Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова

Вышэйшая навучальная ўстанова
(Пасля перасылкі з МДУ імя А. А. Куляшова)

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова — беларуская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова са статусам універсітэта, якая знаходзіцца ў Магілёве.

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова
(МДУ імя А. А. Куляшова)
Заснаваны 1913
Тып Дзяржаўны
Рэктар Дзяніс Уладзіміравіч Дук
Рэктар Яўген Іосіфавіч Бычкоў, Фядот Мікалаевіч Казакоў, Яўген Паўлавіч Кудрашоў, Міхаіл Аляксандравіч Аўласевіч, Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў, Канстанцін Міхайлавіч Бандарэнка і Дзяніс Уладзіміравіч Дук
Краіна
Размяшчэнне
Юрыдычны адрас 212022 Магілёў, вул. Касманаўтаў, 1
Сайт msu.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Магілёўскі настаўніцкі інстытут

правіць

У пачатку ХХ стагоддзя ў беларускіх губернях адчуваўся востры недахоп кваліфікаваных настаўнікаў. Ва ўмовах хуткага пашырэння сеткі пачатковых школ і слабаразвітай сістэмы падрыхтоўкі педагагічных кадраў Віленскі настаўніцкі інстытут не мог забяспечыць патрэбы краю. Магілёўскія губернскія і гарадскія ўлады з 1909 года рабілі пэўныя захады дзеля таго, каб дамагчыся адкрыцця інстытута ў горадзе[1].

Летам 1913 г. было канчаткова вырашана адкрыць 1 ліпеня 1913 г. у г. Магілёве настаўніцкі інстытут «з гарадскім пры ім вучылішчам»[1]. Магілёў стаў другім, пасля Віцебска, горадам на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у якім пачаў дзейнічаць настаўніцкі інстытут[1]. Першым дырэктарам быў стацкі саветнік, кандыдат багаслоўя У. М. Тычынін.

Урачыстае адкрыццё інстытута адбылося 1 кастрычніка 1913 года. У той жа дзень Педагагічны Савет інстытута адгукнуўся «асабліва сардэчнай спагадай» на прапанову дырэктара прысвоіць інстытуту назву «Раманаўскі» ў гонар кіруючага дому Раманавых. Але вышэйстаячыя органы Міністэрства народнай асветы прызналі хадайніцтва назвы такім ганаровым званнем інстытута заўчасным[1].

 
Дом, у якім размяшчаўся інстытут. Цяпер вуліца Вароўскага, 39

Інстытут размясціўся ў арандаваным двухпавярховым[2] будынку дома стацкага саветніка Рыгора Мікалаевіча Гартынскага па вуліцы Быхаўскай, 22 (сёння вул. Вароўскага)[3]. Першы выпуск у колькасці 33 чалавек адбыўся ў 1916 годзе[2].

Гарадскія ўлады адразу выдзелілі пад будаўніцтва інстытута ўчастак зямлі, які пасля павелічэння яго тэрыторыі меў плошчу 255,3 квадратных сажань. Ен займаў амаль квартал, паміж вуліцамі Нова-Базарнай, Капітанаўскай, Інжынернай (недалёка ад ваеннай царквы, сёння прыблізна ў раёне завода «Строммашына»). Участак быў выдзелены бясплатна, на ўмовах, што на працягу трох гадоў вучэбнае ведамства прыступіць да будаўніцтва[4]. Быў распрацаваны праект будынка інстытута, які Міністэрства зацвердзіла ў сакавіку 1914 г. Але неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна, i будаўніцтва так і не пачалося[1].

Рыхтаваў настаўнікаў для вышэйшых пачатковых вучылішч і лічыўся сярэдняй навучальнай установай з трохгадовым тэрмінам навучання. Пры ім было створана двухкласнае гарадское вучылішча[2]. У інстытут прымаліся асобы мужчынскага полу праваслаўнага веравызнання ад 16 да 25 гадоў[1] з сярэдняй адукацыяй[2].

У гады Першай сусветнай вайны інстытут меў цяжкасці з наборам студэнтаў і памяшканнем. Частка калектыву была мабілізавана на фронт. Тым не менш, інстытут працягваў рыхтаваць настаўнікаў[1]. Першы выпуск у колькасці 33 чалавек адбыўся ў 1916 годзе[2]. У інстытуце ў той час працавала 8 выкладчыкаў.

Сфарміраваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Часовы ўрад ужо летам дазволіў прымаць у настаўніцкія інстытуты асоб як мужчынскага, так і жаночага полу. Набор 1917 г. прайшоў па адпрацаванай раней схеме. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў студзені 1918 г. заняткі ў інстытуце аднавіліся. Але ў сакавіку горад быў заняты польскімі ўзброенымі фарміраваннямі, якіх у маі змянілі германскія войскі. Цяпер адміністрацыя інстытута прасіла дазволу і ўзгадняла свае рашэнні з акупацыйнымі ўладамі[1].

Пасля ўступлення ў Магілёў 31 кастрычніка 1918 г. войск Чырвонай Арміі і пераходу ўлады да губернскага рэвалюцыйнага камітэта дзейнасць інстытута каардынавалася ўжо з органамі савецкай улады. Дзякуючы велізарным намаганням, самаадданай працы супрацоўнікаў, інстытут не прыпыніў сваёй дзейнасці ні ў рэвалюцыйных умовах 1917 г., ні ў час грамадзянскай вайны[1].

Магілёўскі педагагічны інстытут

правіць

Рэвалюцыя прывяла да кардынальных пераўтварэнняў у грамадстве, у тым ліку і ў сферы адукацыі. У адпаведнасці з пастановай Усерасійскага з’езда дэлегатаў настаўніцкіх інстытутаў Магілёўскі настаўніцкі інстытут у снежні 1918 года быў пераўтвораны ў Магілёўскі педагагічны інстытут[1], ён атрымаў статус вышэйшай навучальнай установы з чатырохгадовым тэрмінам навучання[2]. У склад яе супрацоўнікаў увайшлі лепшыя выкладчыкі навучальных устаноў Магілёва, таксама былі запрошаны спецыялісты з іншых гарадоў Расіі, у тым ліку і сталічных. Інстытут меў 3 аддзяленні і рыхтаваў настаўнікаў школ І і ІІ ступеняў, а таксама работнікаў дашкольных устаноў. Настаўнікаў для школ другой ступені вучылі на фізіка-матэматычным, сацыяльна-гістарычным, біялагічным, літаратурнамастацкім і геаграфічным цыклах. Кіраўніцтва інстытута ў 1919 г. прыняло абгрунтаваную, але, відавочна, не разлічаную на ўмовы грамадзянскай вайны праграму развіцця новай установы[1].

Вучэбную і выхаваўчыю работу вялі каля 40 выкладчыкаў. У гады грамадзянскай вайны і пасляваеннай разрухі заняткі вяліся ў вячэрні час[2].

У 1919 г. інстытуту перадалі будынак былой Марыінскай жаночай гімназіі[2].

Магілёўскі інстытут народнай адукацыі

правіць

У Маскве ў 1919 годзе была зацверджана чарговая рэарганізацыя: педагагічныя інстытуты пераўтвараліся ў інстытуты народнай адукацыі з больш шырокім профілем выпускаемых спецыялістаў. Яны ў залежнасці ад матэрыяльнай базы, патрэбнасці рэгіёнаў, наяўнасці выкладчыцкіх кадраў маглі мець да пяці аддзелаў і таксама адносіліся да вышэйшых навучальных устаноў. Усяго на Беларусі на базе педагагічных інстытутаў былі створаны тры такія ўстановы: у Магілёве, Віцебску і Менску[1].

У кастрычніку 1919 года інстытут быў адкрыты з чатырма аддзеламі: 1) дашкольным, 2) па падрыхтоўцы выкладчыкаў для школ І ступені, 3) па падрыхтоўцы выкладчыкаў для школ ІІ ступені, 4) па падрыхтоўцы інструктараў працоўных працэсаў. Ва ўмовах грамадзянскай вайны калектыў інстытута «увесь час змагаўся з велізарнымі, часта непераадольнымі перашкодамі». Сярод паступіўшых студэнтаў была «маса асоб без усялякай падрыхтоўкі». З-за цяжкасцяў жыцця ў прыфрантавым горадзе, бядотнага матэрыяльнага стану, сацыяльнай няпэўнасці і іншых прычын назіралася вялікая цякучасць кадраў[1].

