Літаратура ў Вялікім Княстве Літоўскім

Літаратура ў Вялікім Княстве Літоўскім --

Гісторыя развіццяПравіць

Пачаткі вялікалітоўскай літаратуры (13—14 ст.) грунтаваліся на пісьмова-моўных традыцыях тых зямель Русі, якія ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. На гэтым этапе пераважала перапісаная літаратура царкоўна-рэлігійнага характару часцей на царкоўнаславянскай мове. З 14 ст. старабеларуская стала мовай дзяржаўнага справаводства ВКЛ, што ў сваю чаргу спрыяла яе развіццю.

У эпоху позняга сярэдневякоўя ў ВКЛ працягвалася станаўленне ўласна беларускай літаратуры, якое адбывалася даволі марудліва. Слаба развіваліся аратарская проза і публіцыстыка, перажывала крызіс агіяграфія. «Жыціе віленскіх мучанікаў», тэматычна звязанае з беларуска-літоўскім рэгіёнам, узнікла за межамі ВКЛ. Тым жа часам новыя якасці набыла паломніцкая проза.

У 16 ст. з'явілася плеяда высокаадукаваных і таленавітых пісьменнікаў, зарадзіліся новыя віды і жанры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гістарычна-мемуарная літаратура, драматургія). Літаратура набыла большую публіцыстычнасць і сацыяльную завостранасць, у ёй з'яўляліся творы, напісаныя з пазіцый рэнесансавага гуманізму, узмацняўся асабовы пачатак, зараджаліся індывідуальныя стылі.

Этапнае значэнне ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры ВКЛ мела дзейнасць беларускага гуманіста-асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пісьменніка і перакладчыка Ф. Скарыны. Рацыяналістычна-асветніцкі дух яго каментарыяў, свецкі характар афармлення кніг садзейнічалі секулярызацыі і дэмакратызацыі літаратуры на землях Вялікага Княства Літоўскага. Скарына быў пачынальнікам беларускага вершаскладання і гімнаграфіі, ён давёў да высокай дасканаласці жанр прадмоў — зародкаў беларускага літаратуразнаўства і крытыкі, беларускай філалогіі.

У 2-й палавіне 16 ст. ў сувязі з актывізацыяй усяго грамадска-палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ больш хутка развівалася і літаратура. У многіх беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх гарадах былі адкрыты друкарні і школы розных кірункаў (пратэстанцкія, праваслаўныя, каталіцкія), выдаваліся буквары, граматыкі, слоўнікі. Творы пісаліся і друкаваліся на беларускай, царкоўна-славянскай, літоўскай, польскай і лацінскай мовах. Найбольшае развіццё атрымала палемічная публіцыстыка. На гэты ж час прыпадае зараджэнне літоўскамоўнага пісьменства на тэрыторыі ВКЛ, яго пачынальнікам быў М.Даўкша. Важную ролю ў развіцці старалітоўскага пісьменства гэтага часу адыгралі К. Сірвідас, укладальнікі і перакладчыкі духоўных твораў М. Пяткявічус, С. Яўгеліс-Целега, С. Славачынскіс, Б. С. Хілінскі.

У цэлым літаратура ВКЛ эпохі контррэфармацыі развівалася ў рэчышчы барока. Характэрныя асаблівасці гэтага стылю прыкметны ўжо ў асобных творах панегірычнай паэзіі, драматургіі, палемічнай і аратарскай прозы канца 16 — пачатку 17 ст. Ідэйна-мастацкія прынцыпы барока, светаадчуванне той складанай эпохі найбольш паслядоўна выявіліся ў філасофска-рэлігійнай лірыцы. Дасягненню пэўнага адзінства творчых прынцыпаў літаратуры садзейнічалі тэарэтычныя працы, напрыклад, паэтыка Н. К. Сарбеўскага.

У вельмі складаных умовах агульнага сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай, у складзе якой знаходзіліся Беларусь і Літва, разбуральных войнаў, напружанай ідэалагічнай барацьбы і рэлігійнай канфрантацыі, узмацнення сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, паланізацыі адбываўся працэс развіцця беларускай і літоўскай літаратур у пераходны перыяд (2-я палавіна 17 — 1-я палавіна 18 ст.). Адмірала старая эстэтычная сістэма, занепадалі традыцыйныя літаратурныя жанры. Далейшая секулярызацыя і дэмакратызацыя, уплыў фальклору і інш. прывялі да ўзнікнення інтымнай лірыкі, парадыйна-сатырычнай і гумарыстычнай прозы, з'яўлення новых традыцый. Разам з тым далейшае развіццё атрымала гістарычна-мемуарная літаратура, у стварэнні якой найбольшую ролю адыгралі прадстаўнікі шляхты.

