Лявон Іванавіч Дубейкаўскі

беларускі архітэктар, палітык
(Пасля перасылкі з Л. Вітан-Дубейкаўскі)

Ляво́н Іва́навіч Дубе́йкаўскі або Ві́тан-Дубе́йкаўскі (7 (19) ліпеня 1869, в. Дубейкава Мсціслаўскага павета — 6 лістапада 1940, Вільня) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, паэт, інжынер-будаўнік, архітэктар.

Лявон Іванавіч Дубейкаўскі
Лявон Дубейкаўскі. Прага, 1921 г.
Лявон Дубейкаўскі. Прага, 1921 г.
Дата нараджэння 7 (19) ліпеня 1869
Месца нараджэння
Дата смерці 6 лістапада 1940(1940-11-06) (71 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Альма-матар
Партыя
Член у
Працаваў у гарадах Вільнюс, Смаленск, Відзы і Дрысвяты
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць
 
Лявон Вітан-Дубейкаўскі з бацькамі ў Дубейкаве. 1904 г.

Раннія гады

правіць

Нарадзіўся 7(19) ліпеня 1869 года ў засценку Дубейкава Мсціслаўскага павета Магілеўскай губерні ў сям’і дробнага шляхціца Яна Дубейкаўскага і Агапы, з роду Дзеружынскіх. Старажытны шляхецкі род Дубейкаўскіх браў свой пачатак прыкладна з XIV ст., з часоў існавання Імсціслаўскага ўдзельнага княства. Некалі заможны род у час падзелаў Рэчы Паспалітай збяднеў ды заняпаў[1]. Ахрышчаны ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мсціславе[1].

Пасталеўшы, Дубейкаўскі пачаў збіраць беларускі фальклор, самастойна апрацоўваў вусныя народныя творы, спрабаваў пісаць сам. На пачатку 1890-х гадоў ён напісаў байку «Пацягне воўк — пацягнуць і воўка» ды верш «Бура».

Скончыў Мсціслаўскае гарадское вучылішча. У 17 гадоў, насуперак волі бацькоў, што прапаноўвалі яму ісці ў пісары, Лявон Дубейкаўскі выправіўся ў Варшаву і паступіў вучыцца на будаўніка ў школу будаўнічых рамёстваў[1]. Каб зарабляць грошы на навучанне ды пражыццё, вечарамі падпрацоўваў на будоўлі[1].

Праз два гады, маючы ўжо дыплом прафесійнага будаўніка, вярнуўся на радзіму. Спачатку ён працаваў пры аднаўленні старых будынкаў, а пасля пачаў узводзіць і ўласныя. З пачатку 1890-х гадоў Лявон Дубейкаўскі кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Чачэрску, у мястэчках Свіслач Асіповіцкага павета і Смальяны Аршанскага павета. Падчас рэканструкцыі Смальянскага касцёла працаваў разам з вядомым архітэктарам Лявонам Даўкшам  (руск.), знаёмства з якім шмат у чым вызначыла далейшы прафесійны выбар Дубейкаўскага[1].

У часе адбудовы аднаго з касцёлаў на Магілёўшчыне ён пазнаёміўся з маладым мясцовым святаром, які адкрыў для яго беларускую літаратуру. Першаю беларускаю кнігаю стаў зборнік вершаў Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская». Захоплены вершамі, Дубейкаўскі, разам са сваім сябрам, перапісваў іх і завучваў на памяць[2].

Пачатак архітэктурнай дзейнасці. Першая рэвалюцыя

правіць
 
Лявон Дубейкаўскі (справа) у часе адпачынку пасля язды на ровары, 1914 г.

У 1894 годзе атрымаў падрад на будаўніцтва новага каменнага касцёла ў Смаленску. З 1896 па 1898 год кіраваў вялікай брыгадай будаўнікоў, якая выконвала асноўныя працы па ўзвядзенні храма[3]. У 1897 годзе з мэтаю лепшай арганізацыі ўласнай будаўнічай справы ён заснаваў прыватнае інжынернае «Таварыства Л. Дубейкаўскі і Ко»[1], якая выконвала будаўнічыя, інжынерна-праектныя, цэментавыя і рэстаўрацыйныя працы[4], а праз год — завод жалеза-бетонных вырабаў[1].

