Ліцвінства
Ліцві́нства, ліцвіні́зм (таксама літві́нства, літвіні́зм) — філасофска-палітычная плынь у Беларусі, якая грунтуе гісторыю сваёй дзяржавы на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага і часам акцэнтуе ўвагу на балцкім кампаненце беларускага этнасу, галіна беларускага нацыяналізму.[1]
ГісторыяПравіць
СярэднявеччаПравіць
У XIV—XV стагоддзях «ліцвінамі» называлі сябе пераважна жыхары заходніх зямель Беларусі і ўсходу Летувы. У XVI стагоддзі і асабліва ў XVII—XVIII стагоддзях гэтая назва распаўсюджваецца амаль на ўвесь беларускі этнас.[2] Гэтакая форма «нацыяльнага» самавызначэння насельніцтва Беларусі (асабліва шляхты) умацоўваецца пасля аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага з Польскім каралеўствам у Рэч Паспалітую, якое разглядалася палякамі як «аб’яднанне дзвюх нацыяў у адзіную нацыю». Тутэйшыя магнаты і шляхта доўгі час падкрэслівалі, што яны менавіта «ліцвіны», чым выказвалі даволі высокі ўзровень дзяржаўнанацыянальнай самасвядомасці. «Мы і палякі, хоць і брацця, але зусім адменных звычаяў», — пісаў у канцы XVI стагоддзя канцлер Леў Сапега. Назвы «ліцвіны», «Літва», на думку даследчыкаў, былі найбольш абагульняльнай формай этнічнай самасвядомасці і самавызначэння беларускага насельніцтва. Яны ўжываліся на беларускіх тэрыторыях больш пяцісот гадоў, а ў другой палове XIX стагоддзя перамясціліся на паўночны захад і сталі найменнем суседняга балцкага народу і яго зямлі.
Новы часПравіць
Першапачаткова ж, ліцвінства — гэта з’ява, якая ўзнікла ў ХІХ стагоддзі, грунтавалася на гістарычных і культурных традыцыях ВКЛ, праяўлялася ў цікавасці да народнай культуры, на ўсведамленні этнакультурнай адметнасці як ад расейцаў, гэтак і ад палякаў. Было часткай рэчпаспалітаўскага патрыятызму, хоць і адрознівалася высокай ступенню аўтаномнасці. Паводле стваральніка расейскамоўнага сайту «Літванія» Віктара Нагнібяды, па сваёй канфесійнай прыналежнасці большасць прадстаўнікоў гэтай традыцыі з’яўляліся носьбітамі (бывала прыкідваліся) каталіцтва, а па саслоўным складзе належалі да шляхты.[3][4]
Пад канец ХІХ і ў пачатку ХХ стагоддзя фармуецца суполка краёўцаў, якія вызначалі сябе формулай «ліцвін па паходжаньні, паляк па нацыянальнасці» і намагаліся стварыць другую вунію Польшчы і Літвы (Беларусі). У 1907 годзе краёўцы стварылі Краёвую партыю Літвы і Русі, а ў 1908 партыя знікла з палітычнай арэны. Зноў актывізавалася падчас Першай сусветнай вайны. Па меры адраджэння Польшчы як незалежнай дзяржавы і адмовы ад канфедэрацыйных планаў краёўвы рух амаль спыніў сваё існаванне.
Найноўшая гісторыяПравіць
Міжваенны часПравіць
У міжваеннай Польшчы краёўцы склалі суполку віленскіх кансерватараў (таксама вядомых як крэсавыя або віленскія зубры) і намагаліся стварыць польска-беларускаю федэрацыю. Яны выказваліся за дэцэнтралізацыю кіравання дзяржавай і развіццё мясцовага самакіравання; за стымуляванне эканамічнага разьвіцця Заходняй Беларусі і доступ беларусам на дзяржаўныя пасады, за падтрымку праваслаўнай царквы і ўвядзенне беларускай мовы ў праваслаўнае набажэнства; прыхільна-нейтральна ставіліся да фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці ў беларускамоўных сялянаў Польшчы. Уважалі сябе за нашчадкаў шляхты Вялікага Княства Літоўскага і носьбітаў ягоных традыцыяў. Але рух заняпаў з пачаткай Другой сусветнай вайны.
У незалежнай БеларусіПравіць
28 лютага 1995 года была заснаваная газета «LITWA: hłos monarchisty», у якой былі агалошаныя ідэі вяртання Вялікага Княства Літоўскага.
20 траўня 2000 года ў Наваградку быў падпісаны Акт абвяшчэння ліцвінскай нацыі, які паклаў пачатак руху ліцвінізму.[3] Пры гэтым тэрміны беларусы і ліцвіны з’яўляюцца неадназначнымі. З аднаго боку, ліцвіны — не беларусы, а з іншага — кожны беларус можа стаць ліцвінам, калі ўсведамляе сябе гэтакім. Этнонім «беларус» лічыцца ідэалагічна нагружаным тэрмінам, які з’явіўся ў XIX стагодзьдзі для замацаваньня пэрыферыйнасці тутэйшага насельніцтва ў адносінах да «велікаросаў»[5].
На ўстаноўчым сходзе 2000 года яго арганізатары Віктар Нагнібяда і Андрэй Юцкевіч у якасці мэты назвалі адасабленне Заходняй Беларусі ў асобную дзяржаву або яе далучэнне да Польшчы, а таксама далучэнне да Расеі ўсёй астатняй Беларусі (Рыжскі падзел). У 2005 годзе Нагнібяда і Юцкевіч стварылі па-расейску сайт «Літванія», які выдалілі ў 2009 годзе пасля ад’езду ў Польшчу. У 2017 годзе журналіст газеты «Новы Час» Валер Руселік параўнаў расейскамоўны праект Літваніі з іншым крамлёўскім сепаратысцкім праектам «Вейшнорыя» ў кірунку гетаізацыі нерасейцаў. Таксама Руселік заўважыў, што расейская выведка выкарыстала для прыкрыцьця правакацыі шчырыя памкненні людзей, для азначэння якіх выкарыстоўвала абразліва-функцыянальны тэрмін «карысныя ідыёты»[6].
