Літоўскі правінцыйны камітэт
Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК) быў створаны ў Вільні ўлетку 1862 года з мэтай падрыхтоўкі паўстання супраць царызму. Фармальна ЛПК быў падпарадкаваны Цэнтральнаму Нацыянальнаму камітэту (ЦНК). У ЛПК уваходзілі прадстаўнікі як «чырвоных», так і «белых». Па ініцыятыве ЛПК збіраліся сродкі на правядзенне паўстання, набывалася зброя і былі створаныя мясцовыя рэвалюцыйныя арганізацыі: Гродзенская (Кастусь Каліноўскі), Мінская (А. Трусаў), Наваградская (У. Борзабагаты) і іншыя. Найбольш масавай і актыўнай сярод мясцовых арганізацый была Гродзенская. Кастусь Каліноўскі, яе кіраўнік, стаў адным з уплывовых кіраўнікоў ЛПК, а ў кастрычніку 1862 года ўзначаліў яго. Сярод членаў камітэту былі Зыгмунт Чаховіч і Ян Козел-Паклеўскі.
Літоўскі правінцыйны камітэт | |
---|---|
польск.: Komitet Prowincjonalny Litewski | |
Лідар | Кастусь Каліноўскі |
Дата заснавання | 1861 |
Дата роспуску | де-юрэ распушчаны ў сакавіку 1863 года, дэ-факта спыніў існаванне пасля паражэння паўстання |
Саюзнікі і блокі |
Польскі нацыянальны ўрад, Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы |
Партыйны друк | дэ-факта «Мужыцкая праўда» |
У студзені 1863 года на тэрыторыі Польшчы пачалося паўстанне, што стала нечаканасцю для беларускіх рэвалюцыянераў, але было неадкладна падтрымана імі. 1 лютага ЛПК абвясціў сябе Часовым Правінцыйным урадам Літвы і Беларусі і выдаў праграмныя дакументы, якія дублявалі праграму польскіх аднадумцаў. Насельніцтва края заклікалася да паўстання, усе жыхары незалежна ад веры, стану і паходжання аб'яўляліся свабоднымі і раўнапраўнымі. У сялянскую ўласнасць пераходзілі зямельныя надзелы, з памешчыкамі за зямлю павінна была разлічыцца дзяржава. Рэкруцкая павіннасць замянялася 3-гадовай усеагульнай ваеннай павіннасцю. Аднаўлялася ўніяцкая царква.
Сярод кіраўнікоў паўстання адсутнічала адзінства, разгарнулася барацьба за ўладу. «Белыя» ўсталявалі кантроль над кіруючымі органамі спачатку ў Варшаве, а потым і на месцах. У сакавіку 1863 года ЛПК быў распушчаны і створаны «Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы». Каліноўскі і яго паплечнікі падпарадкаваліся, каб пазбегнуць расколу.
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 386.
- Алег Латышонак, Яўген Мірановіч. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. - 2-е выд. - Смаленск: Інбелкульт, 2013. - 368 с. ISBN 978-5-9904531-6-6.