Ідэі Асветніцтва садзейнічалі пераасэнсаванню і пераадоленню ў другой палавіне 18 ст. старых літаратурных традыцый, узмацненню новых эстэтычных тэндэнцый, з'яўленню якасна новых мастацкіх твораў, якія паклалі пачатак фарміраванню нацыянальнай беларускай і літоўскай літаратур на народных мовах.

Рэлігійная літаратураПравіць

Казанні, агіяграфія, хаджэнніПравіць

У 13—14 ст. перапісваліся асобныя кнігі Бібліі, зборнікі богаслужэбнага прызначэння, словы, прытчы, павучанні, жыціі святых, духоўныя аповесці і інш., напісаныя на царкоўнаславянскай мове. Захаваліся Полацкае, Друцкае, Аршанскае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае евангеллі — выдатныя помнікі кніжнай культуры таго часу.

Відным прадстаўніком царкоўнага красамоўства быў Грыгорый Цамблак, абраны ў 1415 у Новагародку кіеўскім мітрапалітам. Яго ўрачыстыя словы-пропаведзі, напісаныя вобразнай мовай, былі значнаю з'яваю ў царкоўнай аратарскай прозе таго часу.

Апісанні падарожжаў на Блізкі Усход змястоўна ўзбагаціліся: апрача «святых» мясцін аўтары пачалі цікавіцца іншымі краінамі, падзеямі грамадска-палітычнай і культурнай гісторыі розных народаў. Асобныя творы паломніцкай літаратуры нагадвалі дзённікі падарожжаў. Значным крокам у развіцці гэтага жанру было «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 ст.), напісанае назіральным і таленавітым аўтарам.

У непасрэднай сувязі з царкоўна-рэлігійнай палемікай у літаратуры ВКЛ развіўся жанр пропаведзі (Карповіч, Пацей, Сматрыцкі, Сірвідас, Ё. Брэткунас і інш.).

Палемічная літаратураПравіць

Феадальна-каталіцкая рэакцыя, якая пачалася ў ВКЛ у 1570-я гг., надала літаратуры іншы кірунак. Кнігадрукаванне і літаратурная дзейнасць праваслаўных брацтваў, публіцыстыка і палемічная літаратура 16 — 17 ст. з'яўляюцца агульным здабыткам беларускай і ўкраінскай літаратур. Многія выдатныя дзеячы культуры гэтага перыяду (М. Сматрыцкі, Хрыстафор Філалеі, П. Зізаній і С. Зізаній, С. Косаў), нягледзячы на ўваходжанне пасля Люблінскай уніі 1569 зямель Украіны ў склад Польскай Кароны, былі адначасова беларускімі і ўкраінскімі пісьменнікамі.

Асноўным зместам іх публіцыстыкі стала палеміка вакол царкоўнай уніі. Важную ролю адыгралі ў той час брацтвы, якія садзейнічалі кансалідацыі патрыятычных сіл беларускага і ўкраінскага народаў у іх барацьбе супраць наступлення каталіцкай царквы і асімілятарскай палітыкі Польшчы. У палеміцы ўдзельнічалі людзі розных класавых інтарэсаў, нацыянальна-культурнай і рэлігійнай арыентацыі, літаратурнага густу і таленту; яна была вострай зброяй ідэалагічнай барацьбы, таму нямала твораў выйшла ананімна або пад псеўданімамі («Апокрысіс», «Перасцярога», «Унія», «Гармонія» і інш.).

