Літоўская Саве́цкая Рэспу́бліка, таксама вядомая як Літоўская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка (літ.: Lietuvos Tarybų Respublika, Lietuvos Tarybų Socialistinė Respublika) — кароткатэрміновае марыянеткавае дзяржаўнае ўтварэнне ў форме савецкай рэспублікі на тэрыторыі сучаснай Літвы, абвешчанай 16 снежня 1918 года часовым рэвалюцыйным урадам на чале з Вінцасам Міцкявічусам-Капсукасам.

Гістарычная дзяржава
Літоўская Савецкая Рэспубліка
літ.: Lietuvos Tarybų Respublika
Герб Літоўскай Савецкай Рэспублікі Сцяг Літоўскай Савецкай Рэспублікі
Герб Літоўскай Савецкай Рэспублікі Сцяг Літоўскай Савецкай Рэспублікі
< 
 >
1918 — 1919

Сталіца Вільня
Мова(ы) літоўская, руская, беларуская, польская, ідыш[1]
Форма кіравання Сацыялістычная рэспубліка
Старшыня ўрада
 •  Вінцас Міцкявічус-Капсукас

Спыніла сваё існаванне 27 лютага 1919 па аб'яднанні з Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай Беларусі, разам з якой па даручэнні расійскага ўраду была ўтвораная г.зв. Літоўска-Беларуская ССР (у гістарыяграфіі вядомая таксама як ЛітБел).

На думку гісторыкаў, незважаючы на намаганні па прадстаўленні ЛСР як нібыта выніку сацыялістычнай рэвалюцыі пры падтрымцы мясцовых жыхароў, рэспубліка насамрэч з'яўлялася прарасійскім марыянетачным палітычным утварэннем, створаным для апраўдання вайны паміж Саветамі і тагачаснай незалежнай Літвой. У сваю чаргу, прадстаўнікі савецкай гістарыяграфіі прытрымлівалася думкі, што прызнанне Савецкай Расіяй савецкай рэспублікі ў Літве разбіла хлусню імперыялістаў ЗША і Вялікабрытаніі пра драпежныя мэты Расіі ў Балтыцы[2]. Тым не менш, літоўцы не падтрымалі савецкае ўтварэнне на тэрыторыі краіны, падтрымаўшы ў асноўным незалежную дзяржаву, абвешчаную 16 лютага 1918 літоўскай Тарыбай.

Утварэнне

правіць

Германская імперыя атрымала паражэнне ў Першай сусветнай вайне і 11 лістапада 1918 года падпісала Першае Камп'енскае перамір'е, паводле якога краіна пагаджалася на спыненне баявых дзеянняў. Узброеныя сілы Германіі пачалі адступаць ад тэрыторый Обер-Оста. Праз два дні ўрад Савецкай Расіі адмовіўся ад умоў Брэсцкага міру, згодна з якім яна, у прыватнасці, прызнавала незалежнасць Літвы[3]. Савецкае кіраўніцтва пачало наступ на заходнія тэрыторыі былой Расійскай імперыі, дзе былі абвешчаныя новыя незалежныя дзяржавы — Эстонія, Латвія, Літва, Беларусь, Украіна і Польшча. Наступ ажыццяўляўся з мэтай распаўсюджання г.зв. пралетарскай рэвалюцыі і замены мясцовых нацыянальных рухаў стварэннем савецкіх рэспублік[4]. Савецкія сілы рушылі ўслед адыходзячым нямецкім войскам, у выніку чаго напачатку практычна бяскроўна былі заняты цэнтральныя часткі Беларусі, а потым, пад канец снежня 1918 года была дасягнута тэрыторыя сучаснай Літвы[5].

