Лісна (возера)
Лі́сна — возера ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі; паўночны бераг возера мяжуе з Себежскага раёнам Пскоўскай вобласці Расіі. Размешчана за 42 км на паўночны ўсход ад Верхнядзвінска, уваходзіць у Себежскую групу азёр.
Лісна | |
---|---|
| |
Морфаметрыя | |
Вышыня над узроўнем мора | 124[1] м |
Даўжыня | 7,80 км |
Шырыня | 3,10 км |
Плошча | 15,71 км² |
Аб’ём | 40,29 км³ |
Даўжыня берагавой лініі | 25,3 км |
Найбольшая глыбіня | 6,1 м |
Гідралогія | |
Празрыстасць | 1,0 м |
Басейн | |
Плошча вадазбору | 943 км² |
Упадаюць | рака Свольна |
Выцякаюць | Рака Свольна |
Размяшчэнне | |
Краіна | Беларусь |
|
|
|
|
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Апісанне
правіцьЛісна адносіцца да ліку неглыбокіх азёр. Катлавіна падпруднага тыпу, выцягнутая з поўначы на поўдзень на 7,8 км. Берагавая лінія мае простыя і плаўныя абрысы. На захадзе і поўдні схілы надводнай часткі высокія (да 15—20 м), стромкія, нярэдка абрывістыя, паўднёва-заходнія дасягаюць вышыні 30 м і крута абрываюцца да зрэзу вады. Паўночныя і ўсходнія схілы не выяўленыя, забалочаныя, пакрытыя рэдкім сасновым лесам.
У паўднёвай частцы возера маецца даволі буйны востраў, які аддзяляе ад асноўнага люстэрка інтэнсіўна зарастаючы заліў.
Праз возера працякае рака Свольна (басейн Заходняй Дзвіны). З Асвейскім возерам злучаецца праз канал Дзегцяроўку і раку Старая. Упадае Паплаўская канава з возера Белае[1], ручай з возера Малы Тучок, ручаі.
На возеры
правіцьНа беразе возера знаходзяцца наступныя населеныя пункты:
- Вёска Валясы
- Вёска Дзянісенкі
- Вёска Залучча, Верхнядзвінскі раён
- Вёска Лісна
- Вёска Малашкава
- Вёска Мыленкі
На беразе возера, за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Дзянісенкі знаходзіцца курганны могільнік крывічоў (X—XII ст.)[2].
Раслінны свет
правіцьНевялікія глыбіні возера і шырокая літараль спрыяюць інтэнсіўнаму зарастанню возера. Паласа расліннасці практычна паўсюдна дасягае 100—200 м. Суцэльнае зарастанне адзначана ў заліве ля ўсходняга берага, які практычна цалкам аддзелены ад возера востравам. Глыбіня распаўсюджвання падводных макрафітаў дасягае 2 м, і толькі зрэдку да 2,6 м.
Жывёльны свет
правіцьІхціяфаўна возера ляшчова-шчупакова-лінёвая. Акрамя таго, у возеры водзяцца акунь, плотка, судак, сом, вугор, карась. Вядзецца перыядычны прамысловы лоў рыбы.
Экалогія
правіцьБерагі возера слаба заселеныя. У межах вадазбору адсутнічаюць прамысловыя прадпрыемствы, а шырокая паласа лесу вакол затрымлівае сельскагаспадарчае забруджванне. Усё гэта абумоўлівае высокую якасць вады і прыцягвае турыстаў.
З 1995 па 1999 год возера і навакольныя лясы ўваходзілі ў склад ландшафтнага заказніка «Чырвоны бор». З 2000 года возера з тэрыторыяй заходняга і паўднёвага берагоў адносяцца да Асвейскага ландшафтнага заказніка.
Гаспадарка
правіцьВодныя рэсурсы возера заарандаваныя ТАА «Інтэрсервіс» (Наваполацк). З гэтай прычыны аматарская лоўля рыбы ў возеры абмежаваная.
Зноскі
- ↑ а б Ліст карты O-35-141. Выданне 1978 года. (руск.)
- ↑ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
Спасылкі
правіць- Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Архівавана 6 кастрычніка 2021. (руск.)
- Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Архівавана 8 сакавіка 2021. (руск.)