Непрымірымымі змагарамі за веру продкаў і нацыянальныя традыцыі былі Лявонцій Карповіч — яркі прадстаўнік аратарскай прозы пач. 17 ст. і Афанасій Берасцейскі — аўтар палемічна-публіцыстычнага «Дыярыуша». Складальнікам першай грунтоўнай граматыкі царкоўна-славянскай мовы быў Сматрыцкі, які ў розны час заўзята абараняў і праваслаўе («Фрынас»), і унію («Апалогія»). Лагер каталіцка-ўніяцкіх палемістаў прадстаўлялі П. Скарга (аўтар «Казанняў сеймовых» і трактата «Пра адзінства Царквы Божае»), І. Пацей (аўтар публіцыстычных твораў на беларускай і польскай мовах, прасякнутых духам кампрамісу з каталіцкай царквой). Багаслоўскія і палемічныя творы многіх украінскіх пісьменнікаў эпохі ранняга барока (І.Вішанскага, Іова Барэцкага, Лазара Барановіча, І. Галятоўскага, З. Капысценскага, Пятра Магілы, К. Сакавіча і інш.) былі вядомы і ў Беларусі і ўдзельнічалі ў шмат у чым агульным беларуска-ўкраінскім літаратурным працэсе таго часу.

ПеракладыПравіць

У 15 ст. з'явіліся і першыя пераклады на беларускую мову твораў рэлігійнага характару (асобныя кнігі Бібліі, аповесці «Пакуты Хрыста», «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і інш.), што засведчыла пачатак працэсу дэмакратызацыі на беларускіх землях царкоўна-рэлігійнага пісьменства і паказала вялікія лексіка-стылістычныя багацці і мастацка-выяўленчыя магчымасці беларускай літаратурнай мовы таго часу.

На пачатку 16 ст. з'явіліся дасканалыя пераклады Скарынам 23-х кніг Бібліі (Прага, 1517-19), «Малой падарожнай кніжкі» і «Апостала» (Вільня, 1522-25). У канцы 16 ст. М. Даўкша зрабіў дасканалы пераклад на літоўскую мову «Катэхізіса» Я. Лядэсмы (1595) і зборнік казанняў Я. Вуека «Пасціла каталіцкая» (1599).

Свецкая літаратураПравіць

Дзелавое пісьменстваПравіць

З 14 ст. старабеларуская выконвала ролю мовы дзяржаўнага справаводства, што яе ўдасканаленню і шырокаму распаўсюджанню. З умацаваннем цэнтралізаванай улады, колькасць складзеных грамат, лістоў, прывілеяў, дагавораў і актаў службовага прызначэння, якія выдаваліся вялікімі князямі і мясцовымі ўладамі, у т.л. буйных гарадоў, увесь час павялічвалася. У той жа час пачала складацца шматтомная Метрыка. Помнікі дзелавога пісьменства на старабеларускай мове з'яўляюцца агульнай культурнай спадчынай беларускага і літоўскага народаў. У зносінах з зарубежнымі краінамі, прадстаўнікамі вярхоўных духоўных каталіцкіх уладаў карысталіся лацінскай мовай. Лацінамоўнае пісьменства з канца 14 ст. стала паволі пашырацца на землях этнічнай Літвы ў сувязі з яе хрысціянізацыяй па каталіцкім абрадзе, а пасля і на беларускіх землях.

Істотныя сацыяльна-палітычныя і культурныя зрухі ў жыцці грамадства (16 ст.), зараджэнне гуманістычнага светапогляду, пашырэнне ўзаемасувязей з перадавымі краінамі Еўропы, узнікненне кнігадрукавання і іншыя фактары спрыялі больш актыўнаму развіццю літаратуры ВКЛ. Узніклі Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, складзеныя адпаведна пад кіраўніцтвам канцлераў А. Гаштольда, М. Радзівіла Чорнага, А. Валовіча і падканцлера Л. Сапегі — выдатныя, еўрапейскага ўзроўню помнікі дзелавога пісьменства, прававой думкі і культуры беларускага і літоўскага народаў.

ПанегірыкіПравіць

У 15 — пач. 16 ст. ўзнік панегірычны жанр пахвал, што прысвячаліся асобным дзяржаўным дзеячам ВКЛ («Пахвала Вітаўту», «Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму» і інш.).

Прадмовы і пасляслоўіПравіць

Шырокае бытаванне атрымаў жанр прадмоў, якому спрыяў росквіт кнігадрукавання ў 2-й пал. 16 — 17 ст.