У верасні 2015 года старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк заўважыў, што ў расейскай прапагандзе дзеля дэзынфармацыі «спрабуюць выкарыстаць некаторых беларускіх маргіналаў, што па-юнацку мараць пра адраджэнне Вялікай Літвы». Ён адзначыў, што расейскі тролінг «замешаны на нянавісці да Беларусі». У сваім тлумачэнні Пазняк згадаў: «Адзін з прыёмаў цяперашняй рускай фашыстоўскай прапаганды і дэзынфармацыйнай вайны — унесці „замутненне“ ў свядомасць самаідэнтыфікацыі на ніжэйшых, менш адукаванах пластах грамадства ў Беларусі і ва Украіне і стварыць тут часовыя сацыяльныя апоры для акупацыі і гібрыднай вайны. Любая нагода, любая ідэя, нават самая абсурдная становіцца прыдатнай для рускай дэзынфармацыі, калі яна накіравана на падважванне і раскол беларускай і ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці». Урэшце Зянон Пазняк падкрэсліў: «Адмоўнасць нашых „разумных дурняў“ у тым, што яны… клянуць беларусаў і ўсё беларускае, … думка не пра кансалідацыю, не пра разьвіццё Беларусі, а пра развал. Для Масквы такія думкі прыдатныя ў любым выглядзе»[7].
ІдэіПравіць
НазваПравіць
Ліцвіны лічаць, што Беларусь павінная мець назву «Літва», «Вялікалітва»[8], «Літванія»[9], а беларусы «ліцвіны». Што тычыцца Летувы, то, на думку ліцвінаў, яна павінная называцца «Летува», «Жамойць» або «Жмудзь» і аніяк не «Літва».[10]
Стваральнік расейскамоўнага сайта «Літванія» Віктар Нагнібяда лічыць назвы «Беларусь», «беларусы» каланіяльнымі перажыткамі мінуўшчыны, якімі спрабавалі знішчыць самасвядомасць ліцвінаў.[1]
Погляд на гісторыюПравіць
З пункту гледжання Віктара Нагнібяды, беларусы — гэта славянізаваныя балты, продкі якіх люцічы, яцвягі і іншыя.[3]
Вялікае Княства Літоўскае было створанае ліцвінамі (беларусамі). Летувісы ж уважаюцца за «жмудзінаў», якія не мелі ніякага ўплыву ў дзяржаве.
Удзельнікі руху станоўча ставяцца да Рэчы Паспалітай і часам нават за аднаўленне яе. Рух прызнае супольнасьць палякаў, русінаў (украінцаў) і ліцвінаў (беларусаў), але адмаўляе падобную канцэпцыю заходнерусізму (супольнасць расейцаў, украінцаў і беларусаў).
Віктар Нагнібяда заяўляў, што імкнецца адрадзіць традыцыі ліцвінскай шляхты, спасылаючыся на такіх дзеячаў, як Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Міхал Клеафас Агінскі, Юзаф Пілсудскі (хоць той у 1875 годзе пазначыў сябе беларусам) і іншых.[11]
Ліцвіны лічаць Беларусь часткай Заходняй цывілізацыі[12], а таму падтрымліваюць ейны ўваход у Еўрапейскі Саюз й Паўночнаатлантычны альянс.[8][13]
Ліцвінскія арганізацыіПравіць
Зноскі
- ↑ а б Пра ліцвінаў
- ↑ Пра ліцвінаў
- ↑ а б в Гісторыя, на думку ліцвінаў
- ↑ Пра ліцвінства, заходнерусізм і беларуская ідэя. ХІХ — пачатак ХХ ст.
- ↑ Алесь Кіркевіч. «Яшчэ не позна вярнуць краіне сапраўднае імя — Літва» // Будзьма беларусамі!. — 30.01.2017.
- ↑ Валер Руселік. Вейшнорыя: смех скрозь слёзы // Новы Час. — 14 верасня 2017.
- ↑ Гэта слова сакральнае. Аб некаторых аспэктах Беларускага Адраджэньня і паразы рускай палітыкі , Зянон Пазьняк (13 верасьня 2015). Праверана 22 траўня 2020.
- ↑ а б Пра Вялікалітву і ЕС
- ↑ Пра ліцьвінства
- ↑ Пра назовы Літва й Беларусь
- ↑ Пра ліцьвінства
- ↑ Пра тое, чаму ўступ у ЭЗ немагчымы
- ↑ Пра розніцу паміж ліцвінам і беларусам
СпасылкіПравіць
- Алесь Краўцэвіч на Нашай Ніве
- Белсат пра ліцвінаў
- Суполка ліцвінаў у сацыяльнай сетцы УКантакце
- Суполка ліцвінаў у сацыяльнай сетцы УКантакце Архівавана 19 лютага 2020.
- Суполка ліцвінаў у сацыяльнай сетцы УКантакце Архівавана 6 снежня 2019.
- Заклік літвінаў 2020
- Байкі і баечкі люду Вялікае Літвы, княскія, рыцарскія, мяшчанскія і сялянскія, звычайныя і цудоўныя, у розныя часы запісаныя, а цяпер разам да чытання паспалітаму люду выдадзеныя. Менск, 2020