Летам 1921 года вучэбны працэс нармалізаваўся, умацавалася матэрыяльная база. Менавіта ў гэты час пачалася чарговая рэарганізацыя ў сістэме народнай адукацыі: інстытуты народнай адукацыі пераўтвараліся або ў практычныя інстытуты, або ў педагагічныя тэхнікумы. У Менску, як цэнтры краю, планавалася стварыць педфак, а ў Гомелі, як цэнтры губерні, — практычны інстытут, у Магілёве, як павятовым горадзе, — педтэхнікум. Перспектыва пераўтварэння інстытута ў тэхнікум не задавальняла ні выкладчыкаў, ні студэнтаў. Савет інстытута прызнаў магчымым і неабходным існаванне практычнага інстытута ў Магілёве, інфармаваў аб гэтым цэнтральныя ўлады, запрашаў дэлегата «цэнтра» ў Магілёў для азнаямлення з сітуацыяй на месцы. Каля 200 студэнтаў напісалі заявы з просьбай перавесці іх у практычны інстытут народнай адукацыі[1].

Магілёўскі практычны інстытут народнай адукацыі і закрыццё

правіць

На пасяджэнні яго Савета 3 кастрычніка 1921 г. у адпаведнасці з рашэннем Галоўпрафадукацыі, з улікам таго, што інстытут мае «лепшыя ў губерні выкладчыцкія кадры», было абвешчана аб адкрыцці Магілёўскага практычнага інстытута народнай адукацыі[1].

Практычныя інстытуты, як новая форма падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, заставаліся вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і падпарадкоўваліся цэнтральным уладам у Маскве. Мэтай іх дзейнасці была падрыхтоўка «на навуковай аснове і адпаведных тэхнічных, прыродазнаўчых, педагагічных і эканамічных дысцыплін высокакваліфікаваных практычных дзеячаў», неабходных канкрэтнаму рэгіёну. Адметнасцю іх вучэбных планаў стала шырокае прымяненне практычных, лабараторных работ і практыкі студэнтаў[1].

З заканчэннем грамадзянскай вайны становішча не палепшылася. Востры фінансавы, сацыяльна-эканамічны крызіс, высокія тэмпы інфляцыі паставілі многія інстытуты на мяжу выжывання. Дзяржава была не ў стане ўтрымліваць вялікую колькасць ВНУ. У ліпені 1923 г. СНК СССР прыняў дэкрэт «Аб закрыцці і рэарганізацыі некаторых вышэйшых навучальных устаноў». Да новага навучальнага года Магілёўскі інстытут перадаў сваю матэрыяльную базу Магілёўскаму педтэхнікуму. Туды была пераведзена частка выкладчыкаў, студэнты падрыхтоўчага аддзялення і першага курса. Старшакурснікі атрымалі магчымасць працягнуць вучобу на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[1].

Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут

правіць

Развіццё школьнай сеткі і рост колькасці навучальных устаноў запатрабаваў ужо ў канцы 1920-х гг. тэрміновага паляпшэння сістэмы падрыхтоўкі педагагічных кадраў. У 1930 г. было прынята рашэнне аб аднаўленні педінстытутаў у Магілёве і Віцебску, стварэнні яго ў Гомелі. У адпаведнасці з пастановай 1 кастрычніка 1930 г. распачаў дзейнасць і Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут у складзе гісторыка-эканамічнага і літаратурна-лінгвістычнага аддзяленняў[1].

Да восені 1932 г. Магілёўскаму педагагічнаму інстытуту было прысвоена імя буйнейшага савецкага гісторыка М. М. Пакроўскага, які памёр восенню таго года. У сярэдзіне 1930-х гг. у савецкай гістарычнай навуцы пачаўся пераход ад інтэрнацыяналістычнай да савецкай дзяржаўна-патрыятычнай канцэпцыі. У афіцыйнай прапагандзе пачалося ўсхваленне асобных перыядаў расійскага мінулага. Пасмяротна Пакроўскі быў абвінавачаны ў «антымарксізме і ачарненні гісторыі Расіі». Пасля крытычнага выступлення Сталіна ў 1936 г. пачалася кампанія крытыкі поглядаў нябожчыка[1].

