Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы — літаратурны і мемарыяльны музей, прысвечаны жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры, народнага паэта БССР Янкі Купалы. Заснаваны ў 1944 годзе. Адкрыты для наведвальнікаў 20 верасня 1945 года. Музей знаходзіцца ў Мінску па вул. Янкі Купалы, 4, на месцы былога дома паэта. Мае філіялы ў вёсках Харужанцы, Вязынка, Ляўкі і Яхімоўшчына. Адзін са старэйшых літаратурных музеяў Беларусі, які даследуе, збірае і інтэрпрэтуе літаратурную спадчыну народнага паэта, класіка беларускай літаратуры.

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы
Выява лагатыпа
Лагатып
Будынак Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску
Заснаваны 1944
Месцазнаходжанне вул. Янкі Купалы, 4; г. Мінск
Дырэктар Ганна Галінская
kupala-museum.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Заснаваны музей у Мінску ў адпаведнасці з пастановай Савета народных камісараў БССР ад 19 мая 1944 года пры Акадэміі навук БССР і да 1962 года ўваходзіў у яе сістэму. Збіральнікам музейных рэліквій была жонка Янкі Купалы — Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, стваральнік і першы дырэктар музея. Ёй належыць вялікая заслуга ў пошуках і захаванні рукапісаў, фотаздымкаў, першадрукаў, асабістых рэчаў пісьменніка і яго саратнікаў. Гэтыя матэрыялы і паклалі пачатак фондавым калекцыям музея. Яго дзейнасць з 1945 года была накіравана на камплектаванне матэрыялаў і прадметаў музейнага значэння з мэтай стварэння пастаяннага музейнага збору, фарміравання экспазіцый і выставак, складання бібліяграфічных даведнікаў і правядзенне навукова-даследчай работы, звязанай з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры.

Спачатку музей размяшчаўся ў будынку былога Дома прафсаюзаў. Тут 20 верасня 1945 года была адкрыта першая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Янкі Купалы, якая дала магчымасць азнаёміць наведвальнікаў са спадчынай паэта. Асноўным напрамкам дзейнасці музея на этапе станаўлення было фарміраванне пастаяннай экспазіцыі. Усё ўскладнялася тым, што дом паэта згарэў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, а разам з ім быў знішчаны багаты архіў і бібліятэка. У гэты час знік і той архіў, які Янка Купала перадаў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна ў даваенныя гады. Летам 1949 года была прынята пастанова Савета Міністраў БССР аб пераводзе музея ў былы дом Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пасля рамонту ў гэтым будынку ў маі 1951 года была створана першая стацыянарная музейная экспазіцыя, якая прадэманстравала нешматлікія матэрыялы, сабраныя ў час вайны і першыя пасляваенныя гады. Яны далі магчымасць паказаць толькі дзве тэмы ў творчасці паэта — «Янка Купала — паэт і драматург» і «Янка Купала ў выяўленчым мастацтве».

9 лістапада 1959 года музей пераехаў у спецыяльна пабудаваны для яго будынак па вуліцы Янкі Купалы (архітэктары І. І. Валадзько, В. М. Волчак). У новым будынку была створана новая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці паэта. Яна праіснавала да пачатку 1970-х гг.

У выніку рэарганізацыі Акадэміі навук БССР у 1962 годзе музей перайшоў у падпарадкаванне Міністэрства культуры БССР.

У 1973 годзе супрацоўнікі музею пачалі працу над новым экспазіцыйным праектам. Адметнай рысай гэтага праекта было тое, што ў экспазіцыі, акрамя літаратурнай, прадугледжвалася значная мемарыяльная частка: фрагмент пецярбургскай кватэры Янкі Купалы, гасцёўня ў доме паэта, яго кабінет, куток маскоўскай кватэры мастака Елісеева і іншае.

Новая экспазіцыя была створана за два гады. 5 мая 1976 года яна была ўрачыста адкрыта для наведвальнікаў. У 1990-я гады адбылася яе мадэрнізацыя, больш шырока было адлюстравана жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў 1920—1930 гг.

У 2007 годзе да 125-годдзя паэта абноўлены залы, прысвечаныя тэмам: «Жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таямніца яго смерці» і «Пецярбургскі перыяд у жыцці паэта». Таксама ў 2007 годзе дырэктаркай музея прызначана Алена Ляшковіч, пад яе кіраўніцтвам абноўлена экспазіцыя музея, рэалізавана шмат праектаў[1].

У 2012 годзе (да 130-годдзя паэта) створана стацыянарная экспазіцыя «Шляхі». Галоўнай яе мэтай з’яўляецца паказ жыцця і творчасці Янкі Купалы ў нацыянальным, еўрапейскім і сусветным кантэксце, ролі пісьменніка ў гісторыі нацыянальнай літаратуры, культуры, станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Стваральнікі экспазіцыі імкнуліся на якасна новым узроўні прадставіць гісторыю шляхецкага роду Луцэвічаў, фальклорныя і біблейскія вытокі творчасці, філасофска-грамадзянскую пазіцыю паэта і драматурга, стан і развіццё беларускага і замежнага купалазнаўства.

Упершыню ў экспазіцыі беларускага музея з’явіліся новыя тыпы мультымедыйных сістэм, такія як праекцыйная музейная экспазіцыя з дэманстрацыяй тэматычных відэакліпаў у трохмерным вымярэнні (фармаце 3D), touch-манітор, які выконвае функцыю інфакіёска, змест якога складаюць чатыры віртуальныя туры па філіялах музея і электронная кніга ганаровых гасцей.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў музея выйшаў 14 жніўня на акцыю пратэсту супраць гвалту[2].

4 студзеня 2022 года па ініцыятыве наймальніка звольнена дырэктарка музея Алена Ляшковіч, паводле Reform.by са спасылкай на яго крыніцы ў музейных колах, прычынай звальнення стала прынцыповая адмова дырэктаркі звальняць супрацоўнікаў з надуманых «палітычных» прычын[3].

Калекцыя

правіць

На працягу ўсяго перыяду існавання музея праведзена грунтоўная работа па фарміраванні калекцый. Тут захоўваюцца рукапісы і дакументы Янкі Купалы, асабістыя рэчы і фатаграфіі, асобныя рарытэтныя фота паэта з дароўнымі надпісамі, сфарміраваны вялікі кніжны фонд. Найбольш значныя з іх: аўтографы Янкі Купалы, рукапісы і перапіска родных і сучаснікаў паэта; дакументальныя матэрыялы да біяграфіі паэта, куды ўваходзяць асабістыя дакументы, пасведчанні, даведкі, граматы, узнагародныя лісты, пашпарт і дэпутацкі білет.

Музей мае багатую калекцыю твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кінаархіў музея ўключае запісы голасу Янкі Купалы на шарынафоне (арыгінал), зробленыя ў Калоннай зале Дома саюзаў у Маскве ў 1940 годзе, магнітафонныя ролікі з запісам выступленняў паэта на 1-м Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў у 1934 годзе, на вечары, прысвечаным 85-годдзю з дня смерці Адама Міцкевіча, на радыёмітынгу ў Казані, копіі кінастужак з кадрамі перапахавання урны з прахам паэта на Ваенных могілках, дакументальныя кадры кіначасопісаў, прысвечаныя юбілеям паэта, запісы ўспамінаў родных Янкі Купалы, унікальнасць якіх у тым, што яны зроблены ў музеі і не маюць аналагаў у іншых фонаархівах.

У музеі захоўваюцца грампласцінкі даваеннага часу: песні і рамансы ў выкананні Васіля Качалава, Вадзіма Козіна, Сяргея Лемешава, Лідзіі Русланавай і інш.

На 1 студзеня 2010 года колькасць музейных прадметаў асноўнага фонду складала 38425 адзінак захоўвання, навукова-дапаможнага — 12046. Усе музейныя прадметы размеркаваны па 22 калекцыях, якія адпавядаюць профілю музея і могуць выкарыстоўвацца ў яго дзейнасці.

Дырэктары музея

правіць

Зноскі

Спасылкі

правіць