Абвяшчэнне

правіць

Пачатак актыўнасці камуністаў у Літве адзначаецца з канца лета 1918 года. У перыяд з 1 па 3 кастрычніка ў Вільні, якая на той момант аспрэчвалася ўрадам БНР, адбыўся з'езд з 34 дэлегатаў, на якім было абвешчана стварэнне Камуністычнай партыі Літвы[2]. Першым старшынёй партыі быў абраны Пранас Эйдукевічус. Партыя вырашыла распрацаваць палітычную праграму на ўзор расійскіх бальшавікоў і арганізаваць сацыялістычную рэвалюцыю ў Літве. Гэтыя планы былі інспіраваныя і фінансаваліся расійскім урадам, кантралюючыся камуністычнымі дзеячамі Адольфам Ёфэ і Дзмітрыем Мануільскім[6]. 2 снежня гэтага ж года Міцкявічусам-Капсукасам была пасланая давераная асоба[6] для перадачы 15 млн рублёў на фінансаванне рэвалюцыі[6], а ўжо 8 снежня Камуністычная партыя Літвы сфарміравала Часовы рэвалюцыйны ўрад з васьмі членаў, лідарам якога стаў сам Міцкявічус-Капсукас. Іншымі яго членамі сталі Зігмас Алекса-Ангарэціс, Сямён Дыманштэйн, Казімір Ціхоўскі, Пранас Свотэліс-Пралетарас, Аляксандрас Якшэвічус, Канстанцінас Керновічус і Іцхак Вейнштэйн[7]. Тым не менш, шэраг сучасных гісторыкаў маюць сумневы пра рэальнасць сустрэчы гэтых дзеячаў у Вільні, як гэта сцвярджалася ў савецкіх гістарычных працах[6][8], больш верагоднай зьўляецца тэорыя пра прыход гэтага ўрада разам з Чырвонай арміяй.

У перыяд 15 студзеня 1919 года Вільня не кантралявалася ні Літвой, ні літоўскімі камуністамі, знаходзячыся пад кантролем мясцовай польскай самаабаронай[9]. Паміж 16 снежня 1918 года і 7 студзеня 1920 года літоўскі камуністычны ўрад знаходзіўся ў Дзвінску[6].

Пазней, у маніфесце, датаваным 16 снежня, было аб'яўлена пра стварэнне Літоўскай ССР[2]. 19 снежня гэтага ж года маніфест быў апублікаваны ў расійскай газеце «Известия», а потым зачытаны па радыё[6]; праз пяць дзён маніфест быў распаўсюджаны ў Вільні[10]. Праект маніфесту быў падрыхтаваны непасрэдна Міцкявічусам-Капсукасам і змяшчаў у канцы лозунг «Няхай жыве Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка [разам] з Савецкай Літвой!»[6]. Канечне маніфест быў адрэдагаваны тагачасным народным камісарам па справах нацыянальнасцей Сталіным і іншымі сябрамі РКП, у выніку чаго лозунг набыў выгляд «Няхай жыве вызваленая савецкая Літва!»[6]. Міцкявічус-Капсукас не жадаў устанаўлення незалежнай савецкай рэспублікі, агітуючы супраць сепаратызму; да гэтых ідэй ён прыйшоў пад уплывам Розы Люксембург[11].

Новаўтвораная ЛСР папрасіла дапамогі з боку РСФСР. 22 снежня РСФСР прызнала незалежнасць савецкай Літвы[12], у той жа дзень Чырвоная армія авалодала мястэчкамі Езяросы і Свянцяны (на апошняе прэтэндаваў урад БНР), у наступным актыўнасць Часовага ўрада рэзка знізілася[2], а армія незалежнай Літвы, будучы вельмі маладой, не здолела аказаць супраціву савецкаму наступу. 5 студзеня Чырвоная армія, наўзамен польскай самаабароне, узяла пад кантроль Вільню. Ужо пад канец студзеня гэтага ж года Чырвоная армія кантралявала большую частку Літвы[5], пакінуўшы пад кантролем незалежнай Літвы толькі рэгіён Жамойці і наваколляў.

У межах савецкага наступу падобныя прарасійскія савецкія ўтварэнні былі створаныя і ў іншых краінах Балтыі (Латвійская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка, Эстляндская працоўная камуна)

Літоўская Савецкая Рэспубліка з'яўлялася адносна слабым утварэннем, якое было вымушана спадзявацца на дапамогу з боку Расіі[12]. Саветы ў Расіі, як правіла, найбольшую падтрымку мелі серад рабочых на прадпрыемствах, якіх было даволі мала ў Літве[13]. 21 студзеня ўрад РСФСР прадаставіў савецкай Літве крэдыт памерам 100 млн рублёў[14]. Савецкая Літва не здолела стварыць уласнага войска; у лютым 1919 года Міцкявічус-Капсукас накіраваў тэлеграму ў Маскву, у якой паведамлялася, што прызыў літоўцаў у савецкую армію толькі заахвочвае іх да прыходу добраахвотнікамі ў армію Літоўскай Рэспублікі[1]. У той жа час на тэрыторыях, акупаваных Саветамі, былі створаныя рэвалюцыйныя камітэты і саветы на ўзор Расіі[1].