У 1934 г. было прынята рашэнне аб пераўтварэнні аддзяленняў інстытута ў профільныя факультэты з чатырохгадовым тэрмінам навучання: гістарычны, геаграфічны, мовы і літаратуры (рускае і беларускае аддзяленні). З 1934 г. выкладчыкі і студэнты пачалі геаграфічнае, гістарычнае і фальклорнае вывучэнне Магілёўскага рэгіёна. Да 1935 годзе ўсім грамадзянам СССР, якія скончылі сярэднюю школу і здалі іспыты, было дадзена права паступлення ў ВНУ незалежна ад іх сацыяльнага паходжання, праз гэта толькі на дзённым аддзяленні колькасць студэнтаў вырасла да 800 чалавек. У гэтым. Стыпендыя цяпер таксама залежала ад поспехаў у вучобе, а не паходжання. У наступным годзе пры інстытуце былі арганізаваны аднагадовыя курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў (5 — 7 класаў)[1].

Выключэнні з партыі, звальненні з працы і арышты гісторыкаў прывялі да таго, што ў Магілёўскім педінстытуце ў 1935 востра не хапала, а ў 19361938 гг. практычна не засталося сваіх лектараў-гісторыкаў. Неўкамплектаванасць кадрамі прыводзіла да зрыву заняткаў, вычыткі лекцый іншагароднімі, у тым ліку ленінградскімі, выкладчыкамі. З-за знішчэння «шкодніцкіх кніг ворагаў народа» востра не хапала гістарычнай літаратуры. Да таго ж шэраг лекцыйных гістарычных курсаў, якія раней вычыталі так званыя «ворагі народа», перачытваўся нанава. У пачатку першай паловы 1937 года з назвы знікла імя Пакроўскага[1].

У 1937 г. пры педагагічным ствараецца настаўніцкі інстытут з двухгадовым тэрмінам навучання, які рыхтаваў настаўнікаў для няпоўнай сярэдняй школы, а ў наступным годзе была адкрыта аспірантура. Напачатку 1940-х гг. на дзённым і завочным аддзяленнях навучалася больш за 2 тысячы студэнтаў. Побач з вучэбным корпусам быў пабудаваны інтэрнат, мелася вялікая бібліятэка, спартыўная зала і стралковы цір, добра абсталяваныя кабінеты і лабараторыі[1].

У 1940 г. было вырашана ўрачыста адсвяткаваць дзесяцігоддзе педагагічнага інстытута. Бюро Магілёўскага гарадскога камітэта партыі на сваім пасяджэнні 29 мая 1940 г., заслухаўшы даклад дырэктара МПІ Кірылава, пастанавіла падтрымаць меркаванне партарганізацыі і студэнтаў педінстытута прасіць Вярхоўны Савет БССР прысвоіць яму імя вядомага вучонага, даследчыка Арктыкі І. Д. Папаніна. Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 23 чэрвеня 1940 года прыняў адпаведны ўказ[1].

Вайна і пасляваеннае адраджэнне

правіць

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Магілёўскі педагагічны і настаўніцкі інстытуты планавалася эвакуіраваць на Урал у г. Чалябінск. Але вывезці калектыў і абсталяванне не ўдалося. На час нямецкай акупацыі і заняткі ў інстытуце прыпыніліся[1]. Многія выкладчыкі і студэнты змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, навучальны корпус інстытута быў спалены.

Пасля вызвалення Магілёва ў адпаведнасці з пастановай № 423 Савета Народных Камісараў Беларускай ССР ад 24 ліпеня 1944 г. інстытут пачынаў нанава сваю дзейнасць у складзе гістарычнага, мовы і літаратуры і геаграфічнага факультэтаў. Адраджэнне адбывалася ў вельмі складаных умовах. Перададзеныя будынкі былі ў гады вайны моцна пашкоджаны і патрабавалі рамонту. Не хапала абсталявання, падручнікаў, кадраў. Тым не менш, 16 лістапада рэгулярныя заняткі аднавіліся. Да канца 1950-х гадоў з назвы паступова знікла імя Папаніна[1].

За першыя дзесяць пасляваенных гадоў інстытут падрыхтаваў 3500 настаўнікаў. У ім працавалі факультэты фізіка-матэматычны, мовы і літаратуры, гістарычны і геаграфічны. У 1958 г. быў адкрыты факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання. У 1959 г. завершана будаўніцтва інтэрната са сталовай па вул. Ленінскай, 33[1].

