Адкрыць галоўнае меню

Магілёўскае паўстанне (1661)

(Пасля перасылкі з Магілёўскае паўстанне, 1661)

Магілёўскае паўстанне — паўстанне, адбылося 1 лютага 1661 ў Магілёве у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 гг.

Змест

ПерадумовыПравіць

3 верасня 1654 Магілёў перайшоў без бою на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу. Хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці. Значны канфлікт адбыўся 11 верасня 1655. Ваявода дакладваў цару, што магілёўцы «хотят выбрать без государева указа войта и бурмистров и райцев и лавников». Магілёўцы паслалі дэпутацыі да цара і дамагліся зацвярджэння пажаданых кандыдатур. Аднак канфлікт паглыбляўся, магістрат адмаўляўся выконваць загады ваяводы. Цар, нягледзячы на свае папярэднія абяцанні, санкцыянаваў дзеянні апошняга.

Хутка выбухнуў канфлікт паміж беларускім праваслаўным духавенствам і маскоўскай іерархіяй. Прызначэнні на магілёўскую кафедру з 1655 рабіліся маскоўскім патрыярхам. Частка апазіцыйнага магілёўскага праваслаўнага духавенства разам з ігуменам Куцеінскага манастыра Іаілем Труцэвічам была выслана ў глыб Расіі. Кнігі, начынне, друкарню і настаўнікаў Магілёўскай брацкай школы таксама вывезлі ў Расію. Казакі і маскоўскія служылыя людзі ўчынілі рабункі. Мяшчане распрацавалі план паўстання, паводле якога усе гаспадары, у чыіх хатах стаялі маскоўскія ратнікі, павінны былі выкруціць крэмені з іх стрэльбаў і 10 лютага на заклік бурмістра Язэпа Левановіча пачаць паўстанне.

ПаўстаннеПравіць

Аднак масавае агульнагарадское паўстанне пачалося 1 лютага з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч «Пара! Пара!» бурмістр Язэп Левановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў[1].

Зазваніў ратушны звон, які таксама быў сігналам да пачатку паўстання. На дапамогу мяшчанам прыйшлі выпушчаныя імі ваеннапалонныя. Маскоўскі гарнізон (ад 2 тыс. да 7 тыс. чалавек паводле розных крыніц) амаль цалкам быў вынішчаны, выратаваліся толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили»[2]. Магілёўцы ўзялі у палон ваявод С. С. Гарчакова, М. А. Палуэктава, стралецкага галаву С. І. Чэкіна і іншых афіцэраў. Найбольш актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Магілёў зноў атрымаў магдэбургскае права і быў ураўнаваны ў правах з Вільняй, яму нададзены новы гарадскі герб.

Месца пахаванняПравіць

Целы забітых маскоўцаў пахавалі на сучаснай пл. Арджанікідзэ, у выніку чаго гэта месца да сярэдзіны XX стагоддзя насіла назву «Касцярня». У 2007 годзе на месце спачыну маскоўскіх стральцоў мясцовымі ўладамі была пабудавана аўтазапраўка. Парэшткі маскоўскіх салдат былі скінуты экскаватарам у роў[3].

ПамяцьПравіць

У верасні 2018 года актывісты звярнуліся склалі петыцыю ў Магілёўскі гарвыканкам з прапановай устанавіць памятную дошку аб паўстанні 1661 года на гарадской ратушы, што «будзе спрыяць росту патрыятызму і гонару магілёўцаў, а таксама патрыятычнаму выхаванню новага пакалення». Гарвыканкам адказаў на гэта, што прапанова «гістарычна неабгрунтаваная», бо ратуша, пра якую вядзецца гаворка, не мае непасрэднага дачынення да сучаснай ратушы, акрамя агульнай пераемнасці — колішняя драўляная ратуша згарэла ў 1664 годзе і размяшчалася на іншым на месцы (на месцы дома № 8 па вуліцы Першамайскай)[4].

Зноскі

  1. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 2. — Вильна, 1867. — С. XVIII
  2. Акты Московского государства, изданные Императорскою Академиею наук / Под ред. Н. А. опова, Д. Я. Самоквасова. Т. 3. — СПб., 1901. — С. 324
  3. Зміцер Мышкоўскі Фашиствующие руководители, уймитесь!. Наша Ніва (2 чэрвеня 2011).
  4. Магілёўскія ўлады адмовіліся ўшанаваць памяць паўстаньня 1661 году, бо «ратуша ўжо ня тая»

ЛітаратураПравіць

  • Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. — СПб., 1889. — Т. 14. — 10 000 экз.
  • Беларускі архіў. — Мн., 1927. — Т. 1. — 10 000 экз.
  • Полное собрание русских летописей. — М., 1980. — Т. 35. — 10 000 экз.
  • Бацюкоў, А. На магіле маскоўскіў стральцоў // Наша гісторыя, №3, 2018, с.48-52. ISBN 2617-2305