Савецкае кіраўніцтва патрабавала вялікіх кантрыбуцыяў з боку занятых населеных пунктаў. Так, гораду Панявеж было прадпісана здаць на карысць савецкай улады 1 млн рублёў, Уцяне — 200 тыс, тады як ад кожнага селяніна патрабавалася па 10 рублёў[13].

Былі нацыяналізаваныя камерцыйныя ўстановы і буйныя маёнткі, выкарыстанне зямлі было заменена з невялікіх фермерскіх гаспадарак на калектыўнае земляробства[13]. Эканамічныя цяжкасці і недахоп грошай былі прадэманстраваныя дэкрэтам ад студзеня 1919 года, згодна з якім любым фінансавым установам забаранялася плаціць жыхарам сумы звыш за 250 рублёў[15]. Непапулярнасці савецкай улады ў Літве таксама паспрыялі шырокая ўкаранёнасць у літоўцах каталіцызму і нацыяналізму[1][13].

Ліквідацыя

правіць
 
Тэрыторыя міжваеннай Літоўскай Рэспублікі і яе тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Польшчы.

Паміж 8 і 15 лютага 1919 года літоўскія і нямецкія добраахвотнікі спынілі савецкі наступ, выратаваўшы ад узяцця пад савецкі кантроль тагачасную сталіцу Літоўскай Рэспублікі Каўнас[5] (урадам Літвы сталіцай фармальна лічылася Вільня, аднак абсалютна большую частку свайго існавання ў міжваенны перыяд Літва не кантралявала гэты горад, з прычыны чаго рэальнай сталіцай рэспублікі быў горад Каўнас, які лічыўся часовай сталіцай).

Сутыкнуўшыся з непапулярнасцю савецкай улады ў Літве і пагрозай польскага наступу ў бок Беларусі, савецкае кіраўніцтва вырашыла аб'яднаць беларускую і літоўскую савецкія рэспублікі ў адзіную — Літоўска-Беларускую ССР, на чале якой стаў Міцкявічус-Капсукас[16], таксама былі аб'яднаныя і камуністычныя партыі абедзвюх ССР. Тым не менш, дадзеныя меры не дапамаглі, і польскія войскі ў красавіку ўзялі Вільню, а потым, у жніўні, і Мінск (гл. польска-савецкая вайна). З-за таго, што Польшча ўзяла пад кантроль амаль увесь цэнтр Беларусі, а ў склад БССР (якая ўвайшла ў склад ЛітБелу) не ўваходзіў усход сучаснай Беларусі, тэрыторыя пад кантролем ЛітБелу скарацілася да вельмі вузкай паласы зямлі між РСФСР і Польшчай у раёне ракі Бярэзіна; у выніку гэтага ЛітБел спыніў сваё існаванне спачатку фактычна, а потым і фармальна.

14 ліпеня 1920 савецкія сілы ўзялі пад кантроль Вільню, але не перадалі яе наваколле і сам горад у рукі Літвы, як гэта было замацавана паводле Маскоўскага дагавора між РСФСР і Літвой, падпісанай дзвюма днямі раней. Замест гэтага Саветы пачалі планаваць звяржэнне ўраду Літоўскай Рэспублікі і аднаўленне савецкага ўрада ў краіне, як гэта было здзейснена з БССР[1]. Тым не менш, Чырвоная армія прайграла бітву пад Варшавай (г.зв. «Цуд на Вісле») і была адкінутая Польшчай, што расцэньваецца некаторымі гісторыкамі як адзін з фактараў выратавання Літвы ад савецкага перавароту[17][18].

