Літоўска-беларускія дывізіі

Літоўска-беларускія дывізіі — вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919-20 гады.

Першая Літоўска-беларускія дывізія фарміравалася на тэрыторыі Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губерняў з палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. Складалася з трох стралковых брыгад і палка ўланаў. 9.12.1918 прызначаны камандзір дывізіі ген. В. Івашкевіч (да сакавіка 1919, потым генералы С. Шатыцкі, А. Макрэцкі). У адрозненне ад іншых адзінак польскага войска, дывізія і яе палкі мелі свае геаграфічныя назвы, а не агульную нумарацыю. 1-я брыгада складалася з Сувалкаўскага і Ковенскага, 2-я — Беластоцкага і Гродзенскага, 3-я — Віленскага і Мінскага палкоў. Дзейнічала на беларуска-літоўскім фронце польскіх войск. 19.2.1919 дывізія заняла Беласток, у красавіку правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліпені-жніўні дзейнічала супраць войск 16-й арміі Заходняга фронту ў раёне Клецка — Сіняўкі — Ганцавіч, наступала на Мір і Стоўбцы, пасля заняцця Нясвіжа, Міра і Слуцка выйшла ў раён Глуска, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Літоўска-беларуская дывізія (камандзір ген. А. Барушчак), якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. Яна займала лінію польскага фронту супраць Літвы і ахоўвала Вільню з захаду. У ліпені 1920 у час наступлення Чырвонай Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы верасня 1920 пасля адступлення Чырвонай Арміі камандзірам 1-й Літоўска-беларускай дывізіі прызначаны генерал Л. Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Літоўска-беларускай дывізіі. 8.10.1920 паводле загаду Ю. Пілсудскага Жалігоўскі ў знак нязгоды з перадачай Вільні і Віленскага краю Літве ўзняў т. зв. «бунт» 1-й Літоўска-беларускай дывізіі, 9.10.1920 заняў Вільню, 12.10.1920 абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. Дывізіі атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Літоўска-беларуская дывізія стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага.

Літаратура правіць

  • Грыцкевіч, А. Літоўска-беларускія дывізіі // ЭГБ у 6 т. Т.4. - Мн., 1997.
  • Грыцкевіч, А. Літоўска-беларускія дывізіі // БелЭн у 18 т. Т.9. - Мн., 1999.
  • Кушаль, Ф. Спробы стварэньня беларускага войска. — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 1999. — С. 21—28. ISBN 985-6374-16-2.
  • Szeptycki, S. Front Litewsko-Białoruski. - Kraków, 1925.
  • Deruga, A. Polityka wschodnia Polski wobec ziem Litwy, Białorusi i Ukrainy (1918—1919). - Warszawa, 1969.
  • Skaradzińiski, B. Polskie lata 1919-1920. T.2. - Warszawa, 1993.
  • Wyszczelski, L. Wojna o Polskie Kresy 1918—1921 / L. Wyszczelski. — Warszawa: Bellona, 2011. — 490 s. ISBN 978-83-11-12012-9.