Літаратурны музей Максіма Гарэцкага
Літаратурны музей Максіма Гарэцкага — філіял Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея. Заснаваны 15 студзеня 1993 г. у вёсцы Багацькаўка Мсціслаўскага раёна паводле загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і рашэння Мсціслаўскага раённага Савета народных дэпутатаў.
Літаратурны музей Максіма Гарэцкага | |
---|---|
Заснаваны | 15 студзеня 1993 |
Месцазнаходжанне |
Хата, дзе М.Гарэцкі нарадзіўся і пражыў палавіну жыцця, згарэла. Засталіся толькі пляцоўка, падворак і частка саду. Узнаўленне мемарыяльнай сядзібы адбылося па ініцыятыве пісьменніка У.Караткевіча. Музей размясціўся ў адноўленай хаце, якая ўяўляе вясковую жылую пабудову ў традыцыях канца 19 ст. і складаецца з 3 частак: цёмнай (цёплай) хаты, светлай (халоднай) і сяней.
Экспазіцыйная плошча 79,1 м². Размешчаная ў 2 залах экспазіцыя раскрывае складанасць жыццёвага і творчага лёсу Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. Крыніцамі дакументальных звестак для яе стварэння з’явіліся ўспаміны брата М. Гарэцкага Гаўрылы, дачкі пісьменніка Галіны, яго жонкі — дзіцячай пісьменніцы Л. Чарняўскай-Гарэцкай і малодшага брата Парфірыя.
У 2007 г. пачалося абнаўленне літаратурнай часткі экспазіцыі з удзелам Р.Гарэцкага, пляменніка М.Гарэцкага. Экспазіцыя музея складаецца з літаратурнай часткі, якая прадстаўляе асноўныя этапы творчай біяграфіі пісьменніка, і этнаграфічнай — з увядзеннем у інтэр’ер дакументальнага матэрыялу. Паказаны перыяды жыцця і творчасці М.Гарэцкага: багацысаўскі і першы горацкі (1893—1913 гг.) — дзяцінства ў Багацькаўцы, вучоба ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, літаратурны дэбют пісьменніка; першы віленскі (1913-14 гг.) — праца каморнікам на Віленшчыне, потым 1-я сусветная вайна, служба ў царскай арміі, выданне першага зборніка «Рунь»; смаленскі перыяд (1917-19 гг.) — выданне «Руска-беларускага слоўніка», сустрэчы з Я. Купалам; другі віленскі (1919-23 гг.) — выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў Віленскай беларускай гімназіі, праца над «Гісторыяй беларускае літаратуры», драматычнымі абразкамі, стварэнне вострапраблемных артыкулаў, Лукішская турма; першы мінскі (1923-25 гг.) — праца ў Інбелкульце, выкладанне беларусазнаўства на рабфаку БДУ; другі горацкі перыяд (1926-28 гг.) — праца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках; другі мінскі (1928-30 гг.) — праца ў Акадэміі навук БССР, арышт, Мінская турма; вяцкі (1931-35 гг.) — праца ў высылцы; кіраўскі (1935-37 гг.) — выкладанне, арышт, расстрэл.
У экспазіцыі дэманструюцца арыгінальныя матэрыялы і копіі, у т.л. пачатку мінулага стагоддзя: фотаздымкі, дакументы, рукапісы твораў («У лазні», «Жалобная камедыя» і інш.), кнігі, газетныя нататкі, паштоўкі, лісты. Сярод экспанатаў кнігі М.Гарэцкага «Рунь», «На імперыялістычнай вайне», «Віленскія камунары», «Камароўская хроніка», «Дзве душы», «Гісторыя беларускае літаратуры» і інш., літаратуразнаўчыя даследаванні спадчыны братоў Гарэцкіх 20 — пачатку 21 ст., зборнікі Міжнародных Гарэцкіх чытанняў, успамінаў і інтэрв’ю, фотаздымкі.
Зноскі
Літаратура
правіць- Ліўшыц, Уладзімір. Літаратурны музей Максіма Гарэцкага. Кароткі даведнік — Орша: адзел культуры Горацкага райвыканкама, 1997. — 69 с. ISBN 985-6120-13-6