Ліцейная форма — форма, у якую заліваюць расплаўлены матэрыял, каб атрымаць пасля яго зацвердзявання фасонную адліўку. Складаецца звычайна з дзвюх паўформ, якія з дапамогай ліцейнай мадэлі ўтвараюць замкнёную поласць з канфігурацыяй і памерамі патрэбнай адліўкі.

Гісторыя правіць

У старажытнасці ліцейная форма выкарыстоўвалася для адліўкі падвесак, скроневых кольцаў, пярсцёнкаў, бранзалетаў, крыжыкаў, гузікаў і іншых вырабаў ліццём.

На тэрыторыі Беларусі знойдзены гліняныя ліцейныя формы на паселішчах мілаградскай культуры (Гарошкаў, Мохаў, Падгор’е і інш.). У сярэдзіне I тысячагоддзя н.э. карысталіся і каменнымі формамі (Пруднікі). У IX—XI стагоддзях пераважаюць гліняныя формы, выкананыя па васковых мадэлях, з аднабаковай нрафілёўкай. У XI стагоддзі ўжывалі таксама пляскатыя двухбаковыя гліняныя формы. У познафеадальны перыяд для атрымання арнаментаваных званоў, гармат выкарыстоўвалі формы складаных канструкцый. Выраблялі ліцейныя формы з розных парод каменю, вогнетрывалай гліны, зрэдку з дрэва і бронзы. Высокага майстэрства рэзчыка патрабаваў выраб форм з каменю, асабліва дапасаванне плоскасцей двухбаковых форм. Для адліўкі вырабаў са складанай рэльефнай арнаментацыяй ужывалі 3- і 4-баковыя ліцейныя формы. Для сумяшчэння частак у формах рабіліся адтуліны, у якія ўстаўлялі штыфты. Каменныя формы выкарыстоўвалі для ліцця тэхнікай «навыплеск» (незастылая маса лілася вонкі), што дазваляла атрымаць аблегчаныя пустацелыя выявы звяроў, птушак, імітацыі зерні, скані і інш. Ліцейныя формы знойдзены пры раскопках у Ваўкавыску, Гродне, Мінску, Навагрудку, Полацку (больш за 20), Тураве і іншых гарадах.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць