з лідараў у сваім сегменце на тэрыторыі Беларусі. Цяпер стары будынак займае Мінскі дражджавы камбінат (Кастрычніцкая, 14).
- Ніжне-Ляхаўская, 13. Казённы вінны склад. Працаваў з 1898 года. Зараз у тых памяшканнях вінна-гарэлачны завод «Крышталь» (Кастрычніцкая, 15).
- Ніжне-Ляхаўская, 17. Гарбарны завод Л. Суціна. Адкрыты ў 1896 годзе. Праз два гады ўсталяваны паравы кацёл. У далейшым вытворчасць трапіла да М. Фрэнкеля, што ў 1904 годзе абанкруціўся. Праз два гады, калі стаў відавочным пэўны ўздым гарбарнай прамысловасці, уладальнікам завода зрабіўся І. С. Сальман, і прадпрыемства ўзнавіла сваю дзейнасць. У 1909 годзе праведзеная рэканструкцыя вытворчых працэсаў, усталяваны паравы кацёл. Завод Сальмана сярод роднасных прадпрыемстваў стаў адным з найбуйнейшых у месце. На базе яго ў 1927 годзе створаны гарбарны завод «Бальшавік» (цяпер знаходзіцца ў вёсцы Гатава Мінскага раёна).
- Ніжне-Ляхаўская, 23. Гарбарны завод Л. Мантвялінскага. Узнік у 1875 годзе. У 1892—1894 гадах не працаваў. Адкрыўся пасля таго, як саўладальнікам стаў Форын. Спецыялізаваўся на выпуску сырамятных і падэшвенных скураў. Заводскі будынак размяшчаўся ў раёне цяперашняга станкабудаўнічага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (Кастрычніцкая, 16).
- Ніжне-Ляхаўская, 24. Гарбарны завод А. Імрота. Пабудаваны ў 1885 годзе. У 1891 годзе ў ім дзейнічаў паравы кацёл. Завод размяшчаўся ў драўлянай двухпавярхоўцы. У ніжніх памяшканнях стаялі чаны для вымочвання і дублення скур — тут яны ачышчаліся ад мяздры і валасоў. На другім паверсе скуры сушыліся і вырабляліся. Дубленне ажыццяўлялася шляхам, які гаспадары трымалі ў сакрэце. Скуры былі гатовымі ўдвая хутчэй, чым на іншых прадпрыемствах. Гэта абумоўлівала высокія прыбыткі. Пры гарбарнай вытворчасці існавала абуткова-нарыхтоўчае аддзяленне. Сырыя скуры завозілі сюды са Смаленскай, Калужскай, Віцебскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай і Курскай губерняў. У 1904 годзе ў сувязі з падаражаннем сыравіны, выкліканым павелічэннем экспарту сырых скур у Амерыку, гадавая вытворчасць завода на траціну скарацілася. У 1913 годзе тут былі два рухавікі магутнасцю 30 конскіх сіл кожны. На месцы таго прадпрыемства зараз узвышаецца новы корпус станкабудаўнічага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (Кастрычніцкая, 16).
- Ніжняя Ляхаўка. Гарбарны завод Б. М. Ланэ. Пачаў дзейнічаць у 1891 годзе. Спецыялізаваўся на вытворчасці лайкі з авечых і жарабячых скураў. Вырабы ішлі ў Маскву, Варшаву, Пецярбург, Вільню, Екацярынбург. Пры заводзе існавала фарбавальнае аддзяленне. У 1904 годзе гаспадар збанкрутаваўся, і вытворчасць спынілася. Дакладнае месцазнаходжанне гарбарні не вызначанае.
- Ніжне-Ляхаўская. Чыгуналіцейны завод «Элегія» таварыства Ш. А. Поляка, Л. І, Дорскага і Д. С. Семенюка. Збудаваны і запрацаваў у 1908 годзе пад назвай «Гігант», быў газавы рухавік. Размяшчаўся ў невялікім драўляным будынку і вырабляў дробныя жалезныя рэчы, праводзіў рамонт сельскагаспадарчых машын і водаправоднага абсталявання. У 1912 годзе пасля рэканструкцыі «Гігант» быў перайменаваны ў «Элегію». У ім пачало выконвацца ліццё частак машын, агароджаў, помнікаў і інш. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ператвораны ў завод імя К. Я. Варашылава. Цяпер гэта адзін з карпусоў Мінскага станкабудаўнічага завода (Кастрычніцкая, 16)[11].
- Губернатарская, 52—54. Яўрэйская бальніца. Адкрылася ў 1828 годзе. Напачатку месцілася ў двухпавярховай камяніцы, разлічанай на 65 ложкаў. На падворку стаялі драўляныя будынкі інфекцыйнага аддзялення і радзільнага прытулку, узведзеныя ў 1890 годзе мінскім купцом М. Полякам на ўспамін аб нябожчыцы-жонцы. У 1900 годзе ў бальніцы пачало працаваць псіхіятрычнае аддзяленне на 20 ложкаў. У 1912—1914 гадах лячэбная база яе значна пашырылася. Пабудаваныя двухпавярховы каменны корпус інфекцыйнага аддзялення (32 ложкі), павільён для хворых на воспу (16 месцаў), на шкарлятыну (12) ложкаў, двухпавярховая камяніца пад бальнічную аптэку, агульную амбулаторыю, кантору і амбулаторыю па зрокавых хваробах, двухпавярховы каменны будынак для псіхіятрычнага аддзялення (70 ложкаў). Былі абсталяваныя таксама рэнтгенаўскі кабінет і дэзінфекцыйная камера. У 1910 годзе бальніцу абслугоўвалі старшы ўрач, 7 урачоў-ардынатараў, 9 фельчараў, 2 акушэры. Бясплатна тут лячылі толькі яўрэяў. Цяпер у карпусах размешчана 3-я гарадская клінічная бальніца імя Я. У. Клумава.
Галерэя
правіць-
Вуліца ў Ніжняй Ляхаўцы, да 1918 г.
-
Завод Элегія, да 1930 г.
-
Дрожджавы завод,
1930-я гг. -
Гарбарны завод, 1930-я гг.
-
Будынак завода Элегія
-
Будынак казённага віннага склада
-
Ніжне-Ляхаўская ў бок Ляхаўскай вуліцы
-
Драўляны дом у Верхняй Ляхаўцы (Круглы завулак, 27)
Зноскі
правіць- ↑ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 227
- ↑ «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
- ↑ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 227
- ↑ а б Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
- ↑ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992 // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 468
- ↑ Лакотка А.І. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. Мінск, Полымя, 1991. С. 67
- ↑ Елена Левитман, Татьяна Чижик. Минская еврейская больница (руск.). mishpoha.org. Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2019. Праверана 6-3-2019.
- ↑ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008
- ↑ Безымянным скверам и улицам Минска присвоены имена(недаступная спасылка) // «Минск-Новости», 25 жніўня 2009
- ↑ В. Е. Собаль. Лахаўка // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 552
- ↑ Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
Літаратура
правіць- Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Лакотка А.І. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. Мінск, Полымя, 1991.
- Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века(недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ляхаўка (Мінск)