М.Даўкша, які зрабіў пераклад на літоўскую мову «Катэхізіса» Я.Лядэсмы (1595) і зборнік пропаведзей Я.Вуека «Пасціла каталіцкая» (1599). Акрамя лацінскага прысвячэння, дадаў да «Пасцілы» 2 прадмовы: адну на літоўскай, другую на польскай мовах. Асабліва прыкметная другая, у якой аўтар, падаючы прыклады з гісторыі і жыцця прыроды, горача адстойвае думку, што роднае слова з'яўляецца неадменнай умовай існавання нацыі. Прадмова Даўкшы — глыбока патрыятычны помнік гуманістычных ідэй эпохі, узор высокага рытарычнага мастацтва.

ДраматургіяПравіць

З узнікненнем школьнага тэатра зараджаецца драматургія. Першыя яе спробы — інсцэніроўкі біблейскіх сюжэтаў. Паміж актамі школьных драм разыгрываліся камедыйныя сцэнкі — інтэрмедыі, па паходжанню і характару паўфальклорныя творы, прасякнутыя народным гумарам. 3 імі звязана з'яўленне ў беларускай, украінскай і літоўскай літаратурах дэмакратычнага героя — прадстаўніка трэцяга саслоўя (студэнта, рамесніка, селяніна).

ПаэзіяПравіць

Пачынальнікам рэнесансавай паэзіі ў ВКЛ быў М. Гусоўскі — паэт-лацініст, аўтар вершаў і паэм, у т. л. глыбокапатрыятычнай «Песні пра зубра» (Кракаў, 1523). 3 вялікай мастацкай сілаю і любоўю паказана ў паэме прыгажосць прыроды роднага краю, апеты ратныя і мірныя справы, заняткі і звычаі беларусаў і літоўцаў, услаўлена іх гераічнае мінулае. У творы выявіўся рэнесансавы эстэтычны ідэал аўтара з яго верай у чалавека дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага. «Песня пра зубра» — першы ў беларускай і літоўскай літаратурах буйны вершаваны твор, першая песня пра «Літву», складзеная для заходне-еўрапейскага чытача.

Новай з'явай у літаратуры 16 — 1-й палавіны 17 ст. была кніжная паэзія, пачатак якой паклалі яшчэ Скарына і Мажвідас. Яна вызначалася ідэйна-тэматычнай і жанрава-стылявой разнастайнасцю. Вяліся пошукі ў жанры паэмы, папулярнасцю карыстаўся жанр эпіграм — рытарычных пахвал, пададзеных у форме вершаваных надпісаў да гербаў мецэнатаў. Бытавалі таксама дэкламацыі, элегіі, сатырычныя і духоўныя вершы, грамадзянская лірыка, найлепшы ўзор якой у даўняй беларускай паэзіі — верш Я. К. Пашкевіча «Польска квитнет лациною…». Некаторыя тагачасныя паэты ВКЛ пісалі на польскай (А. Рымша, Г. Пельгрымоўскі, Я. Пратасовіч, Т. Яўлевіч) і лацінскай мовах (Я. Радван, Д. Набароўскі, С. Рысінскі і інш.). Сярод лацінамоўных твораў 2-й палавіны 16 ст. вылучаецца «Радзівіліяда» (Вільня, 1588) Радвана. У гэтай напісанай гекзаметрам (на ўзор «Энеіды» Вергілія) патрыятычнай паэме аўтар узвялічыў заслугі М. Радзівіла як палкаводца і палітыка, уславіў гераічныя подзвігі абаронцаў Айчыны. 3 твораў, напісаных па-польску, вылучаюцца ананімныя «Пратэй» (1564, Берасце, магчымы аўтар — Ц. Базылік) і «Лямант на смерць Рыгора Осціка» (Вільня, 1580). У «Пратэі» ў сатырычным асвятленні закранаюцца надзвычай важныя пытанні грамадска-палітычнага і культурна-рэлігійнага жыцця Польшчы і ВКЛ, паказваецца, да якой бяды можа давесці дзяржаву неабдуманасць дзеянняў з боку шляхецкага стану. «Лямант на смерць Рыгора Осціка» на прыкладзе аднайменнага героя ўздымае не менш актуальныя пытанні шляхецкай здрады Радзіме і пакарання за гэтае злачынства з боку дзяржавы, грамадства і сям'і. «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы… Крыштофа Радзівіла» (Вільня, 1585) паэта-панегірыста Рымшы, аўтара эпіграм на беларускай мове і вершаванай «Храналогіі» (Астрог, 1581), — найбуйнейшы са створаных у той час на тэрыторыі ВКЛ польскамоўных эпічных твораў, прысвечаны апісанню вайсковых выпраў К.Радзівіла на працягу 10 гадоў (1572 — 82). Важныя пытанні грамадска-палітычнага жыцця, міждзяржаўных узаемаадносін ВКЛ і Расіі канца 16 — пач. 17 ст. узнімаў у сваіх багатых зместам паэмах Пельгрымоўскі, сакратар пасольства Л.Сапегі ў Маскву ў 1600 — 01. Значнай з'явай у літаратурным жыцці было з'яўленне першай вершаванай энцыклапедыі «Вынаходнікі рэчаў» Пратасовіча (Вільня, 1608). Найбольш значнае дасягненне беларускай паэзіі таго часу — ананімная лірычная паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (Вільня, 1620), напісаная па-беларуску ў стылі элегіі.