Праз нейкі час выехаў на вучобу ў Санкт-Пецярбург, дзе праз год, у 1903 годзе[5], экстэрнам здаў экзамены на званне інжынера-архітэктара пры Інстытуце цывільных інжынераў[1]. Разам з будаўніцтвам цывільных будынкаў Дубейкаўскі ўзводзіць па просьбе мясцовых праваслаўных святароў цэрквы ў Ярцаве і Манастыршчыне Смаленскай губерні[1], якія былі скончаны ў 1903 годзе[4]. У 1904 годзе пабудаваў у Вязьме каменны дом казначэйства, у Смаленску — будынак гарадской пошты (не захаваўся)[4].

У час расійска-японскай вайны і рэвалюцыйных падзеяй 1905—1906 гадоў, калі будаўнічае прадпрымальніцтва ў Расійскай імперыі перажывала заняпад, Лявон Вітан-Дубейкаўскі вырашыў ліквідаваць сваю справу, прадаў уласны завод, паклаў грошы ў банк і выехаў у Парыж, дзе ў 1907—1909 гадах вучыўся ў архітэктурнай школе  (фр.)[1], пасля заканчэння атрымаў у 1910 годзе званне архітэктара-мастака[1].

Дубейкаўскі ўладкаваўся на працу ў Варшаве, у прыватнае архітэктурна-будаўнічае бюро Лільпопа і Янкоўскага. Набраўшыся за 3 гады прафесійнага вопыту ды склаўшы патрэбны капітал, Лявон стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў. Адначасова ён выкладаў будаўнічую справу ў Варшаўскім сярэднім прамыслова-тэхналагічным вучылішчы інжынера Пятроўскага. Паводле яго праекта была ўзведзена фабрыка братоў Рынгаў, шэраг даходных дамоў у Варшаве. Уваходзіў у склад Кола архітэктараў у Варшаве (Koła architektów w Warszawie). Этапнай для яго стала праца над прыватным праектам палацавага ансамбля па вул. Флора, 7 у Варшаве, які ён выканаў у стылі еўрапейскага мадэрну. Для будаўніцтва архітэктурнага комплексу ў пачатку 1914 г. былі праведзены падрыхтоўчыя работы, але ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны далейшая праца была спынена[1].

Беларускае адраджэнне. БНР

правіць
 
Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў і місій у еўрапейскіх краінах, Берлін. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Кастрычнік 1919 г. (БДАМЛіМ).

Стала выпісваў беларускую прэсу і літаратуру, ліставаўся з рэдакцыямі газеты «Наша Ніва» і каталіцкім штотыднёвікам «Biełarus». Некалькі разоў наведваў Вільню, дзе блізка пазнаёміўся з лідарамі беларускага нацыянальнага руху: братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім, Уладзіславам Сталыгвам, кс. Францішкам Будзькам ды інш., дапамагаў матэрыяльна пецярбургскай выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца»[1]. Увосень 1916 годзе Дубейкаўскі прыехаў у Санкт-Пецярбург, дзе атрымаў нечаканую прапанову ад кс. Францішка Будзькі зрабіць праект беларускага касцёла ў Янатрудзе[1]. Дзякуючы хадайніцтву біскупа Эдварда Ропа Францішак Будзька дамогся зацвярджэння праекта ад афіцыйных расійскіх уладаў, але лютаўская рэвалюцыя 1917 года парушыла планы святара[1].

Перыяд з 1917 года Дубейкаўскі цалкам аддаў беларускай нацыянальнай справе. У Беларусь ён пераехаў незадоўга да бальшавіцкага перавароту, знайшоўшы прытулак у фальварку Міхаўцы пад Радашковічамі, у сядзібе беларускага літаратара і палітычнага дзеяча Аляксандра Уласава[1]. У 1917 годзе член Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску.

З 1 чэрвеня 1918 года пастановай Народнага Сакратарыята Беларусі Лявон Вітан-Дубейкаўскі быў зацверджаны галоўным урадавым архітэктарам Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён пачаў распрацоўваць узоры дзяржаўных нацыянальных узнагарод (эскізы гэтых узораў захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва). Па заданні ўрада БНР летам таго ж года архітэктар завяршыў праект будынка Першай беларускай нацыянальнай гімназіі ў Будславе. Атрымаўшы ўрадавую грашовую субсідыю, Дубейкаўскі сам паехаў туды і ўзначаліў будаўніцтва. Але польская акупацыя не дазволіла яму завяршыць справу. Паводле загаду новай адміністрацыі Будслаўская беларуская гімназія была ліквідавана як «прытулак бальшавізму»[1].