У 1971 г. пабудаваны новы вучэбны корпус, сталовая і спартыўны комплекс, а пазней і новы інтэрнат па вул. Касманаўтаў[1].

У 1978 годзе інстытут адзначыў сваё 60-годдзе, яму было прысвоена імя народнага паэта БССР, ураджэнца Магілёўшчыны Аркадзя Куляшова. З гэтага часу ўстанова афіцыйна пачала называцца «Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. А. Куляшова»[1].

З 1980 г. у інстытуце былі створаны факультэты дашкольнага выхавання, зараз — педагогікі і псіхалогіі дзяцінства, пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і фізічнага выхавання, у 1990 г. — біялагічны, цяпер — прыродазнаўства, у 1997 г. — факультэт даўніверсітжцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі. У снежні 1991 г., пасля шматгадовага перапынку, зноў была адкрыта аспірантура. У 1996 г. выйшаў першы нумар уласнага перыядычнага выдання «Педагог», якое праз год пачало называцца «Універсітэцкі веснік»[1].

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова

правіць

30 чэрвеня 1997 г. педагагічны інстытут пераўтвораны ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова. Пасля атрымання новага статусу навучальная ўстанова, якая доўгі час была поліпедагагічнай, пачала падрыхтоўку спецыялістаў і для іншых галіні[1].

З 1998 года друкуецца навуковы і метадычны часопіс «Веснік МДУ імя А. А. Куляшова». У гэтым жа годзе адкрыты факультэты эканомікі і права, замежных моў. Пры універсітэце з 2000 г. дзейнічае інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў[1].

У 2015 годзе створаны гісторыка-філалагічны факультэт і факультэт матэматыкі і прыродазнаўства. У 2018 годзе Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова адзначае 105-годдзе.

Структура

правіць

Факультэты

правіць
 
Вучэбны корпус № 1

Інстытуты

правіць

Каледжы

правіць

Навуковая дзейнасць

правіць

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 2020 г. № 136 «Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтва за 2019 год» сярод навуковых арганізацый МДУ імя А. А. Куляшова прызнаны адным з пераможцаў.

У 2019 годзе супрацоўнікамі ўніверсітэта апублікаваныя 551 артыкул у навуковых выданнях, у тым ліку ў рэцэнзуемых навуковых часопісах і выданнях — 138, кніжных выданнях — 106, у тым ліку манаграфій — 8. У Расійскі індэкс навуковага цытавання ўваходзіць 11 167 адзінак, з іх у 2019 годзе ўвайшло 937; у Web of Science ўключана 116 адзінак, з іх у 2019 г. — 8; у Scopus — 132 адзінкі, з іх у 2019 г. — 12.

Універсітэт ажыццяўляе падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ў аспірантуры па 10 спецыяльнасцях. Колькасць аспірантаў на канец 2019 г. склала 44 чалавекі. Загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 2017/06/26 № 447 ва ўніверсітэце адкрыта падрыхтоўка па спецыяльнасці 07.00.02 «Айчынная гісторыя» гістарычнай галіны навукі для рэалізацыі адукацыйнай праграмы дактарантуры.

У адпаведнасці з загадам Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь № 206 ад 2017/10/02 г. пры ўніверсітэце створаны савет па абароне дысертацый К 02.03.01, якому дазволена праводзіць абароны дысертацый на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук па спецыяльнасці 07.00.02 — айчынная гісторыя (гістарычныя навукі).

У 2019 годзе ў дадзеным савеце былі абароненыя 3 дысертацыйныя работы на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук. Абараніла ў савеце дысертацыю Я. А. Рыер, якая стала лаўрэатам конкурсу ВАК Рэспублікі Беларусь 2019 года на найлепшую кандыдацкую дысертацыю ў намінацыі «гуманітарныя навукі» (дысертацыя «Кіраўнік і грамадства на беларускіх землях у XIII — першай трэці XV стст .: асноўныя механізмы палітагенеза, легітымізацыі і сакралізацыі ўлады», навуковы кіраўнік — І. А. Марзалюк, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь).

У 2019 годзе ў МДУ імя А. А. Куляшова выконвалася 18 заданняў у 6 ДПНД: «Фундаментальныя і прыкладныя навукі — медыцына» (1 заданне), «Фатоніка, опта- і мікраэлектроніка» (2 задання), «Фізічнае матэрыялазнаўства, новыя матэрыялы і тэхналогіі» (1 заданне), «Прыродакарыстанне і экалогія» (1 заданне), « Канвергенцыя — 2020» (2 задання), «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» (11 заданняў).