Развіццё літоўскай паэзіі адбывалася пераважна ў рэлігійным рэчышчы, хаця пэўнае развіццё зведалі жанры эпітафіі (Б.Пятравічус) і прысвячэння (С.Яўгеліс-Целега). У сярэдзіне 17 ст. пачаў літаратурную дзейнасць паэт, драматург і асветнік Сімяон Полацкі. Ён узбагаціў беларускую паэзію новымі тэмамі і ідэямі, формамі і жанрамі, узняў сілабічнае вершаскладанне ўсходніх славян на больш высокую ступень.

Найбольш яркімі і выдатнымі літаратурнымі помнікамі эпохі Асветніцтва на землях ВКЛ былі паэма К.Данелайціса «Поры года» і «Камедыя» К.Марашэўскага. Лацінамоўная творчасць паэта-асветніка М.Карыцкага, хоць і была значнай літаратурнай з'явай свайго часу, аднак ужо не вызначала вядучыя тэндэнцыі ў станаўленні новых беларускай і літоўскай літаратур.

Дыярушы, лісты і прамовыПравіць

У 16 — 1-й палавіне 17 ст. актыўна развівалася і беларуская проза свецкага кірунку. Характэрнай яе рысай была белетрызацыя гістарычна-дакументальных дзелавых запісаў, што выявілася ўжо ў Хроніцы Быхаўца. У гэтым рэчышчы з'явіліся лісты Ф.Кміты-Чарнабыльскага (1573-74), напісаныя каларытнай моваю, перасыпанай народнымі прымаўкамі. Працэс белетрызацыі і дэмакратызацыі беларускай публіцыстычнай прозы прадаўжалі парадыйна-сатырычная «Прамова Мялешкі» (1-я палавіна 17 ст.) і «Ліст да Абуховіча» (1655) — творы вялікага грамадска-палітычнага гучання, яркія і самабытныя.

Глыбокую трансфармацыю перажывала гістарычна-дакументальная проза. Замест агульнадзяржаўных летапісаў і хронік узніклі новыя літаратурныя жанры: мемуары (дыярыушы), мясцовыя летапісы і хранографы. У пач. 17 ст. новагародскі шляхціц Ф.Еўлашоўскі стварыў адзін з першых беларускіх дыярыушаў, у якім малюнкі жыцця і побыту беларускай шляхты пададзены ў сувязі з біяграфіяй аўтара. Багатыя і цікавыя зместам напісаныя па-польску дыярыушы С. І. Маскевіча і Б. К. Маскевіча, у якіх занатаваны бурныя падзеі вайны з Расіяй у пач. 17 ст. і нацыянальна-вызваленчай вайны беларускага і ўкраінскага народаў сярэдзіны 17 ст.