Каб паспрыяць паразуменню польскай і беларускай інтэлігенцыі, ён выступіў адным з ініцыятараў стварэння восенню 1919 года Польска-беларускага таварыства, у якое ўвайшлі княгіня Магдалена Радзівіл, граф Ежы Чапскі, Эдвард Вайніловіч ды інш. вядомыя асобы. Цвёрда трымаючыся ідэі незалежнасці Беларусі, Дубейкаўскі выступаў у беларускім друку супраць польскага шавінізму. Уступіў ў шэрагі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі[1].

 
Сцяг Першага Слуцкага палка, Вільня (1921). Злева-направа: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Любоў Зяневіч (вышывальшчыца), штабс-капітан Антон Борык

Ведаючы добрыя сувязі Дубейкаўскага ў Варшаве, старшыня Рады міністраў БНР Антон Луцкевіч зацвердзіў яго 15 чэрвеня 1919 на пасаду консула беларускага ўрада ў Польшчы. На той час Дубейкаўскі займаў пасаду архітэктара ў Янаве Люблінскага ваяводства, але пакінуў прыбытковае месца і выехаў у польскую сталіцу бараніць інтарэсы Беларусі. У кастрычніку 1919 года ён ініцыяваў стварэнне Беларускага камітэта у Варшаве, выконваў абавязкі яго старшыні[1].

У лістападзе 1920 года падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісчыкаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Аляксандравіч Скірмунт, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Жаўрыд, Чэслаў Урбанавіч Крупскі, Андрэй Якубецкі, Ражноўскі, Кузьма Цярэшчанка, Аркадзь Антонавіч Смоліч, Антон Неканда-Трэпка, Сяргей Баран[6]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[7].

Член масонскай ложы (Вільня). Пасля эміграцыі Рады БНР працаваў у беларускім прадстаўніцтве ў Варшаве (1919—1922).

Дзейнасць у Заходняй Беларусі

правіць

3 1922 года жыў у Вільні (Польская Рэспубліка) ажаніўся з Юліянай Мэнке. Быў прэзідэнтам беларускай каталіцкай парафіі імя Св. Міколы, дзеячом Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Удзельнічаў у выданні газеты «Беларускі фронт». За беларускую дзейнасць праследаваўся польскімі ўладамі.

Займаўся архітэктурна-будаўнічымі работамі, між іншым праектаваў царкву ў Відзах і касцёл у Дрысвятах. Будаваў кляштар пад Варшавай і мікрараён на Антокалі ў Вільні. У другой палове 1930-х гадоў з-за цяжкай хваробы архітэктар практычна не працаваў. Аўтар праекта «дома Вадэйкаў» у Галавічполі (пач. 1930-х)[8]. У 1935 годзе далучыўся да Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, займаў пасаду першага віцэ-старшыні, прадстаўнік партыі ў Беларускім нацыянальным камітэце[9].

Узімку 1939—1940 гадоў перанёс цяжкі грып. Памёр 6 лістапада 1940 года ад раку страўніка[1]. Пахаваны на могілках Роса ў Вільні.

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Уладзімір Ляхоўскі. Рупіўся дзеля Бога і людзей. Наша вера № 2(5)/1998. Праверана 8-3-2021.
  2. Ляхоўскі У. Рупіўся дзеля Бога і людзей: Жыццёвы шлях Лявона Вітан-Дубейкаўскага // Наша вера. 1997. № 4
  3. Дубейковский Леон Янович(недаступная спасылка)
  4. а б в [1]Архитектура и строительство № 7 (206) 2009 г. Калейдоскоп
  5. Вітан-Дубейкаўскі Лявон Іванавіч. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  6. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах 2006, с. 325—326.
  7. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах 2006, с. 17.
  8. nashaniva.by
  9. Na našym froncie // Новы шлях № 4 (14) : часопіс. — Вільня: 10 жніўня 1935. — С. 8.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць