Лінія Мажыно
Лінія Мажыно (фр.: la Ligne Maginot) — сістэма французскіх умацаванняў, на мяжы з Германіяй ад Бельфора да Лангюёна. Была пабудавана ў 1929—1934 гадах (затым удасканальвалася аж да 1940 года). Даўжыня каля 400 км. Названа па імі ваеннага міністра Андрэ Мажыно.
У яе склад уваходзілі 39 доўгачасовых абарончых умацаванняў, 75 бункераў, 500 артылерыйскіх і пяхотных блокаў, 500 казематаў, а таксама бліндажы і наглядальныя пункты.
Мэты стварэння
правіцьЛінія Мажыно была пабудавана для выканання некалькіх мэт:
- Для таго, каб пазбегнуць раптоўнага нападу і даць сігнал да пачатку абаронных мерапрыемстваў.
- Каб абараніць Эльзас і Латарынгію (гэтыя тэрыторыі былі перададзены Францыі ў 1919[1]) і іх прамысловы патэнцыял.
- Каб быць выкарыстанай у якасці стратэгічнага плацдарму для контрнаступлення.
- Для таго, каб стрымаць наступ праціўніка да таго часу, пакуль асноўная частка арміі магла б быць падведзена да Лініі.
Гісторыя
правіцьФранцузы меркавалі, што немцы будуць дзейнічаць гэтак жа, як і ў 1914 годзе — распачнуць абыход французскіх войскаў праз Бельгію з паўночнага ўсходу. Таму іх план абароны прадугледжваў адлюстраванне нямецкага нападу на рацэ Дзіль і пасіўную абарону на ўмацаванай лініі Мажыно. На будаўніцтва лініі Мажыно было выдаткавана каля 3 млрд франкаў (1 млрд долараў у коштах тых гадоў). Агульная колькасць войскаў на лініі дасягала 300 тыс. чалавек. У падземных шматузроўневых фартах былі абсталяваны жылыя памяшканні для асабовага склада, электрастанцыі, магутныя вентыляцыйныя ўстаноўкі, вузкакалейныя чыгункі, тэлефонныя станцыі, шпіталі, пакоі адпачынку, недасягальныя для снарадаў і авіябомбаў. У верхніх наземных паверхах размяшчаліся забяспечаныя ліфтамі гарматныя казематы. Яны ўяўлялі сабой укапаныя ў зямлю бетонныя «скрынкі» з таўшчынёй сцен і столі 3,5—4 метра. Наверх выступала бранявежа-турэль.
Перад першай лініяй абароны былі выкапаны процітанкавыя равы і выстаўлены загароды з процітанкавых вожыкаў. За першай лініяй абароны размяшчалася сетка апорных пунктаў — бетонных пляцовак для пяхоты, артылерыі, пражэктараў і г.д. У гэтых пунктаў на глыбіні каля 50 метраў пад зямлёй знаходзіліся склады боепрыпасаў і рыштунку, забяспечаныя ліфтамі. Яшчэ далей размяшчаліся пазіцыі дальнабойных буйнакаліберных гармат на чыгуначным ходу. Была таксама мадэрнізавана старая абарончая лінія, якая складалася з фартоў Бельфор, Эпіналь, Вердэн і інш. Глыбіня абароны Лініі Мажыно складала 90—100 км.
Французскія ваенныя стратэгі лічылі лінію Мажыно непрыступнай. Пасля ўварвання войскаў вермахта ў Польшчу ў 1939 годзе Францыя і Вялікабрытанія вырашылі, што хутка дапамагчы Польшчы яны ўжо нічым не змогуць і замест гэтага пачалі планаваць працяглую вайну[2]. У пачатку верасня Францыя нерашуча высунула свае войскі ў Саарскую вобласць, але 4 кастрычніка, пасля паражэння Польшчы, ізноў адвяла іх за лінію Мажыно (так званая Дзіўная вайна). У 1940 годзе германскія войскі імкліва абыйшлі лінію Мажыно з поўначы праз Ардэны. Пасля капітуляцыі Францыі гарнізон лініі Мажыно здаўся.
14 чэрвеня 1940 года 1-я і 7-я пяхотныя арміі групы армій «C» генерал-палкоўніка Вільгельма фон Лееба (19 ліпеня 1940 года ўзведзены ў генерал-фельдмаршалы) атакавалі лінію Мажыно і прарвалі яе. Абарончыя збудаванні лініі Мажыно былі прарваны за некалькі гадзін у выніку наступу пяхоты нават без танкавай падтрымкі. Германская пяхота наступала пры магутнай авіяцыйнай і артылерыйскай падтрымцы, шырока ўжываліся дымавыя снарады. Неўзабаве высвятлілася, што многія з французскіх дотаў не вытрымліваюць прамых трапленняў артснарадаў і авіябомбаў. Акрамя таго, вялікая колькасць збудаванняў не была прыстасавана для кругавой абароны, і іх лёгка можна было атакаваць з тылу і флангу гранатамі і агнямётамі.
Многія гісторыкі лічаць, што ва ўмовах сучаснай вайны такія высокавыдатковыя фартыфікацыйныя збудаванні даволі прыступныя і не забяспечваюць эфектыўную абарону. Аднак варта адзначыць, што па большай частцы лінія Мажыно, як яна была задумана стваральнікамі ў 1920-х гадах, выканала сваю асноўную задачу, якая складалася ў абмежаванні маштабу нападаў на пазіцыі, абароненыя лініяй. Галоўная і якасна выбудаваная частка лініі была ўзведзена да 1936 года, калі Бельгія адмовілася ад саюзніцкага пакта з Францыяй, абвясціўшы нейтралітэт, што вымусіла апошнюю спешна дабудоўваць лінію ўздоўж бельгійскай мяжы да Атлантычнага акіяна. Гэта новая частка лініі была пабудавана ў спеху і не была даведзена да належнага ўзроўню абароны. Таму, калі кажуць пра прарыў лініі Мажыно, тое маецца на ўвазе прарыў новых участкаў лініі, пабудаваных у багністай мясцовасці, дзе будаўніцтва падземных збудаванняў было вельмі складаным. Паражэнне Францыі ў 1940 годзе не было вынікам недахопаў цэнтральнай часткі лініі (якая, нягледзячы на шматлікія спробы германскай арміі, была прарвана толькі ў двух месцах, што адбылося ўжо пасля падзення Парыжа і адступлення большай часткі Французскай арміі), а адбылося ў выніку шматлікіх стратэгічных пралікаў урада Французскай рэспублікі, які не здолеў скарыстацца тымі перавагамі, якія ствараліся існаваннем гэтай магутнай абароннай лініі.
Пасля вайны частка збудаванняў лініі Мажыно перададзена пад склады ваеннай маёмасці.
Галерэя
правіцьГл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Treaty of Versailles/Part II - Wikisource, the free online library . Праверана 18 лютага 2013.
- ↑ Julian T. Jackson «The Fall of France: The Nazi Invasion of 1940», Oxford, Oxford University Press ISBN 0-19-280300-X
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лінія Мажыно
- Лінія Мажыно — зброя (чэшск.)
- сайт на рускім пра крэпасць «Four a Chaux» (руск.)
- Хакенберг, самы вялікі форт у Лініі Мажыно