Магілёўская хроніка
Магілёўская хроніка — летапіс з ліку беларуска-літоўскіх летапісаў, адзін з гарадскіх летапісаў ВКЛ.
Твор быў складзены ў Магілёве на працягу 17—19 ст. купецкім старастам і лаўнікам Трафімам Раманавічам Суртам (першы летапіс напісаў у 1693 годзе, дапоўніў яго да 1701 года, звесткі за 1526—1701 гады) і рэгентам канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—1746 гады), прадоўжаны яго сынам Аляксандрам (да 1788 года) і ўнукам Міхаілам (да 1856 года).
Твор апісвае падзеі гісторыі Магілёва, найперш дзеі і праблемы яго гараджанаў у сувязі са знешнімі падзеямі. Ёсць запісы аб Паўночнай вайне (1700—1721), аб асобах Пятра I, Карла XII, А. Меншыкава, І. Мазепы і інш. Улучаныя літаратурныя творы 1-й пал. 18 ст.(вершаваны пасквіль на кардынала М. Радзяёўскага і караля Аўгуста Моцнага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземцаў у Польшчы» і інш.).
Магілёўская хроніка напісана на польскай і рускай мовах. Найбольшую навуковую і гістарычна-літаратурную каштоўнасць[1] мае частка, напісаная першымі двума храністамі (звесткі за 1526—1746 гады), якая захавалася ў рукапісе, датаваным 1747 годам (лісты запісаў за 1705 і 1710—1744 гады страчаны).
Крыніцамі твору былі запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі Гваньіні і Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў.
Запісы хронікі адлюстроўваюць высокі ўзровень развіцця беларускага горада ва ўмовах гарадскога самакіравання, цяжкае становішча горада і яго жыхароў у перыяд Паўночнай вайны 1700-21 гадоў. Апісанне многіх падзей мае сацыяльны падтэкст, прасякнута крытычным стаўленнем да феадалаў і гарадской буржуазіі, спагадай да простага чалавека, нянавісцю да іншаземных захопнікаў (асабліва ў хроніцы Юрыя Трубніцкага). Аўтары, у значнай ступені паланізаваныя беларускія мяшчане, не страцілі сувязі з народнымі традыцыямі і беларускай культурнай спадчынай.
Па жанру Магілёўская хроніка — летапіс, які пераходзіць у некаторых месцах у дзённік горада. Складзена з кароткіх штогадовых запісаў і разгорнутых апісанняў значных гістарычных падзей і асобных момантаў жыцця герояў. У ёй шмат бытавых замалёвак, апісанняў анамальных з'яў, таямнічых чутак, учынкаў магіляўчан.
Зноскі
- ↑ Белазаровіч, С.55.
Літаратура
правіць- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7.