Галоўная ліга бейсбола

(Пасля перасылкі з МЛБ)

Галоўная Ліга Бейсбола (англ.: Major League Baseball (MLB), МЛБ) — прафесійная бейсбольная арганізацыя, найстарэйшая з чатырох прафесійных спартыўных ліг ЗША і Канады. Уключае ў сябе 30 каманд і дзеліцца на Нацыянальную Лігу (НЛ) і Амерыканскую Лігу (АЛ) па 15 каманд у кожнай. НЛ і АЛ былі створаны як асобныя арганізацыі ў 1876 і 1901 гадах адпаведна. У 1903 годзе лігі пачалі ўзаемадзейнічаць, але заставаліся асобнымі да 2000 года, калі былі аб’яднаныя пад кіраўніцтвам Камісіянера бейсбола. МЛБ таксама курыруе Ніжэйшую Лігу Бейсбола (англ.: Minor League Baseball (MiLB), МіЛБ), у якую ўваходзяць 240 каманд, афіляваных з клубамі МЛБ. Разам з Сусветнай канфедэрацыяй бейсбола і сафтбола МЛБ кіруе правядзеннем міжнароднага турніру Сусветная класіка бейсбола.

Першая бейсбольная каманда была заснавана ў Цынцынаці ў 1869 годзе. Для першых дзесяцігоддзяў прафесійнага бейсбола былі характэрныя супрацьстаянні паміж лігамі і гульцамі, якія часта змянялі свае каманды і лігі. Перыяд да 1920 года атрымаў назву «Эра мёртвага мяча» з-за таго, што ў гэты час хоўм-раны здзяйсняліся вельмі рэдка. У 1919 годзе адбылася змова здачы Сусветнай серыі, якая атрымала назву «Скандал Блэк Сокс». Папулярнасць спорта пачала расці ў 1920-я годы, перажыўшы Вялікую дэпрэсію і Другую сусветную вайну. Пасля вайны Джэкі Робінсан стаў першым чарнаскурым гульцом у Галоўнай лізе бейсбола, зруйнаваўшы так званы «каляровы бар’ер».

1950-я і 1960-я сталі часам пашырэння Амерыканскай і Нацыянальнай ліг, а з’яўленне новых стадыёнаў і штучнага пакрыцця пачало змяняць гульню ў 1970-х і 1980-х гадах. 1990я годы характарызуюцца дамінаваннем хоўм-ранаў, а ў сярэдзіне 2000-х СМІ пачалі актыўна абмяркоўваць тэму выкарыстання анабалічных стэроідаў гульцамі МЛБ. Даследаванне, апублікаванае ў справаздачы Мітчэла ў 2006 годзе, выявіла выкарыстанне сродкаў для павышэння прадукцыйнасці вялікай колькасцю бейсбалістаў (па меншай меры, па адным гульцы ў кожнай камандзе).

На сённяшні дзень Галоўная ліга бейсбола складаецца з 30 каманд: 29 каманд з ЗША і 1 каманды з Канады. Кожная каманда гуляе 162 гульні ў рамках рэгулярнага сезона, пасля чаго пяць каманд з кожнай лігі трапляюць у 4-раўндавы плэй-оф, заключэннем якога становіцца Сусветная серыя — чэмпіёнская серыя паміж двума чэмпіёнамі кожнай з ліг, якая ідзе да чатырох перамог і бярэ свой пачатак у далёкім 1903 годзе. МЛБ транслюецца па тэлебачанні, радыё і ў інтэрнэце на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі і ў некаторых іншых краінах свету. Галоўная ліга бейсбола мае самую высокую агульную наведвальнасць на працягу сезона з усіх спартыўных ліг у свеце, перасягнуўшы адзнаку ў 73 мільёны гледачоў у 2015 годзе.