Акрамя таго, у 2019 годзе ўніверсітэт выконваў 5 праектаў БРФФД, 6 грантаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 1 грант МДУ імя А. А. Куляшова. Атрыманыя важныя вынікі ў галіне прародазнаўчых навук, у галіне сацыяльна-эканамічных і грамадскіх навук, у галіне гуманітарных навук.

У навучальны працэс ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова», іншых устаноў адукацыі рознага ўзроўню у 2019 годзе ўкаранёна 257 распрацовак. У 2019 годзе ажыццяўлялася ўкараненне навуковых распрацовак у навучальны працэс ўстаноў адукацыі рознага ўзроўню (257 распрацовак), сацыяльную сферу, вытворчасць, выканана 8 дамоў на аказанне паслуг.

6 выкладчыкаў МДУ імя А. А. Куляшова з’яўляюцца кансультантамі інавацыйных праектаў, якія ўключаны ў загад Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 2019/07/30 г. № 617 «Аб арганізацыі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў 2019/2020 навучальным годзе». Кожны з праектаў ахоплівае ад 6 да 36 устаноў адукацыі.

Міжнародная навуковая дзейнасць універсітэта ажыццяўляецца ў рамках міжнародных праектаў БРФФД-РФФД з ФДБАУ ВА «Бранскі дзяржаўны ўніверсітэт імя акадэміка І. Г. Пятроўскага», ФДБАУ ВА «Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны Ўніверсітэт», Федэральным навукова-даследчым цэнтрам «Крышталаграфія і фатоніка» РАН.

Універсітэт рэгулярна арганізоўвае міжнародныя навуковыя канферэнцыі, у якіх прымаюць удзел вучоныя краін блізкага і далёкага замежжа. У 2019 годзе ва ўніверсітэце праведзена 15 міжнародных канферэнцый. Супрацоўнікі ўніверсітэта прынялі ўдзел з дакладамі ў шматлікіх навуковых мерапрыемствах, на якіх было прадстаўлена 1034 даклады. З мэтай прасоўвання інавацыйнай прадукцыі на замежныя рынкі распрацоўкі навукоўцаў універсітэта ў 2019 годзе дэманстраваліся на міжнародных выстаўках.

Рэктары

правіць

Абвінавачванні ў палітычных рэпрэсіях супраць студэнтаў

правіць

Паводле справаздачы, падрыхтаванай Польскім фондам свабоды і дэмакратыі, Канстанцін Бандарэнка, рэктар універсітэта, адлічаў студэнтаў за іх палітычную дзейнасць[5].

Выпускнікі

правіць

Выкладчыкі

правіць

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав Гісторыя Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта (1913—1940 гг.): дакументы і матэрыялы / аўт.-склад.: А. Р. Агееў, К. М. Бандарэнка, В. П. Клімковіч; пад агульн. рэд. К. М. Бандарэнкі. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2008. — 216 с. ISBN 978-985-480-500-9.
  2. а б в г д е ё ж Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2023. Праверана 13 мая 2020.
  3. 105 ГАДОЎ ПАДРЫХТОЎКІ АДМЫСЛОЎЦАЎ ДЛЯ ГРАМАДСТВА І КРАЇНЫ Ў МДУ ІМЯ А. А. КУЛЯШОВА. Агееў Аляксандр Рыгоравіч
  4. Агееў А. Р., ДА ГІСТОРЫІ АДКРЫЦЦЯ НАСТАЎНІЦКАГА ІНСТЫТУТА У г. МАГІЛЁВЕ.
  5. Беларуская сістэма рэпрэсій. Пераследнікі і іх ахвяры = Białoruski system represji. Prześladowcy i ich ofiary / pod redakcją dr Dariusza Zalewskiego, Marka Bućko  (польск.), Michała Kurkiewicza i Tomasza Pisuli. — Warszawa: Fundacja Wolność i Demokracja, 2007. — С. 42. — 72 с. Архівавана 3 снежня 2013.

Літаратура

правіць
  • Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 9. — Мінск, 1999.
  • Республика Беларусь: энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 5. — Минск, 2007.

Спасылкі

правіць