Гістарыяграфічныя творыПравіць

На раннім этапе гісторыі ВКЛ найбольшага росквіту дасягнула летапісанне, якое адчула значны ўплыў старажытнарускага і адыграла выдатную ролю ў станаўленні беларускай і літоўскай гістарычнай прозы. На змену мясцовым летапісам з'явіліся агульнадзяржаўныя беларуска-літоўскія, у якіх адлюстравана багатае мінулае беларускага і літоўскага народаў. 3 агульнадзяржаўных пазіцый асвятляліся падзеі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (1-я трэць 15 ст.) і Беларуска-літоўскім летапісе 1446. У іх выявіліся погляды грамадскіх колаў Беларусі і Літвы, што падтрымлівалі велікакняжацкую ўладу ў яе барацьбе з феадальнай раздробленасцю, за палітычнае адзінства і магутнасць сваёй краіны. Істотна змянілася і жанравая прырода беларуска-літоўскіх летапісаў, асаблівасцю якой стала спалучэнне традыцый пагадовай формы выкладу з прагматычным апавяданнем пра мінулае. Быў выпрацаваны своеасаблівы летапісны стыль, лаканічны, выразны, блізкі да стылю дзелавога пісьменства. Важным гістарычным падзеям прысвячаліся невялікія аповесці — асобныя творы са сваімі героямі і самастойным сюжэтам.

У эпоху Адраджэння ў ВКЛ ва ўмовах росту грамадска-палітычнай і нацыянальнай самасвядомасці народаў узмацнілася цікавасць да мінулага. У 1-й палавіне 16 ст. ўзнікла «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», у якой прыводзілася легендарная гісторыя ўзнікнення гэтай дзяржавы, сцвярджалася высакароднае паходжанне літоўскіх князёў і паноў (ад рымскіх патрыцыяў). Найвышэйшае дасягненне агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісання — Хроніка Быхаўца (2-я чвэрць 16 ст.), напісаная ў форме гістарычнай аповесці і прысвечаная палітычнай гісторыі Беларусі і Літвы ад легендарных часоў да пач. 16 ст. У хроніках удасканальваліся прыёмы і формы белетрызацыі гісторыі, хоць у цэлым яны захавалі сярэдневяковы характар (ананімнасць, кампіляцыйнасць, сінкрэтызм, апісанне падзей па іх знешняй сувязі і інш.). Беларуска-літоўскія летапісы і хронікі прыкметна паўплывалі на польскую хранаграфію 16—17 ст. Пераважна паводле гэтых твораў выклаў гісторыю ВКЛ М. Стрыйкоўскі, які доўгі час жыў, служыў і працаваў у Літве і Беларусі. Яго «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (Каралявец, 1582) была першай друкаванай гістарыяграфічнай працай, у якой мінулае літоўскага і беларускага народаў пададзена ў агульнаеўрапейскім кантэксце і ў сувязі з гісторыяй Польшчы і старажытнай Русі.

Шырокую вядомасць набыла сухая, аднак надзвычай працяглы час папулярная лац. «Гісторыя Літвы» (1650-69) А.Каяловіча. Мясцовым святаром з Магілёўшчыны складзены Баркулабаўскі летапіс, у якім апісаны важныя гістарычныя падзеі канца 16 — пачатку 17 ст., праўдзіва пададзены запамінальныя малюнкі цяжкага жыцця беларускай вёскі таго часу. Яскравым прыкладам жанру хранографа была «Вялікая хроніка», складзеная ў 17 ст. на аснове перакладзеных на беларускую мову польскіх хронік М.Бельскага, Стрыйкоўскага, сярэдневяковых гістарычных аповесцей і іншых крыніц.

У пераходны перыяд, у канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. Т.Сурт і Ю.Трубніцкі напісалі Магілёўскую хроніку, выдатны помнік гарадскога летапісання Беларусі, каштоўную крыніцу па гісторыі ВКЛ таго часу. Яркай з'явай стала творчасць драматурга і паэтэсы Ф. У. Радзівіл.

ПубліцыстыкаПравіць

У 1560 — 70-я гг. літаратура развівалася пад моцным уплывам рэфармацыйных ідэй, што было абумоўлена бытаваннем на беларуска-літоўскіх землях рэлігійнага вальнадумства, гуманістычнага рацыяналізму, пранікненнем у ВКЛ розных плыней заходне-еўрапейскага пратэстантызму (лютэранства, кальвінізму, антытрынітарызму). Прапаведніцкая і асветніцкая дзейнасць рэфарматараў па сутнасці мела антыфеадальны, раннебуржуазны характар і адыграла важную ролю ў абуджэнні грамадскай думкі, спрыяла пашырэнню ідэй рацыяналізму і ўмацаванню рэлігійнай верацярпімасці. Рэфармацыйная публіцыстыка ўзбагаціла ідэйны змест беларускай і літоўскай літаратур, іх тэматыку і праблематыку, жанры і стылі.

Рэфармацыя ў ВКЛ вылучыла плеяду публіцыстаў, сярод якіх найбольш значныя С.Будны, В.Цяпінскі, А. Волан, Міхалон Літвін і А.Ратундус. Бліскучы палеміст, ідэолаг антытрынітарыяў ВКЛ Будны ўвайшоў у гісторыю славянскай культуры як аўтар «Катэхізіса» (Нясвіж, 1562) з антыклерыкальнай прадмовай, публіцыстычных трактатаў, у т. л. «Пра свецкую ўладу» (1583), як перакладчык (на польскую мову) і адзін з заснавальнікаў філалагічнай крытыкі Бібліі ў Еўропе.

Паслядоўнік скарынаўскіх традыцый Цяпінскі ўпершыню пераклаў на беларускую мову «Евангелле» (1570-я гг.), з патрыятычных пазіцый абараняў родную мову і культуру, гнеўна асудзіў своекарыслівасць і рэнегацтва беларускага духавенства і свецкіх феадалаў.

Больш за 20 публіцыстычных твораў апублікаваў на лацінскай і польскай мовах Волан, які з'едліва высмейваў у іх абскурантызм рэлігійных фанатыкаў, адстойваў свабоду асобы. Шырока вядомы яго палемічныя выступленні супраць езуітаў; іх перавыдавалі нямецкія пратэстанты і французскія гугеноты, а каталіцкая царква занесла ў індэкс забароненых кніг.

Сярод аўтараў, якія пісалі на літоўскія тэмы на латыні, асабліва вылучаецца Міхалон Літвін з яго трактатам «Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў» (1550, часткова надрукаваны ў 1615, Базель). Аўтар супастаўляе быт літвінскай шляхты з бытам падданых Маскоўскай Русі і татар. Ён крытыкуе «вольнасці» літвінскай шляхты як крыніцу магчымай анархіі. Разам з тым Літвін захапляецца Кіевам і прыроднымі багаццямі Падняпроўя, падрабязна апісвае культурнае і сацыяльна-палітычнае становішча Русі.

Бурнае грамадска-палітычнае жыццё спрыяла развіццю свецкага красамоўства. Найбольш відным аўтарам аратарскай прозы быў Сапега.

ПеракладыПравіць

Актывізаця перакладніцкай дзейнасці сведчыць пра павелічэнне попыту, у сваю чаргу яна ўзмацняла культурныя ўзаемасувязі з іншымі народамі свету. Сярод перакладаў на старабеларускую мову пачалі пераважаць творы свецкага характару, белетрыстычная проза: зборнікі дыдактычных навел («Вялікае зярцала», «Зорка прасветлая», «Рымскія дзяянні»), воінскія аповесці («Гісторыя пра Атылу», «Аповесць пра Скандэрбега»), рыцарскія раманы («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), прыгодніцкая літаратура («Гісторыя пра Апалона Цірскага»), але ні адзін з беларускіх перакладаў не быў надрукаваны.

Адметнай рысай літаратуры ВКЛ 16 — 17 ст. было павелічэнне польскамоўных перакладаў з заходне-еўрапейскіх літаратур. Пераважна гэта былі гістарыяграфічныя і біяграфічныя крыніцы па антычнай і сярэдневяковай гісторыі, як, напрыклад, «Жыццё Юрыя Кастрыёта» албанца М.Барлеція ў перакладзе берасцейскага друкара Ц.Базыліка (1569) або «Гісторыя іудзейскай вайны» І.Флавія (1617, Любча). Часам падобныя творы адвольна скарачаліся перакладчыкам або белетрызаваліся ў інтарэсах чытача. Так, Б.Будны да «Апафегматаў» (1614, Любча), апрацоўкі 80 анекдотаў з аднайменнага твора Плутарха, дадаў шэраг польскіх, а «Гісторыя пра Тэагеніса і Харыклею» новагародскага шляхціца А.Захарэўскага (1588, б.м.) з'яўляецца пераробкай «Эфіопікі» Геліядора.

Гл. таксамаПравіць

КрыніцыПравіць

  • Энцыклапедыя Вялікае Княства Літоўскае — Том 1, 2007 г.