МАЗ-103 — аўтобус, прызначаны для перавозкі пасажыраў на гарадскіх і прыгарадных маршрутах. Вырабляецца Мінскім аўтамабільным заводам з 1996 года.

МАЗ-103
МАЗ-103.065
МАЗ-103.065
Вытворца Мінскі аўтамабільны завод
Месца вытворчасці Мінск, Сцяг Беларусі
Гады выпуску 19962022
Тып Гарадскі
Клас Вялікі
Храналогія
МАЗ-101 МАЗ-203
Фотагалерэя на Wikimedia Commons МАЗ-103 на Вікісховішчы

Выкарыстоўваецца на гарадскіх і прыгарадных маршрутах у большасці гарадоў Беларусі, а таксама ў Расіі, Украіне, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Венгрыі.

Гісторыя правіць

15 чэрвеня 1992 г. быў падпісаны дагавор паміж Мінскім Аўтамабільным Заводам і нямецкай аўтобуснай фірмай Неапланberu (Neoplan), на падставе якога МАЗу была перададзена ліцэнзія на вытворчасць гарадскога аўтобуса Neoplan 4014 і турыстычнага лайнера Neoplan 316SHD.

У 1993 годзе былі пабудаваныя шэсць гарадскіх аўтобусаў з нямецкіх машынакамплектаў. днак гэтыя аўтабосы былі дарагімі (200 000 $) і мелі крохкія элементы падвескі, якія хутка ламаліся на беларускіх дарогах. Праблемы пастаянна ўзнікалі з хадавой часткай і рулявым кіраваннем.

У выніку было прынята рашэнне прыстасаваць аўтобус да беларускіх умоў эксплуатацыі шляхам максімальнага замяшчэння імпартных дэталяў айчыннымі і дапрацоўкі канструкцыі аўтобуса. Праца над гэтым пачалася адразу ж, змяненні ў канструкцыю ўжо беларускіх аўтобусаў, якія атрымалі індэкс МАЗ-101, уносіліся ў ходзе вытворчасці. З-за немажлівасці вытворчасці задняга моста партальнага тыпу ў чыстым выглядзе, быў распрацаваны больш просты вузел. Гэта прывяло да павышэння ўзроўню падлогі (з 360 мм да 580 мм) у задняй частцы салона. Бесступенчаты ўваход у салон быў захаваны ў раёне пярэдніх і сярэдніх дзвярэй. Так з'явіўся аўтобус для ўнутрыгарадскіх перавозак МАЗ-103, які каштаваў прыкладна ў 2,5 разы менш за першыя МАЗаўскія аўтобусы. Доля імпартных частак, калі не лічыць сілавы агрэгат, складала не больш за 15% у любым выкананні, а ў стандартным варыянце 8%.

З восені 2008 года вырабляецца рэстайлінгавы варыянт.

Планавалася, што ў 2021 годзе будзе зняты з вытворчасці, аднак на мадэль працягвалі паступаць заказы. У выніку агулам за 2021 год было выпушчана 125 адзінак МАЗ-103.486, 45 адзінак МАЗ-103.445, 11 прыгарадных МАЗ-103.586 і 18 газавых МАЗ-103.965[1]. У 2023 годзе апошняя партыя з 10 аўтобусаў МАЗ-103.965 была пастаўлена ў Растоў-на-Доне (Расія)[2].

Апісанне правіць

Выгляд ззаду (МАЗ-103П)

Кузаў аўтобуса МАЗ-103 — апорны, цэльнаметалічны, вагоннага тыпу. Шкло — уклеенае, і, як правіла, таніраванае. Бакавыя вокны могуць устанаўлiвацца як з вузкімі адкіднымі форткамі, так і з шырокімі ссоўнымі. Аўтобус мае трое дзвярэй ссоўнага тыпу, для пасажыраў двое двухстворкавых дзвярэй і задняя палова пярэдніх дзвярэй (пярэдняя палова пярэдніх дзвярэй — для вадзіцеля). Праёмы дзвярэй — 1250 мм. Кабіна вадзіцеля адгароджана ад салона.

Пасажырскі салон МАЗ-103 некалькі пашырыўся ў параўнанні з МАЗ-101, у прыватнасці, павялічылася адлегласць паміж левым і правым радамі сядзенняў. Звычайна мае трохрадную планіроўку. Па левым борце размешчаны падвоеныя сядзенні, па правым — адзіночныя. Месцаў для сядзення — ад 21 да 28 у залежнасці ад камплектацыі, агульная (намінальная) пасажыраўмяшчальнасць — 100 чалавек, максімальная — 123 пасажыры. У салоне ёсць назапашвальная пляцоўка насупраць сярэдніх дзвярэй. Маторны адсек размешчаны ў заднім левым куце салона і займае ўсю прастору ад падлогі да столі. Узровень падлогі (360 мм) ад сярэдніх дзвярэй да маторнага адсека падымаецца да 580 мм, таму ўваход праз заднія дзверы мае прыступку вышынёй 220 мм.

Поўная вага аўтобуса МАЗ-103 складае 18 000 кг, у тым ліку нагрузка на пярэднюю вось — 6 500 кг, на заднюю — 11 500 кг. 220-літровы паліўны бак устаноўлены ў нішы з правага боку па ходзе аўтобуса і мацуецца да каркасу кузава хамутамі.

Маторны адсек размешчаны ў заднім левым куце салона і займае ўсю прастору ад падлогі да столі. Доступ да сілавога агрэгата ажыццяўляецца праз люкі ў задняй частцы. Радыятары і сістэмы прамежкавага ахалоджвання размешчаныя ў верхняй частцы маторнага адсека над рухавіком і ўстаноўлены ўздоўж левай сценкі салона машыны. Ззаду на левым баку аўтобуса знаходзіцца паветразаборнік сістэмы ахалоджвання, на задняй сценцы — месца для вываду паветра, якое прадзімаецца вентылятарамі. Дадаткова зверху ў маторным адсеку маецца люк.

Першапачаткова на аўтобусы ўстанаўлівалі рухавікі ЯМЗ-236 і ММЗ Д-260.5. Аднак з-за малой магутнасці, шумлівасці і вібранагружанасці, вельмі вялікіх масы і габарытаў яраслаўскія рухавікі на МАЗ-103 надоўга не «затрымаліся». Знешне аўтобусы з рухавіком ЯМЗ можна пазнаць па маторнаму адсеку, які займае большую шырыню ў салоне. У далейшым рухавік ММЗ-260.5 магутнасцю 230 к.с. стаў самым папулярным  — такая камплектацыя аўтобуса мела пазначэнне МАЗ-103.002. Таксама абсталёўваўся ў розныя гады рухавікамі Renault, Deutz, Mercedes-Benz.

Пры канцы выпуску аўтобусы абсталёўваліся рухавікамі Weichai (дызельныя мадыфікацыі МАЗ-103.445, МАЗ-103.545 і газавая версія МАЗ-103.946) і Mercedes (дызельныя МАЗ-103.486, МАЗ-103.586 і газавая МАЗ-103.965)[1].

На аўтобусах МАЗ-103 у залежнасці ад мадэлі, камплектацыі і перыяду выпуску ўсталёўваўся шэраг каробак перадач вытворцаў Praga, ZF, Voith і Allison.

Пярэдняя падвеска — незалежная, пнеўматычная на 2-х пнеўмабалонах з двума амартызатарамі і двума рэгулятарамі палажэння кузава. Задняя — залежная, пнеўматычная на 4-х пнеўмабалонах с чатырма амартызатарамі і двума кранамі ўзроўню падлогі. Каб забяспечыць нізкую падлогу ў салоне, картэр рэдуктара задняга моста ссунуты ў левы бок.

Мадыфікацыі правіць

МАЗ-103С правіць

Аўтобус МАЗ-103С з'яўляецца прыгараднай версіяй базавай мадэлі 103. Адрозніваецца адсутнасцю задніх дзвярэй, іншай планіроўкай салона і іншым перадатачным лікам вядучага моста. Месцаў для сядзення — 36-41 у залежнасці ад камплектацыі, агульная (намінальная) пасажыраўмяшчальнасць — 92 чалавека. Выпускаецца з 1996 года.