У міжваенны перыяд савецка-літоўскія адносіны ў асноўным насілі станоўчы характар, аднак праз некалькі месяцаў пасля пачатку Другой сусветнай вайны Савецкі Саюз вырашыў акупаваць дзяржавы Балтыі, у тым ліку і Літву, што было ажыццёўлена ў ліпені 1940 года. Паводле афіцыйнай савецкай прапаганды гэтыя падзеі апісваліся як аднаўленне савецкай улады рэвалюцыйных мас[2]. У 1939 годзе яшчэ незалежнай Літве была перададзена Вільня з навакольнымі рэгіёнамі, якая на той момант трапіла са складу Польшчы ў склад БССР, праз год Літве, ужо як рэспубліцы ў складзе СССР, былі перададзены дадатковыя тэрыторыі БССР, у прыватнасці Эйшышкі, Салечнікі, Друскенікі і Гадуцішкі.

Зноскі

правіць
  1. а б в г д Eidintas, Alfonsas; Vytautas Žalys, Alfred Erich Senn. Lithuania in European Politics: The Years of the First Republic, 1918–1940. — New York: St. Martin's Press, 1999. — С. 36. — 272 с. — ISBN 0-312-22458-3.
  2. а б в г д Jurgėla, Constantine R. Lithuania: The Outpost of Freedom. — Valkyrie Press, 1976. — С. 161-165. — ISBN 0-912760-17-6.
  3. Langstrom, Tarja. Transformation in Russia and International Law. — Martinus Nijhoff Publishers, 2003. — С. 52. — 494 с. — ISBN 90-04-13754-8.
  4. Davies, Norman. Europe: A History. — HarperPerennial, 1998. — С. 934. — ISBN 0-06-097468-0.
  5. а б в Ališauskas, Kazys. XV // Lietuvos kariuomenė (1918–1944). — Lietuvių enciklopedija. — Boston, Massachusetts: Lietuvių enciklopedijos leidykla, 1953-1966. — С. 94-99.
  6. а б в г д е ё ж Čepėnas, Pranas. II // Naujųjų laikų Lietuvos istorija. — Chicago: Dr. Griniaus fondas, 1986. — С. 318-323. — ISBN 5-89957-012-1.
  7. White, J. D. 23 // The Revolution in Lithuania 1918–19. — Soviet Studies, 1971. — Т. 23. — С. 192-193. — ISBN 0038-5859.
  8. Lesčius, Vytautas. Lietuvos kariuomenė nepriklausomybės kovose 1918–1920. — Vilnius: Ваенная акадэмія Літвы імя генерала Ёнаса Жэмайціса, 2004. — Т. Lietuvos kariuomenės istorija. — С. 32. — ISBN 9955-423-23-4.
  9. Kłos, Juliusz. Kronika powstań polskich 1794—1944. — Wydanie trzecie poprawione po zgonie autora. — Warszawa: Wydawnictwo Kronika, 1994. — С. 345. — 551 с. — ISBN 83-86079-02-9.
  10. Antanas Drilinga. Lietuvos Respublikos prezidentai. — Vilnius: Valstybės leidybos centras, 1995. — С. 51. — ISBN 9986-09-055-5.
  11. White, James D. 46 // National Communism and World Revolution: The Political Consequences of German Military Withdrawal from the Baltic Area in 1918–19. — Europe–Asia Studies. — 1994. — Т. 8.
  12. а б Eidintas, Alfonsas. Lietuvos Respublikos prezidentai. — Vilnius: Šviesa, 1991. — С. 36. — ISBN 5-430-01059-6.
  13. а б в г Lane, Thomas. Lithuania: Stepping Westward. — Routledge, 2001. — С. 7-8. — 246 с. — ISBN 0-415-26731-5.
  14. Lesčius, Vytautas. Lietuvos kariuomenė nepriklausomybės kovose 1918–1920. — Vilnius: Ваенная акадэмія Літвы імя генерала Ёнаса Жэмайціса, 2004. — С. 29. — ISBN 9955-423-23-4.
  15. Kvizikevičius, Linas; Saulius Sarcevičius. 68 // Pinigų cirkuliacijos Lietuvoje bruožai 1915−1919 m.. — Istorija. Lietuvos aukštųjų mokyklų mokslo darbai. — Т. 35.
  16. Mawdsley, Evan. The Russian Civil War. — 2007. — С. 118. — 362 с. — ISBN 1-933648-15-5.
  17. Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569–1999. — Yale University Press, 2004. — С. 62-63. — 367 с. — ISBN 0-300-10586-X.
  18. Senn, Alfred Erich. 21 // The Formation of the Lithuanian Foreign Office, 1918–1921. — Slavic Review, 1962. — Т. 3. — С. 500-507.