МАЗ-103.075 «Арктыка» правіць

МАЗ-103.075 у паўночным выкананні у Нарыльску

У параўнанні са звычайнымі аўтобусамі, у канструкцыю аўтобусаў прызначаных для работы ва ўмовах халоднага клімату быў унесены шэраг змен. Была зменшаная плошча шклення, былі прыбраныя ўсе форткі, а шкло замененае на шклопакеты. Дадаткова ўцяплілі падлогу, бакавіны і столь, акумулятарны адсек і ўсе камунікацыі, размешчаныя пад дном аўтобуса. Была ўсталявана сістэма вертыкальнага выхлапу адпрацаваных газаў. Для абагравання кабіны кіроўцы ўсталявалі паветраны ацяпліцель, з'явілася спецыяльная перагародка з дзвярыма, якая аддзяляе кабіну кіроўцы ад салона. Усе сядзенні былі размешчаныя на пастаментах, пад якімі знаходзіліся дадатковыя печкі для абагравання.

Цягам трох гадоў, з 2002 года па 2004 гады, у Нарыльск было пастаўлена больш за 250 аўтобусаў МАЗ-103.070 і МАЗ-103.075 «Арктыка»[3].

МАЗ-163 правіць

 
МАЗ-163

Для сантэхнічнага абслугоўвання мерапрыемстваў, прымеркаваных да 300 годдзя Санкт-Пецярбурга, па замове была выраблена партыя перасоўных аўтобусаў-туалетаў на базе МАЗ-103. Спецыяльны аўтобус атрымаў індэкс МАЗ-163. Прадстаўлены ў дзвюх мадыфікацыях — МАЗ-163М і МАЗ-163Ж (мужчынскі і жаночы адпаведна)[4].

Унутры аўтобуса знаходзяцца кабінкі, аддзеленыя адна ад адной перагародкамі і дзвярыма, а таксама рукамыйнікі, абсталяваныя ёмістасцямі з вадкім мылам. Унітазы з нержавеючай сталі без смыўнага бачка, абсталяваныя смыўным паўаўтаматычным кранам. Рукамыйнікі таксама зроблены з нержавеючай сталі і аснашчаны кранамі з аўтаматычным адключэннем вады. Побач з рукамыйнікамі мацуюцца люстэрка, дазатары вадкага мыла, ёмістасць для папяровых ручнікоў і кошыкі для выкарыстаных ручнікоў. На першых дзвюх машынах была ўсталявана фінская сантэхніка, а на наступных, з тым, каб знізіць выдаткі — расійскай вытворчасці. Злева ў задняй частцы салона размешчаны адсек касіра з дзвярыма і акенцам для прыёму грошай, сталом з сейфам для захоўвання грошай і разеткай 12В для падключэння касавага апарата, а таксама пультам кіравання механізмам адчынення дзвярэй. У шафе, размешчанай па правым борце за заднімі дзвярыма, захоўваецца ўборачны інвентар, мыйныя сродкі і спецвопратка для абслугоўваючага персаналу.

На левы борт кузава выведзеныя патрубкі камунікацый, праз якія аўтобус злучаюць з вадаправодам і каналізацыяй.

Вокны салона таніраваныя, непразрыстыя. Уваход ажыццяўляецца праз заднія дзверы, выхад — праз пярэднія. Насупраць сярэдніх дзвярэй размешчана кабінка для інвалідаў.

Усяго выраблена чатырнаццаць машын, па замове пакупніка — пецярбургскага Водаканала — афарбаваныя ў фірмовы бела-блакітны колер[5].

Самотлор-НН-5295 правіць

 
Самотлор-НН-5295

У 2005 годзе Мінскім аўтазаводам і ніжагародскай прамысловай групай "Самотлор-НН" пачата сумесная вытворчасць аўтобуса МАЗ-103 з яго дазборкай на вытворчых плошчах гэтай кампаніі ў горадзе Сямёнава (Ніжагародская вобласць).

Яны адрозніваліся ад стандартных МАЗ-103 змененай пярэдняй маскай, модульнай оптыкай фірмы Hella і электронным маршрутапаказальнікам у выглядзе бягучага радка. У значнай ступені быў мадэрнізаваны салон: былі змененыя канструкцыя поручняў, сістэмы асвятлення і ацяплення, з'явіліся антывандальныя сядзенні, змянілася планіроўка змененая канструкцыя поручняў, усталяваны 27 антывандальных сядзенняў ўласнай вытворчасці, палепшаная сістэма асвятлення і ацяплення[6]. Пры праходжанні расійскай сертыфікацыі аўтобусы атрымалі ўласны індэкс "5295".

Цягам 2006-2007 гадоў ніжагародская кампанія "Самотлор-НН" ажыццявіла зборку дзвюх буйных партый аўтобусаў для свайго рэгіёна.

У 2007 годзе на маскоўскім міжнародным аўтамабільным салоне "Самотлор-НН" прадэманстравала школьны аўтобус на базе МАЗ-5295.

МАЗ-103.4, МАЗ-103.5 правіць

 
МАЗ-103.465
МАЗ-103.565

У 2008 годзе аўтобусы МАЗ-103 атрымалі абноўленую знешнасць з новай пярэдняй і задняй вонкавымі панэлямі кузава[7]. Ззаду з'явіліся блокі вертыкальна размешчаных круглых ліхтароў, а спераду — павялічылася плошча шклення маршрутаўказальніка. Замест прамавугольных фар цяпер гарызантальна ўстанаўліваюцца некалькі «кропкавых» фар фірмы Hella. У 2009–2010 гадах змяніўся інтэр'ер. Поручні сталі жоўтага колеру, а замест фанернай абіўкі бакавін і перагародак з'явіўся шэры пластык.

МАЗ-103.965 правіць

МАЗ-103.965

МАЗ-103.965 — мадыфікацыя аўтобуса з рухавіком на кампрыміраваным прыродным газе (метане). Прадстаўлены ў маі 2015 года.

Аўтобус аснашчаны 279-моцным рухавіком Daimler М 906 LAG EEV экалагічнага класа Еўра-5 і аўтаматычнай шасціступеньчатай каробкай перадач Allison Т310R, такія ж самыя, што ўсталёўваюцца на МАЗ-203.965[8]. Шэсць палімерна-кампазітных газавых балонаў агульным аб'ёмам 1380 літраў (230 л кожны) устаноўлены на даху. Яны месцяць прыблізна 276 м³ сціснутага метану (пры ціску 200 атмасфер).

Мадыфікацыя з 6-ступеньчатай аўтаматычнай каробкай ZF мае індэкс МАЗ-103.966, прыгарадныя мадыфікацыі пазначаюцца як МАЗ-103.965С і МАЗ-103.966С (аснашчаныя каробкамі Allison і ZF адпаведна) [9].

Салон МАЗ-103.965 — з мадэрнізаванымі элементамі (скругленыя поручні, камбінаваныя двухколерныя молдынгі). Намінальная пасажыраўмяшчальнасць — 100 чалавек, месцаў для сядзення — 22. Аўтобус абсталяваны функцыяй "кнілінга": нахіл кузава на прыпынку ў бок дзвярэй дазваляе паменшыць вышыню прыступкі з 340 да 270 мм над узроўнем дарогі.

Зноскі

  1. а б Ветеран МАЗ-103 не сдается: его хотели снять с производства, но пришлось оставить (руск.). abw.by (26 студзеня 2022). Праверана 27 студзеня 2022.
  2. Новые автобусы МАЗ пришли в Ростов-на-Дону (руск.). abw.by (28 ліпеня 2023). Праверана 28 ліпеня 2023.
  3. Сделано в Республике Беларусь. Автобусы “Арктика” (руск.). adt.by (22 верасня 2015). Праверана 27 студзеня 2022.
  4. Нужда заставила (руск.). abw.by (15 студзеня 2007). Праверана 27 студзеня 2022.
  5. Автобус редкой, но нужной профессии. Мобильный санитарно-гигиенический комплекс // os1.ru (руск.)
  6. Автобусные амбиции Самотлора // Автобизнес : газета. — 2006. — № 41 (541) 12 кастрычніка.(недаступная спасылка) (руск.)
  7. Рестайлинг для "горожан" // Автобизнес : газета. — 2009. — № 15 (670) 16 красавіка.(недаступная спасылка) (руск.)
  8. Газовый МАЗ 103965 — лучший городской на "Мире автобусов" // Автобизнес : газета. — 2015. — № 20 (982) 21 мая. — С. 14.(недаступная спасылка) (руск.)
  9. "Вечный автобус": метановый вариант МАЗовской классики (руск.)(недаступная спасылка). abw.by (21 чэрвеня 2015). Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2015. Праверана 22 студзеня 2018.

Літаратура правіць

  • Автобусы МАЗ 103, МАЗ 107. Руководство по эксплуатации.. — 2016. (руск.)

Спасылкі правіць